Фартыфікацыя
Фартыфіка́цыя — ваенныя збудаваньні ці канструкцыі, створаныя людзьмі для абароны пад час вайсковай пагрозы. Чалавецтва стварала абарончыя збудаваньні на працягу многіх тысячаў гадоў, формы й памеры якіх вар’яваліся вельмі значна, ад простых сьценаў да вельмі складаных абарончых комплексаў. Сам тэрмін фартыфікацыя паходзіць з лацінскай мовы: fortis («умацаваньне») і facere («рабіць»).
Разнавіднасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для беларусаў найбольш вядомым відам фартыфікацыйнага збудаваньня зьяўляецца замак. У шырокім сэнсе замкамі называюць мала- й сярэднемаштабныя абрончыя збудаваньні з раньняга сярэднявечча, і ажно да XVIII ст., ад невялікай умацаванай сядзібы да буйнога ўмацаванага места. У вузкім значэньні панятак замак на Беларусі адпавядае параўнальна невялікім прыватнаўласьніцкім абарончым умацаваньням позьняга сярэднявечча й раньняга новага часу. Для раньняга й высокага сярэднявечча да малых і сярэдніх умацаваных паселішчаў на Беларусі больш правільна ўжываць панятак грод, ці гарадзішча (у апошнім выпадку калі маецца на ўвазе толькі архэалягічна дасьледуемае паселішча).
З пачаткам новага часу й імклівым паляпшэньнем вагняпальнай зброі ўзьнікаюць так званыя бастыённыя замкі, якія па сваім сацыяльна-эканамічным характары тоесныя замкам, аднак маюць зусім іншы прынцып абароны. Адначасова мадэрнізуюцца гарадзкія ўмацаваньні, вакол стратэгічна важных гарадоў і мястэчак ствараюцца вялікія комплексы абарончых умацаваньняў — фартэцыі. У Новы час узьнікаюць таксама параўнаўчы невялікія й з большага дапаможныя ўмацаваньні — форты й шанцы.
Панятак фартыфікацыя тоесны як самому слову абарона, так і абарончым збудаваньням. Сьцены гораду, прыкладам зьяўляюцца элемэнтам фартыфікацыі, аднак не абавязкова могуць быць часткай фартэцыі. Мастацтва пабудовы абарончых лягераў, асобных абарончых умацаваньяў звонку ад вялікіх умацаваных цэнтраў, а таксама сплянаваных гарадоў-кастэляў сягае ў часы Рымскай імпэрыі. Пэўнае дачыненьне да фартыфікацыі мае мастацтва аблогі й узяцьця абарончых/фартыфікацыйных збудаваньняў паліяркетыка (па-ангельску: poliorcetics).
Фартыфікацыя звычайна падзяляецца на дзьве галіны, а менавіта на пастаянную й палявую фартыфікацыю. Пастаянныя ўмацаваньні будуюцца ў вялікі прамежак часу з выкарыстаньнем вялікае колькасьці рэсурсаў і ўсяго запасу канструктыўных і мэханічных навыкаў, што робіць магчымым узьвядзеньне трывалых умацаваньняў. Палявая фартыфікацыя ўзводзіцца войскамі непасрэдна ў месцах вайсковых дзеяньняў, часьцей за ўсё адкрытых прасторах у даволі простых формах, людзьмі бяз навыкаў будаўніцтва й з дапамогай найбольш даступных сродкаў і рэсурсаў (найперш зямлі й дрэва). Таксама існуе прамежкавая галіна між часовай і пастаяннай фартыфікацыяй, калі часова збудаваныя ўмацаваньні па сканчэньні вайсковых кампаніяў мяняюць свае функцыі й служаць для абароны навакольнае мясцовасьці. У выніку працяглага выкарыстаньня яны могуць неаднаразова паляпшацца.
Прыклады абарончых збудаваньняў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Земляныя валы з навальнымі канструкцыямі й нутрывальнымі субканструкцыямі
- Равы (сухія й абводненыя)
- Сьцены (драўляныя, мураваныя й камбінаваныя)
- Вежы з абламамі, байніцамі й машыкулямі
- Бастэі
- Брамы з герсамі й пад’ёмнымі мастамі-ўзводамі
- Барбаканы
- Бастыёны
- Равэліны
- Замкі ды інш.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- М. А. Ткачоў. Абарончыя збудаванні // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 9.