Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2006 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
2001
 Сьцяг Беларусі
2010
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2006 году
19 сакавіка 2006
Аляксандар Лукашэнка Аляксандар Мілінкевіч
Кандыдат Аляксандар Лукашэнка Аляксандар Мілінкевіч
Партыя Незалежны кандыдат Незалежны кандыдат
Галасоў выбаршчыкаў 5,501,249 405,486
Адсотак 82,6% 6%

Прэзыдэ́нцкія вы́бары ў Белару́сі прайшлі 19 сакавіка 2006 году. Выбары прэзыдэнта Беларусі праводзіліся ў трэці раз. На папярэдніх двух у 1994 і 2001 гадах перамогу атрымліваў Аляксандар Лукашэнка, ён жа атрымаў перамогу і на гэтых выбарах.

Перадвыбарчае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

15 сьнежня 2005 году Лукашэнка сустрэўся з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным у Сочы, дзе заявіў: «Вы ведаеце, што мы напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, ведаеце, што вакол нашай краіны адбываецца, таму я хачу Вас таксама праінфармаваць ў гэтым пляне. І Вы мне абяцалі сёе-тое расказаць». Наступныя тры гадзіны перамоваў праходзілі за зачыненымі дзьвярыма[1]. На наступны дзень Палата прадстаўнікоў прызначыла датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары на 19 сакавіка 2006 году. Паводле тэрміну яны мусілі адбыцца ў ліпені[2].

Гэтыя выбары сталіся трэцімі прэзыдэнцкімі з часу здабыцьця Беларусьсю незалежнасьці ў 1991 годзе. Лукашэнка атрымаў дазвол на трэці тэрмін пасьля правядзеньня 17 кастрычніка 2004 году рэфэрэндуму, што зьняў канстытуцыйнае абмежаваньне прэзыдэнцтва двума тэрмінамі. Паводле Канстытуцыі са зьменамі 1996 году прэзыдэнт валодаў настолькі шырокімі паўнамоцтвамі, што тыя прадухілялі падзяленьне ўлады[3]. Працягласьць двух штогадовых скліканьняў Нацыянальнага сходу абмяжоўвалася 170 днямі. Тым часам, прэзыдэнцкія дэкрэты, выдадзеныя ў часе перапынку працы НС, набывалі сілу закона. Пры пярэчаньні гэтых дэкрэтаў закону яны мелі над ім пераважную сілу.

За перадвыбарчыя гады абласныя арганізацыі шэрагу апазыцыйных партыяў пазбавілі ўліку й зачынілі па прычыне неадпаведнасьці патрабаваньню аб пераўліку пад юрыдычным адрасам[4][5]. Паводле вынікаў парлямэнцкіх выбараў 2004 году апазыцыйныя партыі ня мелі ніводнага дэпутата ў 110-мясцовай Палаце прадстаўнікоў. Таксама абмяжоўвалася дзейнасьць няўрадавых аб’яднаньняў. У 2005 годзе пазбавілі ўліку 68 НУА. З 1284 заявак таго ж году на ўтварэньне новых НУА Міністэрства юстыцыі задаволіла толькі 61 (5%)[4].

Прававыя ўмовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выбары праводзіліся паводле Выбарчага кодэксу ад 2000 году, што абмяжоўваў грамадзянскія правы й агітацыю ды не прадухіляў умяшаньня ў галасаваньне й падлік галасоў[6]. Артыкул 13 ВК забараняў назіральнікам знаходзіцца ля сталоў выдачы бюлетэняў, што замінала вызначыць колькасьць выбаршчыкаў у сьпісе ўчастка й выдадзеных ім бюлетэняў, а таксама сачыць за падлікам галасоў. ЦВК забараніў выкарыстаньне кандыдатамі на агітаваньне ўласных прыватных сродкаў ды прамых ахвяраваньняў[6]. Падчас 5 дзён датэрміновага галасаваньня ўчастковыя выбарчыя камісіі працавалі ў складзе 2 чалавек[7]. Для правядзеньня правамоцных выбараў у адзін тур патрабаваўся ўдзел 50% выбаршчыкаў, улучаных у сьпісы, ды набор адным з кандыдатаў больш, як паловы пададзеных галасоў[8].

Паводле закону «Аб масавых мерапрыемствах» у рэдакцыі ад 1997 году на правядзеньне публічнага сходу патрабаваўся дазвол мясцовага органа ўлады. Заяўка на сход мусіла падавацца за 15 дзён да прапанаванай даты яго правядзеньня. У 2005 годзе ў Крымінальны кодэкс былі ўнесеныя папраўкі, паводле адной зь якіх першая частка 193-га артыкула КК стала прадугледжваць крымінальную адказнасьць з пазбаўленьнем волі тэрмінам да 2 гадоў за ўдзел у незарэгістраваным або ліквідаваным грамадзкім аб’яднаньні або партыі.

Падрыхтоўка й правядзеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў займаліся Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, 165 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў ды 6586 участковых выбрачых камісісяў. 41 УВК працавала на ўчастках пры дыпляматычных прадстаўніцтвах Беларусі за мяжой.

ЦВК працавала на сталай аснове ды складалася з 12 асобаў, першую палову зь якіх прызначыў Лукашэнка, другую — ускосна абіраемы Савет Рэспублікі[9]. Тэрмін паўнамоцтваў ЦВК, які складае 5 гадоў, сканчаўся ў студзені 2007 году.

Сярод ТВК было 7 абласнога ўзроўню (зь Менскам), 6 гарадзкіх ды 152 раённыя выбарчыя камісіі. Амаль кожная зь іх налічвала па 13 чальцоў. Склад ТВК на сваіх супольных паседжаньнях, праведзеных да 28 сьнежня 2005 году ўлучна, вызначылі мясцовыя заканадаўчыя й выканаўчыя органы ўлады. З 2124 прызначаных было[10]:

  1. 44,8% самавылучэнцаў;
  2. 23,4% ад працоўных калектываў;
  3. 19,6% ад грамадзкіх аб’яднаньняў;
  4. 9,6% чыноўнікаў мясцовых органаў кіраваньня;
  5. 2,6% ад палітычных партыяў, у тым ліку 2,2% (47 асобаў) ад праўладнай Камуністычнай партыі.

Мясцовыя органы выканаўчае ўлады прызначылі чальцоў УВК да 1 лютага 2006 году. З прызначаных было:

  1. 49,3% самавылучэнцаў (грамадзяне, вылучаныя шляхам падачы заявы);
  2. 35,4% ад працоўных калектываў;
  3. 10,1% ад грамадзкіх аб’яднаньняў;
  4. 5% чыноўнікаў мясцовых органаў кіраваньня;
  5. 0,2% ад партыяў.

Большасьць вылучаных апазыцыяй прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў не дапусьцілі.

Улік вылучэнцаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аляксандар Лукашэнка

Вылучэньне праводзілася ініцыятыўнымі групамі колькасьцю ня менш як у 100 выбаршчыкаў, што мусілі зьвярнуцца ў ЦВК за рэгістрацыяй ня менш як за 85 дзён да выбараў цягам 7 дзён з часу іх абвяшчэньня. Для рэгістрацыі вылучэнца патрабавалася цягам 30-дзённага тэрміну, што пачынаўся за 80 дзён да выбараў, сабраць ды падаць за яго 100 000 подпісаў выбаршчыкаў. 27 сьнежня 2005 году ЦВК зарэгістравала 8 ініцыятыўных групаў:

Аляксандар Мілінкевіч

Дастатковую колькасьць подпісаў у ТВК падалі:

  1. Гайдукевіч;
  2. Казулін;
  3. Лукашэнка;
  4. Мілінкевіч.

Праверка пададзеных подпісаў доўжылася 15 дзён. З 27 студзеня да 11 лютага вылучэнцы мусілі падаць у ЦВК дэклярацыі аб даходах і маёмасьці за сябе й блізкіх сваякоў. 17 лютага ЦВК зарэгістравала 4 кандыдатаў.

Улік выбаршчыкаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зводнага сьпісу выбаршчыкаў на ўзроўні вышэйшым за ўчастак не існавала[13]. УВК ўдакладнілі сьпісы выбаршчыкаў, атрыманыя ў мясцовых органаў кіраваньня, да 4 сакавіка 2006 году. 9 сакавіка сакратар ЦВК абвясьціў аб уліку 7 020 000 выбаршчыкаў. Аднак выніковую колькасьць выбаршчыкаў, што склала 7 153 978 чалавек, абвясьцілі толькі адначасна з вынікамі выбараў 23 сакавіка.

