Расасна
Расасна лац. Rasasna | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Віцебская |
Раён: | Дубровенскі |
Сельсавет: | Маласавінскі |
Насельніцтва: | 223 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2137 |
Паштовы індэкс: | 211048 |
Нумарны знак: | 2 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°38′42.4″ пн. ш. 30°52′37.3″ у. д. / 54.645111° пн. ш. 30.877028° у. д.Каардынаты: 54°38′42.4″ пн. ш. 30°52′37.3″ у. д. / 54.645111° пн. ш. 30.877028° у. д. |
± Расасна | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Раса́сна[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Расасенцы пры ўтоку яе ў Дняпро. Уваходзіць у склад Маласавінскага сельсавету Дубровенскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 223 чалавекі. Знаходзіцца за 14 км на паўночны ўсход ад Дуброўна, за 4 км ад чыгуначнай станцыі Шухаўцы (лінія Ворша — Смаленск).
Расасна — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Расасна як уладаньне Глябовічаў у Аршанскім павеце Віцебскага ваяводзтва датуецца 15 лістапада 1514 году. Па Інфлянцкай вайне (1558—1570) 30 ліпеня 1574 году паселішча ўпамінае староста аршанскі Ф. С. Кміта ў лісьце з Воршы да Мікалая Радзівіла, ваяводы віленскага[a]:
У воласьці: Расасна — шасьцісот чалавек няма, Любавічы — ста васьмідзесяці чалавек няма, Бабіна, Заозерца, Дзевіна, Пашына, Баева — усіх тых сёл, государ, няма…
У XVII стагодзьдзі Расасна ўваходзіла ў маёнтак Любавічы і належала Сьцяцкевічам-Заверскім. «Книга Большему Чертежу»[3] 1627 году і перапісныя кнігі Мяшчанскай слабады[4] ў Маскве 1676 году называлі рэчку Расасенку і Расасна аднолькава — «Росана», «Россана», «Рассана».[5]
Пад 1703 годам Расасна значыцца як маёнтак, шляхецкая ўласнасьць. У першай палове XVIII стагодзьдзя паселішча перайшло ў валоданьне аршанскага кляштара трынітарыяў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Расасна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім, потым Горацкім павеце Магілёўскай губэрні[6]. На 1780 год у мястэчку дзеялі ўніяцкая царква[7]. У 1791 годзе годзе князь Ксавэры Любамірскі набыў Расасна ў Рыгора Пацёмкіна і яго нашчадкі ўладарылі там да 1917 году.
У Вайну 1812 году ў Расасьне 14 жніўня на шляху да Смаленску злучыліся францускія войскі. На загад імпэратара Напалеона жаўнеры пад камандаю генэрал-інжынэра графа Жана Баптыста Эбле ў ноч з 13 на 14 жніўня збудавалі тры масты цераз Дняпро[9][10][11]. Да сьвітанку ня меней як 100 000 чалавек пераправіліся цераз раку Дняпро.
Зь першай паловы XIX ст. у Расасьне працавала паромная пераправа, якая дазваляла перавозіць 400 пудоў за раз. На 1860 год у мястэчку было 86 дамоў, драўляная царква, юдэйская малітоўная школа, вадзяны млын. У 1881 годзе запрацавала сукнавальня. На 1886 год — 70 хат, дзеялі 2 царквы і юдэйскі малітоўны дом, працаваў вадзяны млын. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 167 двароў, царкоўна-прыходзкая школа, 2 драўляныя цэрквы, юдэйскія малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазын, млын, 3 кузьні, 7 крамаў, карчма. Штогод 23 красавіка і 1 кастрычніка праводзіліся кірмашы. У пачатку XX ст. тут збудавалі мост цераз Дняпро.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Расасна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 году Расасна вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам сельсавету Дубровенскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1924 год тут было 184 двары, на 1940 год — 345.
У Другую сусьветную вайну 16 ліпеня 1941 году Расасна занялі нямецкія войскі. У сакавіку 1942 году нацысты расстралялі 60 габрэяў з Расасна[12]. У кастрычніку 1943 — чэрвені 1944 году ў ваколіцах Расасна праходзіла лінія фронта. Адступаючы немцы спалілі вёску.
