Нарачанскае выступленьне рыбакоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Возера Нарач

Нарачанскае выступленьне рыбакоў — выступленьне нарачанскіх сялянаў-рыбакоў, якое пачалося ўлетку 1935 году. Прычынай стала забарона ўладамі свабоднай лоўлі рыбы на возеры Нарач. У выступленьні ўдзельнічала каля 5 тысячаў сялянаў. Кіравала выступленьнямі КПЗБ. Барацьба цягнулася да 1939 году.[1]

Прычыны выступленьняў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1932 годзе польскі ўрад прыняў закон, паводле якога нацыяналізаваліся рэкі і азёры. У прыватнасьці, возера Нарач перайшло да Дырэкцыі дзяржаўных лясоў. Жыхарам прылеглых да возера вёсак было аб’яўлена, што Нарач здаецца ў арэнду памешчыку Яблонскаму, а таму свабодная лоўля рыбы на возеры забаранялася. Рыбакам было прапанавана ісьці наймацца працаваць да арандатара возера, які, у сваю чаргу, будзе плаціць ім за работу. Такая прапанова мясцовых жыхароў не задавальняла.

Выступленьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У чэрвені 1935 году, нягледзячы на пагрозы і папярэджаньні арандатара рыбакі, як і раней, арганізавана выехалі на возера лавіць рыбу. Паліцыя, выкліканая арандатарам, пачала на маторнай лодцы ганяцца за рыбакамі, каб адабраць у іх рыбу. Калі паліцэйская маторная лодка, буксуючы лодкі, гружаныя рыбай, наблізілася да берага, жонкі рыбакоў, якія назіралі за падзеямі зь берага, кінуліся ў ваду і перакулілі маторную лодку разам з паліцэйскімі. Скарыстаўшыся момантам, рыбакі адчапілі свае лодкі і пагналі іх на сярэдзіну возера. Паліцэйскія ж больш не адважыліся паляваць за рыбакамі.

Як вынік выступленьня, супраць рыбакоў пачаліся рэпрэсіі: адныя адразу былі асуджаныя на нязначныя тэрміны турэмнага зьняволеньня, на іншых рыхтаваліся матэрыялы да суда. Для ўрэгуляваньня канфлікту на перамовы на возера Нарач прыбыў павятовы стараста з Паставаў, а таксама ваявода зь Вільні. На прапанову пайсьці на работу да арандатара, які будзе іх забясьпечваць усімі прыладамі для лоўлі рыбы, рыбакі пачалі ў адказ патрабаваць узамен возера надзелаў прыдатнай зямлі.

Пра выступленьні рыбакоў стала вядома ЦК КПЗБ, які прыняў рашэньне абараніць інтарэсы рыбакоў, а першапачатковаму стыхійнаму выступленьню надаць арганізаваны характар. Вынікам садзеяньня рыбакам стала арганізацыя ў другой палове чэрвеня забастовачнага камітэту, які ў жніўні 1935 году сабраў шматлюдны сход рыбакоў, дзе таксама прысутнічалі сяляне з далёкіх вёсак. Рыбакі прынялі рашэньне прагнаць арандатара з возера Нарач, не дапускаць штрэйкбрэхераў на работу да арандатара, арганізавана лавіць рыбу ў возеры, а таксама патрабаваць вызваленьня рыбакоў, арыштаваных за ўдзел у страйку.

Раніцай на наступны дзень сяляне пачалі зьяжджацца да рыбалавецкай базы арандатара Яблонскага, якая знаходзілася паміж вёскамі Мікольцы і Пасынкі. Арандатару прад’явілі патрабаваньне зьехаць з возера, і пад ціскам вялікай колькасьці сялянаў ён быў вымушаны гэта зрабіць. Частка рыбы, злоўленая ў возеры ў гэты дзень, была прададзеная ў Вільні на рынку, а частка была канфіскаваная ўладамі як скрадзеная.

У адказ на выступленьні рыбакоў паліцыя правяла новыя арышты, аднак рыбакі працягнулі пратэстныя выступы супраць арыштаў іх калегаў і працягвалі самастойна выяжджаць на возера лавіць рыбу.

Агулам у выступленьні нарачанскіх рыбакоў былі ўцягнутыя больш за 5 тысячаў сялянаў. Па прыкладзе нарачанскіх рыбакоў праводзілі страйк рыбакі ўсіх бліжэйшых азёраў, а таксама групы Браслаўскіх азёр.

У выніку выступленьняў сялянаў арандатар возера Нарач быў вымушаны пайсьці на саступкі, якія, аднак, не задавальнялі мясцовых рыбакоў, і ў наступныя гады яны працягвалі арганізавана выступаць за свабодную лоўлю рыбы без арэнднай платы. Супрацьстаяньне рыбакоў працягвалася да 1939 году.

У культуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1937 годзе Максім Танк пра барацьбу нарачанскіх рыбакоў напісаў паэму «Нарач»[2]. Праз цэнзуру цалкам твор надрукаваць было не магчыма. Таму аўтару даводзілася, выкрэсьліваючы найбольш вострыя моманты, друкаваць яго часткамі ў «Калосьсі». І тым ня менш некаторыя нумары часопіса з фрагмэнтамі паэмы былі канфіскаваныя польскімі ўладамі. Толькі ў 1940 годзе, магчыма ў часе працы ў Вялейцы, паэту ўдалося цалкам узнавіць тэкст паэмы[3].

Мастак Віталь Цьвірка прысьвяціў нарачанскім падзеям сваю карціну «Паўстаньне рыбакоў на возеры Нарач» (1957 г.). Мастак Кастусь Харашэвіч на тэму выступленьняў стварыў палатно «Паўстаньне нарачанскіх рыбакоў»[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. — Менск: БелЭн, 1998. — 635, [3] с. ISBN 985-11-0107-9.