Перайсьці да зьместу

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Таварыства беларускай мовы»)
Таварыства беларускай мовы
лац. Tavarystva biełaruskaj movy
Абрэвіятура ТБМ
Дата ўтварэньня 27 чэрвеня 1989 (35 гадоў таму)
Тып асьветнае
Юрыдычны статус грамадзкае аб’яднаньне
Мэта адраджэньне беларускай мовы
Штаб-кватэра Менск, вул Румянцава, д. 13
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы беларуская
Старшыня Алена Анісім
Асноўныя асобы Уладзімер Аляксеевіч Арлоў, Радзім Гарэцкі[1]
Кіроўны орган Рада
Зьвязаныя кампаніі Газэты «Наша слова», «Новы час», часопіс «Верасень»
Колькасьць валянтэраў звыш 6000 (2022)[1]
Сайт tavarystva.by

Тава́рыства белару́скай мо́вы імя Франці́шка Скары́ны (ТБМ) — беларускае грамадзкае аб’яднаньне, што займаецца культурна-асьветніцкай дзейнасьцю ў галіне адраджэньня беларускай мовы.

Сябрамі ТБМ заснаваныя некалькі рэгіянальных беларускамоўных выданьняў. Таварыства рэгулярна праводзіць кампаніі па беларусізацыі грамадзкага жыцьця, напрыклад, увядзеньня абвестак на беларускай мове ў грамадзкім транспарце, заахвочваньне прадпрымальнікаў падаваць на пакунках апісаньне прадукцыі на беларускай мове. Зьяўляецца пасьлядоўным абаронцам сярэдняй і вышэйшай адукацыі на беларускай мове. Старшыня таварыства — Алена Анісім.

8 лістапада 2021 году таварыства было юрыдычна скасаванае, аднак яно працягнула сваю дзейнасьць[2]. На 2022 год Таварыства налічвала каля 450 мясцовых суполак у складзе 41 гарадзкой і раённай арганізацыі, аб’яднаных у 6 абласных юрыдычных асобаў[1]. Пры гэтым суполкі дзейнічалі ў 25 гарадах Беларусі, у тым ліку ва ўсіх 6 абласных цэнтрах краіны, а таксама ў 5 гарадах 3-х суседніх краінаў — у Латвіі (Рыга), Летуве (Вільня) і Расеі (Іркуцк, Масква і Санкт-Пецярбург)[3].

Паводле Статуту мае наступныя задачы:

Спосабы дзейнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
4-я старшыня ТБМ Алена Анісім

Таварыства ажыцьцяўляе наступную дзейнасьць:

  • Зьезд. Склікаецца аднойчы на тры гады. Ухваляе Статут ды абірае Раду, Рэвізійную камісію і кіраўніка выданьня.
  • Рада. Зьбіраецца прынамсі двойчы на год. Абірае Сакратарыят ды ўхваляе пастановы аб распараджэньні маёмасьцю ды колькасьці й тэрмінах платы складак.
  • Сакратарыят. Зьбіраецца прынамсі аднойчы на месяц. Вядзе ўлік суполак, прыём сябраў ды выконвае пастановы Зьезда й Рады[4].
1-ы старшыня ТБМ Ніл Гілевіч

Зь ініцыятываю аб стварэньні ТБМ у 1989 годзе выступілі: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа ды Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навукаў, Беларускі фонд культуры, Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па друку, Таварыства «Радзіма», Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, Белтэлерадыёкампанія[5]. З таго часу арганізацыя сталася галоўным асяродзьдзем абароны правоў беларускамоўных грамадзянаў.

27 чэрвеня 1989 г. у Менску адбыўся Ўстаноўчы зьезд Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. На зьезьдзе зацьвердзілі Статут ТБМ, абралі Раду (27 чалавек), Сакратарыят (13 чалавек, старшыня Ніл Гілевіч, намесьнікі Аляксандар Падлужны, Пятро Садоўскі і Яўген Цумараў) і Рэвізійную камісію (старшыня Мікола Кійка). Таксама ўтварылі 10 камісіяў ТБМ: адукацыйная (узначаліў Пятро Садоўскі), арганізацыйна-прапагандысцкая (Яўген Цумараў), выдавецкая (Зьміцер Санько), зрокавага і гукавога афармленьня жыцьцёвага асяродзьдзя (Мікола Купава), культуры мовы (Анатоль Клышка), моўных скарбаў (Янка Саламевіч), сувязяў з суайчыньнікамі за мяжой (Барыс Сачанка), тапанімікі (Леанід Лыч), тэрміналягічная (Уладзімер Арлоў), удасканаленьня правапісу (Генадзь Цыхун). Устаноўчы зьезд ТБМ таксама накіраваў Вярхоўнаму Савету БССР хадайніцтва аб наданьні беларускай мове статусу дзяржаўнай. 29 студзеня 1990 г. Вярхоўны Савет задаволіў хадайніцтва на 14-й сэсіі ў выглядзе Закона «Аб мовах у Беларускай ССР»[6].

У ліпені 1989 г. у Прыазёрску (Джэзказганская вобласьць, Казаская ССР; цяпер Карагандзінская вобласьць, Казахстан) беларускае зямляцтва ператварылі ў гарадзкую суполку ТБМ, якую ўзначаліў Станіслаў Суднік. 28 верасьня 1989 г. Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета БССР улічыў Статут ТБМ, што надало таварыству статус юрыдычнай асобы. Адбылася ўстаноўчая канфэрэнцыя суполкі ТБМ Маскоўскага раёну Менску, якая абрала Ўправу (6 чалавек, старшыня Віктар Навуменка, намесьнік Уладзімер Лобач). 1 сьнежня 1989 г. прайшла ўстаноўчая канфэрэнцыя аддзяленьня ТБМ у Горадні з удзелам 590 дэлегатаў, якія абралі старшынём Аляксея Пяткевіча. 16 сьнежня 1989 г. у Лідзе (Гарадзенская вобласьць) устаноўчая канфэрэнцыя гарадзкой суполкі ТБМ абрала раду ў складзе 17 чалавек на чале зь Міхасём Мельнікам. 19 сьнежня 1989 г. у Магілёве ўтварылі гарадзкую суполку ТБМ, старшынём якой стаў Яраслаў Клімуць. 4 сакавіка 1990 г. адбыўся першы тур выбараў у Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя Саветы дэпутатаў. 17 сакавіка 1990 г. прайшоў 2-і тур выбараў у Вярхоўны Савет БССР, у выніку якога 13 (4,2%) з 310 выбарных месцаў у парлямэнце занялі сябры ТБМ (Лявон Баршчэўскі, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Мечыслаў Грыб, Вячаслаў Кебіч, Пятро Краўчанка, Мікола Маркевіч, Зянон Пазьняк, Пятро Садоўскі, Галіна Сямдзянава, Алег Трусаў, Яўген Цумараў, Станіслаў Шушкевіч)[7]. Дзясяткі сябраў ТБМ сталі дэпутатамі мясцовых Саветаў. 17 сакавіка 1990 г. у Менску выйшаў першы нумар штомесячнага бюлетэня ТБМ «Наша слова», які меў наклад у 6500 асобнікаў (гал.рэд. Эрнэст Ялугін)[8]. Старшынём рэдакцыі бюлетэня стаў Ніл Гілевіч. Сябрамі рэдакцыі сталі 12 чалавек: Янка Брыль, Уладзімер Дамашэвіч, Алесь Камароўскі, Анатоль Клышка, Ірына Лапцёнак, Генадзь Мацур, Зьміцер Санько, Мікола Супрановіч, Алесь Траяноўскі, Генадзь Тумаш, Яўген Цумараў і Генадзь Цыхун. У жніўні 1990 г. моладзевая суполка ТБМ «Унія» выдала ў Менску першы нумар часопіса «Унія» накладам 10 тыс. асобнікаў. У Прыазёрску (Казаская ССР) падпалкоўнік Станіслаў Суднік, як старшыня суполкі ТБМ, пачаў выданьне газэты «Рокаш». У верасьні 1990 г. бюлетэнь «Наша слова» ўключылі ў каталёг падпісных выданьняў СССР пад індэксам 74795. У Прыазёрску (Казаская ССР) Станіслаў Суднік і капітан Ігар Супаненка адчынілі першую ў Казахстане беларускамоўную нядзельную школу.

12 лютага 1991 г. Савет міністраў Беларускай ССР зацьвердзіў Пастанову № 56 «Пытаньні Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны», паводле якой даручыў:

  • «Дзяржаэканампляну БССР і Дзяржзабеспу БССР прадугледжваць вылучэньне Таварыству па заяўках кіраўніцтва лімітаў на мэблю, аргтэхнікі, інвэнтара і іншых матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў, неабходных для нармальнага яго функцыяваньня»;
  • «Выканкамам мясцовых Саветаў народных дэпутатаў вылучаць Таварыству беларускай мовы імя Ф.Скарыны памяшканьні для разьмяшчэньня ствараных ім арганізацыяў»;
  • «Міністэрству сувязі і інфарматыкі БССР забясьпечваць ва ўстаноўленым парадку сувязьзю памяшканьні Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і падведамных яму арганізацыяў»;
  • «Дзяржаўнаму камітэту тэлебачаньня і радыёвяшчаньня БССР, рэдакцыям рэспубліканскіх газэтаў і часопісаў прапагандаваць дзейнасьць Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, якая садзейнічае ўжываньню беларускай мовы ва ўсіх сфэрах жыцьця рэспублікі, зьберажэньню і разьвіцьцю нацыянальнай культуры і народных традыцыяў»[9].

У сакавіку 1991 г. бюлетэнь «Наша слова» стаў тыднёвікам з 3-га (13-га) нумара. На Ленінскім праспэкце Менску (цяпер пр. Незалежнасьці) запрацаваў кіёск ТБМ. У красавіку 1991 г. Сакратарыят ТБМ заснаваў бясплатныя 2-месячныя курсы беларускай мовы. Таксама перавыдалі накладам 10 тыс. асобнікаў «Расейска-беларускі слоўнік» Вацлава Ластоўскага (832 с.) 1924 году. На 31 траўня 1991 г. Сакратарыят ТБМ улічыў у абласьцях: Берасьцейская — 7 гарадзкіх і раённых аддзяленьняў; Віцебская — 12 аддзяленьняў; Гарадзенская — 11; Гомельская — 6; Магілёўская — 8; Менская — 17; у Менску — 9 раённых і 6 раўназначных ім аддзяленьняў, 19 суполак. 14-15 чэрвеня 1991 г. у Менску прайшоў 2-і зьезд ТБМ, на якім старшыня Савету міністраў Беларускай ССР Вячаслаў Кебіч (1991—1994) атрымаў пасьведчаньне сябра ТБМ пад № 1. Сяброўства ў ТБМ мелі ўсе тагачасныя міністры ўраду, у тым ліку міністар замежных справаў Пятро Краўчанка (1990—1994), міністар народнай адукацыі Міхаіл Дзямчук (1988—1991) і старшыня Дзяржаўнага камітэта друку Анатоль Бутэвіч (1990—1996)[10]. У сьнежні 1991 г. старшыня аддзяленьня ТБМ у Пастаўскім раёне (Віцебская вобласьць) Міхась Гіль заснаваў газэту «Сумежжа». 24 сьнежня 1991 г. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь выдала ТБМ пасьведчаньне аб уліку № 214 у якасьці грамадзкага аб’яднаньня. За 1991 г. ТБМ выпусьціла ў акадэмічным выдавецтве «Навука і тэхніка» 2 кнігі «Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем» (Навука і тэхніка, 218 с.) Зьмітра Санька, «Грыбы: аскаміцэты, базідыяміцэты» (54 с.) Галіны Сяржанінай, а таксама 3 брашуры.