На 1963 год у Расасьне было 102 двары, на 1999 год — 108, на 2001 год — 106. У 2010 годзе Расасна атрымала афіцыйны статус аграгарадку.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1857 год — 347 чал. праваслаўных[13]; 1886 год — 533 чал.[14]; 1888 год — 609 чал. (298 муж. і 311 жан.), зь іх 245 праваслаўных, 364 юдэяў[15]; 1897 год — 1060 чал. (522 муж. і 538 жан.), зь іх 726 праваслаўных, 327 юдэяў [16]
- XX стагодзьдзе: 1910 год — 1054 чал.; 1924 год — 1071 чал.; 1940 год — 1800 чал.; 1963 год — 290 чал.; 1999 год — 292 чал.[17]
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 287 чал.[18]; 2010 год — 223 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Расасьне працуюць сярэдняя школа, фэльчарска-акушэрскі пункт, клюб, бібліятэка, пошта.
Воднатранспартная камунікацыя Дзьвіна — Дняпро
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чарнаморска-Балтыйскі глыбакаводны транспартны шлях рэкамі Дняпро — Дзьвіна складаецца з трох дзялянак:
- рака Дняпро — ад Кіеўскага вадасховішча да вёскі Расасна.
- Водападзельная дзялянка — ад Дняпра (вёска Расасна) да Дзьвіны (Віцебск).
- рака Дзьвіна — ад Віцебску да вусьця ракі (Рыскі заліў).
Дзьвіна і Дняпро ўваходзяць у сьпіс найбольшых трансгранічных рэк. З мэтай упарадкаваньня працэсаў супольнага выкарыстаньня трансгранічных рэк неабходна падрыхтаваць, падпісаць і ратыфікаваць Дамову паміж урадамі Беларусі, Латвіі, Расеі і Ўкраіны аб супрацоўніцтве ў галіне выкарыстаньня і аховы водных рэсурсаў рэк Дзьвіны і Дняпра. Неабходнасьць такой дамовы зыходзіць з патрабаваньня Канвэнцыі ЕЭК ААН ад 17 сакавіка 1992 году па ахове і выкарыстаньні трансгранічных вадацёкаў і міжнародных азёраў.
Мэта рэалізацыі праекту «Водны калідор Хэрсон — Рыга» паўстала ў пачатку 2002 году. Ініцыятарам яе была Латвія. Істотную цікавасьць выявілі Беларусь і Ўкраіна. Галоўная перашкода — гэта вялізныя грашовыя сродкі для яго будаваньне. Толькі распрацоўка тэхнічнага праекту вымагае $100–150 мільёнаў, а рэалізацыя — $6 мільярдаў. Ідэя стварэньня такой воднатранспартнай камунікацыі паўстала яшчэ ў XIX стагодзьдзі. Зьявіўся праект пад назвай «Канал Рыга — Хэрсон», каштарысны кошт будаваньня якога складаў 300 млн царскіх рублёў. Але рэалізацыі праекту перашкодзіла Першая сусьветная вайна. Паўторна да ідэі стварэньня воднага шляху Дзьвіна — Дняпро вярнуліся ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. У матэрыялах, распрацаваных інстытутам «Белгіправадгас», прапануецца варыянт глыбакаводнага транспартнага шляху Дняпром — Днепра-Дзьвінскім каналам (водападзел) — Дзьвіной з выхадам у Рыскую затоку Балтыйскага мора. Даўжыня трасы канала, якая злучае Дзьвіну і Дняпро і якую вызначылі на поўнач ад места Дуброўна, складае 82 км з частковым выкарыстаньнем ракі Лучосы і яе беспасярэдніх прытокаў. У 2010 г. зацьверджана дзяржаўная праграма будаваньня гідраэлектрастанцыяў і вадасховішчаў на рэках Беларусі. На Дзьвіне праектам прадугледжваецца стварэньне каскаду з чатырох ГЭС — Верхнядзьвінскай, Віцебскай, Бешанковіцкай і Полацкай. Іх сумарная магутнасьць складзе 125—130 мэгават. На Дняпры: Аршанская ГЭС (5,7 Мвт), Шклоўская ГЭС (4,9 Мвт), Магілёўская ГЭС (5,1 Мвт) і Рэчыцкая ГЭС (4,6 Мвт). Сумарны аб’ём фінансаваньня праектаў складзе 617,3 млн USD. Праекты прадугледжваюць узьвядзеньне адмысловых суднаходных шлюзаў.
