Васілішкі
Васілішкі | |
трансьліт. Vasiliški | |
![]() Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гарадзенская |
Раён: | Шчучынскі |
Сельсавет: | Васілішкаўскі |
Насельніцтва: | 1560 чал. (2001) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1514 |
Паштовы індэкс: | 231522 |
Нумарны знак: | 4 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°47′ пн. ш. 24°51′ у. д. / 53.783° пн. ш. 24.85° у. д.Каардынаты: 53°47′ пн. ш. 24°51′ у. д. / 53.783° пн. ш. 24.85° у. д. |
Васілішкі на мапе Беларусі ± ![]() ![]() Васілішкі | |
![]() |
Васілі́шкі[1] — вёска ў Беларусі, на левым беразе ракі Шкардзянкі пры ўтоку яе ў Лебяду. Цэнтар сельсавету Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2001 год — 1560 чалавек. Знаходзяцца за 22 км на паўночны ўсход ад Шчучына, за 17 км ад чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы.
Васілішкі — даўняе мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся кляштар дамініканаў, помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя, зруйнаваны расейскімі ўладамі.
Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тапонім Васілішкі ўтварыўся ад імя Васіль або вытворнага ад яго прозьвішча[2].
Яшчэ этнограф і мовазнаўца Яўхім Карскі зьвяртаў увагу на тое, што ў латыскай Курляндыі, «большасьць беларускіх населеных месцаў заканчваюцца на -ішкі»[3], пазьней падобныя тапонімы на -ішкі азначылі як «гістарычна балтыйскія» і нават «тыпова летувіскія»[4]. Тым часам менскі дасьледнік Алёхна Дайліда зазначае, што «ва ўсходнегерманскіх мовах быў пашыраны суфікс -isk-: такім парадкам, так менаваная «лінія Сафарэвіча» (мяжа перавагі паселішчаў з назовамі на -ішкі ў Панямоньні) не абавязкова зьнітаваная з балтамі»[5].
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Асноўны артыкул: Гісторыя Васілішак
Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У пісьмовых крыніцах Васілішкі ўпершыню ўпамінаюцца ў першай палове XV ст. Пад 1486 годам паселішча значыцца як мястэчка, што ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў было сталіцай павету. У 1499—1766 гадох існавала Васілішкаўскае староства, першымі ўладальнікамі якога былі: Ян Сьцяцковіч (1499), Ян Радзівіл (1500—1501), Васіль Львовіч Глінскі (1501—1504), Станіслаў Кішка (1505—1506; відаць ад гэтага прозьвішча і паходзіць мянушка жыхароў Васілішак — «кішкары»), Ян Шчытовіч (1507—1515), Якуб Кунцэвіч (1518—1523), Ян Радзівіл (1523—1541). У 1659 годзе ў Васілішках адбыўся соймік Лідзкага павету. У другой палове XVIII ст. староства знаходзілася ў валоданьні Міхала Казімера Агінскага.
Першы драўляны касьцёл Сьвятога Апостала Пятра збудавалі ў Васілішках на загад вялікага князя Казімера ў 1489 годзе (8086 вернікаў). У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе маскоўскія захопнікі зруйнавалі сьвятыню. У 1658 годзе Марцін Дамінік Лімонт, судзьдзя лідзкага земства і будучы кашталян віцебскі, заснаваў драўляны кляштар дамініканаў, а Кацярына Францкевіч з роду Абрахамовічаў у 1662 годзе годзе ахвяравала на яго ўладкаваньне 10 000 злотых. За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у лютым 1706 году ў кляштары на некаторы час спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Ляшчынскі (тым часам кароль швэдзкі Карл XII знаходзіўся ў мястэчку Жалудку). У 1769—1832 гадох сіламі манахаў будаваўся мураваны кляштарны корпус (у 1773 годзе тут было 11 манахаў). У 1769 годозе пачалося будаваньне мураванага касьцёла, кансэкраванага біскупам Валазіцкім у 1790 годзе.
Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Васілішкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Лідзкага павету. На 1829 год у мястэчку было 144 будынкі (75 хрысьціянскіх і 69 юдэйскіх).
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканаў. На 1863 год — 88 жылых дамоў; на 1866 год — 244 будынкі, царква, касьцёл, сынагога, акруговая сядзіба паліцыі, паштовая станцыя і народная школа (86 вучняў у 1885 годзе); на 1895 год — 130 двароў. З пачаткам Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Васілішкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[6]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Васілішкі апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У гэты час у мястэчку было каля 275 двароў, гмінная ўправа, касьцёл, пошта, кожны аўторак праводзіліся кірмашы.
У 1939 годзе Васілішкі ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і сталі цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці. У 1940 годзе існавалі электрастанцыя (магутнасьць 17 кВт), завод вырабу фанэры, 2 паравыя млыны, амбуляторыя, вэтэрынарны пункт, клюб, лякарня (на 25 ложкаў), аптэка, пошта і тэлеграф. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 12 ліпеня 1944 году Васілішкі знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. 3 жніўня 1954 году статус паселішча панізілі да вёскі. 20 студзеня 1960 году Васілішкаўскі раён скасавалі, вёска ўвайшла ў склад Радунскага, з 25 сьнежня 1962 году — Шчучынскага раёну. На 1970 год тут было 300 двароў, на 1995 год — 532, на 1 студзеня 2001 году — 548. У 2000-я гады Васілішкі атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку».
- Мястэчка на старых здымках
Касьцёл па маскоўскай перабудове, каля 1900 г.
Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- XIX стагодзьдзе: 1829 год — 1096 чал., у тым ліку 575 хрысьціянаў і 521 юдэй[7]; 1863 год — 1859 чал.; 1866 год — 1841 чал., зь іх каталікоў 453, праваслаўных 5, юдэяў 1383[8]; 1869 год — 1229 чал.[9]; 1886 год — 931 чал.; 1897 год — 2781 чал., у тым ліку 2081 юдэй
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 1983 чал.; 1919 год — 1891 чал.; 1921 год — 1874 чал., зь іх каталікоў 641, праваслаўных 9, юдэяў 1223, іншых 1; 1940 год — 2596 чал.; 1970 год — 909 чал.[10]; 1992 год — 2678 чал.[11]; 1995 год — 1395 чал.[12]
- XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2001 году — 1560 чал.[13]
Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У Васілішках працуюць школа, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Савецкая вуліца | Віленская вуліца (паўночная частка) Гарадзенская вуліца (паўднёвая частка) |
Бяз назвы | Рынак пляц |
У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Школьны пляц, Беліцкая і Лідзкая вуліцы[14].
Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля (1769)
- Могілкі: каталіцкія; татарскія (Мізар); юдэйскія
- Сынагога (пачатак ХХ ст.)
Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Кляштар дамініканаў (XVIII ст.)
Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Ёсіф Багдзевіч (нар. 1937) — беларускі глебазнаўца-вынаходнік і акадэмік
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Краявіды Васілішак
Касьцёл, галоўны фасад
Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf)
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Менск: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 44.
- ^ Карский Е. Ф. Белорусы. Т. 1. — Минск, 2006. С. 559.
- ^ Зайкоўскі Э. Балты цэнтральнай і ўсходняй Беларусі ў сярэднявеччы // Спадчына. № 1, 1999. С. 61—72.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 31.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
- ^ Krzywicki J. Wasiliszki // Słownik geograficzny... T. XIII. — Warszawa, 1893. S. 128.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 380.
- ^ Шаблюк В. Васілішкі // ЭГБ. — Менск: 1994 Т. 2. С. 230.
- ^ Шаблюк В. Васілішкі // ЭГБ. — Менск: 1994 Т. 2. С. 229.
- ^ БЭ. — Менск: 1997 Т. 4. С. 26.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Менск, 2001.
- ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 53.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Менск: БелЭн, 2001. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0218-0.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|