Міхась Машара
| Міхась Машара лац. Michaś Mašara | ||||
| Міхаіл Антонавіч Машара | ||||
| Асабістыя зьвесткі | ||||
|---|---|---|---|---|
| Імя пры нараджэньні | Міхаіл Антонавіч Машара | |||
| Псэўданімы | С.Антонаў; М.Каліна, Міх.Каліна, Міхась Каліна; М.Машарак; Крыптанім: М.М. | |||
| Нарадзіўся | 18 лістапада 1902 хутар Падсосна, Дзісенскі павет, Віцебская губэрня | |||
| Памёр | 7 чэрвеня 1976 (73 гады) Менск | |||
| Пахаваны | ||||
| Літаратурная дзейнасьць | ||||
| Род дзейнасьці | Пісарчук, справавод, журналіст, рэдактар | |||
| Гады творчасьці | 1927—1976 | |||
| Жанр | Паэзія, проза, драматургія, пераклад | |||
| Мова | беларуская мова[1], расейская мова[1] і польская мова[1] | |||
| Дэбют | часопіс «Заранка», 1927 | |||
| Значныя творы | Трылёгія раманаў «Крэсы змагаюцца» (1966), «Сонца за кратамі» (1968) і «Лукішкі» (1970) | |||
| Прэміі | | |||
| Узнагароды | ||||
| Творы на сайце Knihi.com | ||||
Міхаі́л Анто́навіч Маша́ра (18 лістапада 1902, хутар Падсосна, Дзісенскі павет, цяпер Шаркоўшчынскі раён — 7 чэрвеня 1976, Менск) — беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і, у засьценку Падсосна (Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Шаркаўшчынскі раён). Дзяцінства правёў у вёсцы Таболы (Дзісенскага павету, цяпер Шаркоўшчынскі раён). Навучаньне пачаў у шкунцікаўскай народнай школе, якую скончыў напярэдадні Першай сусьветнай вайны. Там употай ад настаўнікаў упершыню прачытаў беларускамоўныя выданьні зь вершамі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Францішка Багушэвіча.
З дапамогай школьнага настаўніка ўладкаваўся на пасаду пісарчука ў канцылярыю Ігуменскай воласьці (Менская губэрня). За год працы назьбіраў грошай на падручнікі і навучаньне ў вышэйшай пачатковай школе (пазьней — працоўная школа 2-й ступені) ў Глыбокім (Дзісенскі павет, Віленская губэрня), якую скончыў у 1918 годзе. Тамсама пачаў пісаць вершы па-расейску, але пасьля крытыкі настаўніка літаратуры амаль на 10 гадоў адмовіўся ад вершаскладаньня.
Працаваў справаводам зямельнага аддзела Германавіцкага валаснога выканаўчага камітэта (Дзісенскі павет), удзельнічаў у разьмеркаваньні насеньня між беднякамі. Падчас польскай акупацыі ўпершыню трапіў пад арышт, але яго выпусьцілі пад нагляд паліцыі як непоўнагадовага.
У 1920 г. добраахвотна далучыўся да Чырвонай Арміі ў якасьці сувязіста 18-й Паўночнай стралковай дывізіі, удзельнічаў у баях у Польшчы. Пасьля акружэньня і інтэрнаваньня дывізіі на 11 месяцаў трапіў у лягер Зальцьведаль[2] для палонных у Саксоніі (Нямеччына), а па заключэньні Рыскай мірнай дамовы — яшчэ на 8 месяцаў у канцэнтрацыйны лягер «Шчыпёрна» ў Верхняй Сылезіі (Польшча), які вызначаўся жорсткімі ўмовамі для вязьняў.
У лістападзе 1923 г. трапіў пад заклік у польскае войска, скончыў фэльчарскую школу. Да пачатку 1925 г. у санітарным батальёне ў Горадні. Пасьля дэмабілізаваньня вярнуўся ў Таболы, ствараў гурткі Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), працаваў інструктарам у яе Цэнтральным камітэце.
Пасьля разгрому БСРГ у пачатку 1927 г. рэдагаваў віленскую газэту «Наша воля». Пасьля трэцяй яе канфіскацыі трапіў пад арышт, затым яго перавезьлі на допыты ў Глыбокае, адтуль амаль празь месяц — у віленскую турму Лукішкі, дзе прасядзеў больш за 4 гады. У астрозе зноў пачаў пісаць вершы, якія здолеў перадаць на волю. Яго першы паэтычны зборнік «Малюнкі» выдала ў 1928 г. Зоська Верас на ўласныя грошы.