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Маркел Савіцкі (1898—1975) — доктар сельскагаспадарчых навук
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Царква Сьвятога Юрыя[13].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Эпісталярная спадчына Ф. С. Кміты-Чарнабыльскага: Ліст 16. Писан у в Оршы, июня 30 дня, року 1574. «До Миколая Радзивилла, Воеводы Виленского»[2]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 269.
- ^ канд. філалагічных навук Коршунаў А. Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці / Ю. Пшыркоў. — Менск: Навука і тэхніка, 1975. — 245 с.
- ^ Книга Большему Чертежу или древняя карта Российского государства, поновленная в Розряд и списанная въ книгу 1627 года. Изд. 2-е Языкова. — СПб. 1832 г. С. 79; Изд. 3-е. К. Н. Сербина (редактор) — Книга Большому Чертежу. — М.-Л.: Изд-во АН СССР. 1950. С. 100.
- ^ Матеріалы для исторіи московскаго купечества. Томъ 1. Приложеніе 2. Переписные книги Мещанской слободы 1676г.,1684г. / сост. Н. А. Найденов. — Москва: Типо-лит. И. Н. Кушнеревъ и К°, 1886. — Т. 1. Приложеніе 2. — С. 14. — 124 с.
- ^ Богоявленский С. К. Научное наследие. О Москве XVII века. Наука. — М., 1980. С. 11.
- ^ Городские поселения в Российской Империи. Том 3. — СПб.: Въ типографии Вульфа, 1863. С. 221.
- ^ Топографическия примечании на знатнейшия места путешествия Ея Императорскаго Величества в Белорусския наместничества.. — СПб.: Импер. акад. наукъ, 1780. — С. 88. — 134 с.
- ^ Бутурлин, Д. П. История нашествия императора Наполеона на Россию в 1812 году. — СПб., 1837.
- ^ Напалеон Банапарт. Oeuvres de Napoleon Bonaparte. Tome Cinquieme. Paris. C.L.F. Panckoucle, Editeur, MDCCXXI. Oeuvres de Napoleon Bonaparte. Campagne de Russie. Livre septieme.
- ^ Михайловский-Данилевский А. И. Описание Отечественной войны 1812, часть 2. — СПб., 1839.
- ^ Военно-статистическое обозрение Российской Империи. — Могилевская губерния. — СПб., 1848. С. 46.
- ^ Філіял Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласьці ў г. Ворша, ф. 778, оп. 3, д. 5в, л. 37.
- ^ а б Списки населенных мест Могилевской губ. по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] = РГИА. Ф. 1290. Оп.4. Д. 80. — Ленинград: Фонд Центрального статистического комитета МВД., 1857. — С. 348. — 613 с.
- ^ Волости и важнѣйшія селенія Европейской Россіи. / П. П. Гусятников. — С.-Петербург: Центральный статистическій комитетъ, 1886. — Т. Выпускъ 5-й. Губерніи Литовской и Бѣлорусской областей. — С. 164 (№ 219). — 259 с.
- ^ Krzywicki J. Rososna // Słownik geograficzny... T. IX. — Warszawa, 1888. S. 767.
- ^ Населенные мѣста Россійской Имперіи въ 500 и болѣе жителей съ указаніемъ всего наличнаго въ нихъ населенія и числа жителей преобладающихъ вѣроисповѣданій по даннымъ первой всеобщей переписи населенія 1897 г. Губерніи европейской Россіи. / Подъ редакціею Н. А. Тройницкаго. — С. Петербургъ: Общественная польза, 1905. — Т. XXIII. Могилевская губернія.. — С. 114. — 269 с..
- ^ Князева В. Расасна // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 98.
- ^ БЭ. — Мн.: 2001 Т. 13. С. 311.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4
- Памяць: Гіст.-дак. хроніка Дубровенскага р-на. Кніга 1. — Мн.: Паліграфафармленне, 1997. — 598 с.: іл. ISBN 985-6351-02-02
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Rososna (пол.) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich : слоўнік. — 1888. — Т. IX: Poźajście – Ruksze. — С. 767.
|