Работніцка-сялянская Беларусь
Работніцка-сялянская Беларусь | |
Тып | газэта |
---|---|
Краіна | |
Галоўны рэдактар | Зьміцер Жылуновіч |
Заснаваная | 4 ліпеня 1920 |
Закрытая | 25 верасьня 1920 |
Мова | беларуская мова |
«Рабо́тніцка-сяля́нская Белару́сь» — вячэрняя штодзённая насьценная газэта Захфронтросту. Выдавалася 4 ліпеня — 25 верасьня 1920 г. пераважна ў Менску на беларускай мове.
Рэдактар Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гартны). Пачала выходзіць у час ліпеньскай апэрацыі савецкай-польскай вайны 1920 г. Выконвала ролю масавага агітатара і палітычнага выхавальніка малапісьменнага чытача: адметнасьць стылю, кароткая перадавіца, сьціслыя выразы, буйны шрыфт; друкавалася на адной старонцы газэтнага аркуша. Мела рубрыкі: «Абарона савецкіх рэспублік», «Весткі з заграніцы», «На Беларусі» і інш. Зьмяшчала апэратыўныя зьвесткі з франтоў, асьвятляла ход ваенных дзеяньняў і этапы мірных перагавораў з Польшчай, міжнароднага становішча і акцыі салідарнасьці з Савецкай Расеяй у Ангельшчыне, Францыі й іншых краінах.
Надрукавала вершы Зьмітрака Бядулі (пад псэўданімам Вольны) і Адама Бабарэкі (пад псэўданімам Адам Чырвоны). Выйшла 46 нумароў.