Проня
Проня лац. Pronia | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Выток | каля в. Ланенка 54°26′17.01″ пн. ш. 30°45′16.87″ у. д. / 54.4380583° пн. ш. 30.7546861° у. д. |
Вусьце | Сож 53°26′04.69″ пн. ш. 31°00′50.02″ у. д. / 53.4346361° пн. ш. 31.0138944° у. д. |
Краіны басэйну | Беларусь |
Вобласьці | Віцебская вобласьць і Магілёўская вобласьць |
Даўжыня | 172 км |
Сярэднегадавы сьцёк | 29,5 м³/с |
Плошча басэйну | 4910 км² |
Нахіл воднай паверхні | 0,5 ‰ |
Месцазнаходжаньне | |
Про́ня — рака ў Беларусі, правы прыток ракі Сожу (басэйн Дняпра). Цячэ ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласьці, Чавускім, Горацкім і Прапойскім раёнах Магілёўскай вобласьці, пераважна Аршанска-Магілёўскай раўнінай. Даліна добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, скрынкападобная, у вярхоўі невыразная; берагі пераважна стромкія, абрывістыя, у верхняй плыні нізкія і забалочаныя. Агульная даўжыня ракі — 172 км. Плошча вадазбору 4910 км². Выдатак вады ў вусьці 29,5 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5‰.
Абалону Проні чалавек абжыў як мінімум з каменнага веку, пра што сьведчаць шматлікія гарадзішчы, разьмешчаныя на яе берагах. 28 верасьня 1708 году пад вёскай Лясной на дзялянцы паміж Проняй і Сажом адбылася бітва паміж маскоўскімі і швэдзкімі войскамі, якую маскоўскі гаспадар Пётар I называў «маці Палтаўскай бітвы»[1]. У 1943—1944 гадох, у час нямецка-савецкай вайны, фронт на рацэ стаяў 9 месяцаў.
У апошнія гады разьвіваецца турызм. Рака прыдатная для сплаву на байдарках. Падчас падарожжа можна пабачыць найбліжэйшыя славутасьці і палюбавацца маляўнічымі краявідамі навакольля.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная назва ракі — Пропасьць[2]. У рэчышчы палітыкі летувізацыі расейска-савецкі мовазнаўца Алег Трубачоў з сваім вучнем Уладзімерам Тапаровым абвяшчаў гідронім Проня словам балтыйскага паходжаньня[3]. Назву Проня таксама спрабавалі зьвязваць з імем паганскага славянскага бога Прона[4].
Існавала вэрсія, што старажытная назва ракі Проня — Прапой, той, які мае хуткую плынь, магчыма, гэта слова дало назву гораду Прапойску[5].
Народная вэрсія пра ўтварэньне назвы ракі больш маляўнічая. Паводле паданьня, калісьці жылі дзяўчына Бася і юнак Проня. Яны моцна кахалі адзін аднаго, але бацькі Басі не дазвалялі ёй выйсьці замуж за беднага Проню. Тады маладыя людзі вырашылі бегчы і папрасілі багоў, каб тыя дазволілі ім быць разам. Багі выканалі іх просьбу. І калі ня помнячы сябе ад шаленства бацька кінуўся ў пагоню за ўцекачамі, то выехаўшы на адну з палян, убачыў зьліцьцё дзьвюх рэк — гэта і былі Бася і Проня[6]. Магчыма, што зь дзяўчынай Проняй здарылася іншая неспадзёўка — яна быццам была з цыганскай сям’і і выпадкова ўтапілася, а яе кавалеры назвалі ў памяць аб ёй раку[7].
Населеныя пункты на рацэ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гарады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У месцы ўпадзеньня ў Проню ракі Парасіцы знаходзіцца горад Горкі, у месцы сутокаў Проні з рэкамі Быстрай і Гольшай стаіць мястэчка Дрыбін, ля вусьця — горад Прапойск.