Перадвыбарнае агітаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агітацыйны стэнд у Менску

17 лютага 2006 году распачалося афіцыйнае перадвыбарнае агітаваньне[14], дагэтуль забароненае паводле ВК. Тэлеканал «АНТ» трансьляваў канцэрты й іншыя мерапрыемствы кампаніі «За Беларусь!», падчас якіх чыноўнікі заклікалі галасаваць за Лукашэнку. Астатнім вылучэнцам дазволілі скарыстаць толькі бясплатны этэрны час. Чыноўнікі агітавалі за Лукашэнку ды абмяжоўвалі агітацыю за апазыцыйных кандыдатаў — Казуліна й Мілінкевіча[15][16]. Ужываліся пагрозы звальненьня й арышты чальцоў іх ініцыятыўных групаў. Таксама ажыцьцяўлялася запалохваньне журналістаў няўрадавых газэтаў[17]. Мясцовыя органы ўлады канфіскоўвалі апазыцыйныя ўлёткі ды штрафавалі за іх распаўсюджаньне, а таксама заміналі сходам апазыцыі. Да 18 сакавіка 8 з 30 давераных асобаў Аляксандра Мілінкевіча знаходзіліся пад вартаю або ў зьняволеньні, у тым ліку старшыня Партыі Беларускага народнага фронту Вінцук Вячорка й старшыня Аб’яднанае грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька. Такія ж захады ўжылі да 80 удзельнікаў перадвыбарнае кампаніі Казуліна. Апазыцыйных агітавальнікаў, да таго ж, прыгняталі частымі спыненьнямі для абшукваньня[18].

2 сакавіка пры спробе рэгістрацыі на зладжаны ўрадам[18][19] 3-ці Ўсебеларускі народны сход гвалтоўна затрымалі Казуліна. Прысутных журналістаў таксама зьбілі. Да таго ж, стралялі па аўтамабілі чальца перадвыбарнага штабу Казуліна Юрыя Радзівіла. Падчас затрыманьня Казуліна зьвінавацілі ў двух правапарушэньнях, што падпадалі пад Крымінальны кодэкс.

На прэс-нарадзе 16 сакавіка старшыня Камітэту дзяржаўнае бясьпекі, генэральны пракурор ды міністар унутраных справаў заявілі, што апазыцыя рыхтуе сілавы захоп улады ў дзень выбараў, а ўдзельнікі пратэстаў у той дзень будуць лічыцца тэрарыстамі паводле артыкула 289 Крымінальнага кодэксу. Лукашэнка ў тэлезвароце 17 сакавіка пагражаў прыхільнікам апазыцыі перасьледам. Яго перадвыбарчы штаб таксама пагражаў дабрабыту выбарцаў, што бралі ўдзел у недазволеных агітацыйных сходах апазыцыі[18].

Вяшчаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усё агульнакраёвае электроннае вяшчаньне знаходзілася ў валоданьні дзяржавы. У перадвыбарныя гады зачынілі шэраг няўрадавых выданьняў. Не выдавалася ніводнай незалежнай штодзённай газэты. 3 сакавіка міліцыянты затрымалі ўвесь наклад «Народнай волі» ў 250 000 асобнікаў. 13 сакавіка смаленская друкарня па палітычнай прычыне[20] скасавала дамову на выданьне гэтага выданьня, а таксама газэтаў «Таварыш» і «БДГ». 14 сакавіка наклад «Народнай волі» зноў затрымалі. 17 сакавіка гэты захад ужылі да 190 000 асобнікаў «Таварыша». У выніку дадзеныя газэты аднавілі сваё выданьне толькі пасьля выбараў. Журналістаў затрымлівалі й арыштоўвалі пры выкананьні службовых абавязкаў.

Старшыня ЦВК забараніла прыватным газэтам друкаваць перадвыбарную рэкляму, аднак пазьней не пярэчыла друку перадвыбарнае праграмы Лукашэнкі[21]. 8 лютага ЦВК прыняла пастанову аб наданьні права апублікаваць кожнаму кандыдату па 5 машынапісных старонак тэксту агітацыйных матэрыялаў у 7 дзяржаўных газэтах і запісаць на дзяржаўных тэлебачаньні й радыё па дзьве праграмныя заявы працягласьцю да 30 хвілінаў. Агітацыйныя выступленьні трансьляваліся з 21 лютага па 6 сакавіка. Аднак БТ выразала частку першага тэлезвароту Казуліна за абвінавачаньні Лукашэнкі й яго двух сыноў. 6 сакавіка дзяржаўнае радыё адцэнзуравала радыёзвароты Казуліна й Мілінкевіча[22]. З выступленьня першага выразалі 7 хвілінаў крытыкі Лукашэнкі, а другога — 1 хвіліну. Да таго ж, праграму Мілінкевіча не надрукавалі ва ўрадавых газэтах. 2 і 3 сакавіка ўсе ўрадавыя тэлеканалы ў прамым этэры трансьлявалі выступ Лукашэнкі на зладжаным урадам 3-м Усебеларускім народным сходзе. 9 сакавіка на «АНТ» выйшла гутарковая перадача «Выбар». Яе паказвалі ў запісе, аднак прапаноўвалі прагаласаваць тэлефанаваньнем за ўпадабанага кандыдата. Пры гэтым перад заканчэньнем перадачы вядучы заявіў, што па выніках апытаньня Лукашэнка атрымаў 78% галасоў.

Скаргі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да 17 сакавіка 2006 году ЦВК атрымаў 231 скаргу. Для іх разгляду з 18 студзеня не праводзілася ніводнага паседжаньня. На большасьць зь іх адказала старшыня ЦВК. Напярэдадні выбараў мясцовыя суды выносілі абвінаваўчыя прысуды за несанкцыяваныя сустрэчы з выбаршчыкамі прадстаўнікам апазыцыйных кандыдатаў у парадку паскоранага судаводзтва.

На паседжаньні 23 сакавіка ЦВК адхіліла скаргі Казуліна й Мілінкевіча з патрабаваньнем прызнаць выбары несапраўднымі. 5 красавіка Вярхоўны суд таксама адхіліў іх заявы[23].

Назіраньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ТВК й УВК зарэгістравалі каля 32 тысячаў назіральнікаў, большасьць зь якіх ад супрацоўнікаў урадавых прадпрыемстваў, прыхільных Лукашэнку грамадзкіх аб’яднаньняў ды чыноўнікаў. На папярэдніх выбарах незарэгістраваная грамадзянская ініцыятыва «Партнэрства» каардынавала дзейнасьць каля 3 тысячаў назіральнікаў. Аднак 21 лютага супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы па ўсёй Беларусі кватэраў шэрагу чальцоў «Партнэрства», а таксама сядзібаў ініцыятывы[24]. КДБ таксама арыштавала 4 лідэраў «Партнэрства»[25], што перашкодзіла ладжаньню шырокага назіраньня за выбарамі. 23 лютага КДБ абвінаваціў іх у кіраўніцтве незарэгістраванай арганізацыяй, пасьля арышту ў падрыхтоўцы сілавога захопу ўлады.

Сваіх назіральнікаў выставіў Беларускі Хэльсынскі камітэт. Праваабарончы цэнтар «Вясна», пазбаўлены рэгістрацыі ў 2003 годзе, у адрозьненьне ад папярэдніх выбараў назіраньне за выбарамі не праводзіў. Перадвыбарчыя штабы Гайдукевіча й Лукашэнкі заявілі аб выстаўленьні больш як 20 тысячаў назіральнікаў ад кожнага[26].

Галасаваньне й падлік галасоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кіраўнікі ўрадавых прадпрыемстваў загадвалі сваім супрацоўнікам прагаласаваць датэрмінова з 14 да 18 сакавіка пад пагрозаю звальненьня[27]. Студэнтаў таксама змушалі прагаласаваць датэрмінова. У выніку яўка на датэрміновым галасаваньні склала 31%, што істотна перавысіла паказьнік папярэдніх выбараў 2004 году ў 17%. Паводле дадзеных ЦВК да заканчэньня галасаваньня прагаласавала 92,6% выбаршчыкаў. На 8% участкаў адносна падліку галасоў у выбарчыя камісіі падалі афіцыйныя скаргі. Заканадаўства не надзяляла назіральнікаў правам атрымліваць афіцыйную копію пратакола аб выніках галасаваньня. ВК таксама не прадуледжваў апублікаваньне дадзеных аб выніках галасаваньня выбарчымі камісіямі ўсіх узроўняў.

Падзеі пасьля выбараў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўны артыкул: Джынсавая рэвалюцыя.
19 сакавіка
Намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы. 21 сакавіка

Увечары 19 сакавіка Казулін і Мілінкевіч заявілі прысутным на Кастрычніцкай плошчы Менску 10 тысячам чалавек (усяго ў мітынгу паўдзельнічала каля 30 тысячаў чалавек), што выбары не адпавядалі волевыяўленьню народа, бо іх сфальсыфікавалі. Яны таксама запатрабавалі правядзеньня дэмакратычных выбараў 16 ліпеня 2006 году. Пасьля ўдзельнікам было прапанавана прайсьці да плошчы Перамогі, дзеля ўскладаньня кветак да помніку. Было таксама прапанавана на наступны дзень зноў прыйсьці на плошчу. 20 сакавіка некалькі тысячаў чалавек зноў сабраліся на плошчы разам з кандыдатамі ў прэзыдэнты. Былі ўсталяваныя некалькі намётаў. Больш за 100 ўдзельнікаў і ўдзельніц акцыі пратэсту, уключаючы чальцоў штабоў кандыдатаў, былі затрыманыя міліцыяй. 21 сакавіка Казулін адмовіўся працягваць удзел у акцыі пратэсту і заклікаў усіх пакінуць Кастрычніцкую плошчу і прыйсьці на дэманстрацыю ў Дзень Волі (25 сакавіка). Але гэты заклік ня быў падтрыманы іншымі. Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што застанецца з моладзьдзю.

Нягледзячы на затрыманьні, дэманстрацыя пратэсту працягвалася на плошчы 5 дзён, пакуль з 3:00 да 3:15 раніцы 24 сакавіка міліцыянты не ліквідавалі намётавы гарадок. 460 чалавек, якія знаходзіліся там, былі арыштаваныя міліцыяй. Лукашэнка заявіў, што сам факт правядзеньня падобных акцыяў сьведчыць пра дэмакратычнасьць беларускага грамадзтва. За ўдзел ва ўсіх пасьлявыбарчых пратэстах затрымалі больш як 500 чалавек, у тым ліку Казуліна й блізкага сваяка Мілінкевіча. Толькі 27 сакавіка суды Менску вынесьлі абвінаваўчыя заключэньні ў дачыненьні больш як 200 асобаў. Многім зь іх адмовілі ў праве на прадстаўніка ў судзе. Органы пракуратуры засьведчылі звыш 500 арыштаў і затрыманьняў, у тым ліку 21 замежнага грамадзяніна, а таксама вынясеньне 392 абвінаваўчых выракаў. 30 сакавіка Казуліна пасьля вынясеньня абвінавачаньня паводле двух артыкулаў КК зьняволілі, а Беларуская асацыяцыя журналістаў заявіла аб затрыманьні, арышце й пакараньні 44 журналістаў, у тым ліку 13 замежных грамадзянаў, падчас разгону ўдзельнікаў пратэсту[28].

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле ЦВК з 7 153 978 выбаршчыкаў у выбарах узялі ўдзел 6 630 653 (92,6%)[29], што прагаласавалі наступным чынам[30]:

Берасьцейская вобласьць Віцебская вобласьць Гарадзенская вобласьць Гомельская вобласьць Магілёўская вобласьць Менск Менская вобласьць Разам:
Гайдукевіч 1,9% 5,3% 2,1% 3,2% 4,9% 5,1% 2,0% 3,5%
Казулін 2,1% 2,2% 1,9% 1,9% 1,6% 3,9% 2,5% 2,3%
Лукашэнка 82,6% 82,9% 83,8% 90,3% 88,5% 70,7% 81,0% 82,6%
Мілінкевіч 5,8% 4,5% 6,3% 3,1% 4,0% 10,1% 7,3% 6,0%

Апазыцыя і некаторыя міжнародныя назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні на працягу перадвыбарнай кампаніі і выбараў. ЗША адмовіліся прызнаваць вынікі выбараў. Згодна АБСЭ, выбары не адпавядалі стандартам дэмакратычных выбараў.

Храналёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 17 лютага 2006: пасьведчаньні кандыдатаў у прэзыдэнты атрымалі Гайдукевіч, Казулін, Лукашэнка і Мілінкевіч. Распачалася агітацыйная кампанія.
  • 12—21 лютага 2006: рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты
  • 28 студзеня — 11 лютага 2006: падача дакумэнтаў у ЦВК для рэгістрацыі кандыдатаў ў прэзыдэнты
  • 29 сьнежня 2005 — 27 студзеня 2006: збор подпісаў для вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты
  • 27 сьнежня 2005: Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала 8 ініцыятыўных груп для вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты
  • 16 сьнежня 2005: Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прызначыла дату выбараў

