Ахова здароўя
Ахова здароўя — захады дзеля захаваньня здароўя асобы і насельніцтва з боку грамадзкіх установаў і дзяржавы.
Скіраваная на забесьпячэньне належнага стану асяродзьдзя пражываньня чалавека і стварэньне спрыяльных умоваў адпачынку, побыту і працы для чыннага даўгалецьця, на своечасовае аказаньне паўнавартаснай лекарскай дапамогі хворым, папярэджаньне ўзьнікненьня і пашырэньня хваробаў сярод насельніцтва. Улучае заканадаўчыя, грамадзянскія, грамадзка-гаспадарчыя, культурна-асьветныя, навуковыя, лекарскія, санітарна-гігіенічныя, папераджальна-нарматыўныя і кадравыя захады. Уплывае на грамадзкі і гаспадарчы дабрабыт насельніцтва, вынікі вытворчай дзейнасьці, стан і якасьць народанасельніцтва. Узровень разьвіцьця залежыць ад гаспадарчых дачыненьняў у грамадзтве, дзяржаўнай будовы і палітыкі. У разьвітых краінах спалучае мэдычнае страхаваньне, грамадзкае забесьпячэньне і дзяржаўную дапамогу з наглядам. Крыніцы фінансаваньня ўтвараюцца з дабрачынных ахвяраваньняў, страхавых унёскаў насельніцтва, адлічэньняў ад даходаў прадпрымальнікаў і дзяржаўнага бюджэту. Складаецца са службаў кіраваньня і падрыхтоўкі кадраў, навуковага забесьпячэньня і аказаньня лекава-папераджальнай дапамогі насельніцтву, а таксама з установаў санітарна-эпідэміялягічнага абслугоўваньня, фармацэўтычнай вытворчасьці і забесьпячэньня насельнцітва лекамі і папераджальнымі вырабамі, будаўніцтва і аснашчэньня лякарняў матэрыяламі, абсталяваньнем і прыладамі[1].
Віды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да відаў аховы здароўя паводле прызначэньня належаць: безадкладнае і хуткае лекаваньне, лекарска-санітарнае абслугоўваньне, аднаўленьне небясьпечных для грамадзтва хворых, даваньне і перасадка органаў і тканак, санітарна-курортнае лячэньне, лекарская ацэнка і парада[1].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноўнымі прынцыпамі дзяржаўнай аховы здароўя ў Беларусі служаць даступнасьць кваліфікаванай лекарскай дапамогі і лекавага забесьпячэньня насельніцтва, папераджальная накіраванасьць, пераважнае і льготнае лекаваньне дзяцей, маламаёмных і матуляў зьнявечаных дзяцей, а таксама паднагляднасьць усіх лекараў і лякарняў Міністэрству аховы здароўя Беларусі, адказнасьць, гаспадарчая зацікаўленасьць і роўныя магчымасьці ў забесьпячэньні належнага стану здароўя, удзел грамадзянаў і грамадзкіх аб’яднаньняў у ахове здароўя. На пачатак 1994 году ў Беларусі налічвалася 5800 амбуляторыяў і паліклінік, звыш 200 станцыяў безадкладнага і хуткага лекаваньня, каля 840 лякарняў, звыш 230 зубапратэзных майстэрняў, 4 лекарскія ВНУ, 18 мэдычных вучэльняў, інстытут удасканаленьня лекараў і інстытут павышэньня кваліфікацыі фармацэўтычных і мэдычных працаўнікоў сярэдняга зьвяна, каля 150 асяродкаў гігіены і эпідэміялёгіі, 1200 аптэк і 60 здраўніцаў, звыш 40 000 лекараў і каля 110 000 мэдсясьцёр і фэльчараў[1].
На 2021 год у Беларусі налічвалася 1388 амбуляторыяў і паліклінік, а таксама 582 лякарні. За 2021 год лекаркі і лекары Беларусі зладзілі 111,4 млн амбуляторных прыёмаў і выездаў на дом. У краіне налічвалася 41 700 лекараў-практыкаў і 112 500 мэдсясьцёр і фэльчараў. Забясьпечанасьць насельніцтва Беларусі мэдычнымі працаўнікамі склала 45,1 лекараў-практыкаў і 121,6 сярэдніх мэдпрацаўнікоў на 10 000 жыхароў[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Эдуард Вальчук. Ахова здароўя // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 2. — С. 150. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
- ^ Ахова здароўя Беларусі: колькасныя паказчыкі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 11 красавіка 2022 г. Праверана 10 чэрвеня 2022 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |