Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін | |
Ганаровы старшыня БСДП (Г) | |
---|---|
10 красавіка 2005 — 3 жніўня 2008 | |
Папярэднік: | Анатоль Ляўковіч |
Наступнік: | Анатоль Ляўковіч |
Рэктар БДУ | |
1996 — 2003 | |
Прэзыдэнт: | Аляксандар Лукашэнка |
Папярэднік: | Федар Капуцкі |
Наступнік: | Васіль Стражаў |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
25 лістапада 1955 (69 гадоў) |
Партыя: | беспартыйны |
Сужэнец: | Ірына Казуліна |
Дзеці: | Вольга ды Юлія |
Адукацыя: | |
Узнагароды: |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Казулін.
Алякса́ндар Уладзісла́вавіч Казу́лін — палітык, былы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Нарадзіўся 25 лістапада 1955 году ў Менску. Беларус. Прафэсар, доктар навук, акадэмік Акадэміі адукацыі Рэспублікі Беларусь, акадэмік Міжнароднай акадэміі вышэйшай школы, ганаровы прафэсар Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта імя М. В. Ламаносава, віцэ-прэзыдэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў, старшыня супольнасьці «Беларусь-Аўстрыя», былы лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1972 годзе скончыў менскую спэцыялізаваную (ангельская мова) сярэднюю школу № 87, пасьля чаго тамсама 2 гады працаваў лябарантам кабінэта фізыкі. Адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленьні матэматычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (БДУ). Адслужыў 2 гады на Балтыйскім флоце ў марской пяхоце (1974—1976).
У 1976—1983 гады — студэнт мэханіка-матэматычнага факультэту БДУ. Скончыў унівэрсытэт з чырвоным дыплёмам. З 1983 па 1986 гады — сакратар камітэту камсамолу БДУ.
У 1986—1988 гадох працаваў у БДУ выкладчыкам, старэйшым выкладчыкам, дацэнтам, дэканам факультэту. У 1987 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Дыфэрэнцыйныя раўнаньні трэцяга парадку спэцыяльнага шэрагу» (спэцыяльнасьць 01.01.02 — дыфэрэнцыйныя раўнаньні).
З 1988 па 1996 гады — праца ў Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусі: спачатку ўзначальваў аддзел аналітычнай працы і пэрспэктыўнага разьвіцьця, вядучага кіраваньня пэрспэктыўнага разьвіцьця і безадрыўнай адукацыі. Загадам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі ад 11.10.1994 г. № 140 прызначаны намесьнікам міністра адукацыі і навукі[1]. Потым зьяўляўся першым намесьнікам міністра. Адначасова не спыняў навуковую працу, у 1995 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Пэдагагічныя асновы дзейнасьці вучэбных устаноў новага тыпу» (спэцыяльнасьць 13.00.01 — агульная пэдагогіка, гісторыя пэдагогікі і адукацыі).
У 1996 годзе прызначаны рэктарам БДУ (Загад Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.08.1996 г. № 332[2]). У 2000 годзе быў пераабраны на тую ж пасаду абсалютнай большасьцю Аб’яднанай Рады ўнівэрсытэту. Пасьля скандалу вакол унітарнага прадпрыемства «Унікаштмэт БДУ» 17 лістапада 2003 загадам А. Лукашэнкі вызвалены з пасады рэктара[3].
З 1998 па 2001 гады — сябра Ўраду Рэспублікі Беларусь, міністар. Быў старшынём Рады рэктараў ВНУ Беларусі, сябрам Прэзыдыюму Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.
10 красавіка 2005 на аб’яднальным сходзе абраны старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
3 жніўня 2008 году на пазачарговым («тэхнічным») зьезьдзе БСДП (Г) па патрабаваньні дэлегатаў зьезду былі праведзеныя выбары кіраўніцтва партыі. У сувязі з тым, што Аляксандар Казулін у гэты час адбываў тэрмін у калёніі абавязкі старшыні партыі выконваў Анатоль Ляўковіч. Па выніках зьезду ён быў абраны старшынём[4][5]. Было прынята рашэньне прызначыць А. Казуліна ганаровым старшынём партыі.