Па вяртаньні з турмы дамоў ажаніўся. Да 1939 г. працаваў лесарубам і плытагонам. Тым часам выйшлі з друку яго зборнікі «На сонечны бераг» (1934), «Напрадвесьні» (1935), паэмы «Сьмерць Кастуся Каліноўскага» (1934), «Вясельле» (1934) і «Мамчына горка» (1936), п’есы «Вось тут і зразумей» (1934), «Чорт з-пад печча» (1935) і «Лёгкі хлеб» (1936)[3]. Зборнік жа «З-пад стрэх саламяных» (1937) канфіскавалі, а «З ваколіцаў сініх балот» страцілі да выданьня.
З прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі яго запрасілі на пасаду кіраўніка аддзела народнай асьветы ў валасны выканкам Шаркаўшчыны, абралі дэпутатам Народнага Сходу, які праходзіў у Беластоку, улучылі ў склад дэлегацыі ад Беларусі на сэсію Вярхоўнага Савета СССР. У Беластоку адбылося і знаёмства зь Янкам Купалам і Якубам Коласам. У 1940 г. стаўся чальцом Саюза пісьменьнікаў Беларусі.
Падчас нямецка-савецкай вайны працаваў у газэтах «Зьвязда», «Савецкая Беларусь» і «Партызанскае слова», у рэдакцыі радыёвяшчаньня ў Маскве, а вярнуўшыся ў пачатку 1944 году ў Беларусь, — галоўным рэдактарам літаратурна-драматычнага вяшчаньня беларускага радыё. Тым часам напісаў шмат вершаў і апавяданьняў. У 1944 г. надрукавалі яго паэтычны зборнік «Беларусі», які ўвабраў вершы, напісаныя ў час вайны.
Пасьля вайны пераехаў у Менск, працаваў загаднікам аддзела літаратуры і мастацтва рэдакцыі часопіса «Полымя» (1945—1947), загаднікам аддзела літаратуры навукі і мастацтва ў «Настаўніцкай газэце» (1947—1949), працягваў пісаць творы. Убачылі сьвет такія кнігі, як «Выбраная лірыка» (1945), «Праз навальніцы» (1948), «Урачыстасьць» (1952), «Выбраныя творы» (1958), «Ад родных аселіц» (1959), «Мая азёрная краіна» (1962).
У 1960—1970-я гады ў жанры прозы стварыў трылёгію, прысьвечаную вызваленчыму руху Заходняй Беларусі, куды ўвайшлі раманы «Крэсы змагаюцца» (1966), «Сонца за кратамі» (1968) і «Лукішкі» (1970). Таксама напісаў раманы «Ішоў дваццаты год» (1973) і «Прыйдзе час» (1975). У 1975 г. выйшла з друку і кніга яго ўспамінаў «Старонкі летапісу».
Перакладаў на беларускую мову паэтычныя і празаічныя творы Аляксандра Блока, Сяргея Ясеніна, Мікалая Гогаля, Канстанціна Сіманава і Фёдара Гладкова з расейскай, Максіма Рыльскага і Паўла Тычыны з украінскай, Генрыка Сянкевіча і Уладзіслава Бранеўскага з польскай. У сваю чаргу, яго творы перакладаліся на розныя мовы.
Шэраг яго вершаў беларускія кампазытары Мікалай Аладаў, Зьміцер Лукас, Юры Семяняка і Аляксей Туранкоў[4] паклалі на музыку. Для дзяцей пісаў вершаваныя казкі і паэмы, што выйшлі асобнымі выданьнямі, — «Зязюльчыны сьлёзы» (1961), «Зелянушка і Кракатушка» (1964), або друкаваліся на старонках пэрыёдыкі.
Узнагароджваўся ордэнамі Чырвонай Зоркі (1943), «Знак пашаны» (1967), мэдалямі.
Пахаваны на Паўночных могілках у Менску.
Асабісты архіў, набыты Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа ў 1983 годзе ў жонкі, захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў пад №32 і складаецца з 539 адзінак захаваньня за 1922—1982 гг.[5]
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- «Малюнкі» (паэтычны зборнік, 1928)
- На сонечны бераг! Вільня, 1934;
- S-wicz. M. Mašara. Na soniečny bierah. Vilnia, 1934 hod. (пол.) // Przegląd Wileński : газэта. — 1934, 21 października. — № 16—17. — С. 11.
- Міхась Машара. Сьмерць Кастуся Каліноўскага. У 70-тыя ўгодкі яго сьмерці. (бел.) // Шлях моладзі : часопіс. — 1934, травень. — № 5 (65). — С. 12—16.
- Міхась Машара. Сьмерць Кастуся Каліноўскага. У 70-тыя ўгодкі яго сьмерці. (бел.) // Шлях моладзі : часопіс. — 1934, чэрвень. — № 5 (65). — С. 11—16.;
- Ст. Станкевіч. Кнігапіс. Міхась Машара: На сонечны бераг, зборнік вершаў, Вільня, 1934 г., бач. 78 і Сьмерць Кастуся Каліноўскага, поэма, Вільня, 1934г., бач. 19. // Калосьсе : часопіс. — 1935. — № 1. — С. 56—59.
