Бярэзіна (басэйн Нёмана)
Бярэзіна лац. Biarezina | |
Заходняя Бярэзіна | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Выток | каля в. Калыдкаў |
Вусьце | Нёман |
Краіны басэйну | Беларусь |
Вобласьці | Гарадзенская вобласьць і Менская вобласьць |
Даўжыня | 226 км |
Сярэднегадавы сьцёк | 30 м³/с |
Плошча басэйну | 4 тыс. км² |
Нахіл воднай паверхні | 0,8 ‰ |
Бярэ́зіна, Захо́дняя Бярэ́зіна — рака ў Беларусі, правы прыток Нёману. Цячэ ў Гарадзенскай і Менскай абласьцях. Даўжыня 226 км. Плошча вадазбору 4 тыс. км². Выдатак вады ў вусьці 30 м³/с. Агульны спад 172 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,8 ‰.
Асноўныя прытокі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Правыя: Цьвецень (даўжыня 14 км), Бярозка (даўжыня 6 км), Баброўка (даўжыня 6 км), Краўлянка (даўжыня 20 км), Ластаянка (даўжыня 18 км), Альшанка (даўжыня 60 км), Чарніца (даўжыня 20 км), Чапунька (даўжыня 38 км)
- Левыя: Дворышча (7 км), Іслач (даўжыня 102 км), Волка (даўжыня 36 км)
На рацэ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гістарычныя мястэчкі: Дубрава, Гарадок, Славенск
- Зона адпачынку: Барок (12 км на поўнач ад места Маладэчна)
- Вадасховішча: Сакаўшчынскае
Агульныя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачынаецца каля вёскі Бортнікаў Маладэчанскага раёну, на вышыні 300 м па-над узроўнем мора, цячэ ў Валожынскім і Івейскім раёнах.
Даліна выразная, яе шырыня ў верхняй частцы 0,5—3 км, ніжэй за вёску Гародзькі 3—4 км. Абалона нізкая, асушаная, месцамі ўзгорыстая, шырыня ў вярхоўі 0,2—0,5 км, на астатніх дзялянках ад 0,3 да 3 км. Рэчышча моцназьвілістае, шырыня ракі ў вярхоўі 5—20 м, у сярэдняй і ніжняй плыні 20—35 м, паблізу вусьця да 50 м.
Найвышэйшы ўзровень разводзьдзя ў верхняй і сярэдняй плыні ў канцы сакавіка, у ніжняй — у пачатку красавіка. Замярзае ў 2-й палове сьнежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка[1].
Рэльеф
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Верхняя і сярэдняя часткі вадазбору разьмяшчаюцца на паўднёва-ўсходніх схілах Ашмянскай грады і паўночна-заходніх схілах Менскага ўзвышша, нізоўе на Нёманскай нізіне. Водападзел, зь невялікім выняткам у паўднёва-заходняй частцы, добра выяўлены, мае плыўныя абрысы, на поўначы аддзяляе басэйн ракі Вяльля, на ўсходзе — вадазборы рэчак Сьвіслач і Пціч. Агульная працягласьць водападзельнай лініі каля 310 км.
Верхняя і сярэдняя часткі вадазбору адметныя дробнаўзгорыстым рэльефам, ніжняя ўяўляе сабой плоскую забалочаную раўніну, амаль паўсюдна пакрытую ляснымі масівамі (Налібоцкая пушча).
Расьліннасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лясныя масівы займаюць 30% плошчы вадазбору, зь іх каля 8% прыходзіцца на забалочаны лес. Разьмеркаваньне лясоў нераўнамернае, найбольшая лясістась назіраецца ў ніжняй частцы вадазбору (Налібоцкая пушча). У лясох пераважаюць іглічныя пароды, часьцей за ўсё хвоя.
Гаспадарчая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мясцовае суднаходзтва ад вёскі Бакшты (за 45 км ад вусьця) — у пэрыяд высокай вады. Амаль усе прытокі Заходняй Бярэзіны каналізаваныя. У басэйне ракі каля 20 каналаў даўжынёй больш за 5 км (агульная даўжыня звыш 150 км).
На вадазборы праводзіліся мэліярацыйныя працы, у выніку якіх, на 1 студзеня 2006 году 16,1% плошчы басэйну мэліяраваныя, працягласьць адкрытай асушальнай сеткі складае 2365 км[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994.
- ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі (рас.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1 С. 83—84.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 1: Ааліты ― Гасцінец / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 574 с.: іл.
- Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн., 2005. — 135 с.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1-2. — Л., 1971.