У студзені 1992 г. у Цьвяры (Расея) сябры ТБМ на чале з палкоўнікам Вінцэнтам Чорным адчынілі беларускую нядзельную школу, дзе пачаў выкладаць Станіслаў Суднік. У красавіку 1992 г. Прыазёрская суполка ТБМ (Казахстан) выдала беларускамоўны «Шыхтовы статут беларускага войска». За 1992 г. праз выдавецтва «Навука і тэхніка» ТБМ выдала зборнік «Устаноўчы зьезд Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (79 с.) і перавыдала 3 кнігі: «Маленькі маскоўска-беларускі слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў» (77 с.) Яна Станкевіча накладам 30 тыс. асобнікаў, 1-ы том «Нарысаў з гісторыі беларускага мастацтва» (336 с.) Міколы Шчакаціхіна і «Западно-руссізм» (352 с.) Аляксандра Цьвікевіча накладам 5000 асобнікаў. 26-27 сакавіка 1993 г. у сталічным Доме літаратара (вул. Фрунзэ, д. 5) адбыўся 3-і зьезд ТБМ, на якім абнавілі склад намесьнікаў (Сяргей Запрудзкі, Зьміцер Санько, Яўген Цумараў). 8-10 ліпеня 1993 г. у Менску пры ўдзеле ТБМ прайшоў 1-ы зьезд беларусаў сьвету. 25 ліпеня 1993 г. у Лідзе на прапанову гарадзкой суполкі ТБМ адкрылі помнік Францішку Скарыну. За 1993 г. ТБМ выдала праз «Навуку і тэхніку» 2 брашуры і 6 кніг: гістарычны нарыс «Беларусь учора і сяньня» (414 с.) накладам 10 тыс. асобнікаў, тэлеграмы Вярхоўнаму Савету ў абарону дзяржаўнасьці беларускай мовы «Голас народа — голас Божы» (10 тыс. ас., 64 с.), дапаможнік «Пачаткі роднае мовы» (143 с.) Валянціны Раманцэвіч, «Слоўнік зоапаразіталагічных тэрмінаў» (266 с.) накладам 3000 асобнікаў, «Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ» (183 с.) накладам 7400 асобнікаў, «Як не спыніць узыходу сонца» Н.Гілевіча (53 с.) накладам 10 000 асобнікаў. Таксама перавыдалі «Географію Беларусі» (382 с.) Аркадзя Смоліча. У студзені 1994 г. аддзяленьне ТБМ у Вільні (Летува) наладзіла курсы беларускай гісторыі, літаратуры і мовы для беларусаў па сканчэньні школы. 3 сакавіка 1994 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў дзяржаўнасьць беларускай мовы ў 17-м артыкуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы 11 сябраў ТБМ сярод дэпутатаў. У сакавіку 1994 г. утварылі суполку ТБМ у Нароўлі (Гомельская вобласьць) на чале з кіраўніцай мясцовай сярэдняй школы № 2 Раісай Мілун. 9 ліпеня 1994 г. сябры ТБМ адчынілі ў вёсцы Вашунова (Докшыцкі раён, Віцебская вобл.) гісторыка-краязнаўчы музэй. У ліпені 1994 г. ТБМ выпусьціла праз выд. «Навука і тэхніка» кнігу «100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі» (уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько; ілюстр. Яўген Кулік). 12 кастрычніка 1994 г. адбылася канфэрэнцыя па стварэньні Гомельскай абласной арганізацыі ТБМ, якую ўзначаліў Анатоль Бароўскі. За 1994 г. ТБМ выдала 2-ю кнігу лістоў у Вярхоўны Савет «Мы не просім — мы патрабуем» (60 с.) і брашуру «Статут ТБМ». Таксама перавыдалі кнігу Станіслава Станкевіча «Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР» (79 с.) 1962 году[6].

31 студзеня 1995 г. Беларускае тэлебачаньне правяла больш як гадзінную трансьляцыю канцэрта ТБМ «Чаго Вам хочацца, панове?», які ладзіўся ў Доме літаратара. 16 лютага 1995 г. суполка ТБМ «Прамень» у Латвіі пачала выпуск газэты «Прамень». 11 красавіка 1995 г. 18 дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, большасьць якіх складалі сябры ТБМ, правялі галадоўку супраць правядзеньня 14 траўня неадпаведнага закону рэфэрэндуму. У траўні 1995 г. у Наваполацку аднавілі гарадзкую суполку на чале зь пісьменьніцай Ірынай Жарнасек. 27 ліпеня 1995 г. між вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы (Лідзкі раён) сябры Лідзкай гарадзкой суполкі ТБМ устанавілі 2 крыжы на магіле беларускіх паўстанцаў Каліноўскага 1863 г. побач зь месцам бою і правялі памінальнае набажэнства. У ліпені 1995 г. газэта «Наша слова» аднавіла выпуск пасьля месяцовага перапынку, які адбыўся ў сувязі са спыненьнем 25 траўня фінансаваньня з боку ўрада Беларусі і пераводу памяшканьняў ТБМ на платную арэнду. 6 кастрычніка 1995 г. у менскім Доме літаратара прайшоў 4-ы зьезд ТБМ з удзелам дэлегатаў ад 132 аддзяленьняў з усіх вобласьцяў Беларусі. У лістападзе 1995 г. аддзяленьне ТБМ у Салігорскім раёне (Менская вобласьць; старшыня Марыя Мацюкевіч) выдала 2-колерны нумар газэты «Рагнеда» накладам 999 асобнікаў. 14 лютага 1996 г. аддзяленьне ТБМ у Горадні стварыла Таварыства беларускай вышэйшай школы, якое ўзначаліў прафэсар Алесь Астроўскі. У лютым 1995 г. праект ТБМ «Электронны фонд беларускай мовы і сетка лінгвістычнай інфармацыі ў Беларусі» (кіраўнік Генадзь Цыхун) атрымаў $15 тыс. ад амэрыканскага ўрадавага фонду «Эўразія»(en) (Вашынгтон, Паўночна-заходняя чвэрць(en), Канэктыкуцкі прасп., д. 1350). У красавіку 1996 г. намесьнік старшыні ТБМ Яўген Цумараў выдаў кнігу «Першы мікрафон», дзе зьмясьціў тэксты сваіх выступленьняў у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня (1990—1995 гг.) у якасьці дэпутата ад 10-й Шабаноўскай акругі Менску. У жніўні 1996 г. старшыня Лідзкага аддзяленьня ТБМ Міхась Мельнік выдаў свой першы паэтычны зборнік «Скрыжаваньне». У сьнежні 1996 г. сябры Баранавіцкага гарадзкога аддзяленьня ТБМ Алесь Горбач і Натальля Ўрублеўская заснавалі перадачу «Люблю наш край» на Баранавіцкім радыё (Берасьцейская вобл.)[6].

