Перайсьці да зьместу

Гісторыя Вялікай Бераставіцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ратуша

Вялікая Бераставіцамагдэбурскае мястэчка гістарычнай Гарадзеншчыны. Да нашага часу тут захаваўся барокавы касьцёл Візытацыі Найсьвяцейшай Панны Марыі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся ратуша і палац Касакоўскіх.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Палац Касакоўскіх

Першы пісьмовы ўпамін пра Бераставіцу зьмяшчаецца ў грамаце вялікага князя Аляксандра пад 1506 годам у зьвязку зь перадачай паселішча ў вечнае карыстаньне Аляксандру Хадкевічу, маршалку вялікаму, за заслугі перад Айчынай. У 1549 годзе Рыгор Хадкевіч пачаў будаваць тут рэзыдэнцыю[1].

З XVI ст. у Бераставіцы існаваў касьцёл, які спалілі маскоўскія захопнікі. На мапе Тамаша Макоўскага (1613) паселішча значыцца як мястэчка, у Гарадзенскім павеце. У 1615 годзе на месцы згарэлага драўлянага касьцёла збудавалі новы. У XVII—XVIII стагодзьдзяў мясьціна знаходзілася ў валоданьні Мнішкаў, Патоцкіх, Касакоўскіх. У XVIII ст. пры касьцёле існавалі шпіталь і парафіяльная школа[1].

У 1754 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Бераставіцы Магдэбурскае права і герб з выявай вавёркі ў цэнтры. Неўзабаве на Рынку збудавалі ратушу. 19 верасьня 1794 году ў бітве паміж паўстанцамі пад камандаю Тадэвуша Касьцюшкі і расейскім акупацыйным войскам ў мястэчку загінула больш за 250 абаронцаў Рэчы Паспалітай.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Стары касьцёл, каля 1900 году

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Бераставіца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Гарадзенскім павеце. Жыхары мястэчка бралі актыўны ўдзел у паўстаньні Кастуся Каліноўскага[2].

На 1900 год у Бераставіцы працавалі дробныя прадпрыемствы. У Першую сусьветную вайну ў 1915 годзе мястэчка занялі нямецкія войскі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бераставіца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[3].

У 1919 годзе Бераставіцу занялі польскія войскі. 7 чэрвеня 1919 году разам з усім Гарадзенскім паветам мястэчка ўлучылі ў Віленскую акругу Грамадзянскага Кіраваньня Ўсходніх Земляў — часовую польскую адміністрацыйную адзінку[4]. Улетку 1920 году Бераставіцу занялі бальшавікі, пазьней зноў палякі. 20 сьнежня 1920 году мястэчка ўлучылі разам з паветам у Наваградзкую акругу[5]. 19 лютага 1921 году Бераставіца стала цэнтрам гміны ў Гарадзенскім павеце Беластоцкага ваяводзтва. Паводле Рыскай мірнай дамовы (1921) мястэчка канчаткова апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.

18 верасьня 1939 году ў Бераставіцы пачаліся забойствы і крадзяжы. Ахвярамі сталі багатыя асобы і тыя, хто працаваў у польскай адміністрацыі (перш за ўсё палякі). У рабаваньняў бралі ўдзел частка сялянаў і бандыты, якія дзейнічалі пад уплывам прапаганды СССР (перш за ўсё беларусы і жыды). Апрача іншых, тут забілі двух паліцыянтаў: камэнданта ўчастку Асташэўскага і паліцыянта Лойку[6]. 2 лістапада 1939 году Бераставіца ўвайшла ў БССР, у Крынкаўскі раён. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 17 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

20 верасьня 1944 году Бераставіца стала цэнтрам раёну, у 1947 годзе атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. 21 сьнежня 1954 году ў Бераставіцы адбыўся мітынг з нагоды адкрыцьця помніка Ёсіфу Сталіну. У гэты ж дзень агучылі пастанову выканаўчага камітэту Бераставіцкага раённага Савету дэпутатаў працоўных аб перайменаваньні Гарадзенскай шашы ў вуліцу імя Ё. Сталіна[7]. 17 ліпеня 2006 году адбылося афіцыйнае зацьверджаньне гістарычнага гербу і заснаваньне сьцяга мястэчка[8].

Сядзіба Касакоўскіх

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 473.
  2. ^ Шаблюк В. Вялікая Бераставіца // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 436.
  3. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  4. ^ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.
  5. ^ Dz. U. z 1920 r. Nr 115, poz. 760.
  6. ^ Wierzbicki M. Polacy i Białorusini w zaborze sowieckim. Stosunki polsko-białoruskie na ziemiach północno-wschodnich II RP pod okupacją sowiecką 1939—1941. Wyd. 2. — Warszawa: Stowarzyszenie Kulturalne Fronda, 2007. S. 69—149.
  7. ^ Хонцар В. Адкрыццё помніка І. В. Сталіну // Гродзенская праўда. — 1954. — № 2 (2829). — С. 2.
  8. ^ Указ Президента Республики Беларсь № 455 от 17 июля 2006 г.(недаступная спасылка)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Вялікай Бераставіцысховішча мультымэдыйных матэрыялаў