Перайсьці да зьместу

Гісторыя Крупак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Крупкі — колішняя сталіца графства на гістарычнай Аршаншчыне (частка Віцебшчыны). Да нашага часу захавалася сядзіба Сьвяцкіх.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сядзіба Сьвяцкіх

Імаверна, Крупкі ўзьніклі ў сяр. XVI ст. на землях маёнтку Шыйка. Мясьціна ўваходзіла ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва і знаходзілася ў валоданьні Сангушкаў[1].

У 1613 на мапе Вялікага Княства Літоўскага Тамаша Макоўскага Крупкі значацца як мястэчка[2]. У 1627 уладальнік мястэчка Сымон Самуэль Сангушка падараваў яго сваёй жонцы Алене Корвін-Гасеўскай, у гэты час тут было 26 дымоў. На 1667 колькасьць дымоў узрасла да 60, існаваў млын[3].

У XVIII ст. Крупкі сталі цэнтрам графства[3]. На 1790 тут было 82 дымы[3].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рынак. Царква, 1918[4]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Крупкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Сеньненскім павеце Магілёўскай губэрні. У кан. XVIII ст. мясьціна перайшла ў валоданьне Сьвяцкіх[5]. У 1859 тут працавала мукамольная мануфактура.

На 1880 у Крупках існавалі два млыны, на якіх выраблялася «найдалікатнейшая мука пшонная, што пад назвай Крупецкай альбо Крупчаткі развозілася да найгалоўнейшых местаў»[6]. У 1896 Караль Сьвяцкі заснаваў фабрыку запалкавай саломкі. На прадпрыемстве працавала больш за 50 чалавек, вялікую частку прадукцыі вывозілі ў Амэрыку. На 1897 у мястэчку налічвалася 186 двароў, працавалі гарбарны і маслабойны заводы, пошта і тэлефоннае аддзяленьне, царкоўнапрыходзкая школа, царква, сынагога, 4 юдэйскія малітоўныя дамы, 24 крамы, карчма, заезны двор, гуртовы вінны магазын; штогод праходзілі кірмашы 29 жніўня і 9 сьнежня. У 1900 у Крупках адкрылася лесапільня. На 1910 у мястэчку было 190 будынкаў. У Першую сусьветную вайну з 26 лютага да 21 лістапада 1918 мястэчка займалі нямецкія войскі.

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Крупкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Барысаўскі павет («падраён») Менскага раёну[7]. У 1924 Крупкі сталі цэнтрам раёну (з 1938 у Менскай вобласьці). 27 верасьня 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 1 ліпеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1991 Крупкі атрымалі статус места. У 1999 адбылося афіцыйнае зацьверджаньне мескага гербу.

  1. ^ Насевіч В. Крупка // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 147.
  2. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Крупскага р-на / Склад. і навук. рэд. Дз. М. Хромчанка; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.), Дз. Дз. Карань і інш. — Мн.: БелЭн, 1999.
  3. ^ а б в Насевіч В. Крупка // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 148.
  4. ^ Шашок І. Вуліца імя Леніна // Малое Палесьсе. Гісторыка-краязнаўчы літаратурна-мастацкі альманах Друцка-Бярэзінскага Краю. — Крупкі, 2010. С. 192.
  5. ^ Chmara A. Krupka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 731.
  6. ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 258.
  7. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  8. ^ Малое Палесьсе. Гісторыка-краязнаўчы літаратурна-мастацкі альманах Друцка-Бярэзінскага Краю. — Крупкі, 2012. С. 116.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Крупаксховішча мультымэдыйных матэрыялаў