Грамадзкая думка
Грамадзкая думка — сукупнасьць адносін розных сацыяльных груп і слаёў насельніцтва да праблем, працэсаў і фактаў сацыяльна-палітычнай і сацыяльна-культурнай рэчаіснасьці.
Грамадзкая думка рэгулюе паводзіны індывідаў, сацыяльных груп і супольнасьцяў, а таксама сацыяльных інстытутаў у грамадзтве, выпрацоўваючы пэўныя нормы грамадзкіх адносін са сфэры культуры, навукі, рэлігіі і пашыраючы іх сярод насельніцтва. У залежнасьці ад зьместу выказваньняў (ацэначных, аналітычных і канструктыўных), ацэнкі (станоўчай ці адмоўнай) можа выступаць у экспрэсіўнай, кансультатыўнай ці рэгулятыўнай функцыях.
Грамадзкая думка здаецца дынамічнай, зьменлівай, аднак у кожным асобным выглядзе яна зьяўляецца больш або менш тоесным выяўленьнем народнага характару. Яна дзейнічае і ў межах грамадзтва ў цэлым, і ў розных сацыяльных групах ці супольнасьцях. У гэтым сэнсе можна гаварыць пра грамадзкую думку пэўнай краіны, нацыі або асобаў адной прафэсіі, канфэсіі, субкультурнай групоўкі ці пэўнага гораду, вёскі, раёну, вобласьці. Таму носьбітам грамадзкай думкі можа выступаць і грамадзтва ў цэлым, і сацыяльныя групы ў яго складзе (напрыклад, жанчын, мужчын, моладзі, гараджан, сялянаў, прадпрымальнікаў, рабочых, інтэлігентаў, вернікаў і інш.).
Яна можа быць аднадушная або плюралістычная. У дэмакратычным грамадзтве найбольш актыўна дзеючымі каналамі яе фармаваньня і функцыянаваньня зьяўляюцца рэфэрэндумы, выбары органаў улады, сродкі масавай інфармацыі, сходы, мітынгі, маніфэстацыі грамадзян, а таксама сацыялягічныя апытанкі насельніцтва.
Навуковая распрацоўка праблем грамадзкай думкі пачалася з 2-й паловы XIX стагодзьдзя ў працах францускага сацыёляга Габрыеля Тарда, а ў XX стагодзьдзі — амэрыканскіх сацыёлягаў і палітыкаў інстытуту Дж. Гэлапа А. Хоўэла, Ўолтэра Ліпмана і інш.
У Беларусі тэндэнцыю разьвіцьця грамадзкай думкі дасьледуюць: інстытут сацыялёгіі НАН Беларусі, недзяржаўная арганізацыя «Грамадзкая думка» і іншыя сацыялягічныя дасьледчыя групы. Актуальнасьць і важнасьць вывучэньня грамадзкай думкі абумоўлены тым, што менавіта такім чынам можна даведацца пра інтарэсы, спадзяваньні, чаканьні, патрэбы розных сацыяльных груп, супольнасьцей, насельніцтва краіны ў цэлым.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелЭн, 1998. ISBN 985-11-0108-7.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Грамадзкая думка — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў