Перайсьці да зьместу

Алесь Пушкін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алесь Пушкін

лац. Aleś Puškin
Дата нараджэньня 6 жніўня 1965(1965-08-06)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 11 ліпеня 2023(2023-07-11)[1] (57 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак маляр, сцэнічны артыст, захавальнік твораў мастацтва, арт-куратар, сцэнограф
Сябра ў Талака і Беларускі саюз мастакоў
Жанры партрэтнае маляваньне[d], пэрформанс і дэкаратыўная размалёўка[d]
Узнагароды

Алесь Пушкін (6 жніўня 1965, Бобр Крупскага раёну Менскай вобласьці — 11 ліпеня 2023 году, Горадня) — беларускі жывапісец-нонканфарміст, тэатральны мастак, пэрформэр, арт-куратар, сябра Беларускага саюза мастакоў, палітычны вязень рэжыму Лукашэнкі.

Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 году ў вёсцы Бобр Крупскага раёна, Менскай вобласьці. Бацька — Мікалай Іванавіч Пушкін. Маці — Ганна Іпалітаўна Пушкіна (дзявочае прозь­вішча — Сільмановіч). Прыкладна з 6-ці гадоў пачаў маляваць. Вучыўся ў мясцовай школе.

У 1978 паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. В. Ахрэмчыка. Вучыўся ў П. П. Шарыпы да 1983, затым паступіў на курс манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.

Па поглядах пацыфіст. У 1984 прызваны ў Савецкую Армію, служыў у Афганістане. У войску вёў дзённік на беларускай мове, апісваючы праўду, пакуль яго не прачытаў і ня выдаў саслужбовец-беларус. Дзёньнік Пушкіна быў прызнаны антысавецкім. У 1986 дэмабілізаваўся і працягнуў вучобу.

Быў жанаты. Жонка Яніна Аляксандраўна. Двое дзяцей — Марыля і Міколка. Ёсьць дзьве пазашлюбныя дачкі — Ганна і Дар’я[2]. На 2020 год Алесь Пушкін, як і раней, жыў у вёсцы Бобр разам з жонкай.

Грамадзкая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Акрамя актыўнай выставачнай дзейнасьці, распачатай у часы перабудовы, Алесь Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэньня. Гэта быў час узьнікненьня ў Беларусі такіх моладзевых гісторыка-культурных арґанізацый, як «Талака», якая займалася рэстаўрацыяй помнікаў, асьветніцкай дзейнасьцю, якая тычыцца адраджэньня беларускай мовы і нацыянальнай сымболікі. У годзе 1988, на 4-м курсе інстытута, Алесь Пушкін арґанізаваў першы гурток Беларускага Народнага Фронту.

У 1988 удзельнічаў у студэнцкім руху. У прыватнасьці, браў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мітынґу памінаньня продкаў у Менску 30 кастрычніка 1988 г., з-за чаго 28 кастрычніка быў арыштаваны на пяць сутак, але неўзабаве прыгавор быў зьменены[3].

Уваходзіў у партыю БНФ (1998—2005).

Алесь Пушкін штогод арґанізуе сьвяткаваньне Купальля ў гарадзкім пасёлку Бобр Крупскага раёну ў ноч з 6 на 7 ліпеня.[4]

Па заканчэньні інстытута атрымаў разьмеркаваньне на працу ў віцебскім Мастацкім камбінаце. З часам, знайшоўшы памяшканьне пад уласную майстэрню, заняўся падрыхтоўкай выставы «Соц-арт. Дэкляратыўнае мастацтва». Выставе папярэднічалі пэрформансы «7 лістапада», «Віцебск за кратамі», «Вясна», «Вольнасьць», «Каханьне». Чарговы маніфэст соц-арту быў прадэкляраваны 25 сакавіка 1991 году, у Дзень Волі, калі Алесь Пушкін зьдзейсьніў наступны пэрформанс: праехаў па Віцебску пад гукі духавога аркестра на асьле, з голубам у руках. Далей голуб быў выпушчаны са словамі: «Ён прынясе нам свабоду!».

Алесь Пушкін у майстэрні, Бобр

23 сакавіка 1993 года ў Віцебску мастак адкрыў адну зь першых у Беларусі прыватных некамэрцыйных ґалерэй сучаснага мастацтва «У Пушкіна», якая праіснавала да 1997 году. Ґалерэя займала плошчу каля 50 метраў і разьмяшчалася недалёка ад музэя Марка Шагала. Пасьля закрыцьця ґалерэі ў 1997 выехаў разам з карцінамі і зборам ґалерэі на радзіму, у мястэчка Бобр.

Таксама Алесь Пушкін афармляў сцэну і быў аўтарам эскізаў касьцюмаў да 7 Міжнароднага фэстывалю сучаснай харэаґрафіі, які праходзіў у Віцебску ў 1994 годзе. Займаўся сцэнаґрафіяй у Беларускім драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Аформіў такія спэктаклі, як «Кароль Лір» У. Шэкспіра (рэжысёр В. Масьлюк, 1993—1994), «Фрокен Юлія» Ю. А. Стрындбэрґа (А. Грышкевіч рэжысёр, 1997) і «Палкоўніку ніхто ня піша» Г. Г. Маркеса (2001).

Паралельна дзейнасьці ў Віцебску ажыцьцяўляў рэстаўрацыю і абнаўленьне храмавых росьпісаў у магілёўскім касьцёле Сьвятога Станіслава (цяпер Сабор Усьпеньня Дзевы Марыі). Некаторыя фрэскі былі выдаленыя па палітычных матывах. Героямі росьпісу выступалі многія вядомыя беларускія палітычныя і царкоўныя дзеячы, у тым ліку Зянон Пазьняк.

У 1996 годзе зрабіў манумэнтальныя росьпісы сьцен праваслаўнай царквы ў роднай вёсцы Бобр, адноўленай пасьля разбурэньня ў 1936 годзе. У гэтай царкве ў жніўні 1997 года Алесь Пушкін абвянчаўся са сваёй жонкай Янінай. Тэматыка росьпісу ў эпізодзе Суднага дня зноў мела палітычную афарбоўку. Па правую руку Хрыста былі намаляваныя праведнікі, па левую — грэшнікі. Анёл трубіў у горн. Асобы мелі падабенства з рэальнымі людзьмі. Пасьля таго, як фрэску паказалі ў тэлепраґраме РТР «Весткі тыдня» ў 2005 годзе, царкоўныя ўлады накіравалі ў Бобр протаярэя Менскай япархіі Мікалая Коржыча, пад наглядам якога скандальная частка росьпісу сьцяны была замазаная. Гэтая драўляная царква, пасьля асьвячэньня яе патрыярхам Філарэтам, згарэла. Адбылося гэта 17 лютага 2011 году. Цяпер царква аднаўляецца ўжо з цэґлы.

У партфоліё Алеся Пушкіна таксама работы ў касьцёле Панны Марыі ў Вішневе, што на Валожыншчыне, у касьцёле арханёла Міхаіла ў Міхалішках Астравецкага раёна, вітражы ў касьцёле сьвятога Яна Хрысьціцеля ў менскай Серабранцы.

У 1990 расьпісваў фае Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя Ахрэмчыка (дыплёмная работа). Накіраваны на працу ў Віцебск.

Аформіў кнігі паэзіі Міраславы Лукшы (Беласток, 1994), Людмілы Сіманёнак (Віцебск, 1997), Славаміра Адамовіча «Плавільшчыкі расы» (нязьдзейсьнена), А. Мельнікава «Выжывае падлейшы».

У дзяржаўнай арґанізацыі «Белрэстаўрацыя» працаваў над росьпісамі Бальнай залі палацу Пуслоўскіх у Косаве. Ягоная ґрупа мастакоў аднаўляе росьпісы, зробленыя ў палацы напачатку XX ст. Фэліксам Журкам[5]. Працаваў над узнаўленьнем палаца Булгакаў у Жылічах[6].

Удзельнічаў у міжнародных выставах (Расея, Нямеччына і інш.), шматлікіх пэрфомансах.

Працы знаходзяцца ў Дзяржаўным мастацкім музэі Беларусі, Гістарычна-архітэктурным музэі Полацка, гарадзкіх музеях Оршы, у прыватных зборах у Беларусі і за мяжой.

