Ліпкі (этнаграфічная група)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Лі́пкі, тата́ры-«лі́пка» ці літоўскія (белару́скія) тата́ры — этнаграфічная група цюрскага паходжаньня на былых землях ВКЛ і Рэчы Паспалітай (Беларусь, Польшча, Украіна, Летува).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя зьвесткі аб значным прыходзе цюрак на землі ВКЛ датуюцца кіраваньнем Гедзіміна, яны ўключалі ў сябе як ваеннапалонных, так і асобаў, якія прыйшлі на службу добраахвотна. Пасьля разгрому Тахтамыша Тымурам у 1391—1399 гадах значная частка татараў знайшла прытулак у суседніх краінах — у Малдове, Валахіі, Літве й Маскоўскай дзяржаве. Ужо ў гэтую эпоху заходнеэўрапейскія храністы згадваюць літоўскіх татараў пад Трокамі. Тыя татары, што жылі ў Малдове і ў Вялікім княстве, па сутнасьці, уяўлялі сабою адзіную этнічную групу, і часта этнонім «ліпкі» ўжываўся ў дачыненьні да ўсіх літоўскіх (беларускіх) татараў (магчыма, паходзіў ад турэцкага «лубка татар» — літоўскія татары). Тагачасным тэрмінам татары згадваліся прадстаўнікі ня толькі ўласна казанскіх, сыбірскіх і крымскіх татараў, але й шэраг іншых этнасаў, якія ўдзельнічалі ў этнагенэзе цюрак (напрыклад, манголы й вугры), што абумоўлівае несупадзеньне тагачаснага азначэньне татары з сучасным значэньнем гэтага тэрміну (пад якім найчасьцей маюцца на ўвазе паволскія або казанскія татары).

У 1672 годзе пад узьдзеяньнем асманскай прапаганды татары, якія жылі на Падольлі й Валыні, узьнялі паўстаньне супраць польскіх уладаў. Але ўласна літоўскія татары засталіся верныя Рэчы Паспалітай, у тым ліку ўдзельнічалі на яе баку ў Хацінскай бітве. Пасьля заняцьця Бару (1674) Ян III Сабескі абвясьціў амністыю, і шмат уцекачоў вярнуліся ў Польшчу й Літву — у асноўным яны былі расьселеныя ў Кобрыні й Берасьцейскай эканоміі. Аднак асобныя іх залогі засталіся ў Камянцы-Падольскім, Бары й Хаціне да 1699 году, калі яны перасяліліся, у асноўным, у Дабруджу.

Пазьней было яшчэ некалькі хваляў татарскай эміграцыі з ВКЛ у Асманскую імпэрыю, і ўсе эмігранты фігуравалі пад імем «ліпкі». Так, у 1715 годзе «літоўскія татары, не выносячы ўціску саксонскіх войскаў, сабраўшыся з усей маёмасьцю, пайшлі да Волахаў, дзе аселі». На працягу ўсяго XVIII стагодзьдзя літоўскія татары часта выяжджалі праз Малдову ў Турэччыну, часам атрымліваючы высокія пасады ў асманскім войску. Так, Якуб Бучацкі з Падляшша, які служыў у артылерыі Патоцкага, паехаў з Рэчы Паспалітай, калі апошні далучыўся да таргавічанаў. Гэтая эміграцыя працягвалася й пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай. Іншым разам эмігранты мелі за плячыма больш як 20-гадовы досьвед службы ў літоўскім войску, як, напрыклад харунжы Мустафа Рамановіч, які перасяліўся ў Турэччыну на пачатку XIX стагодзьдзя. Часьцей за ўсё прычынай эміграцыі называўся ўціск з боку царскіх уладаў, як у 1803 годзе, калі перасяленцы, якія прыбылі ў Хоцін, скардзіліся на спробы гвалтоўна павярнуць іх у праваслаўе. Тагачасны польскі падарожнік у Турэччыну В. Хжаноўскі пісаў: «калі нехта крочыць празь мяжу, звычайна бярэ з сабой аднаго ці двух хоцімскіх янычараў, якія ёсьць татары-ліпка. Традыцыя кажа, што імя тое дадзена ім замест „Літва“, дзе яны раней былі аселі. Большая частка іх вельмі добра ўмеюць па-польску». Для параўнаньня, татары ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай наогул карысталіся набыткамі рэлігійнае талерантнасьці, а іх міграцыя ў ВКЛ і Польшчу спынілася каля пачатку XVI стагодзьдзя.

