Буйнічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Буйнічы
лац. Bujničy
Буйніцкае поле
Буйніцкае поле
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Магілёўскі
Сельсавет: Буйніцкі
Насельніцтва: 1596 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 222
Паштовы індэкс: 213134
СААТА: 7244860011
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 53°51′15.77″ пн. ш. 30°15′59.00″ у. д. / 53.8543806° пн. ш. 30.2663889° у. д. / 53.8543806; 30.2663889Каардынаты: 53°51′15.77″ пн. ш. 30°15′59.00″ у. д. / 53.8543806° пн. ш. 30.2663889° у. д. / 53.8543806; 30.2663889
Буйнічы на мапе Беларусі ±
Буйнічы
Буйнічы
Буйнічы
Буйнічы
Буйнічы
Буйнічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Бу́йнічы[1] — вёска і паўднёвае прадмесьце Магілёва, на правым беразе Дняпра. Цэнтар Буйніцкага сельсавету Магілёўскага раёну. Насельніцтва на 2010 год — 1596 чалавек. Знаходзяцца за 3 км на поўдзень ад Магілёва, за 2 км ад чыгуначнай станцыі Буйнічы (лінія Магілёў — Жлобін), на аўтамагістралі Магілёў — Бабруйск.

Буйнічы — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), адзін з рэлігійных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магілёў з боку Буйнічаў. М. Львоў, каля 1800 г.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Буйнічы ўпамінаюцца ў XV стагодзьдзі як цэнтар буйнога ўладаньня, што належала князям Фёдару і Льву Талочкавічам-Буйніцкім[2]. У пачатку XVI ст. маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Кіева-Пячорскага манастыра. У сьнежні 1595 году Буйніцкае поле стала месцам пераможнае бітвы войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з старостам рэчыцкім М. Буйвідам над казакамі на чале зь Севярынам Налівайкам[3].

У XVII—XVIII стагодзьдзях Буйнічы былі прыватнаўласьніцкім мястэчкам у Аршанскім павеце, якое належала Саламярэцкім, Статкевічам, князю і старосту жамойцкаму А. Г. Палубінскаму, князям Сапегам[2]. З 1633 году на поўдзень ад паселішча існаваў манастыр Святога Духа, які заснавалі Багдан Статкевіч і яго жонка Алена Саламярэцкая. За падтрымку вялікага князя Яна І Казімера Вазы ў абарончай вайне супраць Маскоўскай дзяржавы 1654—1667 гадоў буйніцкія манахі атрымалі прывілей на млын[3]. Пры манастыры дзейнічала друкарня[4].

У час Вялікай Паўночнай вайны ў ліпені 1708 году каля Буйнічаў месьціўся лягер швэдзкага войска на чале з Карлам ХІІ (г. зв. Карлава даліна). Швэдзкія жаўнеры абрабавалі манастыр, аднак пазьней на загад швэдзкага караля іконы былі вернуты ў пусты манастыр, а два швэдзкія жаўнеры — павешаны[5]. Побач зь мястэчкам існаваў фальварак, які здаваўся ў арэнду. На 1758 год — 35 двароў, уваходзілі ў склад Быхаўскага графства.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Буйнічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Магілёўскім павеце Магілёўскай губэрні. Маскоўская гаспадыня Кацярына II канфіскавала маёнтак у Сапегаў і перадала яго беларускаму намесьніку генэрал-аншэфу П. Б. Пасеку. У 1878 годзе фальварак набыў зямянін М. Марачэўскі. Апошняй уладальніцай маёнтку ў пачатку XX ст. была Г. К. Радкевіч[2].

На 1880 год у Буйнічах было 64 двары, дзейнічалі 2 царквы, працавалі жаночая вучэльня пры манастыры і юдэйская малітоўная школа. Таксама існаваў аднайменны фальварак. У 1896 годзе ў Буйнічах адкрылася царкоўнапрыходзкая школа. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку быў 81 двор, у маёнтку — 5 двароў, працавалі завод сушкі садавіны і гародніны, у жаночым манастыры — 21 двор, дзейнічалі царква і капліца, працаваў сьвечачны завод. На 1909 год у мястэчку Буйнічах быў 81 двор, дзейнічала царква, працавалі царкоўнапрыходзкая і юдэйская малітоўная школы, скарбовая вінная крама, у аднайменным маёнтку — 2 двары.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Буйнічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі[6].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Буйнічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Буйнічы вярнулі БССР. У 1933 годзе вёска атрымала электрычнае сьвятло. На 1940 год — 141 двор. У Другую сусьветную вайну Буйніцкае поле сталася месцам бітвы ў 1941 годзе.

