Перайсьці да зьместу

Нёман

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Нёман (рака)»)
Рака
Нёман
лац. Nioman
Нёман у Горадні
Нёман у Горадні
Агульныя зьвесткі
Выток каля в. Рачыца
Вусьце Курская затока
Краіны басэйну Беларусь, Летува, Расея
Вобласьці Гарадзенская вобласьць, Менская вобласьць і Калінінградзкая вобласьць
Даўжыня 937 км
Сярэднегадавы сьцёк 685 м³/с
Плошча басэйну 98,2 тыс. км²
Нахіл воднай паверхні 0,21 ‰
Месцазнаходжаньне
Нёман на мапе
Асноўныя прытокі
Левыя Вуша, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Сьвіслач
Правыя Вуса, Сула, Заходняя Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра, Мерычанка, Вяльля, Нявежа

Нё́ман (лет. Nemunas; рас. Неман) — рака ў Беларусі, Летуве і Расеі. Даўжыня 937 км, у межах Беларусі 459 км. Плошча вадазбору 98,2 тыс. км², у межах Беларусі 35 тыс. км² (без вадазбору ракі Вяльля). Выдатак вады на выхадзе за граніцу Беларусі 214 м³/с, у вусьці 685 м³/с. Агульны спад ракі на тэрыторыі Беларусі 96,5 м. Сярэдні нахіл воднае паверхні 0,21 .

Агульныя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Нёман каля Стоўпцаў

Існуе пашыранае меркаваньне, што Нёман пачынаецца пад назвай Нёманец на Стаўпецкай раўніне каля вёскі Верх-Нёман Узьдзенскага раёну. Але ў выніку мэліярацыі, праведзенай у 1985—1986 гадах, рака Нёманец ад трубы-рэгулятара, разьмешчанай па дарозе вёска Нізкі — вёска Каменнае адведзеная ў раку Вуса, а ніжняя вусьцевая частка рэчышча ракі Нёманец на працягу 3 км засыпаная, і створаны мэліярацыйны аб’ект «Гарадзец» зь сеткай асушальных каналаў. У зьвязку з праведзенымі працамі даўжыня ракі Нёман паменшылася на 24 км, а за выток цяпер лічаць месца сутокаў канала Л-2 і канала Л-2-2 мэліярацыйнага аб’екту «Гарадзец» у помпавай станцыі, разьмешчанай за 2,5 км на паўночны захад ад вёскі Рачыца Узьдзенскага раёну Менскай вобласьці. Упадае Нёман у Курскую затоку Балтыйскага мора, утвараючы дэльту.

Даліна амаль да вусьця Сулы невыразная, ніжэй да граніцы зь Летувой пераважна скрынкападобная; паміж вусьцямі Шчары і Чорнай Ганчы, дзе Нёман цячэ ўсходняй ускраінай Гарадзенскага ўзвышша, — глыбокая і вузкая (пераважная шырыня 1—4 км). Схілы да ўтоку Бярэзіны спадзістыя (вышыня 8—15 м, месцамі 30—50 м), на астатнім працягу стромкія, парэзаныя ярамі, вышынёй да 25 м. Абалона двухбаковая, нізкая, забалочаная, парэзаная старыцамі; яе шырыня 1—2 км, месцамі да 4 км, ніжэй за места Масты, дзе даліна глыбокая, часта адсутнічае. Вышэй за вусьце Шчары складаецца з 2 узроўняў: высокага (2—3 м) і нізкага (0,5—1,5 м). На астатнім працягу даліны вылучаюцца высокі, сярэдні і нізкі ўзроўні. Рэчышча ад вытоку на працягу 26,4 км каналізаванае, далей — зьвілістае, шмат меляў, перакатаў, косаў, пясковых выспаў. Дно пясковае, на перакатах пяскова-камяністае і аточнае. Плынь павольная зь сярэдняй хуткасьцю 0,6—0,8 м/с і ваганьнямі ад 0,2 м/с да 2 м/с (у разводзьдзе). Шырыня ракі ў межань у вярхоўі 35—40 м, ніжэй па плыні да 90 м, паміж вусьцямі Шчары і ракой Чорная Ганча 120—150 м[1].

Нёман каля вёскі Крывічы

Веснавое разводзьдзе звычайна праходзіць некалькімі хвалямі, доўжыцца 30—50 дзён. Сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 2,5—4 м. Найбольшае разводзьдзе за апошнія 150 рокаў назіралася ў 1958, калі ўзровень вады падняўся да 3,1 м каля Стоўпцаў і да 8,1 м каля Горадні. Замярзае ў 2-й палове сьнежня, найбольшая таўшчыня лёду 54—63 см, крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход 7—16 дзён. Характэрныя працяглыя, амаль рэгулярныя зажоры. Вада ў рацэ паводле гідрабіялягічных паказьнікаў умерана забруджаная, выкарыстоўваецца для побытавага і прамысловага забесьпячэньня.