21 сьнежня 2008 году экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін выйшаў зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Сваё рашэньне ганаровы старшыня партыі агучыў на паседжаньні Цэнтральнага камітэту БСДП (Г).
Прэзыдэнцкія выбары 2006 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За некалькі тыдняў да выбараў, 2 сакавіка, кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Казулін быў жорстка зьбіты прадстаўнікамі спэцслужбаў і асабіста камандзірам САХР палкоўнікам Д. Паўлічэнкам, пры спробе зарэгістравацца для ўдзелу ва Ўсебеларускім народным сходзе, скліканым прэзыдэнтам А.Лукашэнкам[6]. Пасьля зьбіцьця Аляксандар Казулін быў затрыманы і дастаўлены ў РУУС Кастрычніцкага раёну Менску. Па машыне ягоных сяброў, якая ехала за ім, быў адкрыты агонь з агнястрэльнай зброі. Каля Кастрычніцкага РУУС асобы ў цывільным учынілі напад на актывістаў штабу А.Казуліна і прысутных журналістаў. Дзясяткі асобаў атрымалі цялесныя пашкоджаньні, карэспандэнт газэты «Комсомольская Правда» Алег Улевіч трапіў у шпіталь. У сувязі з паводзінамі Аляксандра Казуліна ў пастарунку пасьля зьбіцьця і затрыманьня супраць яго заведзеная крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 339 КК РБ (хуліганства). Паведамлялася, што ў пастарунку ён разьбіў партрэт кіраўніка дзяржавы.
Гэта была ўжо другая крымінальная справа, заведзеная супраць А.Казуліна падчас выбарчай кампаніі 2006. Першая была распачатая ў сувязі з інцыдэнтам 17 лютага 2006, у дзень рэгістрацыі кандыдатаў у Прэзыдэнты. Тады Аляксандар Казулін разам са сваімі прыхільнікамі прарваўся ў будынак Нацыянальнага прэсавага цэнтру, дзе была прызначаная ягоная прэсавая канфэрэнцыя. «Казулін і асобы, якія суправаджалі яго, абразілі і ўжылі фізычны гвалт адносна супрацоўнікаў аховы канцэртнай залі „Менск“ і супрацоўніка міліцыі», — гаворыцца ў звароце пракуратуры. Крымінальная справа па ч. 2 арт. 339 КК РБ (злоснае хуліганства) была ўзбуджаная 1 сакавіка[7].
Паводле афіцыйных зьвестак, у галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году А.Казулін атрымаў крыху болей за 2% галасоў выбаршчыкаў[8]. Пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў на Кастрычніцкай плошчы Менску апазыцыя распачала акцыю пратэсту, на якой патрабавалася прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі і прызначыць паўторныя свабодныя і дэмакратычныя выбары на 16 ліпеня 2006[9]. На плошчы паўстаў намётавы гарадок, які быў гвалтоўна разагнаны спэцназам ў ноч з 23 на 24 сакавіка.
Арышт і зьняволеньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 2006, падчас сьвяткаваньня Дню Волі, А.Казулін заклікаў прысутных на мітынгу накіравацца да спэцпрымальніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна, дзе ўтрымліваліся затрыманыя падчас разгону намётавага гарадку. Каля Тэатру музкамэдыі сілы парадку жорстка спынілі дэманстрантаў, супраць іх былі ўжытыя шумавыя бомбы, мноства чалавек параненыя[10]. Сам Казулін затрыманы падчас разгону шэсьця. Яму было прад’яўленае новае абвінавачаньне ў арганізацыі групавых дзеяньняў з прымяненьнем выбуховых рэчываў. Казуліна зьмясьцілі ў СІЗА. Супрацоўнічаць са сьледзтвам ён адмовіўся і сьцьвярджаў, што нічога супрацьзаконнага не зьдзяйсьняў. 13 ліпеня 2006 судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Аляксей Рыбакоў асудзіў Казуліна на 5 год 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму за «злоснае хуліганства, арганізацыю і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія парушылі грамадзкі парадак»[11]. 21 верасьня Казуліна накіравалі адбываць пакараньне ў папраўчую калёнію № 3 агульнага рэжыму ў пасёлку Віцьба Віцебскага раёну .