2-і старшыня ТБМ Генадзь Бураўкін (справа)

12 красавіка 1997 г. 5-ы зьезд ТБМ абраў новым старшынём Генадзя Бураўкіна. Намесьнікамі сталі Алег Трусаў і Людміла Дзіцэвіч. У жніўні 1997 г. аддзяленьне ТБМ у Лідзе выдала першы нумар часопіса «Лідзкі летапісец[прыбраць шаблён]», які заснаваў Валер Сьліўкін(be). 18 верасьня 1997 г. аддзяленьне ТБМ у Лідзе выпусьціла «Расейска-беларускі вайсковы слоўнік» Станіслава Судніка і Сяргея Чыслава, які налічваў 8000 артыкулаў. 1 лістапада 1997 г. аддзяленьне ТБМ у Лідзе (гал.рэд. Станіслаў Суднік) аднавіла выданьне газэты «Наша слова», якая перастала выходзіць пасьля № 14 за 9 красавіка ў Менску ў сувязі з паўторным спыненьнем урадавага фінансаваньня. Рэдакцыю склалі 9 чалавек: Генадзь Бураўкін (старшыня), Людміла Дзіцэвіч, Сяргей Запрудзкі, Аляксей Пяткевіч, Аляксей Рагуля, Аляксей Саламонаў(be), Павал Сьцяцко, Алег Трусаў і Эрнэст Ялугін. 30 кастрычніка 1997 г. адбылася ўстаноўчая канфэрэнцыя Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ, якая абрала Раду (15 чалавек; старшыня Восіп Навумчык, намесьнікі Валянцін Арлоў і Міхаіл Крывёнак, сакратарка Ларыса Ляхоўская) і рэвізійную камісію. У лістападзе 1997 г. аддзяленьне ТБМ у Касьцюковіцкім раёне (Магілёўская вобл.) на чале зь Людмілай Леўчанка выдала першы нумар весьніка «Матчын дар». 26 сьнежня 1997 г. канфэрэнцыя аддзяленьня ТБМ у Лідзе выбрала новым старшынём Лявона Анацку. У сьнежні 1997 г. ТБМ перавыдала альбомную кнігу «Любіць Радзіму — шанаваць родную мову» Анатоля Белага[6].

16 красавіка 1998 г. адбылася ўстаноўчая канфэрэнцыя Лідзкага раённага аддзяленьня ТБМ, якая абрала раду (10 чалавек, старшыня Лявон Анацка). У красавіку 1998 г. сябра ТБМ Павал Сьцяцко прэзэнтаваў сваю кнігу «Праблемы нормы, культуры мовы» у Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы. 5 траўня 1998 г. утварылі Бабруйскую суполку ТБМ (Магілёўская вобл.), якую ўзначаліў Віктар Маліноўскі. 28 траўня 1998 г. устаноўчы сход сябраў ТБМ Асіпавіцкага раёну (Магілёўская вобл.) аднавіў дзейнасьць аддзяленьня і абраў старшынёй Тацяну Барэль. 5 ліпеня 1998 г. аддзяленьне ТБМ у Лідзе выдала першы нумар часопіса «Ад лідзкіх муроў», дзе друкаваліся беларускія пераклады твораў расейскай літаратуры. 23 ліпеня 1998 г. зьявілася суполка ТБМ на Беларускім мэталюргічным заводзе (Жлобін, Гомельская вобл.). У кастрычніку 1998 г. падпіска на газэту «Наша слова» склала 1470 асобнікаў. Старшынёй Лідзкай гарадзкой арганізацыі ТБМ абралі Лілею Сазанавец. 16 лістапада 1998 г. ТБМ вярнулі галоўную сядзібу ў Менску (вул. Румянцава, д. 13), зь якой выселілі 26 чэрвеня паводле выраку Гаспадарчага суда Менскай вобласьці ад 13 траўня за запазычанасьць па арэндзе ў 240 млн рублёў ($5505)[11] перад Жыльлёвым рамонтна-эксплюатацыйным аб’яднаньнем (ЖРЭА) Партызанскага раёну Менску. 11 сьнежня 1998 г. Рада ТБМ абрала адказным сакратаром Алеся Петрашкевіча. 5 студзеня 1999 г. на прапанову Магілёўскай абласной арганізацыі ТБМ (старшыня Міхась Булавацкі) Управа адукацыі Магілёўскай вобласьці правяла першую беларускамоўную матэматычную алімпіяду з удзелам 27 навучэнцаў 9-11 клясаў школаў і ліцэяў Магілёўскай вобласьці. У сакавіку 1999 г. стварылі суполку ТБМ у Бешанковічах (Віцебская вобл.) на чале з Валянцінай Гаркун. У красавіку 1999 г. аднавілі суполку ТБМ у Слоніме (Гарадзенская вобл.; старшыня Тацяна Трафімчык)[6].