Іншыя населеныя пункты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Дубровенскім раёне: в. Ланенка, в. Лосеўка; у Горацкім раёне: в. Радзівонаўка, в. Сава, в. Сенькава, в. Азаравічы, в. Малая Каралёўка, в. Вялікая Каралёўка, в. Кузавіна, в. Старажоўка; у Дрыбінскім раёне: в. Галовічы; у Чавускім раёне: в. Будзіна, в. Скварск, в. Прылёпаўка, в. Пуцькі, в. Старасельле, в. Ключ, в. Загоранка, в. Высокае, в. Петухоўка, в. Дужаўка; у Прапойскім раёне: в. Чырвоная Слабада.
Гідраграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Даўжыня 172 км. Вадазбор 4910 км². Сярэднегадавы выдатак вады ў вусьці 29,5 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 ‰[8][9].
Цячэ пераважна Аршанска-Магілёўскай раўнінай. Даліна добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, скрынкападобная, у вярхоўі невыразная; шырыня яе ад 0,4—0,6 км у верхняй плыні да 1—2 км у ніжняй. Берагі пераважна стромкія, абрывістыя, у верхняй плыні нізкія і забалочаныя, адкрытыя (вышыня 1—1,5 м, на асобных участках да 7 м), ніжэй за вусьце ракі Басі трапляюцца невялікія тэрасы. Абалона роўная, двухбаковая, сухая, лугавая; шырыня яе 0,25—0,5 км, у вусьці 0,8—1,2 км (на асобных участках звужаецца да 80 м), ніжэй за вусьце ракі Быстрай пашыраецца да 3,8 км.
Жыўленьне Проні зьмяшанае, пераважна сьнегавое[10].
Рэчышча каналізаванае на працягу 19 км: ад вытоку да вусьця ракі Пнёўкі (15 км) і ад паўднёвай ускраіны места Горак уніз плыньню (4 км): на астатнім працягу зьвілістае, каля Горак разгаліноўваецца на некалькі рукавоў[11]. Шырыня ракі ў межань 15—20 м, у ніжняй плыні месцамі да 50 м.
Рака Проня на дзялянцы ад Горак да ўтоку Быстрай цячэ ў бязьлеснай зоне, а ад вёскі Равячына ў вузкім каньёне парослым кустамі. Кусты і вербы схіляюцца над вадой і часта заступаюць шлях, у тым ліку і заваламі. Гэтая дзялянка складае 30 кілямэтраў[11].
Асноўныя прытокі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Правыя: Галыша, Бася, Раста
- Левыя: Моўчанка, Пнеўка, Парасіца, Крывая, Быстрая, Радзебка, Быстранка, Вербаўка, Кашанка, Каменка, Рэкта, Крупка
Водны рэжым
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольшы ўзровень разводзьдзя звычайна ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем ад 2,8 м у верхнім да 3,8 м у ніжняй плыні. Замярзае ў вярхоўі ў канцы лістапада[8], ніжэй — у 1-й дэкадзе сьнежня[8]; крыгалом у канцы сакавіка — пачатку красавіка[8]. Прымае сьцёк зь сеткі мэліярацыйных каналаў. Улетку магчымы дажджавыя паводкі[8][9] У разводзьдзе затапляецца вадой на 10—40 сутак на глыбіню 0,4 м у верхняй плыні і 1,5— 2,5 мэтраў у ніжняй.
Пры вёсцы Ляцягах Прапойскага раёну на рацэ знаходзіцца гідралягічны пост рачны 1 разраду р. Проня — в. Ляцягі[12].
Флёра і фаўна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]20% водазбору пакрывае лес[9].
З рыб водзяцца шчупак (Esox lucius), верхаводка (Alburnus alburnus), акунь звычайны (Perca fluviatilis), галавень (Leuciscus cephalus), лешч (Abramis brama).
Карысныя выкапні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ля ракі вядомы залежы крэйды. Каля вёскі Скварску знаходзяцца радовішчы тугаплаўкіх глінаў і будаўнічых пяскоў[13].
Экалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У раёне гораду Горак у раку часам зьліваюцца неачышчаныя сьцёкавыя воды з агульнагарадзкіх ачышчальных збудаваньняў, якія забруджваюць раку, што пацьвярджаеца задаволеным пазовам Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь да камунальных службаў Горак з прычыны шкоды, нанесенай рыбным запасах ракі Проні ў 2005 годзе[14]. Вада ў раёне Горак брудная[15].
У 2011 годзе саўгас-камбінат «Горкі» забрудзіў раку Проня на працягу амаль 15 кілямэтраў[16].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Старажытныя часы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Абалона ракі Проня была абжытая людзьмі як мінімум з каменнага веку, пра што сьведчаць шматлікія гарадзішчы, разьмешчаныя па яе берагах.
Пры вёсцы Радалмі Чавускага раёну на адгор’ях правага берагу Проні, знаходзіцца гарадзішча зь дзьвюх умацаваных пляцовак. Паўночна-ўсходняя пляцоўка авальная ў пляне, памерамі 30×45 м. З паўночнага боку захаваліся парэшткі некалі высокага вала. Паўночна-заходняя пляцоўка аддзеленая ад першай вузкай глыбокай лагчынай, з боку плято прасочваюцца парэшткі двух валоў і равоў. Памеры пляцоўкі 30×40 м. За валамі, на поўнач гарадзішча, на плято, разьмяшчаўся неўмацаваны пасад-паселішча. Горад Радамля ўпершыню згаданы летапісам ў 1535[17].
Пры вёсцы Высокім Чавускага раёну, на мысе правага берагу ракі Проні, авальнае гарадзішча, памерамі 42×26 м. Паселішча абаронена дугападобнымі валам вышынёй 4 мэтры і ровам. Культурны пласт зьмяшчае ляпную (I тыс. н. э.) і ганчарную старажытнарускую кераміку XI—XIII стагодзьдзяў[17].
На левым беразе Проні пры вёсцы Сянькове знаходзіцца гарадзішча, на паўночны ўсход ад Прапойска — курганны магільнік, у 3,5 км — стаянка каменнага стагодзьдзя і паселішча эпохі Кіеўскай Русі, у 1 км на ўсход яшчэ шэраг стаянак каменнага веку, на правым беразе ў 2 км на поўнач ад в. Завадзь-Віравая курганны магільнік[18].
У гарадзкім парку Прапойску, на стромкім мысе правага берагу ракі Сожу, каля вусьця ракі Проні, старажытнае гарадзішча на Замкавай гары, памерамі 40×90 м. Захаваліся сьляды ўмацаваньняў: вала і рова. Тут знаходзіўся старажытнарускі Прупой (Прапошаск), упершыню згаданы ў грамаце Расьціслава Мсьціславіча ў 1136. Па зьвестках раскопак вал на селішчы ўзьведзены ў XII стагодзьдзі. На поўнач ад гарадзішча прасочваюцца парэшткі неўмацаванага пасаду[19].
Новы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1708 годзе падчас Вялікай Паўночнай вайны ў данясеньні камандуючага корпусам Баўра(ru) маскоўскаму гаспадару Пятру I называецца рака Проня[20]:
Сяго верасьня 27 дзень у дарозе, не дайшоўшы да вёскі Бярозаўка, атрымаць ваш царскай вялікасьці ўказ праз Масора Чырыкава, і прыйшоў у тую вёску Бярозаўку, і стаў паміж вёсак Бярозаўка і Ўлукі. І сей ночы перайшоўшы цераз раку Проню, пайду да азначанага месца… Арыгінальны тэкст (рас.)
Сего сентября 27 дня в пути, не дошед вёски Берёзовки, получилъ ваш царского величества указ через Масора Чирикова, и пришёл в тое вёску Берёзовку, и стал промеж вёсак Берёзовка и Улуки. И сей ночи переберязь реку Проню, пойду до указанного места… |
||
28 верасьня 1708 году ў раёне вёскі Лясной на дзялянцы паміж Проняй і Сажом адбылася Бітва пад Лясной, якую Пётар I называў «маці Палтаўскай бітвы»[1].
