Аляксандар Хадкевіч
![]() Аляксандар Хадкевіч | |
![]() Герб «Касьцеша» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1457 |
Памёр | 28 траўня 1549 |
Пахаваны | |
Род | Хадкевічы |
Бацькі | Іван Хадкевіч Яўнута Соф’я зь Бельскіх |
Жонка | Васіліса з Галоўчынскіх |
Дзеці | Іван, Геранім, Рыгор, Соф’я, Юры, Аляксандра |
Алякса́ндар Хадке́віч (1457, Наваградак або Баранавічы — 28 траўня 1549) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат. Маршалак дворны літоўскі (упамінаецца толькі ў 1508 годзе, магчыма, памылкова), маршалак гаспадарскі (з 1506), ваявода наваградзкі (з 1544).
Меў вялізныя зямельныя ўладаньні ў паўночна-ўсходняй частцы краіны з цэнтрам у Гарадку. Быў старостам пуньскім (1506), берасьцейскім (1529) і кнышынскім (1530), а таксама дзяржаўцам астрынскім[1].
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
З магнацкага роду Хадкевічаў гербу «Касьцеша», сын Івана, ваяводы кіеўскага, і Яўнуты (Агнешкі) Соф’і Бельскай. Праз сваю маці быў другім кузэнам братоў Ягелонаў: вялікага князя Аляксандра, караля польскага Ян Альбрэхта і вялікага князя Жыгімонта Старога. Меў сясьцёр Аграфену і Якумілу.
У 1498 годзе з смаленскім япіскапам Язэпам Солтанам заснаваў праваслаўны манастыр у Гарадку, але ў 1502 годзе манахі зьехалі ў Сухі Груд. На гэтым месцы ў 1510—1511 гадох збудаваў Супрасьлеўскі манастыр. Канстантынопальскі патрыярх Ерамія II Транас выдаў адмысловы эдыкт з дазволам на ягонае заснаваньне. Першай у сутарэньнях манастыра спачыла маці фундатара.
У 1506 годзе стаў маршалкам гаспадарскім. Пад 1508 годам упамінаецца, магчыма памылкова, як маршалак дворны літоўскі. У 1509 годзе, па здушэньні мецяжу Глінскіх, зьвінавачаны ў падтрымцы выступленьня і кінуты ў вязьніцу, зь якой выйшаў у 1511 годзе з аднаўленьнем усіх правоў і пасадаў. У 1544 годзе атрымаў урад ваяводы наваградзкага.
11 траўня 1513 году ажаніўся з князёўнай Васілісай (пам. 11 траўня 1552), дачкой князя Яраслава Галоўчынскага (1520—1567). У шлюбе нарадзіліся дзеці (у тым ліку тры сыны, якія запачаткавалі тры галіны роду):
- Іван
- Геранім (каля 1500—1561), кашталян віленскі
- Рыгор (каля 1513—1572), кашталян віленскі і гетман вялікі літоўскі
- Соф’я (1517—1593), 1-ы муж падчашы вялікі літоўскі Станіслаў Кезгайла, 2-гі муж канюшы надворны літоўскі і каронны Геранім Карыцкі
- Юры (1524—1569), кашталян троцкі
- Аляксандра (пам. каля 1583), жонка ваяводы наваградзкага Паўла Сапегі (пам. 1579)
Спачыў разам з жонкай у Супрасьлеўскім манастыры.
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Партрэты Аляксандра Хадкевіча
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Грыцкевіч А. Хадкевічы // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 2. С. 709.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Польскі біяграфічны слоўнік(pl:Polski Słownik Biograficzny). Т. 3. С. 354.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Jamie Allen The Pedigree of Aleksander Chodkiewicz(анг.). Jamie Allen's Family Tree & Ancient Genealogical Allegations. — Генэалягічнае дрэва А. Хацкевіча. Праверана 6 чэрвеня 2010 г.