3-і старшыня ТБМ Алег Трусаў

17 красавіка 1999 г. у менскім Доме літаратара адбыўся 6-ы зьезд ТБМ з удзелам 192 прадстаўнікоў ад 2700 сябраў ТБМ. Зьезд абраў новым старшынём Алега Трусава і першым намесьнікам Міколу Лавіцкага, пераабраў намесьніцай Людмілу Дзіцэвіч. Раду (49 чалавек). Зьезд таксама абраў Раду (49 чалавек) і Рэвізійную камісію (5 чал.; старшыня Ўладзімер Кішкурна). Рада ТБМ абрала Сакратарыят з 12 чалавек. 5 траўня 1999 г. Віталь Станішэўскі заснаваў на галоўнай сядзібе ТБМ «Беларускі відэаклюб», дзе па-беларуску паказалі францускі фільм «Пяты элемэнт» 1997 году. 13 траўня 1999 г. Сакратарыят паставіў на ўлік аддзяленьне ТБМ у Берасьці. У траўні 1999 г. Бешанковіцкая суполка ТБМ выдала зборнік вершаў Алеся Бабаева «Ля вогнішча». 27 чэрвеня 1999 г. прайшла ўстаноўчая канфэрэнцыя Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ (старшыня Алесь Місьцікевіч). У жніўні 1999 г. выйшаў першы нумар бюлетэня «Кардон» Бешанковіцкай суполкі ТБМ. 12 верасьня 1999 г. Тацяна Вабішчэвіч адчыніла ў галоўнай сядзібе ТБМ бібліятэку з 1000 кніг і электронным каталёгам у сеціве. 21 лістапада 1999 г. ТБМ правяла прэзэнтацыю 3 кніг: «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» Уладзімера Арлова і Генадзя Сагановіча, «Беларусь: гістарычнае падарожжа для дзяцей» Кастуся Тарасава і «Мой Грунвальд» Станіслава Судніка. 2 сьнежня 1999 г. суполка ТБМ «Сотвар» у Савецкім раёне Менску выпусьціла кішэнны каляндар «Гербы беларускіх местаў». У сьнежні 1999 г. на прапанову старшыні аддзяленьня ТБМ у Лёзна Галіны Варатынскай рэдакцыя раённай газэты «Патрыёт» стварыла школу юных карэспандэнтаў. Выдавецтва «Беларускі кнігазбор» выпусьціла кнігу песьняў расейскага сьпевака Ўладзімера Высоцкага «Я не падману» ў перакладзе сябра ТБМ Міхася Булавацкага. У студзені 2000 г. ТБМ выдала на грошы Міхаіла Пастухова кнігу «Аняменьне» Аляксея Саламонава (гал.рэд. Людміла Майсеня(ru)). Аддзяленьне ТБМ у Дрысенскім раёне (Віцебская вобл.; старшыня Антон Бубала) выдала першы нумар бюлетэня «Рубон». 24 лютага 2000 г. атрымала ўлік аддзяленьне ТБМ у Шаркоўшчынскім раёне (Віцебская вобл.; старшыня Ада Райчонак), якое сумесна з цэнтрам імя Язэпа Драздовіча пачало выпуск бюлетэня «Бацькаўшчына». У лютым 2000 г. ТБМ выдала кішэнны каляндар «Беларуская вайсковая сымболіка XX ст.» (распрацоўнік Віктар Астрога, 1000 ас.). У красавіку 2000 г. аддзяленьне ТБМ у Лёзьненскі раёне пачала выдаваць газэту «Спадчына» (рэд. Міхаіл Космыкаў). 10 траўня 2000 г. ТБМ зладзіла ў менскім кінатэатры «Зьмена» (вул. Даўгабродзкая, д. 4) паказ 2 фільмаў паводле сцэнароў Алеся Петрашкевіча: «Францыск Скарына» і «Гетман найвышэйшы». У кастрычніку 2000 г. на просьбу Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь сябра Рады ТБМ Вольга Кузьміч пачала пераклад Дысцыплінарнага статуту на беларускую мову. У сьнежні 2000 г. Слонімская суполка ТБМ пачала выпуск газэты «Ветразь надзеі» для друку дзіцячых апавяданьняў і вершаў, выдала збонік «Паэтычная Слонімшчына»[6].

Эмблема газэты ТБМ «Новы час»