- «Вясельле» (паэма, 1934);
- Напрадвесьні Вільня, 1935;
- Міхась Машара. «Лёгкі Хлеб». Драма ў трох актах з жыцьця вясковац моладзі. — Вільня: Выд. «Беларускай крыніцы», 1936. — 63 с.
- Ад. Станкевіч. Міхась Машара — «Лёгкі Хлеб». Драма ў трох актах з жыцьця вясковац моладзі. Выд. «Беларускай крыніцы». Вільня, 1936 г. бач. 63, 20х13. // Калосьсе : часопіс. — 1936. — № 4. — С. 251—253.
- Міхась Машара. Мамчына горка. Паэма // Калосьсе : часопіс. — 1936. — № 3 (7). — С. 194—211.
- Міхась Машара. Мамчына горка. Паэма // Калосьсе : часопіс. — 1936. — № 4. — С. 194—211.
- Міхась Машара. «Маладая Беларусь», «З асьнежаным ветрам» (вершы) // Маладая Беларусь : часопіс. — 1936. — № 1. — С. 3—5.
- «З-пад стрэх саламяных» (зборнік, 1937);
- «З ваколіцаў сініх балот» (страчаны, ня выдадзены зборнік)
- «Беларусі» (паэтычны зборнік, 1944);
- Выбраная лірыка. Менск, 1945;
- «Праз навальніцы» (зборнік, 1948);
- «Урачыстасьць» (зборнік, 1952);
- Выбраныя творы Менск, 1958;
- «Ад родных аселіц» (зборнік, 1959);
- «Зязюльчыны сьлёзы» (збор вершаваных казак, 1961);
- Мая азёрная краіна: Выбранае. Менск, 1962;
- «Зелянушка і Кракатушка» (збор вершаваных казак, 1964);
- Крэсы змагаюцца Раман-хроніка. Менск, 1966;
- Сонца за кратамі: Раман-хроніка. Менск, 1968;
- Лукішкі: Раман-хроніка. Менск, 1970;
- «Ішоў дваццаты год» (раман, 1973);
- «Прыйдзе час» (раман, 1975);
- Старонкі летапісу: Кніга ўспамінаў. Менск, 1975.
На летувіскай мове
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Michas Mašara. Popiečio tai buvo laikas… Kaime, kaime tu, paskendęs… (па-беларуску: Быў пасьляабедзенны час… У вёсцы, у вёсцы ты патануў…) (лет.) // Vertė Ona Miciūtė; redaktorius ir leidėjas Zigmas Prantkelevičius. Pagalbininkai: Prantkelevičius, Zigmas (1912-1967); Karosas, Jonas (1912-1975). Piūvis (па-беларуску: Разрэз) : dailės ir literatūros vienrartinis leidinys (па-беларуску: літаратурна-мастацкае аднаразовае выданьне). — Vilnius: «Patria», 1938. — С. 13, 14.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 3 Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ↑ Машара Міхась Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991. Леанід Маракоў. Праверана 20 лістапада 2012 г.
- ↑ Машара Міхась Заходняя Беларусь. Культурна-асьветніцкі клюб «Спадчына». Праверана 20 лістапада 2012 г.
- ↑ Ганна Сосна (5 лістапада 2012) Наш знакаміты зямляк Міхась Машара. Да 110-годзьдзя з дня нараджэньня пісьменьніка Культура. Газэта «Кліч Радзімы». Праверана 20 лістапада 2012 г.
- ↑ Тацяна Жук, Марына Ліс (19 лістапада 2012) Рукапісы не гараць. Міхась Машара Культура. Tut.by. Праверана 20 лістапада 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Vitautas Tumaš. Lenrijos gudų literatūros apžvalga. (па-беларуску: Агляд беларускае літаратуры ў Польшчы) (лет.) // redaktorius ir leidėjas Zigmas Prantkelevičius. Pagalbininkai: Prantkelevičius, Zigmas (1912-1967); Karosas, Jonas (1912-1975). Piūvis (па-беларуску: Разрэз) : dailės ir literatūros vienrartinis leidinys (па-беларуску: літаратурна-мастацкае аднаразовае выданьне). — Vilnius: «Patria», 1938. — С. 1—5.
- Нарадзіліся 18 лістапада
- Нарадзіліся ў 1902 годзе
- Памерлі 7 чэрвеня
- Памерлі ў 1976 годзе
- Пахаваныя на Паўночных могілках
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Узнагароджаныя мэдалём «За працоўныя адзнакі»
- Нарадзіліся ў Шаркоўшчынскім раёне
- Беларускія літаратары
- Беларускамоўныя паэты і паэткі
- Рэпрэсаваныя ў Польскай Рэспубліцы (1918—1939)
- Вязьні Лукіскай турмы
- Памерлі ў Менску

