Эйшышкі
Эйшышкі лац. Ejšyški | |||||
лет. Eišiškės | |||||
Касьцёл Ушэсьця Гасподняга | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1384 | ||||
Краіна: | Летува | ||||
Павет: | Віленскі | ||||
Плошча: | 7 км² | ||||
Вышыня: | 159 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2010) | |||||
колькасьць: | 3575 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 510,71 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+2 | ||||
летні час: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | 380 | ||||
Паштовы індэкс: | LT-17116 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°10′0″ пн. ш. 25°0′0″ у. д. / 54.16667° пн. ш. 25° у. д.Каардынаты: 54°10′0″ пн. ш. 25°0′0″ у. д. / 54.16667° пн. ш. 25° у. д. | ||||
Эйшышкі | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Эйшы́шкі (лет. Eišiškės) — места ў Летуве, на рацэ Вярсоцы. Уваходзяць у склад Салечніцкага раёну Віленскага павету. Насельніцтва на 2010 год — 3575 чалавек. Знаходзяцца за 33 км ад Салечнікаў, за 70 км на паўднёвы захад ад Вільні, каля беларуска-летувіскай граніцы; на аўтамабільнай дарозе Вільня — Горадня.
Эйшышкі[1] — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны), на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Унебаўзяцьця Панскага, помнік архітэктуры XIX ст.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле Хронікі Быхаўца, назва паселішча ўтварылася ад імя яго заснавальніка легендарнага князя Эйкшы (Эйкшыса)[2][a]. Менскі дасьледнік Алёхна Дайліда, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, зьвяртае ўвагу на тое, што імя Эйкша (Айкша) адпавядае старажытнаму германскаму імю Aiko (Aicus, Eccho, Eigio), якое паходзіць ад гоцкага agi 'лязо, булат'[4].
Яшчэ этнограф і мовазнаўца Яўхім Карскі зьвяртаў увагу на тое, што ў латыскай Курляндыі, «большасьць беларускіх населеных месцаў заканчваюцца на -ішкі»[5], пазьней падобныя тапонімы на -ішкі азначылі як «гістарычна балтыйскія» і нават «тыпова летувіскія»[6]. Тым часам Алёхна Дайліда зазначае, што «ва ўсходнегерманскіх мовах быў пашыраны суфікс -isk-: такім парадкам, так менаваная «лінія Сафарэвіча» (мяжа перавагі паселішчаў з назовамі на -ішкі ў Панямоньні) не абавязкова зьнітаваная з балтамі»[7].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Wesisken і Eykschissken (1384); Eyksiskindorfee (1387); Eyxyszki (1492); Ejszyszki (1400); Ейшышки (1470); Еишышки (1553 год)[8].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўспамін пра Эйшышкі датуецца 1384 годам і зьмяшчаецца ў дамове паміж вялікім князем Вітаўтам і Тэўтонскім ордэнам. Тым часам, паводле сьведчаньня гісторыка і этнографа першай паловы XIX ст. Ёсіфа Ярашэвіча, на юдэйскіх могілках мястэчка знаходзіўся надмагільны камень з надпісам «1170». У 1398 годзе ў Эйшышках збудавалі першы касьцёл. З 1524 году дзеяла школа.
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе Эйшышкі захапіла і ўшчэнт зруйнавала маскоўскае войска, другі раз мястэчка спалілі швэды ў Вялікую Паўночную вайну.
У XVII стагодзьдзі кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў Эйшышкам Магдэбурскае права і герб[9] (адноўленае Станіславам Аўгустам у 1792 годзе). Празь мястэчка праходзіў важны гандлёвы шлях зь Вільні ў Кракаў. На 1738 тут было 56 будынкаў. У 2-й палове XVIII ст. існавалі школа і ратуша. У 1791 годзе Эйшышкі сталі цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва (з 1793 году ў Мерацкім ваяводзтве)[10].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Эйшышкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лідзкім павеце Віленскай губэрні. На 1814 год у мястэчку было 67 будынкаў, на 1829 год — 101 (18 хрысьціянскіх і 83 юдэйскія), на 1863 год — 103. У 1866 годзе працавалі 4 бровары, 2 гарбарні, вадзяны млын.
У XIX ст. каля Эйшышак дзеяла тэлеграфная станцыя на лініі Варшава — Санкт-Пецярбург. У 1847—1852 гадох паводле праекту Тэадора Нарбута тут збудавалі мураваны касьцёл Ушэсьця Гасподняга. Паводле зьвестак за 1852—1853 гады, у Эйшышках налічвалася 40 цэхавых рамесьнікаў і найбольшая сярод мястэчак Лідчыны колькасьць рамесных спэцыяльнасьцяў.
