Хацкель Дунец
Хацкель Дунец | |
Дата нараджэньня | студзень 1897 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 29 кастрычніка 1937 (40 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Занятак | літаратуразнаўца, публіцыст |
Месца працы | |
Сябра ў | Саюз беларускіх пісьменьнікаў |
Ха́цкель Майсе́евіч Дуне́ц (студзень 1897, Слонім, Гарадзенская губэрня — 29 кастрычніка 1937, Менск, турма НКУС) — беларускі крытык, публіцыст.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў студзені 1897 году ў Слоніме Гарадзенскай губэрні.
Атрымаў сярэднюю пэдагагічную адукацыю. У 1918—1919 гадох працаваў загадчыкам сталовай. З 1920 году ў РКП(б), на партыйнай працы ў Віцебску. З 1926 году жыў у Менску. Публікаваўся з 1927 году. Быў намесьнікам рэдактара габрэйскай газэты «Акцябэр» («Октобэр»), у 1932—1935 гадох працаваў рэдактарам газэты «Літаратура і мастацтва». У 1930 годзе — лютым 1935 году — намесьнік наркама асьветы БССР. Сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1934 году, быў адным з кіраўнікоў габрэйскай сэкцыі ў СП БССР.
У сярэдзіне 1930-х гадоў абвінавачваўся ў трацкізьме. У 1935 годзе выключаны з партыі і зьняты з усіх адказных пасадаў. Працаваў культработнікам на заводзе імя Кірава ў Менску. Арыштаваны 8 чэрвеня 1936 году, а 27 жніўня 1936 году прыгавораны пазасудовымі органамі да пяці гадоў выпраўленча-працоўных лягераў. Накіраваны ва Ўхцінска-Пячорскі папраўча-працоўны лягер. Зноў арыштаваны ў красавіку 1937 году, дастаўлены ў Менск і Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР ад 28 кастрычніка 1937 году асуджаны да вышэйшай меры пакараньня. У «Чорную ноч» 29 кастрычніка 1937 году стаўся ахвярай масавага расстрэлу ў сутарэньнях менскай унутранай турмы НКУС («амэрыканкі») 132 пісьменьнікаў, навукоўцаў і дзяячоў культуры. Рэабілітаваны Судовай калегіяй Вярхоўнага суду БССР па справе 1936 году — 24 студзеня 1967 году; рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР па справе 1937 году — 2 лютага 1967 году[1].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэбютаваў артыкулам у 1927 годзе ў часопісе «Штэрн» («Зорка»). Пісаў на ідышы. Разглядаючы габрэйскую літаратуру, выказваўся і пра творчасьць беларускіх пісьменьнікаў. Асобнымі выданьнямі выйшлі публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя працы «Аб масавай рабоце на яўрэйскай мове» (1929), «Дасягненьні нацыянальнай палітыкі ў БССР» (1930), «Тэорыя паэзіі Літвакова» (1931), «У змаганьні» (1931), «За Магнітабуд літаратуры» (1932), «Пра пісьменьнікаў і творы» (1933), «На літаратурныя тэмы» (1934).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Хацкель Дунец // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X — С. 194