Вінаватым Казулін сябе не прызнаў. Большасьць апазыцыйных партыяў, Эўразьвяз і ЗША, а таксама многія паважаныя міжнародныя арганізацыі, як, напрыклад, Міжнародная амністыя, палічылі прысуд Казуліну палітычна матываваным (Вязень сумленьня[12]).
Іншы кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году Аляксандар Мілінкевіч сказаў у інтэрвію радыёстанцыі «Рэха Масквы» аб Казуліне і яго паходзе на спэцпрымальнік-разьмеркавальнік, які пацягнуў масавыя непарадкі:
Я яму (Казуліну) сказаў, калі мы стаялі на трыбуне, што ні ў якім разе ня трэба гэтага рабіць… Я асуджаю правакатараў, якія павялі людзей да турмы… «Узяцьце Бастыліі» цяпер ужо ня трэба рабіць… Гэтыя правакацыі недаравальныя, гэта злачынства з боку людзей, якія завуць сябе апазыцыяй[13].
Увосень 2006 Казулін 53 дзён трымаў галадоўку, якое абвясьціў на знак пратэсту супраць беззаконьня, якое, на ягоную думку, зьдзяйсьнялі беларускія ўлады.
23 лютага 2008 памерла жонка Аляксандра Казуліна Ірына Іванаўна. На наступны дзень Казулін абвясьціў галадоўку, патрабуючы адпусьціць яго на разьвітаньне з жонкай. 26 лютага пад ціскам грамадзтва і дыппрадстаўніцтваў краінаў Захаду адпаведным указам Аляксандар быў адпушчаны з калёніі на тры дні для ўдзелу ў пахаваньні.
Вызваленьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Уранку ў суботу, 16 жніўня, Аляксандра Казуліна выклікалі ў адміністрацыю калёніі «Віцьба-3», дзе яму паведамілі пра вызваленьне і паказалі падпісаны А.Лукашэнкам указ пра памілаваньне. Але Казулін згоды на памілаваньне не падпісаў, бо свае віны не прызнае[14]:
Я прымаю вызваленьне як знак справядлівасьці, але не магу прыняць памілаваньне з маральных меркаваньняў — я не зьдзяйсьняў крымінальна-каральных дзеяў, мая сям’я і я асабіста падвергліся самым жорсткім рэпрэсіям з боку дзяржавы і палітычнага рэжыму. Падобная матывацыя вызваленьня зьневажальная не адно для мяне… Толькі маё безумоўнае вызваленьне і поўная рэабілітацыя невінаватага, а таксама неадкладнае вызваленьне Андрэя Кіма і Сяржука Парсюкевіча можа разглядацца як сапраўды рэальны крок з боку беларускай дзяржавы на шляху да дэмакратызацыі грамадзтва. Я выказваю шчырую ўдзячнасьць усім, хто змагаўся за маё вызваленьне, хто змагаецца за вызваленьне ўсіх палітвязьняў. Лічу, што астатнія палітвязьні будуць вызваленымі ў найбліжэйшы час і што на гэтым будзе пастаўленая кропка на інстытуце палітвязьняў у Беларусі.[15]
18 жніўня часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязей Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Алег Сьляпчэнка паведаміў, што Аляксандар Казулін памілаваны на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі[16].
