Язэп Германовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Язэп Германовіч
Род дзейнасьці Каталіцкі сьвятар бізантыйскага абраду, багаслоў, пісьменьнік, публіцыст
Дата нараджэньня 4 сакавіка 1890(1890-03-04)
Месца нараджэньня Гальшаны, Ашмянскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 26 сьнежня 1976(1976-12-26) (86 гадоў)
Месца сьмерці Лёндан, Вялікабрытанія

Язэп Германовіч (літаратурны псэўданім — Вінцук Адважны; 4 сакавіка 1890, Гальшаны — 26 сьнежня 1978, Лёндан) — каталіцкі сьвятар-марыянін лацінскага і бізантыйскага абраду, пісьменьнік, паэт і публіцыст.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Язэп, сын Станіслава Германовіч нарадзіўся ў мястэчку Гальшаны Ашмянскага павету Віленскай губэрні ў рыма-каталіцкай сям’і. Навучаўся ў Гальшанскай пачатковай і Ашмянскай гарадзкой школах.

У 1913 годзе скончыў Віленскую духоўную каталіцкую сэмінарыю. 29 чэрвеня 1913 году высьвечаны на сьвятара. У першыя гады свайго сьвятарскага служэньня працаваў у розных парафіях Беластоцкага дэканату.

У 1921 годзе ўступіў у Таварыства беларускай школы; арганізаваў адну зь беларускіх школ, у касьцёле прамаўляў па-беларуску. Гэта выклікала незадаволенасьць герархаў, і Язэп Германовіч вымушаны быў пераехаць у Друю, дзе ў 1924 годзе ўступіў у Ордэн марыянаў. У Друі быў пробашчам рыма-каталіцкай парафіі, адначасова выкладаў Закон Божы й лацінскую мову ў мясцовай гімназіі.

Празаічныя й паэтычныя творы Вінцука Адважнага (творчы псэўданім сьвятара Язэпа Германовіча) рэгулярна зьяўляліся на старонках пэрыядычнага друку («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»).

З 1932 году ён на місіянэрскай працы ў Харбіне (Кітай), дзе таксама быў дырэктарам гімназіі.

У 1936 годзе вярнуўся ў Вільню, кіраваў Беларускім марыянскім домам студэнтаў. У 1938 годзе дэпартаваны разам зь іншымі беларускімі марыянамі ў Цэнтральную Польшчу, пасьля чаго ён зноў выехаў у Харбін.

У 1948 годзе арыштаваны кітайскай паліцыяй і перададзены савецкім органам бясьпекі. Быў прысуджаны да 25 гадоў прымусовых работ у лягерах. Знаходзіўся ў зьняволеньні ў Сыбіры. Пасьля сьмерці Сталіна вызвалены.

Выехаў у Польшчу, а ў 1959 годзе ў Італію, затым у Вялікабрытанію. Пра сваё знаходжаньне ў лягерах напісаў успаміны «Кітай — Сыбір — Масква», што былі апублікаваныя на беларускай, італьянскай, польскай і летувіскай мовах. У эміграцыі рэдагаваў часапіс «Божым шляхам».

Памёр у 1978 годзе ў Лёндане.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вінцук Адважны — Байкі (1973, Лёндан)
  • «Як Казюк сабраўся да споведзі», Вільня, 1928.
  • «Казюковае жанімства», Вільня, 1929.
  • «Як Гануля зьбіралася ў Аргентыну», Вільня, 1930.
  • «Адам і Анелька», Вільня, 1931.
  • «Канёк-Гарбунок» (паводле Яршова), Вільня, 1932.
  • «Бэтлейка», Вільня, 1932.
  • «Унія на Палесьсі», Альберцін, 1932.
  • «Беларускія цымбалы», Вільня, 1933.
  • «Казка аб рыбаку і рыбцы», Вільня, 1935.
  • «Хлапец», Вільня, 1935.
  • «Гануліны клопаты», Вільня, 1935.
  • «Кітай-Сібір-Масква» (успаміны), Мюнхэн, 1962.
  • «Пакутныя псальмы» (пераклад вершам), Рым, 1964.
  • «Князь і лапаць. Сучасная казка», Лёндан, 1964.
  • «Байкі і іншыя вершы», Лёндан, 1973.
  • «Кітай-Сібір-Масква. Успаміны». — Менск-СПб, Неўскі Прасьцяг, 2003. ISBN 5-94716-033-1.
  • «Унія на Палесьсі». — Берасьце, 2004. — Серыя: Бібліятэка Старога Гораду.
  • «Як Казюк сабраўся да споведзі», Менск, 2011.
  • «Выбраныя творы». — Менск: Кнігазбор, 2011. — 592 с. — («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / уклад.: Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999; ISBN 985-6318-65-3
  • Ласкоў І. Шлях пакутніка: Па старонках адной малавядомай кнігі // ЛіМ, 9.2.1990;
  • Сачанка Б. Сняцца сны… С. 12—14
  • Станкевіч А. Аб жыцці і творчасці В. А. (Вінцука Адважнага) // W.A. Biełaruskija Cymbały. Wilnia, 1933
  • Туронак Ю. Язэп Германовіч — святар і пісьменнік // Наша вера. № 1(2). 1996
  • Юрэвіч Л. Літаратурная спадчына: новы погляд // Беларус (Нью-Ёрк). 1997. Жнівень
  • * Горны Алесь. Думкі ўслых (з нагоды выдання збору твораў Вінцука Адважнага) // Наша слова. 2011. № 38.
  • Vytautas Žeimantas. “Juozapas Hermanovičius – kunigas, rašytojas, NKVD kankinys“, „Voruta“, 2010, gruod. 23, nr. 24 (714) (на литовском языке)
  • Уладзiмер Калупаеý. Беларускiя мiсiянэры ý Кiтаi // Запiсы 37. New York - Miensk: Беларускi iнстытут навукi й мастацтва, 2014. с. 645 - 650.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Мартыралёг Беларусі.