Адэльск
Адэльск лац. Adelsk | |||||
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | XV ст. | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
Раён: | Гарадзенскі | ||||
Сельсавет: | Адэльскі | ||||
Насельніцтва: | 661 чал. (2010) | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 152 | ||||
Паштовы індэкс: | 231713 | ||||
Нумарны знак: | 4 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°24′20″ пн. ш. 23°45′45″ у. д. / 53.40556° пн. ш. 23.7625° у. д.Каардынаты: 53°24′20″ пн. ш. 23°45′45″ у. д. / 53.40556° пн. ш. 23.7625° у. д. | ||||
± Адэльск | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Адэ́льск[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Одле. Цэнтар сельсавету Гарадзенскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 661 чалавек. Знаходзіцца за 34 км на поўдзень ад Горадні, за 9 км ад аўтамабільнай дарогі Горадня — Ваўкавыск.
Адэльск — даўняе мястэчка гістарычнай Гарадзеншчыны (частка Троччыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры канца XVII ст.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тапонім Адэльск утварыўся ад назвы ракі Одлы (Адлянкі) паводле найбольш старажытнай мадэлі — уласная назва ракі + суфікс -ск[2]. Увогуле, у айканіміі этнічных беларускіх зямель суфікс -ск (-цак) ёсьць глыбока традыцыйнай рэліктавай зьявай, якая падкрэсьлівае самабытнасьць беларускага народа і старажытнасьць тэрыторыі яго расьсяленьня. Такі суфікс адзначаецца з IX—X стагодзьдзяў, у тым ліку ў назвах двух найстаражытнейшых местаў Полацку і Смаленску, засьведчаных летапісамі пад 862 і 863 гадамі. Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, памянёных у летапісах XI стагодзьдзя, прыпадае менавіта на зону фармаваньня беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасьць і ў наступныя стагодзьдзі. Кожнае трэцяе беларускае места зь ліку занесеных у «Сьпіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV стагодзьдзя сканчаецца на -ск (-цак)[2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню Адэльск упамінаецца за часамі вялікага князя Казімера (1440—1492) як мястэчка на гандлёвым шляху з Горадні ў Берасьце, што праходзіў праз Крынкі, Нараў і Орлю. У 1490 годзе тут збудавалі першы драўляны касьцёл. Згодна з Статутам Вялікага Княства Літоўскага (1529 год) зь мястэчка зьбіралі 15 коп грошай (900 літоўскіх грошаў) на гібэрну (вайсковыя патрэбы).
У 1546 годзе каралева і вялікая княгіня Бона надала Адэльску прывілеі на кірмашы і частковае вызваленьне ад падаткаў. Гэтыя прывілеі пашырылі каралі і вялікія князі Стэфан Баторы, Уладзіслаў Ваза. У 1588 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза далучыў мястэчка да каралеўскіх маёнткаў. Ён жа надаў прывілей, згодна зь якім у 1660 годзе тут збудавалі касьцёл Прачыстай Маці Божай. У ХVІІІ ст. у мястэчку ўзьвялі драўляную сынагогу, а ў ХІХ ст. — драўляную малітоўную школу (не захаваліся). Пад 1690 годам Адэльск ўпамінаецца як мястэчка ў Гарадзенскім павеце Троцкага ваяводзтва, якое належала да Гарадзенскай эканоміі і атрымала прывілей ад караля і вялікага князя Яна Сабескага.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Адэльск апынуўся ў Прусіі. На 1800 год тут налічвалася 172 будынкі (усе драўляныя). З 1807 году — у Расейскай імпэрыі, дзе ў 1808 годзе атрымаў статус заштатнага места Сакольскага павету Гарадзенскай губэрні. У першай палове XIX ст. у Адэльску праводзілася 6 кірмашоў на год. Жыхары места бралі актыўны ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864).
На 1865 год у Адэльску быў 201 будынак (усе драўляныя), дзеялі касьцёл і 2 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі 6 корчмаў. 27 лютага 1875 году места атрымала герб: «у залатым полі дзьве скрыжавныя касы, на краях тарчы — два каласы чырвонага колеру»[3].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Адэльск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Адэльск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[4]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Адэльск апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Сакольскім павеце Беластоцкага ваяводзтва. 13 чэрвеня 1934 году паселішча страціла мескія правы.
