Перайсьці да зьместу

Супрасьля

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Супрасьля
лац. Supraśla
польск. Supraśl
Вуліца да манастыра
Вуліца да манастыра
Герб Супрасьлі Сьцяг Супрасьлі
Дата заснаваньня: 1500
Краіна: Польшча
Ваяводзтва: Падляскае
Павет: Беластоцкі
Плошча: 5,68 км²
Насельніцтва (2017)
колькасьць: 4621 чал.
шчыльнасьць: 813,56 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +48 85
Паштовы індэкс: 16-030
Нумарны знак: BIA
Геаграфічныя каардынаты: 53°13′0″ пн. ш. 23°20′0″ у. д. / 53.21667° пн. ш. 23.33333° у. д. / 53.21667; 23.33333Каардынаты: 53°13′0″ пн. ш. 23°20′0″ у. д. / 53.21667° пн. ш. 23.33333° у. д. / 53.21667; 23.33333
Супрасьля на мапе Польшчы
Супрасьля
Супрасьля
Супрасьля
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Афіцыйны сайт

Супрасьля[1] (польск. Supraśl) — места ў Польшчы, на рацэ Супрасьлі. Цэнтар меска-сельскай гміны Беластоцкага павету Падляскага ваяводзтва. Насельніцтва на 2017 год — 4621 чалавек. Знаходзіцца за 15 км на паўночны ўсход ад Беластоку.

Супрасьля — даўняе мястэчка гістарычнай Гарадзеншчыны (частка Троччыны), старажытны замак[2] і рэлігійна-асьветніцкі цэнтар Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваўся комплекс манастыра Зьвеставаньня Багародзіцы, помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў.

Манастыр, 1867 г.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Супрасьлі пачалася ў 1500 годзе ў зьвязку зь пераносам уніз ракою Гарадоцкага манастыра Зьвеставаньня Багародзіцы. Паселішча ўваходзіла ў склад Гарадзенскага павету Троцкага ваяводзтва[3]. У 1511 годзе ў Супрасьлі асьвяцілі новазбудаваную царкву Зьвеставаньня Багародзіцы — адзін з найвыдатнейшых помнікаў архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага. У 1532—1557 гадох у манастыры выканалі ўнікальныя фрэскі (першапачаткова пакрывалі сьцены і скляпеньне прэзьбітэрыюма, а таксама сярэдзіну галоўнага корпусу; аўтар — сэрбскі манах Нэктары па мянушцы Маляр).

У XVII ст. Супрасьля стала важным культурным і рэлігійным цэнтрам, тут знаходзілася багатая бібліятэка. У 1695 годзе пры манастыры пачала дзеяць друкарня, якая стала важным цэнтрам кірылічнага кнігадрукаваньня і пашырэньня кніг, надрукаваных кірылічным альфабэтам. У друкарні пабачылі сьвет каля сотні кірылічных выданьняў, а таксама іншыя кнігі рэлігійнага і сьвецкага зьместу, агульнай колькасьцю звыш пяці сотняў пазыцыяў. Сярод найбольш вядомых выданьняў — «Собрание припадков краткое» — першы падручнік багаслоўя на старабеларускай мове, а таксама першы славянска-польскі друкаваны «Лексікон» і першы кірылічны помнік нотадрукаваньня ў зборніку «Пасьледаваньне пострыгу»[4]. Захаваліся імёны супрацоўнікаў тыпаграфіі (другая палова ХVІІІ ст.) — гэта друкары Антон Чарняўскі, Крастомскі, Адам Генрых Падзябранскі, мастак і прафэсар жывапісу Антоні Грушэцкі, гісэр Аляксей Завадзкі»[5]. У 1711 годзе ў Супрасьлі пачала працаваць паперня.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Супрасьля апынулася ў складзе Прусіі, у Беластоцкім дэпартамэнце. У 1807 годзе згодна з Тыльзіцкай мірнай дамовай паміж Расеяй і Францыяй, мястэчка апынулася ў Беластоцкай вобласьці Расейскай імпэрыі.

