Налібоцкая пушча

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Налібоцкая пушча, або Налібоцкія лясы — найвялікшы лясны масіў у Беларусі, разьмешчаны ў басэйне правых прытокаў рэчак Нёман, Бярэзіна і Вуса да Ашмянскіх градаў на поўначы і Менскага ўзвышша на ўсходзе. Плошча 140 тыс. га.

Назва пушчы паходзіць ад разьмешчанага ў ёй мястэчка Налібакі. На тэрыторыі пушчы ляндшафтавы заказьнік дзяржаўнага значэньня Налібоцкі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У часы ВКЛ пушча доўгі час зноходзілася ў руках розных уладальнікаў, пакуль у канцы XVI ст. не апынулася ва ўладаньні Радзівілаў. У XVIII ст. у Налібаках знаходзілася рэзыдэнцыя занёманскага і наднёманскага лоўчага, які кіраваў усімі радзівілаўскімі лясамі на паўночным захадзе сучаснай Беларусі. Тут жа знаходзілася сядзіба налібацкага падлоўчага. Увогуле сама пушча дзялілася на тры падлавецтвы: Налібоцкае, Дзераўнянскае і Хатаўское[1].

У часы Другой сусьветнай вайны пушча была зонай актыўных дзеяньняў Арміі Краёвай, а таксама габрэйскага і савецкага партызанскіх рухаў. Паводле розных ацэнак у 1939—1945 роках у Налібоцкай пушчы знаходзіліся ад 10 да 25 тысячаў чалавек: партызанаў, уцекачоў, бежанцаў і злачынцаў.

Рэльеф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Займае ўсходнюю ўскраіну Верхнянёманскай нізіны. Рэльеф хвалісты з выдма- і марэнава-ўзгорыстымі формамі і забалочанымі паніжэньнямі.

Гідраграфія й расьліннасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На поўдні масіва возера Кромань. Найбольш забалочаная па далінах рэчак Бярэзіна, Іслач, Волка і ў нізкай плыні Вусы, дзе на тарфяна-балотных глебах растуць алешнікі і бярэзьнікі. У цэнтральнай і ўсходняй частках пераважаюць хвойнікі. Сустракаюцца яловыя дубровы. Па паўднёва-заходняй частцы Налібоцкай пушчы праходзіць паўночная мяжа суцэльнага распаўсюджваньня граба.

Жывёльны сьвет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фаўна пушчы характэрная для лясоў сярэдняй паласы Беларусі. Водзяцца: алень, лось, дзік, янот, бабёр, буры мядзьведзь. Птушкі: глушэц, цецярук, слонка.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Крывашэеў Дз. Налібоцкая пушча князёў Радзівілаў у ХVІ–ХVІІІ стст.: фармаванне тэрыторыі, адміністрацыя і службоўцы // Верхняе Панямонне. - Мінск: І.П. Логвінаў. - Вып. 1. - 2012. - С. 7-29

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Верхняе Панямонне: альманах лакальнай гісторыі. Вып. 1.. — Мінск: І.П. Логвінаў, 2012. — 154 с. — ISBN 978-985-6991-72-4;
  • Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн. : БелЭн, 2007. — 648 с — ISBN 978-985-11-0384-9

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]