Новы Двор

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Новы Двор
трансьліт. Novy Dvor
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі
Магдэбурскае права: XVII стагодзьдзе
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Шчучынскі
Сельсавет: Навадворскі
Насельніцтва: 540 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1514
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°48′51″ пн. ш. 24°33′36″ у. д. / 53.81417° пн. ш. 24.56° у. д. / 53.81417; 24.56Каардынаты: 53°48′51″ пн. ш. 24°33′36″ у. д. / 53.81417° пн. ш. 24.56° у. д. / 53.81417; 24.56
Новы Двор на мапе Беларусі ±
Новы Двор
Новы Двор
Новы Двор
Новы Двор
Новы Двор
Новы Двор
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Но́вы Двор[1] — вёска ў Беларусі, каля ракі Нявішы. Цэнтар сельсавету Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 540 чалавек. Знаходзіцца за 30 км на паўночны захад ад Шчучыну, за 36 км ад чыгуначнай станцыі Ражанка; на аўтамабільнай дарозе Астрына — Радунь.

Новы Двор — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся драўляны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Новы Двор датуецца 1480 годам, калі тут збудавалі касьцёл. У дакумэнтах 1499 году ўпамінаецца намесьнік навадворскі. Пазьней вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў паселішча ў трыманьне біскупу віленскаму. У XVI ст. існавалі аднайменныя каралеўскае мястэчка і двор, якія ўваходзілі ў склад Гарадзенскай эканоміі. У 1561 годзе пры правядзеньні «валочнай памеры» Новы Двор пераплянавалі. У гэты час тут існавалі касьцёл, плябанія, Рынак (меў форму квадрата) і 8 вуліцаў: Васілішкаўская, Астрынская, Дубіцкая, Берштанская (Берштаўская), Касьцельная, Забалотная, Дворная, вуліца «з канца пляцаў рынкавых». Разам налічвалася 102 вулічныя і 14 рынкавых пляцоў, на якіх разьмяшчаліся 104 двары. Местачкоўцы карысталіся Магдэбурскім правам; штогод праводзіліся 2 кірмашы, 2 разы на тыдзень — таржкі. У адпаведнасьці з каралеўскай уставай жыхары з кожнага дома плацілі 2 грошы, а тыя, хто меў валокі зямлі — 3 грошы і г. д. Сярод рамесьнікаў былі краўцы, шаўцы, кушнеры, кавалі, сталяры, сьлесары, ганчары, пекары і іншыя. Існаваў таксама аднайменны двор (сядзіба), які налічваў 2 вуліцы, агароды і іншыя землі.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Новы Двор увайшоў у склад Лідзкага павету Віленскага ваяводзтва. У 1749 годзе тут збудавалі новы драўляны касьцёл.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Новы Двор апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лідзкім павеце Віленскай губэрні. На 1829 год у мястэчку было 40 будынкаў (18 хрысьціянскіх і 22 юдэйскія).

Жыхары Новага Двора бралі актыўны ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864). У сакавіку 1863 году каля мястэчка карныя расейскія войскі разьбілі паўстанцкі аддзел Лідзкага павету на чале зь Людвікам Нарбутам. На 1863 год — 62 жылыя дамы, на 1886 год — 63 двары. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, існавалі касьцёл, 2 малітоўныя дамы, капліца, вадзяны млын, 3 крамы, 2 карчмы.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Новы Двор абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[2]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Новы Двор апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Шчучынскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 126 будынкаў, у 1937 годзе дзейнічалі касьцёл і царква, працавала пошта, праводзіліся таргі.

У 1939 годзе Новы Двор увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету Васілішкаўскага раёну (з 20 студзеня 1960 году ў Шчучынскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1940 год тут было 160 двароў, на 1998 год — 275, на 1 студзеня 2001 году — 258. У 2000-я гады Новы Двор атрымаў афіцыйны статус аграгарадку.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1829 год — 404 чал., у тым ліку 105 хрысьціянаў і 299 юдэяў[3]; 1860 год — 501 чал.; 1863 год — 348 чал.; 1869 год — 509 чал.[4]; 1886 год — 708 чал.[5]; 1897 год — 822 чал., у тым ліку 664 юдэі
  • XX стагодзьдзе: 1905 год — 977 чал.; 1919 год — 691 чал.; 1921 год — 655 чал.; 1937 год — 655 чал.; 1940 год — 821 чал.; 1998 год — 695 чал.[6]; 1999 год — 669 чал.; 2000 год — 659 чал.[7]
  • XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2001 году — 611 чал.[8]; 2010 год — 540 чал.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Новым Двары працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Новым Двары існавалі Астрынская, Васілішкаўская, Гарадзенская і Цагельная вуліцы, якія зьбягаліся да пляцу Рынку[9].

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Капліца (1882)
  • Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1749)
  • Сынагога

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 374.
  2. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  3. ^ Соркіна І. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
  4. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 380.
  5. ^ Krzywicki J. Nowydwór (4) // Słownik geograficzny... T. VII. — Warszawa, 1886. — S. 294
  6. ^ Мальцаў У. Новы Двор // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 333.
  7. ^ БЭ. Т. 11. — Менск, 2000. С. 372.
  8. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Менск, 2001.
  9. ^ Sefer zikaron le-kehilat Shchuchin, Vasilishki, Ostrin, Novidvor, Ruzhanka / Ed. L. Losh. Tel Aviv: Former Residents of Shchuchin and vicinity in Israel, 1966. P. 381.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Новы Дворсховішча мультымэдыйных матэрыялаў