Куцеінскі Богаяўленскі манастыр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Помнік сакральнай архітэктуры
Манастыр Божага Яўленьня
Куцеінскі Богаяўленскі манастыр
Куцеінскі Богаяўленскі манастыр
Краіна Беларусь
Места Ворша
Каардынаты 54°29′30″ пн. ш. 30°24′48″ у. д. / 54.49167° пн. ш. 30.41333° у. д. / 54.49167; 30.41333Каардынаты: 54°29′30″ пн. ш. 30°24′48″ у. д. / 54.49167° пн. ш. 30.41333° у. д. / 54.49167; 30.41333
Архітэктурны стыль магілёўскае барока
Стан Ахоўная зона
Манастыр Божага Яўленьня на мапе Беларусі
Манастыр Божага Яўленьня
Манастыр Божага Яўленьня
Манастыр Божага Яўленьня
Commons-logo.svg Манастыр Божага Яўленьня на Вікісховішчы

Манастыр Божага Яўленьня — помнік архітэктуры XVII ст. у Воршы. Знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне места, у прадмесьці Куцейне. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры магілёўскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Куцеінскі Богаяўленскі манастыр — адзін з найбольшых культурна-асьветніцкіх цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага, цэнтар кірылічнага кнігадрукаваньня XVII ст. Комплекс складаўся з саборнай царквы Божага Яўленьня (1635), Духаўскай царквы (з 1762 году — Траецкай), званіцы, жылых і гаспадарчых пабудоваў ува ўсходняй частцы. Комплекс атачала агароджа-аркатура з бутавага каменю і цэглы вышынёй да 2,5 м. Да нашага часу захаваліся Траецкая царква, манастырскі будынак, частка сьцяны.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1620 годзе Патрыярх Ерусалімскі Феафан II выдаў грамату на будаваньне Богаяўленскага мужчынскага манастыра ў Воршы. Гэтаму паспрыяў аўтарытэт Багдана Статкевіча. Манастыр разьмясьціўся непадалёк ад вёскі Сьвісьцёлкаў (з гэтай прычыны ў некаторых гістарычных дакумэнтах ён часам упамінаецца як Сьвісьцёльскі[1]), у сутоках Дняпра і Куцеінкі. Афіцыйны дазвол на будаваньне выдалі ў 1623 годзе ў Варшаве.

Будаваньне манастыра пачалося ў 1623 годзе з фундацыі амсьціслаўскага падкаморага Б. Статкевіча і ягонай жонкі А. Саламярэцкай паводле хадайніцтва магілёўскага праваслаўнага брацтва. У 1626 годзе манастыр асьвяціў кіеўскі мітрапаліт Пётар Магіла. Заснаваньне манастыра адмоўна сустрэў кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза.

Манастыр падпарадкоўваўся мітрапаліту кіеўскаму і патрыярху канстантынопальскаму і меў уладаньні ў Магілёве. Яму ў сваю чаргу падпараковаўліся прыпісныя Лукомскі, Мёрскі і іншыя мужчынскія і жаночыя манастыры. Пры манастыры існавалі шпіталь, брацкая школа і друкарня, заснаваная ў 1630 годзе асьветнікам Сьпірыдонам Собалем, аптэка, з 1874 году — царкоўна-манастырская аднаклясная вучэльня.

У пачатку свайго існаваньня манастыр называўся ляўрай і, паводле патрыярха маскоўскага Нікана, зьяўляўся «галавой» праваслаўнага жыцьця на Беларусі: «Слышав Святейший Патриарх, яко близ славнаго града Орши, еже бысть, глава и начало общему житию, во всей Белой России и Литве созданная обитель, или рощи Лавра великая Святы Богоявления Господня, завомо Кутейно…».

У 1695 годзе езуіты адабралі ў архімандрыі Мёрскі мужчынскі манастыр, а ў 1715 годзе князь Лукомскі адабраў і Лукомскі мужчынскі манастыр.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Траецкая царква па перабудове. Д. Струкаў, 1860-я

Па падзелах Рэчы Паспалітай зь пераходам сакральных аб’ектаў у валоданьне Расейскага Сыноду Куцеінскі манастыр у 1774 годзе перавялі ў трэцюю клясу.

Манастыр значна пацярпеў ад Напалеонаўскай арміі ў 1812 годзе. У 1842 годзе яго пакінулі за штатам і прыпісалі да Пакроўскага манастыра ў Воршы. У гэты час манастыр набыў назву Замескага. У пачатку XX ст. з прыездам з Кіева новага ігумена Валянціна манастыр стаў «общежительным, с уставом Киевского Свято-Троицкого (Ионина) монастыря». У гэты час манастырскае брацтва налічвала 60 чалавек.