У 1939 годзе Адэльск увайшоў у БССР, у Гарадзенскі раён. На 1990 год у вёсцы было 227 двароў, на 1994 год — 283. У 2000-я гады Адэльск атрымаў афіцыйны статус «аграградку». 24 ліпеня 2014 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб вёскі[5].
-
Касьцёл, каля 1900 г.
-
Крынкаўская вуліца, 1915—1918 гг.
-
Сынагога, ад 1939 г.
-
Інтэр’ер сынагогі, 1930 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVIII стагодзьдзе: 1800 год — каля 500 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1828 год — 1816 чал., зь іх 1578 каталікоў, 16 пратэстантаў, 10 праваслаўных і 212 юдэяў; 1865 год — 1327 чал., зь іх паводле веры: 841 каталік і 482 юдэі, паводле стану: 1248 мяшчанаў і цэхавых; 1878 год — 1346 чал. (657 муж. і 689 жан.), зь іх 1242 каталікі, 6 праваслаўных, 96 юдэяў[6]; 1886 год — 1346 чал., зь іх 1242 каталікоў, 6 праваслаўных, 98 юдэяў; 1897 год — 1462 чал.
- XX стагодзьдзе: 1916 год — 1742 чал., пераважна беларусы-каталікі[7]; 1921 год — 1333 чал.; 1969 год — 891 чал.; 1990 год — 761 чал.[8]; 1994 год — 837 чал.[9]; 1999 год — 755 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 661 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Адэльску працуюць сярэдняя школа, фэльчарска-акушэрскі пункт, бібліятэка, клюб.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плян
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адэльск захаваў аблічча старога мястэчка. Забудова вуліцаў радыяльная. У цэнтры знаходзіцаа гістарычны Рынак, ад якога ў розныя бакі адыходзіць вуліцы, якія вядуць у розныя населеныя пункты.
Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
1 мая вуліца | Завулкавая вуліца | Майская вуліца |
Верхняя вуліца | Добрая вуліца | |
Зарэчная вуліца | Завыганная вуліца | |
Тадэвуша Кандрусевіча вуліца | Кузьніцкая вуліца | Леніна вуліца |
Школьная вуліца | Крынкаўская вуліца | Юзэфа Пілсудзкага вуліца[10] |
З усёй урбананімічнай спадчыны Адэльску да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Рынкавая (таксама мела назву Завыганная).
Мясцовасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Адэльску існуюць мікратапонімы: Шыбенская гара, Марыльчына гара, Шанцілаў лес, Ломшышкі, Рахмелеў роў, Чортава Ока, Лясанка, Пішчык, Лісьі горы, Завыгоньне, Канцавыя, Домікі, Кардон.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (канец XVII ст.)
- Могілкі старыя каталіцкія
У касьцёле захаваліся прыклады разьбы па дрэве ХVІІ ст.
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сынагога (XVIII ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Касьцёл, галоўны фасад
-
Касьцёл, бакавы фасад
-
Помнік невядомаму салдату
-
Помнік невядомаму салдату
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Тадэвуш Кандрусевіч (нар. 1946) — беларускі каталіцкі арцыбіскуп
- Астафей Катовіч (1637—1704) — рэлігійны і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 166.
- ^ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Шаблён:Менск (Менск): Тэхналогія, 2010.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ «Об учреждении гербов административно-территориальных и территориальных единиц Витебской и Гродненской областей». Указ Президента Республики Беларусь от 24 июля 2014 г. № 373(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Krzywicki J. Odelsk // Słownik geograficzny... T. VII. — Warszawa, 1886. 376
- ^ Шаблюк В. Адэльск // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 65.
- ^ Шаблюк В. Адэльск // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 64.
- ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 1. С. 144.
- ^ Макарчык Ю. Адэльск 1490—2010 / а. Юзаф Макарчык. — Менск: «Про Хрысто», 2010.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — 552 с. — ISBN 985-11-0036-6
- Макарчык Ю. Адэльск 1490—2010 / а. Юзаф Макарчык. — Менск: «Про Хрысто», 2010.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Гродзенскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1993. — 431 с.: іл. ISBN 5-85700-084-Х.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|