Перайсьці да зьместу

Альгерд Бульба

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Вітаўт Чыж»)
Альгерд Бульба
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Вітаўт Станіслававіч Чыж
Псэўданімы Ян Еленскі, Ян Яленьскі, Гідальго, Чыжук Ашмянскі
Нарадзіўся 1884(1884)
фальварак Антонішкі, Ашмянскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя, цяпер — Астравецкі раён, Гарадзенская вобласьць
Памёр 1939(1939)
Вільня, Летува
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, крытык, публіцыст
Кірунак паэзія, драматургія
Мова беларуская

Альгерд Бульба (сапраўднае імя Вітаўт Станіслававіч Чыж; 1884 год, фальварак Антонішкі, Ашмянскі павет, Віленская губэрня — 1939 год, Вільня, Летува) — беларускі грамадзкі дзеяч, этнограф, крытык і публіцыст.

Сярэднюю адукацыю атрымаў у гімназіі ў Варшаве. У сьнежні 1905 году за агітацыю супраць царызму на Ашмяншчыне арыштаваны і аддадзены пад суд. Улетку 1906 году ўцёк у Галіцыю. Скончыў Львоўскі політэхнічны інстытут (1910). Пасьля вяртаньня ў Вільню ўваходзіў у 1908—1911 гадах у склад рэдакцыі газэты «Наша Ніва». Пэўны час быў актывістам эвангельскай царквы, займаўся бізнэсам. У 1920-я гады быў чыноўнікам Віленскай польскай адміністрацыі. З 1928 году — віцэ-прэзыдэнт Вільні.[1].

Аўтар рэцэнзіяў, алегарычных апавяданьняў, артыкулаў па пытаньнях беларускага музычнага жыцьця. Друкаваўся пад псэўданімамі ў газэце «Наша Ніва». З 1911 году друкаваўся ў польскіх выданьнях. Рэцэнзаваў зборнік «Песні-жальбы» Я. Коласа. Пісаў пра грамадзка-сацыяльныя погляды В. Дунін-Марцінкевіча, яго ролю ў гісторыі беларускае літаратуры, пра паэзію Т. Шаўчэнкі. Аўтар публікацыяў пра пастаноўкі Беларускага музычна-драматычнага гуртка, «Беларускую сюіту» Л. Рагоўскага, этнаграфічныя артыкулы пра народныя рамёствы, адзеньне. Пераклаў на беларускую мову творы М. Ляскова, Р. Данілеўскага, Л.Андрэева і інш.[1]

Альгерд Бульба і Янка Купала

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Альгерд Бульба быў аўтарам першае рэцэнзыі на другі зборнік паэзіі Я. Купалы «Гусьляр» (1910). У гэтай рэцэнзыі, надрукаванай у газэце «Наша Ніва» 21 кастрычніка 1910 году, А. Бульба адзначае ў творах Купалы вялікае багацьце фантазіі, формаў, настрояў, здольнасьць гарманічна зьліць у адным вершы думку і пачуцьцё, здабыць «тон родны», «асобны беларускі матыў» зь любой праявы сучаснага жыцьця, з успамінаў і фактаў гісторыі. А. Бульба выказаў глыбока аптымістычную веру ў вялікую будучыню Купалы як нацыянальнага паэта:

« Ва ўласных самабытных творах Купала не мае роўных сабе… Веру, што далейшай самабытнай творчай працай Янка Купала зойме ў нас адно з першых месц…[2] »

—Альгерд Бульба

  • З газет / Газэта «Наша Ніва». — 16 верасьня 1910.
  • Янка Купала «Гусьляр» / Газэта «Наша Ніва». — 21 кастрычніка 1910.
  • Адказ пану З.Пяткевічу / Газэта «Наша Ніва». — 11 лістапада 1910.
  • Беларуская народная песня і мелодыі ў новых музыкальных творах / Газэта «Наша Ніва». — 2 сьнежня 1910.
  • Колькі слоў аб дзявочай апратцы на Беларусі. Вільня, 1911.
  • Беларуская энцыклапедыя. Т. 3. — Мн., 1996.
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Бульба Альгерд» / Аўтар — І. Саламевіч. — C. 96—97.
  • Беларускія пісьменнікі : біяграф. слоўн. Т. 1. — Мн., 1992.
  • Беларуская літаратура ХІХ- пачатку ХХ ст.: Хрэстаматыя крытычных матэрыялаў / Скл. С. Х. Александровіч, Б. С. Александровіч. — Мн., 1978. — C. 241—246.
  • Смалянчук, А. Краёвец Антон Луцкевіч / А. Смалянчук // Гістарычны Альманах. 1998. Т. 1. — С. 33.
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 1. — Мн., 1984.
  1. ^ а б Чыж Вітаўт Станіслававіч Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991 Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  2. ^ Альгерд Бульба. Янка Купала «Гусьляр». / Газэта «Наша Ніва». — 21 кастрычніка 1910 году.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]