Перайсьці да зьместу

Gazeta Grodzieńska

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Gazeta Grodzieńska
Тып газэта
Заснаваная 1776, травень
Закрытая 1783
Мова польская
Штаб-кватэра Гародня
Gazeta Grodzieńska у Вікісховішчы

«Gazeta Grodzieńska» (па-беларуску: «Гарадзенская газэта») — першае пэрыядычнае выданьне на тэрыторыі сучаснае Беларусі. Выходзіла ў пэрыяд з 1776 па 1783 гг.[1] Вядомыя №№: 1776, травень; 1777—1778 зьвестак няма; 1779, № 1—53; 1780, № 2—52 (28 сьнежня); 1781— 1783 зьвестак няма[2].

Ініцыятарам выхаду газэты стаўся гарадзенскі староста Антоні Тызэнгаўз. Выданьне друкавалася ў ягонай друкарні на польскай мове раз у тыдзень на двух старонках фарматам 15х20 см (у некаторых выпадках аб’ём павялічваўся ўдвая).

У перадавых артыкулах абмяркоўваліся надзённыя грамадзка-палітычныя праблемы, што на той час было рэдкай зьявай. Выданьне пісала, у прыватнасьці, аб прыгнёце на захопленых Прусіяй польскіх землях, рабоце сойму, выбарах дэпутатаў. Выходзілі матэрыялы аб міжнародных падзеях, напрыклад, аб вайне за незалежнасьць у Паўночнай Амэрыцы, канфліктах паміж Аўстрыяй і Прусіяй, аб наведаньні расейскай імпэратрыцай Кацярынай ІІ Полацку. Газэта публікавала інфармацыю пра падзеі ў Горадні (канцэрт і ілюмінацыя ў студзені 1779, публічныя экзамэны ў школе ў 1780). Зьмяшчаліся аб’явы аб выдадзеных кнігах, зьбеглых прыгонных, продажы і арэндзе маёмасьці і інш.

Па патрабаваньні караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Горадні была ўведзеная пасада газэтнага цэнзара, пад націскам якога рэдакцыйныя артыкулы часам замяняліся паведамленьнямі зь іншых выданьняў.

Апошні выяўлены нумар газэты ад 28 сакавіка 1780.

  1. Indeks rzeczowy (пол.). Polska Bibliografia Literacka. Праверана 4 лістапада 2009 г.
  2. Газеты Беларусі, 1776—1975: Рэтрасп. бібліягр. паказ. / Склад. Л. М. Няхайчык і інш.; Навук. рэд. В. У. Скалабан. — Менск: Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 2003. — С. 192 (№ 1568). — 322 с. — 700 ас. — ISBN 985-6020-28-X

  • F. M. S. Czasopisma polskie. // Encyklopedyja Powszechna. — Warszawa: Nakład, druk i własność S.Orgelbranda, Księgarza i Typografa, 1861. — Т. 6 (Cul. — Den.). — С. 333.
  • Łojek, Jerzy. «Gazeta Grodzieńska» 1776-1783.  (пол.) // Rocznik Historii Czasopiśmiennictwa Polskiego. — Warszawa: Wydawnictwo Instytutu Badań Literackich Polskiej Akademii Nauk, 1966. — Т. 5. — № 2. — С. 5—44. — ISSN 0035—7669.