Жыды (верш)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жыды
Жанр: верш
Аўтар: Янка Купала
Мова арыгіналу: беларуская
Публікацыя: 1919

«Жыды́» ― верш Янкі Купалы, напісаны ў 1919 годзе й надрукаваны ў беларускай штодзённай грамадзка-палітычнай і літаратурнай газэце «Беларусь».

К. Кукевіч, Букініст

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1918 годзе Янка Купала жыў у Смаленску, зь ліпеня працуючы агентам па забесьпячэньні прадуктамі Заходняе вобласьці. Быў слухачом факультэту гісторыі мастацтваў Смаленскага адьдзяленьня Пецярбурскага археалягічнага інстытуту. 21 студзеня 1919 году пераехаў у Менск. Да таго часу, на тэрыторыі Беларусі была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, найвышэйшым органам кіраваньня якое сталі Рада БНР і Народны сакратарыят, куды ўваходзілі прадстаўнікі ня толькі беларускіх (Беларуская сацыялістычная грамада, беларускія эсэры) і агульнарасейскіх (эсэры, меньшавікі), але й дзьвюх габрэйскіх партыяў: Бунда й Паалей Цыёну.

У 1916 і 1917 гадох Янка Купала не напісаў ніводнага вершу. Але, мабыць, падзеі на Радзіме заахвоцілі яго да стварэньня ў 1919 годзе сэрыі артыкулаў.

У артыкуле «Незалежная дзяржава й яе народы» (лістапад 1919) Купала пісаў:

«У нашым краю шмат жыве палякаў, расейцаў, жыдоў, татараў… Лепшыя з гэтых людзей даўно ўжо прыйшлі да перакананьня, што свабодны беларус у сваёй незалежнай дзяржаве будзе куды прыхільней адносіцца да іх, чымся беларус, падняволены чужынцам… У вольнай, незалежнай Беларускай дзяржаве не павінна быць „ні эліна, ні юдзея“».

Непрыманьне расейскіх ураднікаў і польскіх абшарнікаў, як прыгнятальнікаў беларускага народу, лейтматывам праходзіць у раньніх творах Купалы:

«Раз абселі Беларуса Маскалі ды Ляхі і давай яму сваяцтва тыкаці з-пад пахі» («Сваякі», 1914)

«Я мець ад кагосьці і штосьці прывык: ад рускага чына — нагайку і штык, ад польскага пана — прыгон і бізун» («Я мець ад кагосьці…», 1914)

У больш позьнім вершы, прысьвечаным 10-годьдзю БССР, Купала пісаў пра «годы няволі»:

«Вораг польскі і рускі шчыра множыў курганы, — не было Беларусі, толькі быў "Край забраны"» («Летапіснае», 1928)

Зянон Пяткевіч у зьмешчанай на польскай газэце «Prawda» рэцэнзіі на паэму «Адвечная песьня» пісаў, што беларускае літаратуры няма й што Купала — «інтэлігент, які пераапранаецца ў пастуховую скуру» Пасьля рэзкага водгуку ў «Нашай ніве» на рэцэнзію З. Пяткевіча, апошні даслаў у рэдакцыю «Нашай нівы» ліст, у якім (на беларускай мове!) пісаў, што яго няслушна зразумелі: «Калі я сказаў, што няма яшчэ беларускае літаратуры, то значыць, што няма яе мінуўшчыны, але я веру ў будучыню жывога народу. Беларуская літаратура яшчэ творыцца, расьце зь гэтага народу».

Сярод твораў Янкі Купалы гэтага пэрыяду вылучаецца верш «Жыды», апублікаваны 7 кастрычніка 1919 году ў газэце «Беларусь». Наступная публікацыя была ажыцьцёўленая праз 70 гадоў у часопісе «Нёман» зь прадмовай Алеся Бяляцкага, без 4-7 радкоў. Трэцяя публікацыя, цалкам, у зборы твораў Янкі Купалы 1997 году. Янка Купала ўключаў гэты верш у свой зборнік «Спадчына» (1922), але ў выніку ён ня быў апублікаваны там зь невядомай прычыны.

Купала ўжо ўскосна гайдаўся габрэйскае тэмы: у 1911 годзе ён, разам зь іншымі дзяячамі, у асноўным пецярбурскае й маскоўскае інтэлігенцыі, падпісаў ініцыяваны У. Г. Караленкай ліст «К российской общественности» супраць Справы Бэйліса.