Падчас Вайны 1812 году Проню францускія войскі фарсіравалі двойчы — у дарозе на Маскву і назад. Пры адступленьні фарсіраваньне ракі адбылося ў раёне вёскі Галовічаў Дрыбінскага раёну[1].
Нямецка-савецкая вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Проня войскі Трэцяга Райху занялі ўжо ў сярэдзіне ліпеня 1941 году. 18 ліпеня 1941 году стралковая рота 107-га палка 55-я стралковая дывізія 1-га фармаваньня загінула пры абароне аўтадарожнага моста праз р. Проню ў Прапойску[21].
У Горацкім раёне, у вярхоўях Проні і Мярэі, 12 кастрычніка 1943 году адбыўся першы бой польскай дывізіі імя Тадэвуша Касьцюшкі(ru)[1]. На гэтым месцы пабудаваны мэмарыял, а найбліжэйшая вёска названа Касьцюшкава[1].
У 1943—1944 гадох фронт стаяў на рацэ 9 месяцаў. Страты аднаго савецкага боку толькі на тэрыторыі Чавускага раёну склалі больш за 16 тысячаў чалавек[22]
За час сьнежаньскіх баёў 1943 году на дзялянцы Скварск — Прылёпаўка — Пуцькі 290-я і 385-я стралковыя дывізіі страцілі да 1500 салдат. Прыкладна столькі ж стратаў было з боку немцаў. У гісторыю нямецка-савецкай вайны гэты эпізод увайшоў пад назвай «Прылёпаўскі пляцдарм»[22].
У фарсіраваньні Проні ўдзельнічалі 10-я армія, 49-я армія, 50-я армія, 15 стралковых злучэньняў і далучаныя да іх артылерыйскія, танкавыя, авіяцыйныя і сапёрныя часткі[22].
Турызм
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рака прадытная для сплаву на байдарках. Падчас падарожжа можна пабачыць найбліжэйшыя славутасьці і палюбавацца маляўнічымі краявідамі навакольля.
У Ланенцы можна ўбачыць Пакроўскую царкву, пабудаваную ў пачатку XX стагодзьдзя[23][24].
Пры вёсках Сянькова, Радамлі і Высокім можна знайсьці старыя гарадзішчы[17][18].
У вёсцы Будзіна стаіць помнік у гонар прарыву абароны часткамі 49 арміі[25].
У вёсцы Кузьмінічах[26] і в. Петухоўка[27] ёсьць брацкія магілы савецкіх воінаў, а ў вёсцы Прылёпаўцы[28] — мэмарыял часоў нямецка-савецкай вайны.
У вёсцы Петухоўцы знаходзіцца помнік прыроды мясцовага значэньня Байкоўскія крыніцы[29][30].
У Горках можна пабачыць Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, закладзены ў 1848 годзе паводле праекту А. Кампіёні. На сёньняшні дзень гэты выдатны ляндшафтавы аб’ект налічвае больш за 1000 відаў і разнавіднасьцяў расьлінаў[18][31], яго дэндрарый у 1963 годзе быў абвешчаны Батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэньня[32]. Цяпер на тэрыторыі Батанічнага саду расьце каля 400 відаў і разнавіднасьцяў дрэў, кустоў, каля паўтысячы лекавых і іншых расьлінаў. У аранжарэі растуць трапічныя і субтрапічныя віды расьлінаў, якіх налічваецца больш за 300[33].
Проня ў культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У літаратуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Проні прысьвяцілі вершы Аляксей Пысін[34] і Алесь Корнеў[35]. Яна згадваецца ў рамане Леаніда Левановіча «Бесядзь цячэ ў акіян»[36].
Падзеі твору Ўладзімера Ўсьпенскага «Невядомыя салдаты» («па-расейску: Неизвестные солдаты»), які быў адзначаны[37] Міхаілам Шолахавым, як «найлепшы твор аб Вялікай Айчыннай вайне», а таксама ў кнізе Дзеева і Пятрэнкі «Прастрэляныя кілямэтры»[38] адбываюцца таксама і падчас фарсіраваньня Проні.