У 1889—1890 гадох над паўночнай брамай агароджы замест драўлянай вежы-званіцы збудавалі мураваную. У 1888 годзе згарэла драўляная саборная царква Божага Яўленьня, збудаваная ў 1623—1635 гадох[2].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па 1917 годзе савецкія ўлады ліквідавалі манастыр, будынкі выкарыстоўваліся пад жыльлё і ў гаспадарчых мэтах.

У 1990 годзе манастырскі комплекс перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату, у 1992 годзе манастыр аднавіў сваю дзейнасьць.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Богаяўленская царква[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Саборная царква Божага Яўленьня — 4-зрубны крыжова-купальны храм, накрыты гонтай, з 1880 году — бляхай. Тры зрубы былі 5-граннымі, заходні прастакутны ў пляне, накрытыя шматсхільнымі дахамі з купаламі-банямі ў месцы схілаў. Над сяродкрыжжам узвышаўся сьветлавы васьмярык з гранёным купалам. Пры ўваходзе ў была адкрытая галерэя.

У інтэр'еры ў 1639 годзе зрабілі 38 насьценных размалёвак. У 1778 годзе падрыхтавалі і зацьвердзілі ў кансысторыі праект рэканструкцыі царквы.

Траецкая царква[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царва Сьвятой Тройцы (Сьвятога Духа) — прастакутны ў пляне аб’ём, да якога восьсю ўсход — захад прылягаюць 5-гранная апсыда і квадратная ў пляне 2-ярусная вежа-званіца, з паўднёвага боку — невялікая рызьніца. Сьцены падзяляюцца пілястрамі, ляпнымі абрамленьнямі аконных праёмаў, роўнымі аркавымі нішамі і завяршаюцца разьвітым прафіляваным карнізам.

У канцы XVIII ст. зьявілася драўлянае перакрыцьце, якое падзяліла царкву на два ярусы: унізе быў прастол у імя Раства Багародзіцы, наверсе — сьвятога Апостала Андрэя Першазванага. У другой палове XIX ст. перакрыцьце дэмантавалі ў выніку рэканструкцыі, у 1870 годзе сьпічасты дах замянілі на вальмавы (крыты бляхай) з купалам на барабане, у 1885 годзе царкву ўпрыгожылі перадалтарным плафонам і новым іканастасам. 6-ярусны разны іканастас і фрэскі работы майстра Рыгора не захаваліся.

Манастырскі корпус[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Манастырскі корпус — 2-павярховы будынак, які складаецца з былой духоўнай вучэльні зь вялікай трапезнай і ўсходняга крыла галерэйнага тыпу з жылымі памяшканьнямі (кельлі).

У аўтэнтычным выглядзе захаваліся толькі мураваная тарцовая сьцяна з плоскімі паўцыркульнымі нішамі). Першапачатковы дэкор XVII ст. (рэшткі фігурных паліхромных франтонаў) захаваўся на абодвух тарцах корпуса.

Іншыя пабудовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Званіца-брама, паводле апісаньня 1812 году была драўляная з падвойнымі варотамі. На званіцы было чатыры званы. Непадалёк ад мураванай царквы стаяў драўляны флігель, у якім разьмяшчаліся чатыры кельлі, сені і камора. Да драўлянага флігеля далучащся мураваны будынак, падзелены дваімі сенямі на тры часткі. У першай частцы знаходзіліся тры кельлі, у другой — памяшканьні ігумена (чатыры пакоі і прадпакой), сьвіран, каморы, пякарня, за другімі сенямі знаходзіліся трапезная і кухня. Побач з агароджай стаялі два мураваныя сьвірны, некалькі драўляных і мураваная вазоўня.

У мураванай агароджы існавалі дзьве брамы. Пры браме з боку Дняпра былі мураваная кузьня і лазьня. Пазьней, у канцы XIX ст., зьявіліся брамы ў заходняй і ўсходняй манастырскіх мурах. Брама з усходняга боку вяла на гаспадарчы двор манастыра, які знаходзіўся асобна.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя выявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасны стан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кутеинская лавра. газ. «Телеком-экспресс» (2009-05-12). Праверана 2012-06-12 г. Архіўная копія ад 2012-06-28 г.
  2. ^ Габрусь Т. Аршанскі Богаяўленскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 173

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  212Г000121
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
  • Гісторыя беларускага мастацтва: у 6 т. Т. 2:Другая палова XVI- XVIII ст. / Рэдкал.: С. В.Марцэляў (гал. рэд.) і інш. Рэд. тома Сахута Я. М.. — Мінск: Навука і тэхніка, 1988. — Т. 2. — С. 6, 37, 38, 60, 63, 65-67, 69, 76, 166, 167, 178, 287, 291, 372. — 384 с. — 2740 ас. — ISBN 5-343-00342-7.
  • Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
  • Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік — Мн.: БелЭн, 2001.— 368 с.: іл. ISBN 985-11-0220-2.