25 сакавіка 1991 г. адбылася першая пэрсанальная выстаўка артэфактаў дэкаратыўнага мастацтва (соц-арту) у Віцебску.

25 сакавіка 1992 г. у Менску, у Доме літаратара адбылася другая пэрсанальная выстаўка. 4—23 кастрычніка 1992 г. адбылася пэрсанальная выстаўка ў Магілёве.

26 жніўня 2016 г. у Познані праводзілася выстава «Нацыянальна-радыкальны Алесь Пушкін».[7]

Палітычны перасьлед

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шмат разоў затрымліваўся за ўдзел у палітычных акцыях, адбываў арышты. Першы раз быў асуджаны на 5 сутак у 1988 г. за заклікі прыйсьці на першыя «Дзяды».

25 сакавіка 1989 г., падчас сьвяткаваньня 71-й гадавіны з дня заснаваньня Беларускай Народнай Рэспублікі, Алесь Пушкін ажыцьцявіў першы ў Беларусі маніфэст соц-арту: напісаныя ім 12 плякатаў, супярэчных дзяржаўнай ідэалёґіі, плянавалася пранесьці па галоўным праспэкце Менска да плошчы перад домам ураду. На адным з плякатаў быў намаляваны дзяржаўны сьцяг БССР узору 1951 г. i надпіс «Хопіць сацыялістычнай, адродзім народную Беларусь!». Калёне ўдалося прайсьці толькі ад Тэатральнага інстытута да Дома друку, дзе мастак быў арыштаваны ў ліку астатніх 130 чалавек. Пушкіна асудзілі на 2 гады зьняволеньня ўмоўна зь пяцігадовым выпрабавальным тэрмінам[8]. У той час ён заяўляў «Мару пра Беларусь без жыдоў і камуністаў»[8][9], што было рэзка нэґатыўна ўспрынята значнай часткай жыдоў Беларусі[10]. Пазьней мастак казаў, што марыць пра Беларусь з жыдамі і камуністамі[9].

У 1999 г. Алесь быў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна за акцыю-пэрформанс «Падзяка прэзыдэнту». 21 ліпеня 1999 г., калі скончыўся канстытуцыйны тэрмін праўленьня першага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, Пушкін прыкаціў да пад’езду прэзыдэнцкай адміністрацыі ў цэнтры Менску пафарбаваную ў чырвоны колер тачку гною, на якім ляжалі дэнамінаваныя беларускія грошы і шыльда з падзякай Лукашэнку за працу. Быў адразу затрыманы, не назваў сваё імя, прадставіўся «чалавекам з народу», але празь некалькі гадзін працаўнікі міліцыі самі апазналі яго. Пушкіна выпусьцілі з адзьдзяленьня міліцыі пад падпіску аб нявыезьдзе[11].

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 г. Алеся Пушкіна на 3 дні зьмясьцілі ў СІЗА нібыта за тое, што ў тэлефоннай размове мастак кепска казаў пра тагачаснага старшыню КДБ Сьцяпана Сухарэнку — нібыта пра гэта данесьлі невядомыя «рыбакі». Алеся аштрафавалі і адпусьцілі. У тым жа годзе яго спрабавалі асудзіць па абвінавачваньні ў абліваньні чорнай фарбай помніка «сьмершаўцу», Герою Савецкага Саюзу Чабатарову. Але справа была адпраўленая на дадатковае расьследаваньне і закрытая.

9 сьнежня 2010 г., за 10 дзён да разгону акцыі пратэсту ў Менску, Пушкін быў затрыманы ў сябе дома і абвінавачаны ў хуліґанстве. Пад вартай у Крупскім СІЗА абвясьціў галадоўку і «маўчанку». Затрыманьне аказалася прэвэнтыўным. Каб палітычна актыўны мастак не арґанізаваў акцыю пратэсту, яму далі 13 сутак і пасьля іх вызвалілі.

У 2019 годзе Суд Крупскага раёну прызнаў Алеся Пушкіна вінаватым у правядзеньні несанкцыянаванай акцыі 6 чэрвеня на ґанку крамы «Эўрагандаль». Сам мастак лічыць свае дзеяньні мастацкім пэрформансам. Судзьдзя аштрафаваў яго за несанкцыянаваную акцыю і за шкоду міліцыянэру[12].

