Гарадзенскае ўзвышша
Гарадзенскае ўзвышша — узвышша на захадзе Гарадзенскай вобласьці Беларусі, заходняя частка паўднёва-заходняга адгалінаваньня Беларускай грады. Працягласьць з поўначы на поўдзень 60 км, з захаду на ўсход 40 км. Плошча 1,4 тыс. км². Максымальная вышыня 247 м над узроўнем мора (над Нёманам узьнятае на 157 м).
На поўдні мяжуе з Ваўкавыскім узвышшам, на поўначы і ўсходзе — зь Нёманскай нізінай. На захадзе адгор’і Гарадзенскага ўзвышша заходзяць на тэрыторыю Польшчы, дзе вядомыя як Саколкаўскае ўзвышша.
У фармаваньні ўзвышша ўдзельнічалі ледавікі ня менш як чатырох зьледзяненьняў. Вылучаюцца асобныя канцова-марэнавыя грады — Магілянская, Капцёўская, Кулеўская, Дуброўская і іншыя. Сустракаюцца марэнавыя раўніны (Індурская і Раціцкая, вышыня 180—210 м) і плято. На ўсходзе ўзвышша праходзіць вузкая даліна прарыву Нёмана. Па берагах даліны глыбокія яры, адзін зь якіх — Калодзежны Роў — геалягічны помнік прыроды дзяржаўнага значэньня.
Пад ральлёй каля 40%, пад лесам 9% тэрыторыі. Лясы хваёвыя са значнай прымешкай дубу, клёну, ясеню, ліпы. У даліне Нёмана на схілах буйных яроў растуць барбарыс, глог, шыпшыньнік, у абалонах рэчак — вярба, бяроза, вольха.
Маляўнічыя ўзгоркі Гарадзенскага ўзвышша — папулярныя месцы паходаў выходнага дню.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гродзенскае ўзвышша // Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992. — С. 56—57.
- Гродненская возвышенность // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.