У 1-й палове ХІХ ст. у зьвязку з удзелам манахаў у паўстаньні Т. Касьцюшкі і вызвольным паўстаньні 1830—1831 гадоў Супрасьлеўскі манастыр заняпаў, бібліятэку вывезьлі зь мястэчка (большай часткай у Вільню), тады ж згубіўся найкаштоўнейшы яе скарб — найстарэйшы напісаны кірыліцай рукапіс ХІ стагодзьдзя. У сярэдзіне ХІХ ст. Супрасьля стала буйным цэнтар тэкстыльнай прамысловасьці.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Супрасьлю занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Супрасьля абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[6]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Супрасьля апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Беластоцкім ваяводзтве.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Супрасьлю акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Супрасьля ўвайшла ў склад БССР, у Беластоцкую вобласьць. З чэрвеня 1941 да верасьня 1944 году места зноў знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, у гэты час зьнішчылі манастырскую царкву. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Супрасьлю Польскай Народнай Рэспубліцы. У 1975—1998 гадох места ўваходзіла ў Беластоцкае ваяводзтва.

На канец XX ст. ў ваколіцах Супрасьлі адзначалася бытаваньне назвы люцьвіны (Lućwiny)[7].

У 1980-я гады аднавіў дзейнасьць манастыр Зьвеставаньня Багародзіцы (у юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы). У 1996 годзе польскі ўрад замацаваў увесь манастырскі комплекс за ПАПЦ, пачаліся рэстаўрацыйныя працы. У 2000-я гады ўлады Беларусі надалі дапамогу ў адбудове манастыра[8]. 7 сьнежня 2007 году ў касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы адбылася першая Боская Літургія ва ўсходнім абрадзе ад часоў Другой сусьветнай вайны[9].

  • XIX стагодзьдзе: 1867 год — 2,8 тыс. чал.; 1878 год — 3091 чал. (1488 муж. і 1603 жан.), у тым ліку 538 юдэяў[10]
  • XXI стагодзьдзе: 2017 год — 4621 чал.

У Супрасьлі працуюць пачатковая і сярэдняя школы, гімназія, спартовы і мастацкі ліцэі.

Прадпрыемствы тэкстыльнай, швацкай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці, керамічнае рамяство.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Манастыр Зьвеставаньня

З 1999 году Супрасьля мае статус курорту[11]. Тут знаходзіцца адміністрацыя прыроднага парку Кнышынскай пушчы.

У палацы архімандрытаў дзее музэй абразоў. У месьце ладзяцца рэгулярныя культурныя фэсты і імпрэзы.

  • Забудова гістарычная (XVIII—XIX стагодзьдзі): дом агародніка, дом ткача, ратуша
  • Збор эвангелісцкі (1870)
  • Капліца Ўсіх Сьвятых на могілках (XVIII—XIX стагодзьдзі; царква[12])
  • Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1861—1865)
  • Манастыр Зьвеставаньня Багародзіцы (XVI—XVIII стагодзьдзі): царква Зьвеставаньня Багародзіцы (1511; зьнішчаная ў 1944 годзе, адноўленая ў 1999 годзе), царква Сьвятога Яна Багаслова (XIX стагодзьдзе), палац архімандрытаў (XVII стагодзьдзе)
  • Могілкі: старыя каталіцкія; старыя праваслаўныя, капліца Сьвятога Юрыя (1901); пратэстанцкія, капліцы Бухгальцаў (1904) і Захертаў (1885); юдэйскія
  • Сядзібна-паркавы комплекс Бухгольцаў (1892—1903)
Пералік местаў-сяброў Супрасьлі
  1. ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. п. 27 (заўвага В)
  2. ^ Насевіч В. Гарадзенскі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 505.
  3. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 642.
  4. ^ Міхневіч У. Супрасьль, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 27 чэрвеня 2009 г.
  5. ^ Марозава С. Супрасльская типография
  6. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  7. ^ Załęski W. Z supraskiego na nasze. — Supraśl, 2005. S. 34.
  8. ^ Папко А. Беларусь дапамагае ў адбудове манастыра ў Супрасьлі, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 10 ліпеня 2008 г.
  9. ^ Грэка-каталіцкая літургія ў Супрасьлі(недаступная спасылка) // Царква. № 1 (56), 2008 г.
  10. ^ Krzywicki J. Supraśl // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 590.
  11. ^ Rozporządzenie Rady Ministrów z dnia 28 grudnia 2001 r. w sprawie uznania miasta Supraśl za uzdrowisko (Dz.U. z 2002 r. nr 1, poz. 5).
  12. ^ Драўляныя цэрквы Беласточчыны / Уклад. Ева і Андрэй Кечынскія. — Беласток-Белавежа: Беларускі Саюз у Польшчы, 1999.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]