Перайсьці да зьместу

Бягомель

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Бегамля»)
Бягомель
лац. Biahomiel
Панарама мястэчка
Панарама мястэчка
Герб Бягомелю Сьцяг Бягомелю
Першыя згадкі: 1582
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Докшыцкі
Сельсавет: Бягомскі
Вышыня: 181 м н. у. м.
Насельніцтва:
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2157
Паштовы індэкс: 211730
СААТА: 2221802904
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 54°44′0″ пн. ш. 28°3′0″ у. д. / 54.73333° пн. ш. 28.05° у. д. / 54.73333; 28.05Каардынаты: 54°44′0″ пн. ш. 28°3′0″ у. д. / 54.73333° пн. ш. 28.05° у. д. / 54.73333; 28.05
Бягомель на мапе Беларусі ±
Бягомель
Бягомель
Бягомель
Бягомель
Бягомель
Бягомель
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Бяго́мель[2], Бе́гамля[2] — мястэчка ў Беларусі, каля ракі Мажанкі. Цэнтар сельсавету Докшыцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 2677 чалавек[3]. Знаходзіцца за 30 км ад Докшыцаў, за 37 км ад чыгуначнай станцыі Параф’янаў (лінія Маладэчна — Полацак). Аўтамабільныя дарогі на Менск, Віцебск, Барысаў, Докшыцы. Фактычнай часткай мястэчка зьяўляецца вёска Маргавіца.

Бягомель — мястэчка гістарычнай Меншчыны.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Бягомель утварыўся ад слова «бег» у спалучэньні з фармантам -ль. Імаверна, паселішча ўзьнікла як прытулак для беглых, хованка. Гэтае меркаваньне пацьвярджае тое, што славянскі фармант -ля звычайна ўжываецца каб выразіць акалічнасьць месца[4]. Згодна зь іншая вэрсіяй, корань «бяг» мае зьвязак або з словам «буга» — 'нізіна', або «баган» — 'сыры хваёвы лес, часта зь бярозамі'. Некаторыя навукоўцы зьвязваюць назву Бягомль з старажытнаславянскім імем Багаміл (ці Багуміл), гэта значыць, што Бягомль — пасяленьне, якое заснаваў Багаміл[5].

Старадаўні тапонім Багомль у сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) аформіўся ў дзьвюх формах: Бягомель[6][7][8] (з устаўным галосным) або Бегамля[6] (з фармантам -ля). Афіцыйнае напісаньне назвы паселішча — Бягомль[9][10][11] (рас. Бегомль[12][13][14]).

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бягомель узьнік як сяло на тэрыторыю маёнтку Ваўча, што знаходзіўся ў валоданьні Віленскага біскупства і ўваходзіў у склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. Першы пісьмовы ўпамін пра паселішча (пад назвай Багомль) датуецца 1582 годам, калі біскупскі ўраднік Матысь Сасноўскі нечакана разрабаваў двор у маёнтку Ваўча і, прыхапіўшы сабраныя падаткі, уцёк у сяло Мсьціж. Пры гэтым М. Сасноўскі зьвярнуўся ў суд з скаргай на жыхароў сяла Бягомель, якія нібыта напалі на яго і разрабавалі ягоны дом.

У пазьнейшыя часы Бягомлем валодаў Міхал Кейзгалавіч. Ён фундаваў тут рымска-каталіцкую капліцу, якой запісаў прыбытак з маёнтку Ваўча з цэнтарам у Бягомлі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Бягомель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, сьпярша ў Докшыцкім, з 1802 году — у Барысаўскім павеце[15] Менскай губэрні. У пачатку ХІХ стагодзьдзя паселішчам валодаў граф Манузі, потым Бягомель разам зь іншымі сёламі ўваходзіў у маёнтак Берасьнёўка зямяніна Ігната Булгака. У 1861 годзе мястэчка стала цэнтрам воласьці. На 1886 год у Бягомлі было 43 двары, валасная ўправа, царква, школа, лякарня. У 1870—1874 гадох у мястэчку збудавалі прамысловы комплекс, які ўлучаў тры будынкі — сартаваньне сьпірту, сховішча сьпірту і жылы дом вартаўніка.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Бягомель занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бягомель абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У сьнежні 1918 — 1920 гадоў мястэчка займалі польскія войскі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Бягомель увайшоў у склад Беларускай ССР[16], дзе 17 ліпеня 1924 году стаў цэнтрам раёну (з 1960 году ў Докшыцкім раёне). У гэты час тут было 157 двароў, працавалі 2 млыны, 2 кузьні. На 1937 год — лесазавод, электрастанцыя, машына-трактарная станцыя, народны дом, лякарня, школа-сямігодка, пункт ліквідацыі непісьменнасьці. Два разы на тыдзень праводзіліся кірмашы. 27 верасьня 1938 году Бягомель атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 1 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1968 годзе ўтварыўся Бягомскі музэй народнай славы. 29 чэрвеня 2009 году 22 населеныя пункты, у тым ліку і Бягомель, узнагародзілі вымпэлам «За мужнасьць і стойкасьць у гады Вялікай Айчыннай Вайны». 28 лютага 2011 году афіцыйна зацьвердзілі герб і сьцяг мястэчка[17].