Адразу пасьля вызваленьня ў палітыка пачаліся праблемы. На наступны ж дзень быў абрабаваны ягоны асабісты легкавік[17], а самога палітыка разам з дочкамі затрымалі супрацоўнікі ДАІ па дарозе на пахаваньне цесьця Івана Сабалеўскага, які памёр напярэдадні. Ён не перанёс страты дачкі і быў пахаваны ў Дзяржынску Менскай вобласьсьці. Палітыка і ягоных дачок утрымлівалі на працягу гадзіны, пасьля адпусьцілі. Працягваць шлях давялося на іншай машыне, бо супраць кіроўцы легкавіка, у якім ехаў Казулін, быў складзены пратакол[18].
Акрамя таго, 17 жніўня афіцыйная бачына Аляксандра Казуліна была падвергнутая DDoS-атацы[19].
Міжнародная рэакцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вызваленьне палітвязьняў, у тым ліку Казуліна, было адным з асноўных патрабаваньняў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, Эўразьвязу і ЗША. Адмова вызваліць палітвязьняў сталася адным з чыньнікаў для ўводзінаў супраць беларускіх уладаў эканамічных санкцыяў з боку Злучаных Штатаў.
- Злучаныя Штаты Амэрыкі прывіталі вызваленьне Казуліна. Аб гэтым гаворыцца ў распаўсюджанай 16 жніўня заяве прэс-сакратара Дзярждэпартамэнту ЗША Шона Маккормака:
«Мы з нецярплівасьцю чакаем ад беларускіх уладаў іншых пазытыўных крокаў, якія адкрыюць магчымасьць для істотнага паляпшэньня стасункаў паміж Злучанымі Штатамі і Беларусьсю», — сказаў Ш.Маккормак.
- Фэдэральны міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмайер прывітаў вызваленьне Аляксандра Казуліна.
Я вітаю рашэньне беларускага кіраўніцтва вызваліць нарэшце Аляксандра Казуліна. Я спадзяюся, што гаворка ідзе пра канчатковае вызваленьне са зьняволеньня. Гэта было б актам чалавечнасьці, на які даўно спадзяваліся, да якога часта заклікалі і сьледам за якім павінны быць зьдзейсьнены іншыя. Вызваленьне ўсіх палітзьняволеных зьяўляецца перадумовай для паступовага ажыўленьня стасункаў з Эўразьвязам. Разам з нашымі эўрапейскімі партнэрамі мы неаднаразова выказвалі сваё жаданьне разьвіваць добрае і ўсебаковае супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Аднак яно магчымае толькі на базе эўрапейскіх каштоўнасьцяў, на грунце дэмакратыі і прававой дзяржавы.[20]
- Эўракамісар па зьнешняй палітыцы і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр прывітала вызваленьне апазыцыйнага палітыка Аляксандра Казуліна і заявіла, што разьлічвае «на неадкладнае вызваленьне астатніх беларускіх палітвязьняў»[21].
- Францыя, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, 17 жніўня зрабіла заяву, у якой «з задавальненьнем» вітае вызваленьне палітвязьня Аляксандра Казуліна. У заяве зазначаецца, што вызваленьне А.Казуліна — адно з патрабаваньняў Эўразьвязу па пасьпяховым аднаўленьні дыялёгу зь беларускімі ўладамі[22].
- Генэральны сакратар Рады Эўропы Тэры Дэвіс 17 жніўня ў Страсбургу распаўсюдзіў заяву, у якой назваў вызваленьне з турмы Аляксандра Казуліна «добрай навіной».
«Тым ня меней, неабходнасьці ў гэтым магло б і не зьявіцца, бо ад пачатку не было патрэбы зьнявольваць Аляксандра Казуліна на падставе сфальсыфікаваных абвінавачаньняў», — цытуе заяву палітыка прэс-служба Рады Эўропы[23].
- 22 верасьня 2008 году Аляксандар Казулін трапіў у лік трох прэтэндэнтаў на прэмію імя Сахарава [24].
