Перайсьці да зьместу

Нічыпар Пашкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нічыпар Пашкевіч
Дата нараджэньня 12 сьнежня 1924(1924-12-12)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 5 лютага 2003(2003-02-05) (78 гадоў)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак літаратуразнаўца, крытык, журналіст
Месца працы
Сябра ў Саюз пісьменьнікаў СССР
Узнагароды
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Пашкевіч.

Нічыпар Еўдакімавіч Пашкевіч (12 сьнежня 1924, в. Філістава, Талачынскі раён, Аршанская акруга, БССР — 5 лютага 2003; псэўданімы: П. Зелянькоўскі, А. Каліна, К. Кветка, А. Крушына) — беларускі літаратуразнаўца, журналіст. Кандыдат філялягічных навук (1970). Заслужаны работнік культуры Беларусі (1974).

Нарадзіўся 12 сьнежня 1924 году ў в. Філістава Талачынскага раёну Аршанскае акругі ў сялянскай сям’і. У 1939 годзе паступіў у Менскую пэдагагічную вучэльню. Вучоба перапынілася з-за нямецка-савецкай вайны, у 1942 годзе ўступіў у партызанскі атрад імя Катоўскага брыгады «Граза», якая дзейнічала ў Талачынскім раёне. Быў байцом, памочнікам камісара атраду па камсамолу, камісарам атраду.

Пасьля вызваленьня Беларусі працаваў рэдактарам талачынскай раённай газэты «Чырвоны хлебароб», а з 1945 году — загадчыкам аддзелу рэдакцыі абласной газэты «Віцебскі рабочы». У 1946—1948 гадох вучыўся ў Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КПБ. Загадваў аддзелам у газэце «Віцебскі рабочы». У 1951 годзе скончыў завочна гістарычны факультэт Віцебскага пэдагагічнага інстытуту. Працаваў у газэце «Звязда» загадчыкам аддзелу, адказным сакратаром рэдакцыі (1951—1956).

У 1960 годзе скончыў Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК КПСС (Масква). У 1960—1961 гадох — рэдактар аддзелу культуры і быту «Экономической газеты», у 1961—1969 гадох — галоўны рэдактар газэты «Літаратура і мастацтва», у 1969—1972 гадох — рэдактар газэты «Праўда» па аддзелу прэсы, крытыкі і бібліяграфіі. З 1972 году — першы намесьнік галоўнага рэдактара часопісу «Литературное обозрение», з 1974 году — намесьнік дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР, з 1976 году — рэктар Менскага інстытуту культуры. У 1979—1987 гадох — галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». У 1975 годзе ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXX сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН. Выбіраўся дэпутатам Менскага гарадзкога савету.

Кандыдат філялягічных навук. Сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1958 году[1].

Памёр 5 лютага 2003 году ў Менску.

Друкавацца пачаў у 1943 годзе — першая публікацыя (верш «Бура грымне») у раённай газэце «Чырвоны хлебароб». Пісаў пад псэўданімамі П. Зелянькоўскі, А. Каліна, К. Кветка, А. Крушина, А. Крушына.

Пісаў артыкулы, рэцэнзіі пра творчасьць беларускіх пісьменьнікаў М. Лынькова, І. Мележа, І. Шамякіна, Я. Брыля, П. Панчанкі, І. Навуменкі, А. Адамовіча, А. Зарыцкага, А. Васілевіч, А. Кулакоўскага, У. Карпава, А. Асіпенкі, А. Чарнышэвіча, В. Іпатавай.

Выступаў з артыкуламі ў друку з 1948 году. Зьвяртаўся да сучасных праблемаў разьвіцьця беларускай літаратуры, дасьледаваў пытаньні пісьменьніцкага майстэрства.

Аўтар кніг «На шырокіх шляхах жыцьця» (1965), «На эпічным кірунку» (1969). У кнізе «На шырокіх шляхах жыцьця» прааналізаваў разьвіцьцё сучаснага беларускага раману, адлюстраваньне беларускімі празаікамі подзьвігу народу ў Вялікай Айчыннай вайне.

  • Пашкевіч Нічыпар // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад. рэд. А. В. Мальдзіса. — Мн., 1993. — Т. 4. — С. 512—515.
  • Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 12. — Мінск, 2001.
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т. 4. — Мінск, 1987.
  • Беларуская савецкая энцыклапедыя : [у 12 т.] Т. 8. — Мінск, 1975.
  • Белорусское кино : персоналии. — Минск, 2007.
  • Регионы Беларуси : энциклопедия. В 7 т. Т. 2. Витебская область. В 2 кн. Кн. 2. — Минск, 2010.
  • Республика Беларусь : энциклопедия. [В 7 т.] Т. 5. — Минск, 2007.