  • XIX стагодзьдзе: 1886 год — 470 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1924 год — 781 чал.; 1937 год — 1779 чал.; 1959 год — 5970 чал.; 1970 год — 2,9 тыс. чал.; 1990 год — 2,2 тыс. чал.[18]; 1995 год — 3,4 тыс. чал.[19]
  • XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2004 году — 3,2 тыс. чал.[20]; 2006 год — 2,8 тыс. чал.[21]; 2007 год — 3059 чал.; 2008 год — 2,9 тыс. чал.; 2009 год — 2736 чал.[22] (перапіс); 2016 год — 2630 чал.[23]; 2017 год — 2683 чал.[24]; 2018 год — 2677 чал.[3]

Дзее Царква Ўсіх Сьвятых. У 2004 годзе ў старым будынку колішняга гатэлю адкрыўся касьцёл Хрыста Валадара Сусьвету[25].

У Бягомелі працуюць сярэдняя агульнаадукацыйная школа (установа адукацыі «Бягомская дзяржаўная сярэдняя агульнаадукацыйная школа Докшыцкага раёну»), дзіцячая музычная школа, дашкольная ўстанова на 127 месцаў, а таксама школа-інтэрнат для дзяцей-сіротаў (дзяржаўная ўстанова адукацыі «Бягомская дапаможная школа-інтэрнат для дзяцей-сіротаў»).

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць паліклініка, лякарня і аптэка.

Дзеюць музэй народнай славы, бібліятэка імя Пімена Панчанкі, дом культуры. У фондах музэю налічваецца 17 383 экспанаты, у тым ліку 13 783 экспанаты асноўнага фонду і 3600 навукова-дапаможнага.

Працуюць прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, дрэваапрацоўчай (лясгас) і харчовай прамысловасьці (сьпіртзавод).

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Бягомелю
  • СГФ «Бягомскі»
  • РУВП «Бягомскі завод „Ветразь“»
  • ДЛГУ «Бягомскі лясгас»

Да паслугаў местачкоўцаў гандлёвы цэнтар «Мэрыдыян», а таксама некалькі каапэратыўных і прыватных крамаў, кавярні «Тафілія», «Транзіт», аддзяленьне «Беларусбанку».

У Бягомлі месьціцца філія Лепельскага аўтатранспартнага прадпрыемства № 14 (7 аўтобусаў і 6 грузавых аўтамабіляў), ажыцьцяўляецца абслугоўваньне рэгулярных аўтобусных рэйсаў праз мясцовую аўтастанцыю. Транспартная плынь праходзіць транзытам у паўночныя раёны Беларусі, а таксама кіруецца ў Пскоў, Санкт-Пецярбург, Рыгу.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Царква Ўсіх Сьвятых

За 3 км ад Бягомлю знаходзіцца санаторыя «Баравое», за 12 км — дом паляўнічага «Бягомскі». За кілямэтар ад мястэчка, каля аўтазаправачнай станцыі і СТА, ёсьць матэль «101 кілямэтар».

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Царква Раства Багародзіцы (XVII ст.)
  1. ^ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2024.
  2. ^ а б Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. п. 27 (заўвага В)
  3. ^ а б Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  4. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 20.
  5. ^ Альшэўская Т. Бягомлю — 425 год // Родныя вытокі (Докшыцы). 22 верасьня 2007 г.
  6. ^ а б Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 22.
  7. ^ Мінкін А. Слоўнік рыфмаў беларускай мовы. [1]
  8. ^ Veritas. № 1 (3), 2005.
  9. ^ Рапановіч, Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мн.: Навука і тэхніка, 1977. — 504 с. С. 65.
  10. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 3 т. Т. 1 / [рэд. Л.У. Шклярэвіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. — 244, [3] с., іл. ISBN 978-985-508-060-3. С. 197.
  11. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 2 / [рэд. Г.П. Ляхава, Ю.М. Несцяроўская, Т.М. Пракаповіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. — 347, [4] с., іл. ISBN 978-985-508-245-4. С. 190.
  12. ^ Списки населённых мест Минской губ. по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г. - 1857. - 803 л. - (Фонд Центрального статистического комитета МВД. Опись № 4). (pdf) С. 135.
  13. ^ Справочная книга и спутник по Минской губернии / составил Израиль Абрамов Бомштейн. — Минск: Типолитография Р. Дворжец, 1889. — 562 с.: табл.; 22х30 см. С. 40.
  14. ^ Ярмолович, Владимир Станиславович. Список населённых мест Минской губернии / сост. В. С. Ярмолович. - Минск: Губ. тип., 1909. - 231, [1] с. (pdf) С. 22.
  15. ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 207.
  16. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  17. ^ Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных единиц Витебской области. Указ Президента Республики Беларусь от 28.02.2011 г. № 86 (рас.)
  18. ^ Батвіннік М., Насевіч В. Бягомль // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 158.
  19. ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3.
  20. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Докшыцкага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004.
  21. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  22. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  23. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  24. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  25. ^ Бягомль — парафія Хрыста-Валадара сусвету, Catholic.by

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]