За часамі Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Эйшышкі занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Эйшышкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[11]. Увосень 1918 году тут сфармавалася самаабарона — польская вайсковая арганізацыя, мэтай якой была абарона мястэчка ад бальшавікоў. Узначаліў яе капітан Казімер Ільцэвіч[12]. 7 чэрвеня 1919 году Эйшышкі разам з усім Лідзкім паветам увайшлі ў склад Віленскай акругі Грамадзянскай Управы Ўсходніх Земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[13]. У 1920 годзе Эйшышкі апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны. За польскім часам мястэчка называлі «Віленкім прадмесьцем», бо перакупнікі зь Вільні прыязджалі сюды набываць разнастайныя прадукты[14].
З пачаткам Другой сусьветнай вайны ў верасьні 1939 году Эйшышкі занялі савецкія войскі, неўзабаве тут адбыўся мітынг, ня якім прынялі рэзалюцыю аб далучэньні мястэчка да Беларускай ССР[15]. Аднак у лістападзе таго ж году Эйшышкі перадалі Летуве. У 1941—1944 гадох мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
3 жніўня 1946 году Эйшышкі атрымалі статус места. У 1950 годзе Эйшышкі сталі цэнтрам раёну (з 1972 году ў Салечніцкім раёне). У паваенны час тут працаваў беларускі ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі. У 2004 годзе каля Эйшышак пагранічнікі выявілі трубаправод рэкорднай даўжыні — 3 км, прызначаны для кантрабанды сьпірту зь Беларусі ў Летуву[16].
-
Рынак, 1914 г.
-
Рынак, 1915—1918 гг.
-
Рынак, 1915—1918 гг.
-
Вуліца, 1917 г.
-
Касьцёл, 1930 г.
-
Званіца касьцёла, да 1939 г.
-
Віленская вуліца, 1930 г.
-
Сынагога, да 1939 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1820 год — 333 чал.; 1829 год — 797 чал., зь іх 75 хрысьціянаў і 722 юдэі[17]; 1863 год — 706 чал.; 1866 год — 715 чал., зь іх 89 каталікоў, 16 праваслаўных, 610 юдэяў[18]; 1869 год — 741 чал.[19]; 1885 год — 706 чал.[20]; 1897 год — 3196 чал., у тым ліку 2376 юдэяў
- XIX стагодзьдзе: 1905 год — 2448 чал.; 1921 год — 2382 чал.; 1938 год — 3188 чал.; 1959 год — 2532 чал.; 1970 год — 3481 чал.; 1974 год — 3600 чал.; 1976 год — 3700 чал.; 1979 год — 3467 чал.; 1989 год — 3789 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 3765 чал.; 2010 год — 3575 чал.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Эйшышках працуюць 3 сярэднія, музычная і спартовая школы, дашкольныя ўстановы.
Культура і спорт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць бібліятэка, 2 спартовыя залі.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарадзішча
- Забудова гістарычная (XIX — пачатак XX стагодзьдзяў; фрагмэнты)
- Касьцёл Унебаўзяцьця Панскага (1847—1852)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ратуша (XVIII ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Гарадзішча
-
Касьцёл
-
Інтэр'ер касьцёла
-
Рынак. Помнік паўстанцам
Месты-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пералік местаў-сяброў Эйшышкаў |
---|
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Прыклады імёнаў з Хронікі літоўскай і жамойцкай: «Емелюс, кроль албанский, учинил Ромуля и Румулюся… Устиагес, кроль медский… кроль напреднейши гишпанский Болгорос… зостал вторым царем гишпанским по отцу своем и деду, которому то имя дано Габис… Париса сына Приамусового, кролевича троянского»[3]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Эйшышкі // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 130.
- ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 39—40.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 19.
- ^ Карский Е. Ф. Белорусы. Т. 1. — Минск, 2006. С. 559.
- ^ Зайкоўскі Э. Балты цэнтральнай і ўсходняй Беларусі ў сярэднявеччы // Спадчына. № 1, 1999. С. 61—72.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 31.
- ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 166.
- ^ Міхневіч У. Эйшышкі — на старадаўнім тракце зь Вільні ў Кракаў праз Варшаву(недаступная спасылка), Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 10 красавіка 2009 г.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 767.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 47-48.
- ^ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.
- ^ Нарбут М. Б. Ліда і лідзяне // Zіеmіа Lіdzka. 1997 г.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 377.
- ^ Поклад Т. Памежнікі знайшлі яшчэ адзін сьпіртавод на беларуска-літоўскай мяжы, Радыё Свабода, 13 красавіка 2005 г.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
- ^ Wejssenhof J. Ejszyszki // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 319.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 380.
- ^ Географическо-статистический словарь Российской империи. T. 5: Таарджалъ — Яя. — СПб, 1885. С. 849.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Эйшышкі, Radzima.net
- Міхневіч У. Эйшышкі — на старадаўнім тракце зь Вільні ў Кракаў праз Варшаву, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 10 красавіка 2009 г.
|