Палякі ў Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Польская меншасьць у Беларусі афіцыйна налічвае 396 тысячаў прадстаўнікоў і складае другую па колькасьці нацыянальную меншасьць у краіне пасьля расейцаў. Пераважная большасьць беларускіх палякаў пражывае ў заходніх рэгіёнах краіны (у тым ліку 294 тысячаў — у Гарадзенскай вобласьці).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З канца Х ст. захад сучаснага беларускага Панямоньня пачынае калянізавацца славянамі, пры гэтым ва ўмовах перавагі ўсходнеславянскіх плямёнаў у працэсе гэтай калянізацыі акрэсьліваецца пэўная прысутнасьць заходніх славянаў, што ўдзельнічалі ў тым ліку ў этнагенэзе польскага этнасу [1]. Пазьнейшыя гістарычныя зьвесткі паказваюць на практычна поўную адсутнасьць палякаў як карэннай этнічнай групы на тэрыторыях сучаснай Беларусі.

Пад канец XIV ст. у Дарагічынскім, Бельскім, Мельніцкім паветах Падляшша (тады частка Троцкага княства ВКЛ, цяпер у складзе Польшчы) актывізуецца польская калянізацыя, праз што гэтаму рэгіёну неўзабаве было пажалаванае мясцовае заканадаўства на польскі ўзор, хоць прыкладна да паловы XV ст. яно існавала толькі ў Бельскім павеце[2]. Некаторая колькасьць шляхты польскага паходжаньня згадваецца таксама ў якасьці каляністаў у 1379 годзе ў дачыненьні да Гарадзенскага павету[3].

Польская этнічная і культурніцкая прысутнасьць на землях сёньняшняй Беларусі пачала фармавацца ў часы Рэчы Паспалітае збольшага ў выглядзе працэсаў добраахвотнай палянізацыі. Большасьць беларускіх палякаў зьяўляюцца нашчадкамі беларускага (літвінскага) сялянства і шляхты рыма-каталіцкага веравызнаньня, якія добраахвотна прымалі польскую ідэнтычнасьць збольшага ў пэрыяд XVII-ХІХ ст. У час Расейскае імпэрыі каталіцтва лічылася «польскай верай», а праваслаўе — «рускай верай», і адпаведна з гэтым насельніцтва зямель сучаснай Беларусі фармальна і нефармальна клясыфікавалася як «польскае» альбо «расейскае». Разам з тым, перапіс насельніцтва Расеі за 1897 год, а таксама статыстычная інфармацыя акупацыйнай адміністрацыі Нямецкай імпэрыі сьведчаць на карысьць прысутнасьці палякаў у Беларусі як відавочнай этнічнай меншасьці ў тым ліку на заходнім памежжы Паўночна-Заходніх губэрняў; перапіс насельніцтва Расеі 1897 вызначаў нацыянальную прыналежнасьць асобы паводле крытэру роднае мовы.

Падобная сытуацыя цалкам захавалася пасьля захопу Польшчай захаду сучаснай Беларусі. Афіцыйна перапісы Польскай Рэспублікі (1919, 1921, 1931 гг.) адзначалі істотную дзель польскага насельніцтва і, у прыватнасьці, абсалютную большасьць палякаў у насельніцтве цэлага шэрагу паветаў (у прыватнасьці, Гарадзенскага, Лідзкага, Віленска-Троцкага). Аднак паводле падлікаў беларускага дасьледчыка Р. Паўстынскага, на сукупнай тэрыторыі тых паветаў Польшчы, якія збольшага абдымалі асноўны абсяг этнічнай тэрыторыі беларусаў Польшчы (усе паветы Наваградзкага ваяводзтва, Палескае ваяводзтва бяз Камень-Кашырскага павету, Гарадзенскі, Ваўкавыскі, Аўгустоўскі паветы і часткі Беластоцкага і Сакольскага паветаў Беластоцкага ваяводзтва, Ашмянскі, Браслаўскі, Вялейскі, Дунілавіцкі паветы і часткі Віленска-Троцкага, Сьвянцянскага, Дзісьненскага паветаў Віленскага ваяводзтва), агульнае насельніцтва пасьля 1921 г. складала 3 171 тыс. чал., зь якіх палякі складалі больш за 311 тыс. (каля 9,81%), пры гэтым беларусы — 2 371 тыс. (звыш 74% ад насельніцтва згаданага рэгіёну), складаючы большасьць у сяле (88%). Для параўнаньня, польскае насельніцтва такім чынам сталася толькі трэцяй этнічнай групай, саступаючы ў гэтым дачыненьні габрэям (385 109 чал., 12,1%)[4].

У той жа час, цягам некалькіх гадоў польская мова мела дзяржаўны статус у раньняй у БССР, разам зь беларускай, расейскай і ідыш. Ва Ўсходняй Беларусі дзейнічалі арганізацыі польскай меншасьці, Чырвоны касьцёл у Менску быў польскім нацыянальным тэатрам. У рамках палітыкі арганізацыі была разгорнутая сетка адукацыйных установаў для патрэбаў польскае меншасьці, у рэгіёнах прыкметнай прысутнасьці польскай меншасьці дзейнічалі нацыянальныя органы мясцовага самакіраваньня (некалькі дзясяткаў польскіх сельсаветаў і раён).