Да падзелаў Рэчы Паспалітай «ліпкі» даволі свабодна перамяшчаліся паміж Малдовай і Літвой, аб чым, напрыклад, занатаваў у сваім дзёньніку ў 1722 годзе Піліп Орлік: «наведаў мяне пан Корсак, ротмістар ліпканскі, і распавёў, што з Горадні прыехаў сюды ліпка й данёс, нібы Цар (Пётар I) меўся ўзяць у сваю пратэкцыю караля Станіслава й хоча яго пасадзіць на троне й нібы ў Літве меў выдаць унівэрсалы на правіянт для войска». У «Апісаньні Малдавіі» малдаўскі гісторык і дзяржаўны дзеяч Дзьмітры Кантэмір адзначаў: «чатыры ці больш швадроны ліпканскіх татараў — гэта залежыць ад жаданьня гаспадара. Гэтым імем называюцца тыя скіфы, якія жывуць у Літве й вызнаюць магамэтанскую веру». У «Гісторыі Асманскай імпэрыі» Кантэмір пісаў: «вядома, што літоўскія татары — ані крымскія, ані агускія, але чараміскія; таму мае землякі й сёньня называюць іх Чырымуш, хаця ў туркаў яны вядомыя як татары-„ліпка“, якое слова ёсьць скажонае „Літва“».

Мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: татарская мова ў Беларусі

Размаўлялі на цюрскіх дыялектах (пераважна кыпчацкае групы), якія прынята азначаць тэрмінам татарская мова, які, аднак, з прычыны этнічнае неаднароднасьці літоўскіх татараў нельга цалкам атаясамліваць з сучасным паняткам татарскае мовы. Іншыя крыніцы паведамляюць аб крымскататарскім кампанэнце цюрскага маўленьня татараў у ВКЛ. З XVI—XVII ст. пачынаецца працэс моўнай асыміляцыі літоўскіх татараў, спрычынены міжнацыянальнымі шлюбамі, адсутнасьцю цюрскае мовы ў рэлігійным жыцьці (у якасьці літургічнае мовы карысталі арабскую) і выкарыстаньнем іншых моваў (старабеларуская, польская) на месцы службы прадстаўнікоў гэтай этнічнай групы. Тым ня менш, у сьвецкім і рэлігійным ужытку працягвала выкарыстоўвацца арабскае пісьмо (якім на старабеларускай і польскай мовах запісваліся важныя для татараў тэксты, гл. кітабы) і араба-пэрсыдзкая культурная лексыка (апошняя — прыкладна да ХХ ст.). Цюрскія запазычваньні існуюць у сучаснай беларускай мове і маюць прадстаўленьне ў тапаніміцы Беларусі (у асноўным прадстаўляюць сьляды пасяленьня татараў, напрыклад, Койданава).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Panaitescu P.P. Calatori poloni in tarile Romane. Bucuresti, 1930.
  • Kryczyński S. Tatarzy litewscy. Warszawa, 1938.
  • Borawski P. Polożenie prawne tatarów w WKL. // Lituano-slavica posnaniensia, II. Poznań, 1987.
  • А. Белы //
  • А. И. Дубницкий. Заметки о языке литовских татар // Вопросы языкознания. — 1972. — № 1.
  • А. Я. Супрун. Мова беларускіх татар // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7
  • Димитрий Кантемир. Описание Молдавии. К., 1973.
  • І. Канапацкі. Мова беларускіх татар. — Беларускі гістарычны партал.
  • І. Канапацкі. Татары // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-074-2.
  • У. Свяжынскі. Насельніцтва і дэмаграфія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
  • Богдан С., Пабеданосцава-Кая А. Ясінскія, Луцкевічы, Александровічы і ўсе нашы татары // Наша гісторыя, №5, 2018, с. 68-75. ISBN 2617-2305

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Ліпкі (этнаграфічная група)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў