Спадчына Беларусі
Спадчына Беларусі — мастацкі праект, аўтарская канцэпцыя па міжнародным прадстаўленьні гістарычнае і культурнае спадчыны Беларусі. Аўтары праекту Аляксанар Аляксееў і Алег Лукашэвіч з дапамогаю трох складнікаў: мастацкіх альбомаў, фільмаў і фотавыставаў ствараюць прывабны выгляд Беларусі ў сьвеце. Аляксандар Аляксееў і Алег Лукашэвіч першымі з фотамастакоў[1] у гісторыі незалежнай Беларусі пачалі разбураць стэрэатып «сярмяжнай» краіны. У аснове праекту палягае навуковая-дасьледчая праца па вывучэньні нацыянальнай гісторыі і культуры. Праект «Спадчына Беларусі» набыў вядомасьць ня толькі ў Беларусі, але й за ейнымі межамі. Кнігі і фільмы прадстаўленыя ў фондах найбуйнейшых бібліятэкаў сьвету, ва ўнівэрсытэтах, культурных і дыпляматычных установах, у прыватных зборах знакамітых асобаў — ад каралевы Вялікабрытаніі да Папы рымскага. Гэта дае мажлівасьць знаёміць зь беларускай мінуўшчынай, культурай, спадчынай шырокае кола сусьветнай грамадзкасьці.
Мэта праекту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэтаю праекту аўтары дэкляруюць разьвіцьцё інтарэсу да Беларусі, да ейнае гісторыка-культурнае спадчыны, падняцьце нацыянальнай самасьвядомасьці, адраджэньне страчаных вытокаў і традыцыяў, сьцьвярджэньне самабытнасьці беларускае нацыі ў сусьветнай супольнасьці. Дадзены праект дазваляе наноў пабачыць Беларусь, раскрыць унікальнасьць беларускай гісторыі і культуры. Ён накіраваны на аднаўленьне гістарычнае асобнасьці, мастацкіх і дакумэнтальных вартасьцяў гісторыка-культурных славутасьцяў, прапагандуе самабытнасьць і ўнікальнасьць беларускае нацыі, заклікае да беражлівага стаўленьня да мінуўшчыны і культуры Беларусі, нясе адукацыйную й ідэалягічную функцыі, стварае годнае ўяўленьне пра Беларусь за мяжой.
Характарыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аснову праекту складаюць навукова-дасьледчыя матэрыялы. Пачынаючы зь верасьня 2002 року было арганізавана болей за сотню камандзіровак экспэдыцыйнага характару.