26 сакавіка 2021 году Ґенэральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу супраць Алеся Пушкіна праз тое, што на выставе ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцьця дэманстраваўся партрэт антысавецкага падпольніка Аўгена Жыхара аўтарства мастака. Пракуроры ўбачылі ў гэтым «рэгабілітацыю нацызму». Алесь Пушкін даведаўся пра крыміналку, але не адмяніў вылет з Украіны, дзе ў яго была выстава, і вечарам таго ж дня вярнуўся ў Беларусь. Уначы спэцназаўцы правялі вобшук у яго майстэрні. 29 сакавіка Алесь Пушкін быў звольнены з «Белрэстаўрацыі», дзе на той час працаваў[13]. На наступны дзень ён быў затрыманы і зьняволены[14]. 6 красавіка сумеснай заявай васьмі арґанізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтар, быў прызнаны палітычным зьняволеным[15]. 30 красавіка 2021 году шэфства над палітвязьнем узяла Каміля Гансэн, дэпутатка Рыксдаґу[16][17]. 30 сакавіка 2022 году Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі на «рэгабілітацыю нацызму».[18]

Ляўрэат другой Нацыянальнай прэміі «Хартыя’97» у галіне абароны правоў чалавека ў намінацыі «За сьмеласьць у мастацтве» (1999)[19]. Узнагароджаны мэдалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (2019)[20].

Алесь Пушкін памёр у шпіталі ў калёніі ў ноч на 11 ліпеня 2023 году[21]. Ягонае сэрца спынілася падчас апэрацыі. У калёніі мастака моцна прэсавалі, у тым ліку за беларускую мову.

  1. ^ а б https://wiadomosci.gazeta.pl/wiadomosci/7,114881,29961995,nie-zyje-bialoruski-wiezien-polityczny-zmarl-w-szpitalu-w.html
  2. ^ https://web.archive.org/web/20210805133837/http://papa-news.ru/ales-pushkin-papa-moj-v-vojnu-sluzhil-v-policii/ Алесь Пушкин: «Папа мой в войну служил в полиции»
  3. ^ Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 968. — Воп. 1. — Спр. 2327. — Арк. 22-23
  4. ^ http://naviny.by/rubrics/society/2016/07/07/ic_media_photo_116_7488(недаступная спасылка) В погоне за венком: народное Купалье Алеся Пушкина
  5. ^ svaboda.org
  6. ^ nn.by
  7. ^ https://novychas.by/kultura/ales-puszkin-nam-patrebna-nezaleznasc Алесь Пушкін: Нам патрэбна незалежнасць
  8. ^ а б http://www.idiot.vitebsk.net/i40/push.htm
  9. ^ а б https://nashaniva.by/?c=ar&i=93565
  10. ^ http://belisrael.info/?p=15350
  11. ^ Навіны 21 ліпеня 1999 г. // Радыё Свабода
  12. ^ svaboda.org
  13. ^ nn.by
  14. ^ nn.by
  15. ^ Мастака Алеся Пушкіна прызналі палітвязнем (бел.). Польскае радыё (2021-04-06). Праверана 2021-08-06 г. Архіўная копія ад 2021-08-06 г.
  16. ^ Members of Parliament from Sweden and Ireland take over godparenthood for Aliaksandr Tseleshman, Ales Pushkin and Artsiom Miadzvedski (анг.). Libereco – Partnership for Human Rights (2021-04-30). Праверана 2021-09-14 г. Архіўная копія ад 2021-07-20 г.
  17. ^ Jakop Dalunde; Camilla Hansén. (2021-06-10) Säg deras namn (швэд.). ETC(de)Праверана 2021-09-14 г. Архіўная копія ад 2021-09-14 г.
  18. ^ https://svaboda.global.ssl.fastly.net/a/31777746.html
  19. ^ https://web.archive.org/web/20210805133837/http://zbor.kalektar.org/11/ Алесь Пушкин: акция «Подарок президенту „За пятилетний плодотворный труд!“», 1999
  20. ^ Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100
  21. ^ https://web.archive.org/web/20240406134110/https://d23hp1nfjo1ppq.cloudfront.net/a/32498920.html
  • Palitviazni.info — 2013. — С. 216—217.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]