На 1970 год у Буйнічах было 272 двары, на 1995 год — 309, на 2007 год — 468. 17 ліпеня 2006 году сельсавет, у які ўваходзіць вёска, перайменавалі зь Цішоўскага ў Буйніцкі, а цэнтар сельсавету перанесьлі зь вёскі Цішоўкі ў Буйнічы[7]. 28 сьнежня 2010 году ліквідавалі станцыю Буйнічы, яе тэрыторыя ўвайшла ў склад вёскі Буйнічаў[8].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1880 год — 356 чал., зь іх 115 юдэяў[9]; 1897 год — 450 чал. у мястэчку Буйнічах, 34 чал. у маёнтку Буйнічах і 117 чал. у манастыры Буйнічах
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 427 чал. у мястэчку Буйнічах, 6 чал. у маёнтку Буйнічах[10]; 1940 год — 765 чал.; 1970 год — 881 чал.[11]; 1990 год — 910 чал.[12]; 1995 год — 910 чал.[13]; 1999 год — 1209 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2007 год — 1538 чал.[14]; 2010 год — 1596 чал.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Буйнічах працуюць Дом культуры і бібліятэка, сярэдняя і музычная школы, агралесатэхнічны каледж (1944—1998 гады — вучэльня) імя Кірылы Арлоўскага, пошта. Каледжу належыць 860 га зямлі, зь якіх 80 га адведзеныя пад заасад.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэмарыял на Буйніцкім полі

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1995 годзе адкрыўся мэмарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», архітэктарамі якога зьяўляюцца Ўладзімер Чапенка і Алег Бараноўскі. Былі пабудаваныя чырвоная капліца вышынёй у 27 мэтраў, а недалёка ад яе возера «Сьлёз». Праз кожныя паўгадзіны ў капліцы гучыць музычная кампазыцыя, прысьвечаная ўдзельнікам абароны Магілёва. Дэпартамэнт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры ў 2002 годзе прысвоіў Мэмарыяльнаму комплексу статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці трэцяй катэгорыі.

Паводле задумы кіраўніка Магілёва Віктара Шорыкава, 2 лістапада 2004 году ў капліцы адбылося адкрыцьцё маятніка Фуко (найвышэйшы ў Беларусі, у гонар францускага фізыка, які давёў факт вярчэньня Зямлі вакол сваёй восі). Яго распрацоўнікам выступіў дацэнт Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту А. Ляпін, а вытворцам — інжынэр завода «Тэхнапрыбор» А. Нікалаеў. Маятнік уяўляе зь сябе шаснаццацікіляграмовы шар зь нержавеючай сталі ды алюміневы цыфэрблят на вышыні 14 мэтраў. Амплітуда яго ваганьняў 1 м, пэрыяд ваганьняў 7 сэкундаў. Маятнік вядзе адлік часу[15].

У 2006 годзе пры каледжы заснавалі заасад, на 75 гектарах якога разводзяць дзікоў, зуброў, плямістых і паўночных аленяў[16]. У вальерах трымаюць барсукоў, ваўкоў, касуляў, лісаў, ласёў, мядзьведзяў, пясцоў, тыграў і янотаў, а таксама шэраг відаў птушак. Заасаду таксама належаць 2 дзясяткі канкурных коней[17]. У 2011 годзе заасад прыняў звыш 200 тыс. наведнікаў з 15 краінаў і меў звыш 200 жывёлаў[18].

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На паўднёвай ускраіне Буйнічаў захавалася стаянка эпохі мэзаліту (8—5 тысячагодзьдзі да н. э.), ува ўрочышчы Благадаці — гарадзішча раньняга жалезнага веку.

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Манастыр Сьвятога Духа (1633—1918)
  • Царква Раства Багародзіцы (XIX ст.)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (djvu). С. 242
  2. ^ а б в Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Магілёўскага р-на / Уклад. У. Ф. Агурцоў, М. П. Хобатаў. — Мн.: Полымя, 1996.
  3. ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 354.
  4. ^ Jaroszewicz-Pieresławcew Z. Druki cyrylickie z oficyn Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI—XVIII wieku (пераклад Ігара Клімава) // Беларускі Гістарычны Агляд. Том 11 Сшытак 1—2 (20—21) сьнежань 2004 г.
  5. ^ Агеев А.Г., Климуть Я.И., Пушкин И.А. Перекрёстки Могилёвской истории. — Минск: Туринфо, 2004. — С. 48—49. — ISBN 985900124–3
  6. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  7. ^ «О переименовании сельсовета». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 17 июля 2006 г. № 18-12 (рас.)
  8. ^ «Об упразднении сельского населенного пункта станция Буйничи и преобразовании деревень Могилевского района в агрогородки». Решение Могилевского районного Совета депутатов от 28.12.2010 г. № 7-18 (рас.)
  9. ^ Słownik geograficzny... T. XV, cz. 1. — Warszawa, 1900. S. 269.
  10. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 6. Кн. 2. — Менск, 2009. С. 467.
  11. ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 323.
  12. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 6. Кн. 2. — Менск, 2009. С. 468.
  13. ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 322.
  14. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 6. Кн. 2. — Менск, 2009. С. 466.
  15. ^ Мемарыяльныя комплексы, манументы, помнікі архітэктуры (Магілёўскага раёна)(недаступная спасылка) // Сайт Магілеўскай абласной бібліятэкі. Дата доступу: 22 траўня 2009
  16. ^ Іванова І. У Новы год з Магілёва — на паўночных аленях // Зьвязда : газэта. — 31 сьнежня 2008. — № 245 (26358). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  17. ^ Іванова І. Навыперадкі з мядзведзіцай // Зьвязда : газэта. — 21 ліпеня 2006. — № 161 (25750). — ISSN 1990-763x.
  18. ^ Іванова І. Ціхі прыстанак для турыстаў // Зьвязда : газэта. — 6 сакавіка 2012. — № 44 (27159). — С. 3. — ISSN 1990-763x.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]