Перайсьці да зьместу

Тэадор Нарбут

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тэадор Нарбут
па-польску: Teodor Narbutt
Дата нараджэньня 28 кастрычніка (8 лістапада) 1784
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 14 (26) лістапада 1864 (80 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак антраполяг, вайсковы інжынэр, археоляг, даследчык дагістарычнай эпохі, гісторык, журналіст, пісьменьнік, земляўласьнік, калекцыянэр
Навуковая сфэра гістарыяграфія і археалёгія
Сябра ў Кракаўскае навуковае таварыства[d][2]
Бацька Іахім Нарбут[d]
Маці Ізабела з Наневічаў[d]
Дзеці Людвік Нарбут, Тэадора з Нарбутаў[d], Станіслаў Нарбут і Францішак Нарбут
Узнагароды
ордэн сьвятога Ўладзімера IV ступені ордэн Сьвятой Ганны 2 ступені ордэн сьвятой Ганны IV ступені
Подпіс Выява аўтографу

Тэадо́р (Фёдар Яўхі́мавіч) На́рбут (8 лістапада [ст. ст. 28 кастрычніка] 1784, маёнтак Шаўры, цяпер Вярэнаўскі раён — 26 лістапада [ст. ст. 14 лістапада] 1864, Вільня, Расейская імпэрыя) — летувіскі і беларускі гісторык, археоляг, вайсковы інжынэр, дасьледнік летувіскае міталёгіі. Пісаў на польскай мове.

Паходзіў з шляхецкага роду Нарбутаў гербу «Трубы». Пры хрышчэньні атрымаў падвойнае імя Тэадор Мацей.

Скончыў піярскі коледж у Любешаве, у 1803 Галоўную віленскую школу, вучыўся ў Пецярбурскім кадэцкім корпусе.

Удзельнік расейска-пруска-францускай 1806—1807 рокаў і расейска-швэдзкай 1808—1809 войнаў. Капітан інжынэрных войскаў, аўтар праекту Бабруйскай фартэцыі, удзельнік яе будаўніцтва, за што ўзнагароджаны ордэнам сьвятой Ганны.

3 1812, калі жыў у сваім маёнтку, займаўся дасьледаваньнем гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Цягам усяго жыцьця заставаўся актыўным сябрам Віленскай археалягічнай камісіі, вёў археалягічныя раскопкі. У 1820 адкрыў ямнае пахаваньне ля роднай вёскі Шаўры. Апісаў руіны крэпасьці на Нёмане ля вёскі Лыскава Гарадзенскай губэрні.

Тэадор Нарбут

Расейскія ўлады вінавацілі Нарбута ў распрацоўцы плянаў захопу Бабруйскай фартэцыі і Вільні падчас паўстаньня 1830—1831 рокаў, адліўцы гарматаў і каардынацыі дзеяньняў паўстанцаў, аднак ня здолелі нічога даказаць.

У 1847—1852 збудаваў у Эйшышках парафіяльную царкву[3].

Дзеці Тэадора Нарбута бралі актыўны ўдзел у паўстаньня 1863—1864 рокаў, што разьяднала ўсю ягоную сям’ю. Старэйшы сын Людвік узначальваў паўстанчы аддзел на Лідчыне і загінуў падчас аднаго з баёў; малодшы Баляслаў быў асуджаны на сьмерць, аднак пазьней ягонае пакараньне было замененае на пажыцьцёвае зьняволеньне. Адзіная дачка, па мужы Тэадора Маньчунская, была вымушаная ўцячы з краіны і завочна прысуджаная да катаргі. Сам Тэадор з жонкаю Крысьцінай былі асуджаныя на высылку ў Сыбір, хоць у дачыненьні да яго прысуд ня быў выкананы з прычыны хваробы. Жонка атрымала дазвол на вяртаньне з Пэрмскай губэрні толькі ў 1871 року, аднак Нарбут болей зь ёй ня ўбачыўся, памершы ў Вільні ў 1864. Пахаваны ля парафіяльнага касьцёлу ў Начы (цяпер у Вярэнаўскім раёне).

«Pomniejsze pisma historyczne, szczególnie do historii Litwy odnoszące się» (1856)

Аўтар 9-томнай «Гісторыі літоўскага народу», выдадзенай у 1835—1841. Падзеі ў ёй давёў да 1569. У «Гісторыі…» шмат месца адведзена беларускаму народу, яго мове і пісьменнасьці. Шмат цікавых зьвестак пра Менск, народныя абрады беларусаў Лідчыны.

Для сваёй працы выкарыстаў беларускія летапісы і «Хроніку польскую літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага.

Апублікаваў шэраг гістарычных крыніцаў, у тым ліку ў 1846 «Хроніку Быхаўца».

Некаторыя крыніцы, апублікаваныя Т. Нарбутам (напрыклад, «Раўданская хроніка»[4], «Дзёньнік фон Кібурга») выклікаюць сумневы ў сучасных дасьледнікаў[5].

Зьбіраў этнаграфічныя і фальклёрныя матэрыялы, вёў археалягічныя раскопкі[6].

Гісторык Алег Ліцкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што Тэадор Нарбут у сваёй публікацыі Хронікі Быхаўца на падставе ўласных уяўленьняў пра Кейстута як паганца перарабіў фразу, сказаную ім свайму сыну Вітаўту з нагоды скаргі на дзеяньні Ягайлы. Калі ва ўсіх сьпісах Летапісцу вялікіх князёў літоўскіх гэта «Бог нас асьцярог», то ў нарбутавай публікацыі — «Богі нас асьцераглі»[7].

  1. ^ Нарбут Теодор // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  2. ^ а б http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/narbutt-teodor/
  3. ^ Ejszyszki (пол.) Polskie Centrum Informacyjne na Litwie. Stowarzyszenie Inicjatyw Społecznych. Праверана 23 студзеня 2013 г.
  4. ^ Улащик Н. Н. предисловие // Хроника Быховца. — М.: Наука, 1966.
  5. ^ Ліцкевіч А. Устава Альгерда аб крэвах — фальсыфікат (1359) Гісторыя Беларусі IX-XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы Праверана 23 студзеня 2013 г.
  6. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 502
  7. ^ Лицкевич О. В. «Летописец великих князей литовских» и «Повесть о Подолье»: опыт комплексного критического разбора. — СПб., 2019. С. 122.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэадор Нарбутсховішча мультымэдыйных матэрыялаў