На 1 студзеня 2001 г. ТБМ налічвала звыш 5500 сябраў і мела суполкі ў 64 са 118 раёнаў Беларусі (54,2%), ва ўсіх 9 раёнах Менску і ўсіх буйных гарадах. Таксама суполкі ТБМ дзейнічалі ў 5 іншых краінах: Латвія (Рыга), Летува (Вільня), Нямеччына, Расея (Масква, Новасыбірск, Пецярбург), Украіна (Севастопаль)[5]. 21 лютага 2001 г. ТБМ упершыню адзначыла Міжнародны дзень роднай мовы. 20 траўня 2001 г. у менскім Доме ліатаратара 7-ы зьезд ТБМ з удзелам 169 прадстаўнікоў ад 69 аддзяленьняў выбраў Раду (52 чал.) абнавіў склад намесьнікаў: Людміла Дзіцэвіч (1-я), Сяргей Кручкоў, Алена Анісім. 31 траўня 2001 г. Сакратарыят паставіў на ўлік суполку ТБМ у Таронта (правінцыя Антарыё, Канада). 27 жніўня 2001 г. на просьбу ТБМ Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь зацьвердзіла Пастанову № 48 «Праграма дадатковых мер па пашырэньні сфэры выкарыстаньня беларускай мовы ў сыстэме адукацыі»[12]. 1 верасьня 2001 г. у Мазыры (Гомельская вобл.) адчынілі беларускамоўны падрыхтоўчы кляс пры дапамозе збору подпісаў бацькоў сябрамі ТБМ. 31 верасьня 2001 г. на прапанову Бацькоўскага камітэту ТБМ гарвыканкам Менску пастанавіў ператварыць СШ № 23 у беларускамоўную гімназію. 22 лістапада 2001 г. аддзяленьне ТБМ у Лідзе пераняла выпуск мясцовай газэты «Тэлескоп», якую зрабіла беларускамоўнай. 23 лістапада 2001 г. Віленскае аддзяленьне ТБМ устанавіла памятную дошку Францішку Багушэвічу на бібліятэцы в. Савічуны (Віленскі раён, Летува). У сьнежні 2001 г. выдавецтва «Тэхналёгія» выпусьціла дапаможнік для маладых бацькоў «Беларускія імёны», які напісаў сябра ТБМ Сымон Барыс(be). За 2001 г. у ТБМ уступілі 685 новых сябраў. 25 сакавіка 2002 г. атрымала ўлік менская газэта ТБМ «Новы час». У сакавіку 2002 г. Аршанскае аддзяленьне ТБМ адчыніла ў Горках (Магілёўская вобл.) беларускамоўную кавярню. 17 красавіка 2002 г. «Белтэлекам» запусьціў па-беларуску даведку 088, якую пераклаў ТБМ. 1 верасьня 2002 г. у менскай СШ № 181 адчынілі беларускамоўны 10 «Г» кляс у выніку збору подпісаў бацькоў сябрамі ТБМ. У верасьні 2002 г. на просьбу аддзяленьня ТБМ у Магілёве старшыня аблвыканкаму Барыс Батура падпісаў дазвол на адкрыцьцё беларускамоўнага кляса ў нацыянальнай гімназіі (цяпер СШ № 30). У лістападзе 2002 г. ТБМ правяла некалькі беларускамоўных дыскатэк у школах. 6 сьнежня 2002 г. сябра ТБМ Мар’ян Баяровіч правёў прэзэнтацыю сваёй кнігі «170 беларускіх народных песень Гарадзеншчыны» у Лідзкім доме культуры[6].

12 ліпеня 2003 г. новы дзяржаўны стандарт харчовых тавараў Беларусі ўвёў абавязковае выкарыстаньне беларускай мовы пры іх маркіроўцы пасьля таго, як сябры Сакратарыяту ТБМ пераклалі тэксты адпаведнага стандарту. На 11 кастрычніка 2003 г. мела 300 сябраў за мяжой[13]. 12 кастрычніка 2003 г. адбыўся 8-ы зьезд ТБМ, які перавыбраў кіраўніцтва. 4 сьнежня 2003 г. у адказ на запыт ТБМ Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Рашэньне № П-91/2003 «Аб выкарыстаньні беларускай і расейскай моваў у сфэры абслугоўваньня, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сыстэме дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня», дзе прапанаваў унесьці зьмены ў Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», каб «забясьпечыць фактычную роўнасьць дзяржаўных моваў»[14]. 16 сьнежня 2003 г. старшыня Пружанскага раённага аддзяленьня ТБМ Іван Здановіч выдаў даведнік «Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны». У сьнежні 2003 г. сябра ТБМ Янка Карповіч стварыў музэй гісторыі Слоніма ў СШ № 10. 15 сакавіка 2004 г. на просьбу Беларускай чыгункі Сакратарыят ТБМ ажыцьцявіў беларускі пераклад патрэбных дакумэнтаў і паведамленьняў, які ўзгадніў з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа. 15 красавіка 2004 г. аддзяленьне ТБМ у Слуцку атрымала ўлік у гарвыканкаме. 14 траўня 2004 г. у Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце адбылася прэзэнтацыя праграмы праверкі артаграфіі «Літара 1.0» (Фёдар Піскуноў), якую прапанаваў стварыць намесьнік старшыні ТБМ Сяргей Кручкоў. 22 траўня 2004 г. у Вільні (Летува) на грошы сябра ТБМ Пятра Краўчанкі адкрылі памятную дошку Натальлі Арсеньневай (скульптар Алесь Шатэрнік), якую ўстанавілі на будынку былой беларускай гімназіі ў Базыльянскіх мурах. 29 траўня 2004 г. ТБМ Віленскага краю правяло ў в. Сьвіраны (Віленскі раён, Летува) Дзень беларускай паэзіі і адкрыла помнік Францішку Багушэвічу, дзе той нарадзіўся. У траўні 2004 г. на запыт ТБМ гарвыканкам Горадні ўвёў праязныя талёны на беларускай мове. 10 жніўня 2004 г. Алег Трусаў правёў прэзэнтацыю сваёй кнігі навуковых артыкулаў «Падсумаваньне», што ўлучала бібліяграфію з 1976 году. У жніўні 2004 г. сябра ТБМ Фэлікс Шкірманкоў выдаў кнігу вершаў для дзяцей «Незвычайны каляндар». 25 лістапада 2004 г. у адказ на зварот ТБМ кіраўнік «Мабільныя ТэлеСыстэмы» паведаміў аб рашэньні стварыць беларускамоўны сайт і аўтаматызаваную службу абанэнта на беларускай мове. У сьнежні 2004 г. выйшла кніга Яна Чачота «Сьпевы пра даўніх ліцьвінаў» (уклад. Васіль Ліцьвінка), якую пераклалі Кастусь Цьвірка і Станіслаў Суднік[6].

