Жанна Дапкюнас

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Ганцавічук (гутаркі | унёсак) у 07:07, 28 студзеня 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Жанна Дапкюнас
Імя пры нараджэньні Жанна Касьпяровіч
Род дзейнасьці беларускі літаратуразнаўца, арганізатар музэйнай справы
Дата нараджэньня 8 сакавіка 1941 году
Месца нараджэньня Беласток (у 1941 г. — СССР Сьцяг СССР, цяпер — Польшча Сьцяг Польшчы)
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы
Занятак літаратуразнаўца
Месца працы
Бацька Казімер Касьпяровіч
Маці Ядвіга Раманоўская
Муж Вадзім Дапкюнас
Дзеці Андрэй, Ігар
Узнагароды

Жанна Казімераўна Дапкюнас (нарадзілася 8 сакавіка 1941 году ў Беластоку (Польшча) — беларускі літаратуразнаўца і арганізатар музэйнай справы; унучатая пляменьніца Янкі Купалы[1].

Жыцьцяпіс

Нарадзілася ў сям’і служачых. Маці — Ядвіга Раманоўская — пляменьніца Янкі Купалы.

Скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спецыяльнасьці «беларуская мова і літаратура» (1963).

З 1963 па 2005 год працавала ў Літаратурным музэі Янкі Купалы. Прайшла ўсе прыступкі прафесійнай кар’еры ад навуковога супрацоўніка да кіраўніка музэя. Займала пасады загадчыка навукова-экспазыцыйнага аддзела і вучонага сакратара музэя. У 19801986 гг. — намесьнік дырэктара музэя.

З 1986 па 2002 год — дырэктар Літаратурнага музэя Янкі Купалы. Заснавальнік (1995) і нязьменны намесьнік старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы.

Творчы і дасьледчыцкі шлях

Ініцыятар і арганізатар стварэньня ландшафтнага заказьніка «Купалаўскі» (Лагойскі і Менскі раёны, 2000), філіялаў Літаратурнага музэя Янкі Купалы ў Акопах (Лагойскі раён, 1992) і Яхімоўшчыне (Маладэчанскі раён, 2001).

На ўрачыстасьцях з нагоды 90-й гадавіны з дню нараджэньня Я.Купалы разам са старшынём Савета Міністраў БССР Ц.Кісялёвым (зьлева на першым плане) і другім сакратаром ЦК КПБ А.Аксёнавым (у цэнтры), Вязынка, ліпень 1972 году

Кіравала творчай групай па стварэньні галоўнай экспазыцыі музэя (1976), экспазыцый у філіялах музэя ў Вязынцы (1972) і Ляўках (1977), музэя-кватэры Янкі Купалы ў Пячышчах (Татарстан, 1975), гісторыка-літаратурнага музэя «Над ракою Арэсай» у калгасе «Чырвоная зьмена» (Любанскі раён) (1980).

З 1995 году — арганізатар міжнародных навуковых канфэрэнцый па творчасьці Янкі Купалы — Міжнародных купалаўскіх чытаньняў. Ініцыятар супрацоўніцтва музэю з профільнымі ўстановамі Расеі, Польшчы, Украіны, Вялікабрытаніі, Чэхіі і іншых краінаў. Зьяўлялася нацыянальным каардынатарам ад Беларусі міжнароднага праекту «Літаратурны экспрэс Эўропа 2000»[2].

Аўтар шматлікіх артыкулаў пра жыцьцёвы шлях і творчасьць Янкі Купалы, навукова-папулярнага кінафільма «Янка Купала» («Беларусьфільм», 1974), радыёперадачаў пра Я. Купалу, буклета «Ляўкі. Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік» (1981). Складальнік і аўтар камэнтараў да зборніка Я. Купалы «Публіцыстыка» (1972, разам з Т. Тарасавай), трэцяга тома збору твораў Янкі Купалы ў трох тамах (1982). Сябра рэдакцыйнай калегіі поўнага збору твораў Янкі Купалы ў дзевяці тамах (19952003).

Укладальнік кнігі «Я. Купала. Санэты» (2002, разам з В. Рагойшам), буклетаў і альбомаў «Сьвятло Купалава Дому» (1998), «Па Купалаўскіх мясьцінах» (2002, 2006), «Купалаўскія мясьціны на Маладзечаншчыне. Яхімоўшчына» (2004). Удзельнічала ў складаньні «Бібліяграфіі твораў Янкі Купалы» (ч.3, 1972) і бібліяграфіі «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве» (1980).

У складзе рэдакцыйнай калегіі рэдагавала запісы I-VII Міжнародных купалаўскіх чытаньняў (19952004), каталёг «Янка Купала ў выяўленчым мастацтве, 18822002» (2003). Аўтар шэрагу артыкулаў у энцыкляпедычным даведніку «Янка Купала» (1986).

Прафэсійныя адзнакі і ўзнагароды

Крыніцы

Літаратура

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Дапкюнас Жанна» — С. 185.
  • Захавальніца шляхетнага духу Беларусі: Жанна Дапкюнас і Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы // Роднае слова. — 2006. — №3. — С. 102—104.

Вонкавыя спасылкі