Купалу зьвязвала цеснае сяброўства зь беларуска-габрэйскім пісьменьнікам Зьмітраком Бядуляй (Самуілам Плаўнікам), выдаўшым у 1918 годзе кніжку «Жыды на Беларусі», дзе, у прыватнасьці, гаварылася:

«У пэрыядзе амерцьвення беларускаго нацыянальнаго асьведамлення, жыды, як і самі Беларусы, хоць добра ведалі беларускую мову, але глядзелі на яе як на „мужыцкую“, і, русіфікуючыся самі, нісьвядома служылі русіфікатарскай ідэі Вялікаросіі. Але гэта быў той багаты кляс, каторы атрымаў сваю навуку ў расійскіх школах, а што тычыцца простых местачковых жыхароў, то апрача роднай мовы яны ведаюць толькі беларускую. Ад самага пачатку беларускага адраджэння, амаль ні побач з першымі піанэрамі беларускага руху пайшлі, хоць і ў малым ліку, і жыды, выйшоўшыя з вёскі; хаця шырэйшыя інтэлігентныя масы жыдоўства, асабліва ў местах, ні могуць яшчэ пазбыцца сукцэсаў расійскага тут уладання і ўсё яшчэ служаць праваднікамі русіфікацыі».

Раней да габрэйскае тэмы зьвяртаўся Францішак Багушэвіч (верш «Падарожныя жыды»), Алесь Гарун (верш «Юдам»), пазьней Рыгор Барадулін («Толькі б яўрэі былі!.. кніга павагі і сяброўства» (Мн., Кнігазбор, 2011).

Ідэя і вобразнасьць вершу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Успрымаючы ў 1919 годзе расейскіх шавіністаў і польскіх нацыяналістаў як супраціўнікаў стварэньня беларускае дзяржавы, Купала шукае хаўрусьнікаў у барацьбе зь імі, і знаходзіць іх у габрэях. Свае думкі з гэтай нагоды ён і выказаў у вершы «Жыды».

Жыды! — гаворыць Купала, ― хоць вас усё й паліваюць брудам, я вам веру. Вы такія ж нявольнікі на беларускае зямлі, як і мы. Далей у Купалы зьяўляецца дзіўны відарыс: «зьдзек», асьвячоны абразом, закручвае габрэяў у пятлю. Незразумела, што меў на ўвазе Купала ― праваслаўе ці ўвогуле рэлігію? Толькі з новай Беларусьсю, паводле Купалы, магчымае жыцьцё жыдоў ― «сьцяг ваш і нашая паходня будуць жыць». Купала тлумачыць перасьлед габрэяў: «Таго ж Хрыста прыбілі вы ды крыжу, бо ён вам вораг для Бацькаўшчыны быў». Па Купалу, габрэі ўсюды сталі адшчапенцамі, і толькі беларуская зямля іх прыняла. Масква й Варшава нацкоўвалі на іх чэрнь, а Беларусь стала габрэйскім дзецям нянькай. Аднак жа, габрэі сталі забываць, хто іх прытуліў, і сталі цягнуцца да моцных сьвету гэтага. Далей, у вершы зусім ужо дзіўнае. Габрэі чакаюць Мэсію, яго чакаюць па Купале й беларусы, ― ён прыйдзе, і беларусы пойдуць разам з жыдамі, як тады! «Тады» ― гэта, мабыць, 1917 год. Пара, жыды, гаспадары ўсяго сьвету, заплаціць Беларусі за яе дабро, ― заключае Купала.

На думку беларускага гісторыка прафэсара Захара Шыбекі, які жыве ў Ізраілі, Янка Купала «хацеў бачыць у габрэях вялікую сілу і рэзэрв у справе нацыянальнага будаўніцтва… і быў вельмі засмучаны нязьдзейсьненым зьвязам габрэяў і беларусаў. Нацыянальны праект беларусаў ня стаў прывабным ня толькі для габрэяў, але й для беларусаў. І ў гэтым віна й бяда саміх беларускіх лідэраў і ўсяго беларускага народу. У габрэйскіх лідэраў, сапраўды, была асьцярога, што стварэньне на руінах Расейскай імпэрыі незалежных дзяржаваў прывядзе да расьсячэньня габрэйскага народу. Таму яны аддавалі перавагу адзінай Расеі, але дэмакратычнай, з шырокай культурнай аўтаноміяй для народаў гэтае краіны».

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1982 годзе, паводле рашэньня ЮНЭСКО, у сьвеце адзначалася 100-годьдзе Янкі Купалы. Ізраільскае мястэчка Ашдод вырашыла назваць яго імем адну з плошчаў. Аднак, некаторыя сябры мясцовага савету выказаліся супраць, прыводзячы ў доказ гэты, на іхнюю думку, супярэчлівы верш Купалы. Але плошчу назвалі, і ў 2015 годзе на ёй адкрылі й помнік «беларускаму песьняру».

Сьвятар Майсей Гітлін натхняўся вершамі Купалы, працуючы над першым ў гісторыі перакладам Старога Запавету на беларускую мову.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сташкевіч М. С. «Беларусь» // Энцыклапедыя Літаратура і мастацтва. — Мн.: БелЭн, 1984. — Т. 1. — С. 413
  • Белорусская Народная Республика // Белорусская ССР. Краткая энциклопедия. — Мн.: БелЭн, 1979. — Т. 1. — С. 67

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]