Беларуская града
Белару́ская града́ — града Ўсходне-Эўрапейскай раўніны, разьмешчаная на паўночным усходзе Гарадзенскай, цэнтральнай частцы Менскай і поўдні Віцебскай абласьцей Беларусі.
Працягнулася з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, а затым на паўночны ўсход больш чым на 350 км, з поўначы на поўдзень ад 20 да 120 км, плошча 13 тыс. км². Падзяляецца на Ашмянскае ўзвышша, Менскае ўзвышша і Аршанскае ўзвышша. Пераважныя вышыні 200—250 м. На градзе знаходзіцца найвышэйшы пункт Беларусі — гара Сьвятая (345 м).
Геалягічная будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларуская града мае складаную будову. Тут намножыліся магутныя тоўшчы (100—180, месцамі да 300 м) марэнавых адкладаў чатырох ледавіковых эпохаў. Апошнім на гэтай тэрыторыі быў сожаўскі ледавік. У час паазерскага, апошняга на Беларусі зьледзяненьня, на схілах грады намнажаліся лёсападобныя суглінкі, адбываліся працэсы плоскаснай і глыбіннай эрозіі.
Рэльеф
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На градзе, на вышынях больш за 260 м над узроўнем мора, рэльеф градава-ўзгорысты. Адносныя вышыні ўзгоркаў 50—80 м, стромкасьць схілаў да 30° (Менска-Плешчаніцкая дзялянка, асобныя дзялянкі Ашмянскага ўзвышша).
Сярэдне- і дробнаўзгорысты марэнавы рэльеф адметны згладжанай і месцамі плятопадобнай паверхняй, пакрытай лёсападобнымі адкладаньнямі. Абсалютныя вышыні тут 220—260 м. Месцамі ўзгорыстая паверхня ўзвышшаў зьмяняецца выраўнаванымі дзялянкамі з лагчынамі, запоўненымі азёрна-балотнымі адкладамі. Пашыраныя згладжаныя і нярэдка плятопадобныя паверхні, на якіх, таксама як і на схілах узгоркаў, з паверхні залягаюць лёсападобныя суглінкі, пашкоджаныя эрозіяй (Аршанскае, поўдзень Менскага, усходняя частка Ашмянскага ўзвышшаў). Сустракаюцца суфазіёныя западзіны, лагчыны, яры. Уздоўж рачных далінаў выцягнуліся зандравыя раўніны, складзеныя водна-ледавіковымі пяскамі.
Карысныя выкапні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На градзе пашыраныя пяскова-жвіровыя і аточыкавыя грунты, марэнавыя суглінкі і супескі, трапляюцца буйныя валуны. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пяскова-жвіровы матэрыял, мінэральныя воды.
Гідраграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларуская града зьяўляецца вадападзелам паміж басэйнамі рэчак Балтыйскага і Чорнага мораў. Тут працякаюць рэкі басэйну Дняпра (Сьвіслач, Гайна, Бобр, вытокі Пцічы і Друці), Дзьвіны (Абалянка ды Ўсьвейка), Нёмана (Вяльля, Заходняя Бярэзіна, Іслач, Сула, Вуса). У межах Беларускай грады Вялейска-Менская водная сыстэма. Вадасховішчы на Сьвіслачы — Заслаўскае вадасховішча, Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, на рацэ Вяча — Вяча, на рацэ Пціч — Воўчкавіцкае.
Расьліннасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лясістасьць на асобных узвышшах ад 20 да 60%. Асноўныя масівы лясоў на поўначы Менскага ўзвышша. Пераважаюць хваёвыя і шыракаліста-яловыя лясы.
Рэкрэацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У межах Беларускай грады знаходзіцца Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік Вязынка, на Менскім узвышшы разьмешчаныя комплексы аб’ектаў зімовага адпачынку — Альпійскі сьнег, Баяры, Раўбічы, Лагойск, Сілічы, Якуцкія горы.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская града // Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992.— 382 с. — С. 50—51.
- Белорусская гряда // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.