Павал Кавалёў
Павал Кавалёў | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 18 лістапада 1912 |
Памёр | 2 верасьня 1995 (82 гады) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | драматург, перакладнік, пісьменьнік |
Узнагароды |
Павал Нічыпаравіч Кавалёў (18 лістапада 1912, в. Склімін, Клімавіцкі павет, Магілёўская губэрня — 2 верасьня 1995, Менск; Псэўданімы: Янка Бярозка, П.Віхроў, Паўлюк Купалін) — беларускі празаік, драматург, перакладчык.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 18 лістапада 1912 году ў в. Склімін Клімавіцкага павету Магілёўскай губэрні ў сям’і селяніна Кавалёва Нічыпара Фёдаравіча. Бацька неаднаразова езьдзіў на заработкі на шахты Данбасу. Маці, Фядора Мікалаеўна, увесь час працавала на сельскай гаспадарцы.
Спачатку вучыўся ў Склімінскай пачатковай школе, затым у Мілаславіцкай сямігодцы, дзе беларускую мову і літаратуру выкладаў Я.Бобрык, які прывіў яму любоў да мастацкай літаратуры. У траўні 1930 году быў пасланы камсамолам на пэдагагічныя курсы ў Магілёў, якія скончыў восеньню таго ж году.
Працаваў настаўнікам Пажарскай пачатковай школы Клімавіцкага раёну, затым сакратаром клімавіцкай раённай газэты «Камуна». У 1932 годзе быў пераведзены ў смалявіцкую газэту «Шлях калектывізацыі», адкуль пайшоў вучыцца ў Камуністычны інстытут журналістыкі (закончыў у 1936 годзе). Затым накіраваны ў газэту «Звязда»: быў літатурным работнікам, загадчыкам аддзелу культуры, а на пачатку нямецка-савецкай вайны — сакратаром. У 1941—1943 гадох быў сакратаром рэдакцыі газэты «Савецкая Беларусь» (знаходзілася ў Маскве). У 1943 годзе быў адкліканы на работу ў Цэнтральны штаб партызанскага руху, дзе служыў старшым памочнікам начальніка аддзяленьня друку да 1944 году. Пасьля расфармаваньня штабу быў памочнікам начальніка спачатку трэцяга, а затым першага сакратара ЦК КП(б)Б.
Сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1945 году. З 1946 году — адказны сакратар праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР. У 1955—1967 гадох — галоўны рэдактар часопісу «Вожык». У 1967—1972 гадох — галоўны рэдактар часопісу «Полымя». У 1966 годзе ў складзе дэлегацыі Беларускай ССР прымаў удзел у рабоце ХХI сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.
Памёр 2 верасьня 1995 году ў Менску.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя нарысы П.Кавалёва надрукаваны ў клімавіцкай газэце «Камуна» у 1929 годзе. У 1930 годзе яго першы верш «Жыцьцё імчыцца» зьмясьціла рэспубліканская газэта «Піянер Беларусі» (публікацыі не выяўлены). Да вайны пераважна выступаў у друку зь вершамі, нарысамі й артыкуламі. У ваенны час найбольш выявіў сябе як нарысіст (публікацыі ў «Савецкай Беларусі»).
У 1945 годзе выдаў кнігу апавяданьняў і нарысаў «Прага бою», аднаактныя п’есы «Подзьвіг», «Родная кроў», дзе паказаў героіку Вялікай Айчыннай вайны. Схільны да дакумэнтальнага адлюстраваньня падзей. У творах на сучасную тэматыку ўзьнімаў маральна-этычныя праблемы, імкнуўся да стварэньня паўнакроўных характараў, дакладнасьці псыхалягічнай матывіроўкі ўчынкаў. Пісаў творы для дзяцей. Найбольш значныя творы П.Кавалёва — аповесьці «Падзеньне Хвядоса Струка», «Дзень першы, ноч апошняя», «Пакінь нас, трывога». Выступаў у жанры сатыры і гумару. Вядомы як перакладчык. Творы П.Кавалёва перакладзеныя на расейскую і ўкраінскую мовы[1].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга,
- ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені,
- два ордэны «Знак Пашаны»,
- заслужаны работнік культуры Беларусі (1978),
- шэсьць ганаровых граматаў Вярхоўнага Савету БССР,
- ганаровая грамата Тувінскай АССР.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кавалёў Павел Нічыпаравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — 1985. — Т. 2. — С. 603—604.
- Павел Кавалёў // Пісьменнікі Савецкай Беларусі: Кароткі даведнік. — Менск, 1981. — С. 150—151.
- Нарадзіліся 18 лістапада
- Нарадзіліся ў 1912 годзе
- Нарадзіліся ў Магілёўскай губэрні
- Памерлі 2 верасьня
- Памерлі ў 1995 годзе
- Памерлі ў Менску
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны II ступені
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Узнагароджаныя Ганаровай граматай Вярхоўнага Савету БССР
- Беларускія літаратары
- Беларускія перакладчыкі