У пачатку 1930-х большасьць польскіх арганізацыяў ва Ўсходняй Беларусі былі ліквідаваныя савецкімі ўладамі, а іх кіраўніцтва — рэпрэсаванае, распушчаныя нацыянальныя органы мясцовага самакіраваньня. У той жа час польскія статыстычныя справаздачы пэрыяду знаходжаньня ў складзе Польшчы захаду беларускага этнічнага арэалу паказваюць неабгрунтаваны рэзкі рост адсоткавае дзелі этнічных палякаў у Віленскім, Беластоцкім, Наваградзкім і, у меншай ступені, Палескім ваяводзтвах.

Пасьля савецкага нападу на Польшчу ў 1939 годзе, Заходняя Беларусь была далучаная да БССР. Многія прадстаўнікі польскай меншасьці былі рэпрэсаваныя, адбыліся масавыя дэпартацыі палякаў па ўсходнія часткі СССР — у Расею, Казахстан, Узбэкістан.

У час Другой Сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі атрады Арміі Краёвай, у якой, аднак, значную частку байцоў складалі беларусы, у тым ліку праваслаўныя.

Пасьля вайны, многія жыхары Беларусі, якія заявілі пра сваю польскую нацыянальнасьць, у 1944—1946 былі пераселеныя ў Польшчу ў рамках савецка-польскага абмену насельніцтвам. Узамен адбылося перасяленьне ў Беларусь этнічных беларусаў зь перадаванай Сталіным Польшчы заходняй часткі Беластоцкай вобласьці.

Пры канцы існаваньня СССР на фоне палітыкі перабудовы абмяркоўвалі мажлівасьць стварэньня Ўсходняпольскай ССР, якая праектавалася як шаснаццатая савецкая рэспубліка, складзеная з тэрыторыяў Віленшчыны й Гарадзеншчыны.

Сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палякі ў Беларусі(2009)
Палякі ў Беларусі(2009)

На сёньняшні дзень лічыцца, што ва ўмовах беларусізацыі і дэ-палянізацыі беларускага Касьцёла маецца тэндэнцыя да асыміляцыі палякаў.

Найбольшая польская арганізацыя ў Беларусі — Зьвяз палякаў на Беларусі (па-польску: Związek Polaków na Białorusi), які ў сярэдзіне 90-х гадоў 20 стагодзьдзя меў каля 20 тысячаў сяброў. Аднак пасьля ануляваньня з боку ўладаў вынікаў VI зьезду арганізацыі, які адбыўся ў сакавіку 2005 году, унутры ЗПБ адбыўся раскол. Большая частка сяброў арганізацыі засталася на баку новаабранай старшыні арганізацыі Анджалікі Борыс. У той жа час пэўная частка членаў ЗПБ пасьля правядзеньня ў жніўні таго ж году паўторнага зьезду і абраньня сваім старшынём Юзэфа Лучніка ўтварыла ЗПБ, цалкам кантраляваны ўладамі Беларусі. Цягам апошніх гадоў арганізацыя на чале якой стаіць Анджаліка Борыс зазнае рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў. Арганізацыя выдае часопіс Magazyn Polski і газэту Głos znad Niemna.

Увядзеньне Карты паляка ў 2007 годзе дало магчымасьць тысячам жыхароў Беларусі атрымаць яе, пацьвердзіўшы сваю прыналежнасьць да польскага народу ў польскім кансуляце ў Менску, Горадні або Берасьці. Увядзеньне карты выклікала пратэсты з боку афіцыйных уладаў Беларусі. У беларускіх дзяржаўных СМІ неаднаразова праходзілі кампаніі, скіраваныя супраць Карты Паляка і супраць Польшчы. Апошні выпадак — жнівень 2009 году, калі ў газэце «Звязда» зьявіўся артыкул пад назваю «Карта паляка: хто маўчыць, а хто і крычыць»[5], прыкладна ў гэты ж час на тэлеканалах ОНТ і СТВ зьявіліся відэарэпартажы падобнага зьместу.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Піваварчык С. Да этнічных працэсаў на Панямонні ў раннім сярэднявеччы // Беларускі Гістарычны Зборнік.
  2. ^ Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского Статута / М. Любавский. — М.: Университетская типография, 1892. — С. 19-20. — 884 с.
  3. ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 392. — 579 с.
  4. ^ Ладысеў, У.Ф. Заходняя Беларусь у складзе Польшчы // Гісторыя Беларусі. Курс лекцый: у 2 ч. / П.І. Брыгадзін [і інш.]. — Мінск: РІВШ БДУ, 2002. — Т. 2. ХІХ—ХХ стст. — С. 396. — 655 с.
  5. ^ http://zvyazda.minsk.by/ru/issue/article.php?id=41030

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]