Вадазбор разьмяшчаецца ў межах Нёманскай нізіны і належыць да Нёманскага гідралягічнага раёну. Водападзел добра выяўлены, мае складаныя абрысы, у паўднёвай і ўсходняй частках праходзіць ўзвышшамі Беларускай, а ў паўночнай — па Ашмянскай градах, аддзяляючы адпаведна басэйны Дняпра і Вяльлі.

Рэльеф — узгорыстая раўніна з марэнавымі ўтварэньнямі ў выглядзе градаў або групаў узгоркаў. Вылучаюцца Гарадзенскія, Наваградзкія і Ваўкавыскія вышыні, а таксама заходняя частка Менскага ўзвышша з адноснымі вышынямі асобных узгоркаў да 100 м.

Нёман каля Бярозаўкі

Расьліннасьць прадстаўляюць мяшаныя лясы зь перавагай іглічных пародаў. Асноўныя лясныя масівы разьмяшчаюцца ў басэйнах Бярэзіны (Налібоцкая пушча), Котры (Гарадзенская пушча), Вушы і Шчары. Агульная лясістасьць вадазбору каля 25%, зь якіх 5% складае забалочаны лес.

Балоты пераважаюць нізінныя, прымеркаваныя часьцей за ўсё да далінаў рэчак. Найбольш значныя разьмяшчаюцца ў вадазборах Бярэзіны і Шчары.

Азёрнасьць нязначная (< 1%). Найбольшыя азёры: Выганашчанскае, Белае, Рыбніца і група Нясьвіскіх азёраў у басэйне ракі Вуша.

Гаспадарчая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яшчэ ў старажытныя часы Нёман быў часткай гандлёвых шляхоў, бурштынавага шляху, якія зьвязвалі Балтыйскае зь Міжземным морам.

У зьвязку з тым, што ў выніку Другой сусьветнай вайны ў склад СССР канчаткова ўвайшлі ня толькі Заходняя Беларусь і Летува, але і частка Ўсходняй Прусіі (Калінінградзкая вобласьць) на 1960-я прыходзіцца пэрыяд інтэнсіўнага выкарыстаньня водных рэсурсаў Нёмана. У сярэдзіне 1970-х курсавалі цеплаходы паміж Горадняй (БССР) і Друскенікамі (ЛетССР), але з разьвіцьцём аўтамабільнага транспарту суднаходзтва на Нёмане спынілася. Цяпер рэгулярнае суднаходзтва і лесасплаў не ажыцьцяўляюцца.

Праз Агінскі канал Нёман злучаецца з басэйнам Дняпра, праз Аўгустоўскі канал — з басэйнам Віслы. 3 пабудовай Вялейска-Менскай воднай сыстэмы частка сьцёку з басэйну Нёмана перакідваецца ў басэйн Дняпра.

На вадазборы праводзіліся мэліярацыйныя працы, у выніку якіх, на 1 студзеня 2006 году 12,4% плошчы басэйну мэліяраваныя. Працягласьць адкрытай сеткі складае 25 286 км[2].

Нёман у літаратуры і культуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да Нёмана кіравалі сваю ўвагу Якуб Колас («Нёман»), Адам Міцкевіч (Конрад Валенрод, Пан Тадэвуш), Эліза Ажэшка («Над Нёманам»), Анатоль Астрэйка («Нёман», «Нёману»), Максім Танк («Над Нёманам»), Данута Бічэль («Нёману», «Краю мой Нёман», «Да Нёмана». «У пары з Нёманам», «Санет да Нёмана»), Мікола Маляўка («Нёман», «Нёману», «Ой Нёман…») іншыя літаратары[3].

Польскі сьпявяк Чэслаў Выдрыцкі ўзяў назву ракі сабе ў псэўданім.

На дзялянцы паміж беларускай вёскай Пералом і летувіскай вёскай Ліплюны Нёманам праходзіць дзяржаўная граніца Беларусі зь Летувой. Рака таксама аддзяляе Клайпедзкі і Таўроскі паветы Летувы ад Калінінградзкай вобласьці Расеі.

  1. ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994.
  2. ^ Река Неман (рас.) Гідрамэтцэнтар Беларусі
  3. ^ Пейзажны свет беларускай паэзіі: Праграма курса на выбар для ХІІ класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання з 12-гадовым тэрмінам навучання. — Мінск: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 2007
  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 4: Недалька ― Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — 598 с.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн., 2005. — 135 с.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1-2. — Л., 1971.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]