У студзені 2005 г. аддзяленьне ТБМ у Баранавічах выдала кнігу паэзіі Яна Збажыны «Пыл саркафагаў» (рэд. Віктар Сырыца). 4 студзеня 2005 г. на просьбу кандытарскай фабрыкі «Слодыч» Сяргей Кручкоў і Ірына Марачкіна тэксты для разьмяшчэньня на ўпакоўках. 5 студзеня 2005 г. сябра Рады ТБМ Вольга Іпатава зрабіла прэзэнтацыю сваёй кнігі вершаў «Задарожжа». 23 траўня 2005 г. Юрась Бушлякоў, Вінцук Вячорка, Зьміцер Санько (сябра Рады ТБМ) і Зьміцер Саўка правялі на галоўнай сядзібе ТБМ (Менск, вул. Румянцава, д. 13) прэзэнтацыю кнігі «Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя» (160 с.), над якой працавалі 10 гадоў. 8 чэрвеня 2005 г. 4-ы Міжнародны кангрэс беларусістаў у Менску абраў страшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў сябра Рады ТБМ Сяргея Запрудзкага (2005—2010). У чэрвені 2005 г. сябра ТБМ Алесь Нічыпар выдаў у Лідзе кнігу «Паўночная песьня» пра вікінгаў. 17 ліпеня 2005 г. 4-ы зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» выбраў новым кіраўніком сябра ТБМ Аляксея Марачкіна (2005—2009). 16 верасьня 2005 г. старшыня Полацкага аддзяленьня ТБМ Лера Сом прэзэнтавала сваю кнігу «Свабода. Слова. Зіма» у сталічным Доме літаратара. У верасьні 2005 г. у Лідзкім каледжы Станіслаў Суднік упершыню прачытаў па-беларуску поўны курс стэнаграфіі. 29 кастрычніка 2005 г. у Новасыбірску (Расея) стварылі суполку ТБМ (старшыня Альбэрт Мітэр). 30 кастрычніка 2005 г. на сталічнай сядзібе БНФ (вул. Варвашэні, д. 8; цяпер вул. Машэрава) адбыўся 9-ы зьезд ТБМ, які абраў Раду ў складзе 58 чалавек і Рэвізійную камісію (5 чал.). 16 лістапада 2005 г. на просьбу аддзяленьня ТБМ у Баранавічах РУП «Аўтобусны парк № 2» пастанавіў абвяшчаць прыпынкі і падаваць зьвесткі на вакзале па-беларуску. 4 сьнежня 2005 г. у горадзе Бярозаўка (Лідзкі раён) прайшоў устаноўчы сход суполкі ТБМ (старшыня Сяргей Дычок). У сьнежні 2005 г. у Лідзе надрукавалі брашуру «Летапіс ТБМ. 1989—2004». З 1 студзеня 2006 г. на просьбу ТБМ зьвесткі ва ўсіх аўтобусах, тралейбусах і трамваях Віцебска сталі падаваць па-беларуску. Уначы на 4 красавіка 2006 г. удзельнікі экстрэмісцкай Нацыянал-бальшавіцкай партыі (НБП) Расеі заклеілі дзьверы галоўнай сядзібы ТБМ лістоўкамі з заклікамі да забойства, што стала іх другім беспакараным нападам на сядзібу ТБМ з 24 ліпеня 2005 году. Уначы на 23 траўня 2006 г. расейскія экстрэмісты з НБП учынілі 3-і беспакараны напад на сядзібу ТБМ. У ліпені 2006 г. Людміла Піскун падпісала ў Гомельскай вобласьці на лідзкую газэту «Наша слова» 137 чалавек, што павялічыла падпіску да 210 асобнікаў і вывела Гомельшчыну на 1-е месца паводле падпісчыкаў. 17 жніўня 2006 г. сябры Лідзкага аддзяленьня ТБМ вывезьлі бібліятэку Саюза беларускіх пісьменьнікаў са сталічнага Дому літаратара на захаваньне ў в. Мінойты (Лідзкі раён). У лістападзе 2006 г. сябра Лідзкага аддзяленьня ТБМ Васіліса Пазнухова выдала кнігу «Мілавіца»[6].

У канфэрэнц-залі Таварыства беларускай мовы (2015 год)

Да 2007 году Зьезды склікалі аднойчы на 2 гады[5], пасьля чаго тэрмін павялічылі да 3-х гадоў шляхам правак у Статут ТБМ. 4 ліпеня 2007 г. на запыт Алега Трусава Менскі гарвыканкам надаў 2 вуліцам імёны Алеся Гаруна і Напалеона Орды. У пачатку кастрычніка 2007 г. старшыня Бердаўскай суполкі ТБМ (Лідзкі раён) Анатоль Крупа выдаў кнігу «Пакінуць сьлед на зямлі». 3 сьнежня 2007 г. у Магілёве адчынілі першую беларускамоўную групу ў дзіцячым садку № 81 пасьля 5 месяцаў збору подпісаў бацькоў сябрамі ТБМ. 10 сьнежня 2007 г. у Варшаве запрацаваў беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал «Белсат», стварыць які ТБМ прапанавала ў сьнежні 2002 году. У сьнежні 2007 г. сябра Лідзкага аддзяленьня ТБМ Леанід Лаўрэш[прыбраць шаблён] выдаў кнігу «Генэрал Кіпрыян Кандратовіч». 15 сакавіка 2008 г. ТБМ правяла першую агульнакраёвую дыктоўку. У пачатку красавіка 2008 г. сябра рады Лідзкага аддзяленьня ТБМ Пётар Макарэвіч выдаў кнігу «Расінкі беларускіх словаў». У жніўні 2008 г. на просьбу Бабруйскай суполкі ТЮМ гарвыканкам Бабруйска надаў імя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча вуліцы, што прылягае да касьцёла, у якім яго хрысьцілі. 25 верасьня 2008 г. у Віцебску старшыня абласной арганізацыі ТБМ ВОсіп Навумчык адчыніў памятную дошку Васілю Быкаву, які быў сябрам ТБМ, на будынку Віцебскай мастацкай вучэльні, дзе той навучаўся. 1 кастрычніка 2008 г. канфэрэнцыя аддзяленьня ТБМ Лідзкага каледжа з удзелам каля 50 прадстаўнікоў ад 25 суполак абрала старшынём выкладніка Міхася Мельніка. Аддзяленьне ТБМ Лідзкага каледжа налічвала 560 сябраў (10,4% сябраў усяго ТБМ), што рабіла яе найбольшым першасным аддзяленьнем ТБМ. У кастрычніку 2008 г. Міхась Мельнік выдаў анталёгію 47 лідзкіх пісьменьнікаў «Шануйце роднае слова». 26 кастрычніка 2008 г. у сталічным Палацы мастацтва(be) (вул. Казлова, д. 3) адбыўся 10-ы зьезд ТБМ з удзелам 105 прадстаўнікоў ад 5393 сябраў ТБМ. Зьезд абраў Раду (54 чалавекі) і Рэвізійную камісію (старшыня Леанард Мухін), абнавіў склад намесьнікаў: Дзяніс Тушынскі, Алена Анісім і Ірына Марачкіна. У лістападзе 2008 г. Лідзкае аддзяленьне ТБМ пачало разьмяшчаць газэту «Наша слова» на сваім сайце. 22 сакавіка 2009 г. у агульнароднай дыктоўцы ўдзельнічалі каля 200 чалавек у Горадні і 23 прыхаджаніны Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Львове (Украіна). 25 сакавіка 2009 г. у Бельску-Падляскім (Польшча) дыктоўку напісалі 95 вучняў 2-га беларускамоўнага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча. 30 ліпеня 2009 Лідзкае аддзяленьне ТБМ перадало звыш 80 партрэтаў беларускіх пісьменьнікаў са збору СБП у Лідзкі гістарычна-мастацкі музэй. У жніўні 2009 г. Міхась Міхнік выдаў кнігу паэзіі «Лодка жыцьця». У сьнежні 2009 г. ТБМ пачало выданьне літаратурнага часопіса «Верасень» (рэдактар Кацярына Маркоўская)[15].

