Андрэй Мужылоўскі
Андрэй Мужылоўскі (каля 1580—1640) — пісьменьнік-палеміст, слуцкі пратапоп, манах Кіева-Пячорскага манастыра.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прэсьвітар, з канца 1620-х рокаў слуцкі пратапоп. У 1631 пастрыгся ў манахі пад імем Анатолій і стаў ераманахам Кіева-Пячэрскага манастыра.
Выступаў супраць Берасьцейскай уніі (1596). У «Водпісе на ліст уніятаў віленскіх» (на старабеларускай мове, 1616) пад уплывам «Трэнаса» М. Сматрыцкага асудзіў учынкі «сына»-ўніята, які здрадзіў інтарэсам праваслаўнага народу Рэчы Паспалітай, даў зьнішчальную характарыстыку слугам рымска-каталіцкай царквы. У «Антыдотуме» («Antydotum» на польскай мове, 1629), скіраваным супраць «Апалёгіі» Сматрыцкага, Мужылоўскі падкрэсьліваў значэньне антыўніяцкіх твораў Сматрыцкага, але асуджаў яго за тое, што ён, на думку Мужылоўскага, перайшоў ва ўніяцтва не з ідэйных меркаваньняў, а спакушаны прывабнымі абяцанкамі рымска-каталіцкай царквы. Адзін зь першых спрабаваў аддзяліць царкоўна-багаслоўскую літаратуру ад сьвецкай, паказваў на гістарычны характар творчасьці Хрыстафора Філялета, Клірыка Астроскага. На «Антыдотум» Сматрыцкі адказаў зьедлівым творам «Экзэтэзіс» (1629).
Адзін з прэтэндэнтаў на Кіеўскую праваслаўную мітраполію па сьмерці мітрапаліта Ёва Барэцкага. У 1631 г. прымаў актыўны ўдзел у адабраньні ва ўніятаў Сафійскага сабору ў Кіеве на карысьць праваслаўнай мітраполіі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кароткі, У. Мужылоўскі Андрэй // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0 — С. 324—325.
- Кароткі, У. Г. Мужылоўскі Андрэй // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5 — С. 6.