- 23 верасьня 2008 году адбылася сустрэча Аляксандра Казуліна з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам[25]
Папярэднік Фёдар Капуцкі |
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту 1996—2003 |
Наступнік Васіль Стражаў |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Пра прызначэньне А. В. Казуліна намесьнікам Міністра адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь.(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Пра прызначэньне А. В. Казуліна рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта.(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Загад Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі ад 17.11.2003 г. № 519(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ З’езд БСДП(Г): Ляўковіч адабраў уладу ў Казуліна (рас.)
- ^ XII з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Казулін і беларускія «выбары». (анг.)
- ^ Выбары 2006: арышты і затрыманьні.
- ^ Паведамленьне Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэферэндумаў (рас.)
- ^ Навіны выбараў. Беларусь №016
- ^ Навіны і апошнія падзеі 26 сакавіка 2006. Беларусь | Змагаючаяся Беларусь
- ^ А.Казулін патрабуе поўнай рэабілітацыі і 2 мільёны эўра
- ^ Аляксандар Казулін — вязень сумленьня. Міжнародная амністыя. (рас.)
- ^ У Беларусі лідэры апазыцыі разышліся ў поглядах на мэтады барацьбы. (рас.)
- ^ «Наша Ніва»: Казулін на свабодзе.
- ^ Аляксандар Казулін: «Астатнія палітвязьні павінны быць вызваленыя ў найблізкім часе»
- ^ МУС пацьвярджае: Казулін вызвалены на падставе ўказу Лукашэнкі.
- ^ Аўтамабіль Аляксандра Казуліна ўскрылі.
- ^ Аляксандра Казуліна затрымалі па дарозе на пахаваньне цесьця.
- ^ Па стане на 12:40 19 жніўня па беларускім часе бачына не працавала, па паведамленьні Раісы Міхайлоўскай.
- ^ Нямеччына чакае вызваленьня ўсіх палітвязьняў.
- ^ Эўразьвяз разьлічвае «на неадкладнае вызваленьне ўсіх палітвязьняў».
- ^ Францыя «задаволеная» вызваленьнем Казуліна.
- ^ Теры Дэвіс: Вызваленьне Казуліна — добрая навіна, у якой ня мусіла быць неабходнасьці.
- ^ Казулін трапіў у лік трох прэтэндэнтаў на прэмію імя Сахарава
- ^ «Будучая адміністрацыя ЗША будзе ўважліва ставіцца да сытуацыі ў Беларусі»
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйная старонка (копія з web.archive.org) (рас.)
- Профіль на праекце «Хто ёсьць хто ў РБ» (рас.)
- Анлайн-канфэрэнцыя з А. Казуліным (Радыё Свабода, 21.09.2008)
- Анлайн-канфэрэнцыя з А. Казуліным(недаступная спасылка) (Комсомольская Правда, 20.08.2008) (рас.)
- Аляксандар Казулін: «Зьбіць мяне са шляху немагчыма…» (Народная Воля, 15.08.2008) (рас.)
- Анлайн-канфэрэнцыя з А. Казуліным (БелаПАН, 28.02.2008) (рас.)
- Анлайн-канфэрэнцыя з А. Казуліным (Радыё Свабода, 26.02.2008)
- Анлайн-канфэрэнцыя з А. Казуліным (Радыё Свабода, 18.01.2006)
- Янка Грыль. Знята!(недаступная спасылка) (БелГазета, 24.11.2003) (рас.)
|
- Нарадзіліся 25 лістапада
- Нарадзіліся ў 1955 годзе
- Нарадзіліся ў Менску
- Выпускнікі мэханіка-матэматычнага факультэту БДУ
- Узнагароджаныя мэдалём «За працоўныя адзнакі»
- Рэктары БДУ
- Вязьні сумленьня
- Беларускія палітвязьні
- Кандыдаты ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь (2006)
- Беларускія матэматыкі
- Беларускія вязьні сумленьня паводле „Міжнароднай амністыі“