Перайсьці да зьместу

Леанід Дайнека

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Леанід Дайнека
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 28 студзеня 1940(1940-01-28) або 1940[1]
Памёр 21 жніўня 2019(2019-08-21)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, паэт, празаік
Жанр гістарычная выдумка[d] і гістарычная проза[d]
Мова беларуская мова
Узнагароды
http://www.daineka.by/ru/

Леані́д Марты́навіч Дайне́ка (28 студзеня 1940, вёска Зьмітраўка 2-я Клічаўскага раёну Магілёўскай вобласьці — 21 жніўня 2019 году[2]) — беларускі пісьменьнік. Ляўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя І. Мележа (1988) за раман «Меч князя Вячкі», Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага (1990) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей — за гістарычныя раманы «Меч князя Вячкі» і «Сьлед ваўкалака».

Скончыў аддзяленьне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1967). Працаваў старшым рэдактарам на Віцебскай студыі тэлебачаньня, на Беларускім тэлебачаньні. У 1972—1989 — адказны сакратар часопіса «Маладосьць», з 1989 — загаднік рэдакцыі паэзіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябар СП СССР (1970).

Першы верш апублікаваў у 1961. Выдаў кніжкі вершаў «Галасы» (1969), «Бераг чаканьня» (1972), «Начныя тэлеграмы» (1974), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненьне» (1985), «Сьняжынкі над агнём» вершы і паэмы (1989). Аўтар зборніка апавяданьняў «Бацькава крыніца» (1976), раманаў «Людзі і маланкі» (1978), «Запомнім сябе маладымі» (1981), «Футбол на замініраваным полі» (1983), «Меч князя Вячкі» (1987), «Сьлед ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (часопіс «Маладосьць», 1990).

У 2008 годзе выйшаў раман «Назаві сына Канстанцінам», дзея якога адбываецца ў XV—XVI ст. у Рыме, Вялікім Княстве Літоўскім і Канстанцінопалі. Раман «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка» (2010) друкаваўся ў часопісе «Дзеяслоў» (2010 №1-3). Раман «Той, каго ўдарылі па шчацэ» (2011). Раманы «Ілоты» (2015), «Сын ільва, дачка Зеўса – Леанід і Зінаіда» (2017) выйшлі ў кнізе «Леанід Дайнека. Выбраныя творы», пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская навука» у серыі «Беларускі кнігазбор» (2018).

З 1993 з сынамі Сяргеем, Зьмітром і Сьцяпанам Леанід Дайнэка займаўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю, заснаваў фірмы «Пасад» і «БелПі». Сямейная кампанія вырабляла гатункі настояў «Крамбамбуля».

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]