У выяўленчым мастацтве
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мікалай Рыжоў назваў сваю выстаўку «Прыгажуня Проня» і прысьвяціў Проні некалькі сваіх карцін[39], таксама яна намалявана на акварэлі Мікалая Арасланава «Апошні лёд на Проні»[40]. Яўген Зайцаў у 1954 годзе стварыў палатно «Вечар на рацэ Проні»[41].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д Проня течет из-за Горок… (рас.)
- ^ Яшкін І. Блакітны скарб Беларусі. Рэкі, азёры, вадасховішчы, турысцкі патэнцыял водных аб’ектаў // Веснік БДУ. Серыя 4. № 2, 2008. С. 95.
- ^ Лінгвістычны аналіз гідронімаў Верхняга Падняпроўя
- ^ Проня (рас.)
- ^ ВСТРЕЧИ ЧЕРЕЗ ГОДЫ И РАССТОЯНИЯ (рас.)
- ^ Проня (рас.)
- ^ Мясцовыя легенды і паданні(недаступная спасылка)
- ^ а б в г д Проня ў Вялікай Савецкай Энцыкляпэдыі(недаступная спасылка)
- ^ а б в Гідрамэтцэнтар Беларусі (рас.)
- ^ Река Проня (рас.)
- ^ а б Описание реки Проня (рас.)
- ^ ПОСТАНОВЛЕНИЕ СОВЕТА МИНИСТРОВ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ 23 января 2007 г. № 75 (рас.)
- ^ Город Чаусы и Чаусский район (рас.)
- ^ РЕШЕНИЕ Хозяйственного суда Могилевской области от 20.12.2005 (рас.)
- ^ река Проня (рас.)
- ^ Рыбалка в Беларуси: проблемы и надежды (рас.)
- ^ а б в Городища в бассейне реки Сож. Часть 2-я
- ^ а б в Проня(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Городища в басьсейне реки Сож (рас.)
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слаўгарадскага р-на — Мн., 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-6302-15-3
- ^ Мемориализация важнейших событий и увековечение памяти героев Великой Отечественной войны (1941—1945 гг.) на Могилевщине (рас.)
- ^ а б в Прони кровавые берега (рас.)
- ^ Ланенка, церковь Покровская (рас.)
- ^ Путешествие в прошлое. Фоторассказ (рас.)
- ^ Деревня Будино, памятник в честь прорыва обороны частями 49 армии
- ^ Захоронение в деревне Кузьминичи (Кузьминки, Кузьмичи) Чаусского района
- ^ Захоронение в деревне Петуховка Чаусского района
- ^ История Чаусского района (рас.)
- ^ Экологический туризм: по криницам Чаусского района (рас.)
- ^ Фота ля крыніцы
- ^ АГРОЭКОЛОГИЧЕСКОЕ ОБРАЗОВАНИЕ В РЕСПУБЛИКЕ БЕЛАРУСЬ (рас.)
- ^ Путешествие по академии. Фильм 3: Ботанический сад (рас.)
- ^ Белорусская государственная сельскохозяйственная академия (рас.)
- ^ А. В. Пысін. Проня
- ^ Святліца. Літаратурны альманах г. Баранавічы
- ^ Бесядзь цячэ ў акіян — раман(недаступная спасылка)
- ^ 11 октября исполнилось бы 80 лет писателю Владимиру Успенскому (рас.)
- ^ Деев В., Петренко Р. Простреленные киломэтры(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Выстава «Прыгажуня Проня» адкрыецца заўтра ў Магілёве(недаступная спасылка)
- ^ Акварели Арасланова (рас.)
- ^ Я. А. Зайцаў
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1 С. 296—297.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 4: Недалька ― Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — 598 с.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каардынаты: 53°54′10.21″ пн. ш. 31°00′50.02″ у. д. / 53.9028361° пн. ш. 31.0138944° у. д.