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ (рас.)Сообщение пресс-службы Президента России 16-12-2005 «О встрече Президента России В. В. Путина с Президентом Белоруссии А. Г. Лукашенко, Сочи, Бочаров Ручей, 15 декабря 2005 года» // Сайт Міністэрства замежных справаў Расейскай Фэдэрацыі. Дата доступу: 7 траўня 2010
  2. ^ Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь ад 15.03.1994 г. са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі ад 1996 г. і 2004 г. (Артыкул 81) // Сайт «Заканадаўства Рэспублікі Беларусь на беларускай мове». Дата доступу: 4 жніўня 2010.
  3. ^ Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 5 // Сайт АБСЭ. 7 чэрвеня 2006.
  4. ^ а б Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 6 // Сайт АБСЭ. 7 чэрвеня 2006.
  5. ^ Альгерд Невяроўскі. Партыя працы ліквідаваная рашэньнем Вярхоўнага суду Беларусі // Радыё «Свабода». 3 жніўня 2004.
  6. ^ а б Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 7 // Арганізацыя па бясьпецы й супрацы ў Эўропе. 7 чэрвеня 2006.
  7. ^ Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 9 // Арганізацыя па бясьпецы й супрацы ў Эўропе. 7 чэрвеня 2006.
  8. ^ Выбарчы Кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2000 г. (Артыкул 79. Устанаўленьне і апублікаваньне вынікаў выбараў прэзыдэнта) // Сайт «Заканадаўства Рэспублікі Беларусь на беларускай мове». Дата доступу: 4 жніўня 2010.
  9. ^ Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонкі 9—10 // Сайт АБСЭ. 7 чэрвеня 2006.
  10. ^ Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 10 // Арганізацыя па бясьпецы й супрацы ў Эўропе. 7 чэрвеня 2006.
  11. ^ Інфармацыйная камісія КХП-БНФ. Афіцыйна зарэгістраваная ініцыятыўная група Зянона Пазьняка // Сайт Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ. 27 сьнежня 2005
  12. ^ Зянон Пазьняк. Паведамленьне ў ЦВК // Сайт Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ. 27 студзеня 2006
  13. ^ Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонкі 12—13 // Арганізацыя па бясьпецы й супрацы ў Эўропе. 7 чэрвеня 2006.
  14. ^ Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 14 // Сайт АБСЭ. 7 чэрвеня 2006.
  15. ^ Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонкі 14—15 // Арганізацыя па бясьпецы й супрацы ў Эўропе. 7 чэрвеня 2006.
  16. ^ Крымінальны перасьлед грамадзянаў Беларусі па палітычных матывах падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2006 г. // Праваабарончы цэнтар «Вясна». 13 сакавіка 2006.
  17. ^ Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 15 // Сайт АБСЭ. 7 чэрвеня 2006.
  18. ^ а б в Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 17 // Арганізацыя па бясьпецы й супрацы ў Эўропе. 7 чэрвеня 2006.
  19. ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 21 // Звязда. №10 (25599), 17 студзеня 2006 г.
  20. ^ Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 18 // Арганізацыя па бясьпецы й супрацы ў Эўропе. 7 чэрвеня 2006.
  21. ^ Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 19 // Арганізацыя па бясьпецы й супрацы ў Эўропе. 7 чэрвеня 2006.
  22. ^ Беларускае радыё цэнзуравала выступы Казуліна і Мілінкевіча // Радыё «Свабода». 6 сакавіка 2006
  23. ^ Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонкі 28—29 // Сайт АБСЭ. 7 чэрвеня 2006.
  24. ^ КДБ сканфіскаваў аргтэхніку ў актывістаў «Партнэрства» і ў Магілёве // Радыё «Свабода». 21 лютага 2006
  25. ^ Зьміцер Дрыгайла. Галоўная задача КДБ // Наша Ніва. 24 лютага 2006
  26. ^ Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонкі 23—24 // Сайт АБСЭ. 7 чэрвеня 2006.
  27. ^ Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 24 // Арганізацыя па бясьпецы й супрацы ў Эўропе. 7 чэрвеня 2006.
  28. ^ Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. // Арганізацыя па бясьпецы й супрацы ў Эўропе. 7 чэрвеня 2006
  29. ^ (рас.)Сведения о явке избирателей. Выборы президента Республики Беларусь 19 марта 2006 года // Сайт ЦВК. Дата доступу: 7 траўня 2010
  30. ^ (рас.)Сведения об итогах выборов президента Республики Беларусь. Выборы президента Республики Беларусь 19 марта 2006 года // Сайт ЦВК. Дата доступу: 7 траўня 2010

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2006 годусховішча мультымэдыйных матэрыялаў