Ішчална

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ішчална
лац. Iščałna
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Шчучынскі
Сельсавет: Мажэйкаўскі
Насельніцтва: 47 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1514
Паштовы індэкс: 231517
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°39′50″ пн. ш. 24°53′19″ у. д. / 53.66389° пн. ш. 24.88861° у. д. / 53.66389; 24.88861Каардынаты: 53°39′50″ пн. ш. 24°53′19″ у. д. / 53.66389° пн. ш. 24.88861° у. д. / 53.66389; 24.88861
Ішчална на мапе Беларусі ±
Ішчална
Ішчална
Ішчална
Ішчална
Ішчална
Ішчална
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

І́шчална[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Ішчальнянцы. Уваходзіць у склад Мажэйкаўскага сельсавету Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 47 чалавек. Знаходзіцца за 12 км на паўночны ўсход ад Шчучыну, за 8 км ад чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы.

Ішчална — даўняе мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст., а таксама старажытны сонечны гадзіньнік. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Ласковічаў.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Ишъчолъна (1553 год)[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Ішчалну датуецца 1515 годам, калі падкаморы надворны, староста эйшышкаўскі Андрэй Давойнавіч заснаваў тут касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. Паселішча ўваходзіла ў склад Лідзкага павету Віленскага ваяводзтва. У 1547 годзе Станіслаў Давойнавіч паводле прывілея вялікага князя Жыгімонта Старога заклаў у Ішчалне мястэчка[3]. У 1573 годзе ваявода полацкі Станіслаў Давойна (сын Станіслава Давойнавіча) перадаў касьцёлу тры вёскі з 380 прыгоннымі і абавязаў маёнтак аплачваць працу трох сьвятароў.

У XVII ст. маёнткам і мястэчкам Ішчална валодалі Лімонты, Вішнявецкія, Палупяты, Радзімінскія-Францкевічы, Скарбек-Важынскія. На 1690 год тут налічвалася 53 двары.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе Ішчалну занялі швэдзкія войскі, якія паразьбівалі касьцёльныя званы. У 1711 годзе пачалася перабудова касьцёлу. Да яе заканчэньня ў Вільні заказалі сонечны гадзіньнік, які захаваўся да нашых дзён. Гэта адзіны сонечны гадзіньнік на Беларусі[4]. У 1740 годзе Ішчална перайшла ў валоданьне Яна Вала, які збудаваў тут сядзібу. У 1758 годзе ягоны сын гарадзенскі харунжы Ю. Вал збудаваў мураваны касьцёл у барокавым стылі, асьвечаны ў 1761 годзе ў імя Найсьвяцейшай Тройцы (на 1781 год налічваў 1255 парафіянаў). У 1770 годзе адкрыўся шпіталь для нямоглых і калекаў. За часамі паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі ў 1794 годзе ў ваколіцах Ішчалны дзеяў аддзел паўстанцаў пад камандай Хлявінскага. На шляху зь мястэчка ў Шчучын адбылося некалькі баёў паміж паўстанцамі і царскімі войскамі, у якіх карнікі панесьлі значныя страты.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сядзіба Ласковічаў. Н. Орда, 1876 г.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ішчална апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Шчучынскай воласьці Лідзкага павету Віленскай губэрні. Існавалі аднайменныя мястэчка і вёска, якімі валодалі Скарбек-Важынскія.

На 1863 год у Ішчалне было 5 жылых будынкаў, на 1885 год — касьцёл, вінакурны завод, 2 карчмы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 14 двароў, паштовая станцыя. На 1905 год існавалі аднайменныя вёска (75 дзесяцінаў зямлі) і маёнтак (1112 дзесяцінаў зямлі).

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Ішчалну занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ішчална абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[5].

У 1919—1920 гадох Ішчалну займалі бальшавікі, польскае войска. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Шчучынскай гміне Лідзкага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час існавалі аднайменныя вёска (7 двароў) і фальварак (16 будынкаў). У 1930 годзе адкрылася пачатковая польская школа і швацкая вучэльня для дзяўчатаў, у 1932 годзе — цагельны завод. Апошнімі ўладарамі Ішчалны да 1939 году былі шляхцічы Ласковічы. Пан Ласковіч на старым месцы збудаваў новы палац у клясычным стылі, заклаў парк. Вакол палацу было шмат гаспадарчых пабудоваў: вінакурня, млыны, дзьве карчмы. Да нашага часу захаваліся толькі некалькі гаспадарчых пабудоваў, ад палацу засталіся толькі руіны.

У 1939 годзе Ішчална ўвайшла ў БССР, з 12 кастрычніка 1940 году ў складзе Гардзеевіцкага сельсавету Жалудоцкага раёну (з 17 красавіка 1962 году ў Шчучынскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1940 год існавалі фальварак (18 дамоў) і колішні маёнтак (28 пабудоваў).

На 1995 год у Ішчалне было 38 двароў, на 1 студзеня 2001 году — 76.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1863 год — 38 чал.; 1866 год — 319 чал.[6]; 1897 год — 118 чал.[7]
  • XX стагодзьдзе: 1921 год — 60 чал. у вёсцы Ішчалне і 140 чал. у фальварку Ішчалне; 1939 год — 423 чал.; 1940 год — 65 чал. у фальварку Ішчалне і 87 чал. у колішнім маёнтку Ішчалне; 1995 год — 90 чал.; 1999 год — 81 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2001 году — 76 чал.[8]; 2009 год — 47 чал.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З паўднёвага боку Траецкага касьцёла знаходзіцца сонечны гадзіньнік. Гэта круглы абцясаны пастамэнт з камяню вышынёю каля 1 м і дыямэтрам каля 0,5 м. Двума сталёвымі стрыжнямі да яго прымацоўваецца медная круглая пласьціна дыямэтрам 0,3 м. Трыкутняя стрэлка напалову зламаная. На пласьціне выгравіраваны: цыфэрблят, прозьвішча майстра (J. Malecki), месца вырабу (Wilna), геаграфічная шырата в. Ішчална (54°41"2’). Гэты гадзіньнік адносіцца да клясы гарызантальных сонечных гадзіньнікаў з трыкутняю стрэлкаю, верхні кут якой скіраваны на Палярную зорку. Цень ад стрэлкі падае на гарызантальны цыфэрблят, часавыя дзяленьні якога няроўныя між сабою[9]. Гадзіньнік — цікавы ўзор дакладнае мэханікі, вырабленай у беларускай Вільні ў XVIII ст.

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сядзібна-паркавы комплекс Ласковічаў (XVIII ст.)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 372.
  2. ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 165.
  3. ^ Шаблюк В. Ішчална // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 511.
  4. ^ Жыгамонт, Юры (30 красавіка 2010) Адзіны ў Беларусі сонечны гадзіньнік знаходзіцца ў вёсцы Ішчална Новыя падарожжы дылетанта. Тэлекампанія «Сталічнае тэлебачаньне». Праверана 11 верасьня 2010 г.
  5. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  6. ^ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 308.
  7. ^ Соркіна І. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
  8. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Мн., 2001.
  9. ^ lavon (19 студзеня 2008) Сонечны гадзіньнік у в.Ішчална. Форум «Гісторыя астраноміі на Беларусі». Праверана 11 верасьня 2010 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]