Перайсьці да зьместу

Герб Крупак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герб Крупак
Апісаньне
Носьбіт Крупкі

Герб Крупак — геральдычны знак гораду Крупкі (Менская вобласьць, Беларусь).

Блакітнае поле гішпанскага шчыту перасякае срэбраны хвалісты пояс, які сымбалізуе раку і падзяляе шчыт на дзьве часткі. У верхняй частцы сярэбранае кола вадзянога млына, у ніжняй — сярэбранае сьцябло травы Крупкі дуброўнай з залатымі кветкамі. Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 22 чэрвеня 1999 года пад № 35.

Выказвалася думка пра паходжаньне назвы гораду ад рэчкі Крупкі (Крупенiцы, Курнееўкі), якая цяпер працякае праз горад і ўпадае ў Бобр, быццам гідронім Крупка ў старабеларускай мове меў значэньне 'кароткі, незамярзалы рачны прыток', а Крупка была менавіта такой да маштабнай мэліярацыі. Аўтары засноўваюць сьцвярджэньне на аналёгіі, на іх думку, назвы многіх паселішчаў у рэгіёне паходзіць ад гідронімаў, прыкладамі яны даюць вёскі Начу на рацэ Начы, Еленку на Еленцы, Мажаны на Можы, Сьвiрыдаўку на Сьвiрыдаўцы, Плісу на Плісе, пасёлак Бобр на Бабры.[1] Аднак, Гістарычны слоўнік беларускай мовы ведае слова крупка ў адзіным значэньні 'дробназярністая соль'[2]. Паходжаньне ж тапонімаў трэба разглядаць паасобку і ў гістарычным кантэксьце, бо зваротная зьява — названьне ракі ад паселішча на ёй, была настолькі ж распаўсюджаная.

На думку аўтараў вадзяны млын быў візытнай карткай мястэчка Крупкі на працягу XVII—XIX стагоддзяў. Упершыню ён згадваецца ў тарыфе падымнага падатку Аршанскага павету за 1667 год, згадваецца і пазьней — у 1765, 1812, 1859 гадах. Слоўнік геаграфічны Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх 1880 года выданьня паведамляе: «У мястэчку Крупцы губэрні Магілёўскай на Бабры ёсьць млыны, на якіх вырабляецца найдалікатнейшая мука пшанічная і пад назвай Крупецкай альбо Крупчаткі развозіцца да найгалоўнейшых гарадоў»[3].

Травяністая расьліна Крупка дуброўная расьце па берагах Бабра і Крупеніцы і ў ваколіцах гораду. Найменьне расьліны супадае з імем ракі і горада, што падалося складальнікам герба вартым зьмяшчэньня як «галінкі» на гербе гораду.[1]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]