На 29 сьнежня 2010 г. ТБМ налічвала звыш 5000 сябраў у Беларусі[16]. У 2012 годзе Таварыства беларускай мовы выдала «Правілы дарожнага руху» па-беларуску, а таксама кампакт-дыск для адпаведных заняткаў на кампутары[17]. На 2016 год лік сябраў Таварыства вырас амаль да 6000[18].

8 лістапада 2021 году Вярхоўны суд Беларусі пастанавіў ліквідаваць Таварыства беларускай мовы (пазбавіць дзяржаўнага ўліку адпаведную юрыдычную асобу з банкаўскім рахункам) на пазоў Міністэрства юстыцыі Беларусі ў сувязі з папярэджаньнем за бухгальтарскую дакумэнтацыю, якую патрабавалі ў межах пазаплянавай праверкі[19].

  1. ^ а б в Аб таварыстве // Таварыства беларускай мовы, 2022 г. Праверана 14 траўня 2022 г.
  2. ^ ТБМ супраць вайны // Таварыства беларускай мовы, 1 сакавіка 2022 г. Праверана 5 чэрвеня 2022 г.
  3. ^ Структуры // Таварыства беларускай мовы, 2022 г. Праверана 14 траўня 2022 г.
  4. ^ а б в Статут 2007 году // Таварыства беларускай мовы, 2019 г. Праверана 4 чэрвеня 2022 г.
  5. ^ а б в Алег Трусаў. Таварыства беларускай мовы // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 371-372. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
  6. ^ а б в г д е ё ж з Станіслаў Суднік, Тацяна Вабішчэвіч. Летапіс дзейнасьці грамадзкага аб'яднаньня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны». 1989-2009 / рэд. Алег Трусаў. — Ліда: Наша слова, 2009. — 164 с. — 299 ас.
  7. ^ Не ўпусьціць магчымасьць // Мясцовае самакіраваньне. — 11 лютага 2010. — № 6 (200). — С. 1.
  8. ^ Ларыса Цімошык. Як «Наша слова» адгукнецца // Зьвязда : газэта. — 2 лютага 2011. — № 20 (26884). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  9. ^ Вячаслаў Кебіч. Пастанова Савета міністраў Беларускай ССР № 56 «Пытаньні Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны» (рас.) // Валер Леванеўскі, 28 сакавіка 2007 г. Праверана 21 чэрвеня 2016 г.
  10. ^ Алесь Дашчынскі. Трусаў: мова — фактар палітычны // Радыё «Свабода», 26 чэрвеня 2014 г. Праверана 21 чэрвеня 2016 г.
  11. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 1998 год (43 596 рублёў за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2015 г. Праверана 19 чэрвеня 2016 г.
  12. ^ Алег Трусаў. Родная зямля бяз роднай мовы — чужына // Новы час : газэта. — 29 мая 2009. — № 19 (147). — С. 23. — ISSN 2218-2244.
  13. ^ Алена Ляўковіч. Аптымісты зьбіраюцца на зьезд // Зьвязда : газэта. — 11 кастрычніка 2003. — № 258 (24942). — ISSN 1990-763x.
  14. ^ Рыгор Васілевіч. Рашэньне Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь № П-91/2003 (рас.) // Валер Леванеўскі, 31 лістапада 2011 г. Праверана 23 чэрвеня 2016 г.
  15. ^ Глеб Лабадзенка. «Верасень» выйшаў сапраўдным цудам у апошнія дні 2009 года // Зьвязда : газэта. — 6 студзеня 2010. — № 2 (26607). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  16. ^ Яўген Валошын. Бітва за роднае слова (частка 2) // Зьвязда. — 29 сьнежня 2010. — № 255 (26862). — С. 5.
  17. ^ Галіна Абакунчык. Беларуская мова 2012: страты і набыткі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 27 сьнежня 2012 г. Праверана 9 чэрвеня 2022 г.
  18. ^ ТБМ у лічбах
  19. ^ Вярхоўны суд ліквідаваў Таварыства беларускай мовы // Беларуская служба Радыё «Свабода», 8 лістапада 2021 г. Праверана 8 лістапада 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]