Васіль Ліцьвінка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ліцьвінка.
Васіль Ліцьвінка
Нарадзіўся 7 сьнежня 1941(1941-12-07)
вёска Верхні Церабяжоў, Столінская акруга, Генэральная акруга Берасьце Літоўскі, Райхкамісарыят Украіна(uk), Трэці Райх
Памёр 12 ліпеня 2007(2007-07-12) (65 гадоў)
Менск, Беларусь
Навуковая сфэра Фальклярыстыка
Месца працы Філялягічны факультэт БДУ
Альма-матэр Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Навуковая ступень кандыдат філялягічных навук[d]
Вядомы як Стваральнік навукова-дасьледчай лябараторыі беларускага фальклёру

Васіль Дзьмітрыевіч Ліцьвінка (1941; в. Верхні Церабяжоў, цяпер Столінскі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларусь — 2007, Менск) — зьбіральнік і папулярызатар беларускага традыцыйнага фальклёру, вучоны-фальклярыст, старшыня Саюзу фальклярыстаў Беларусі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 7 сьнежня 1941 году ў вёсцы Верхні Церабяжоў на Століншчыне. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы выкладаў беларускую мову, літаратуру і сьпевы ў сямігодцы вёскі Лука на Століншчыне (1958—1960). Служыў у ваенна-марскім флёце СССР (1961—1964).

Вучыўся на філялягічным факультэце Белдзяржунівэрсытэту (1964—1970). Падчас вучобы ўзначальваў студэнцкі клюб, ладзіў канцэрты самадзейных калектываў унівэрсытэту, гастролі вядомых вакальна-інструмэнтальных ансамбляў ва ўнівэрсытэце.

У 1971 годзе стварыў на філфаку першую ва ўнівэрсытэце лінгафонную лябараторыю[1]. Зь верасьня 1975 году перайшоў на выкладчыцкую работу на катэдру расейскай савецкай літаратуры філфаку, дзе выкладаў фальклёр.

У 1981 годзе Васіль Ліцьвінка разам з калегамі дамогся стварэньня на філялягічным факультэце БДУ навукова-дасьледчай лябараторыі беларускага фальклёру, якой кіраваў да выхаду на пэнсію ў 2005.

1987—2003 — аўтар і вядучы тэлепраграмы «Запрашаем на вячоркі». Уваходзіў у рэдакцыйны склад газэты «Балесы Полісься» (бел. Галасы Палесься)[2].

Абіраўся старшынём Беларускага саюзу фальклярыстаў на першым і другім зьездах у 1992 і 1995 гадох. Віцэ-старшыня Таварыства беларускай школы. Кандыдат філялягічных навук.

Пасьля выхаду на пэнсію ў 2006 плянаваў стварыць у родных мясьцінах на Століншчыне фальклёрна-этнаграфічны цэнтар заходнепалескай традыцыйнай культуры, аднак раптоўная сьмерць зашкодзіла зьдзяйсьненьню плянаў.

Пахаваны на могілках у роднай вёсцы.

Дасьледчая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1964 году займаўся зьбіраньнем, дасьледаваньнем рэгіянальнай спэцыфікі, выданьнем і папулярызацыяй фальклёру, абрадава-сьвяточнай і этнічнай культуры беларускага народу. Пераважна на Палесьсі фальклярыстам Ліцьвінкам зроблена каля 200 тысячаў тэкставых і 50 тысячаў аўдыёзапісаў фальклёру і матэрыялаў традыцыйнай культуры.

Падчас яго 15-гадовага супрацоўніцтва з 1987 па 2003 гады зь Беларускім тэлебачаньнем у рамках праграмы «Запрашаем на вячоркі» зроблены 246 відэафільмаў абрадава-сьвяточнай культуры, сярод якіх — усе важнейшыя самабытныя фальклёрна-этнаграфічныя зьявы Беларусі, а найбольшую каштоўнасьць маюць сьвяты і абрады Чарнобыльскага рэгіёну, многія зь якіх зьнішчаны ў выніку глябальнай катастрофы.

Васіль Ліцьвінка — аўтар 20 кніг і зборнікаў фальклёру, больш 380 навуковых, вучэбна-мэтадычных і навукова-папулярных друкаваных работ.

Пад яго кіраўніцтвам навукова-дасьледчай лябараторыяй беларускага фальклёру пасьпяхова выкананыя навукова-дасьледчыя праекты «Фальклёр Беларускага Палесься», «Рэгіянальная спэцыфіка беларускага фальклёру», «Інтэрпрэтацыя і выкарыстаньне фальклёру ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ВНУ», «Фальклёр запаведных і памежных з Расеяй, Украінай, Польшчай і Летувой рэгіёнаў».

У 1970-я Рыгор Шырма паскардзіўся Васілю Ліцьвінку, зь якім яго зьвязвалі сяброўскія адносіны, на недахоп часу для напісаньня мэмуараў. Тады Ліцьвінка пачаў запісваць гутаркі з маэстра на магнітафонную стужку. За некалькі гадоў назапасілася 20 кілямэтраў аўдыёзапісаў. На жаль, многае з гэтых запісаў не захавалася[3]. Па выніках працы Васіль Ліцьвінка падрыхтаваў зборнік артыкулаў Р. Р. Шырмы «Песня — душа народа» (1976; 2-е выд. 1993) з камэнтарамі, бібліяграфіяй, летапісам жыцьця і творчай дзейнасьці Шырмы, а ў 1984 абараніў у акадэмічным Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы кандыдацкую дысэртацыю «Р. Р. Шырма — фальклярыст»[1]. Частка запісаў была апублікаваная да 100-годзьдзя Рыгора Шырмы ў часопісе «Мастацтва» ў 1992 року.

Асноўныя працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Брэсцкай вобл. / (у суаўтарстве). — Мн.: 1973.
  2. Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Гомельскай вобласці / (у суаўтарстве). — Мн.: 1989.
  3. Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Мінскай вобласці / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: 1995.
  4. Рыгор Шырма. Песня — душа народа / Васіль Ліцьвінка. — Выданьне I. — Мн.: 1976.
  5. Рыгор Шырма. Песня — душа народа / Васіль Ліцьвінка. — Выданьне II. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1993. — 348 с. — ISBN 9785340010704
  6. Васіль Ліцьвінка. Р. Р. Шырма — фалькларыст. Аўт. дыс. канд. філ. навук. — Мн.: 1984.
  7. Песні партызанскай славы. / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Выданьне I. — Мн.: 1984.
  8. Песні партызанскай славы. / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Выданьне II. — Мн.: 1988.
  9. Калыханкі і забаўлянкі. / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: 1992.
  10. Ліцьвінка Васіль. Край Адамаў родны… Новагародчына. — Мн.: 1992. — С. 231-297. — (У зб.:Школьны літаратурны вечар.).
  11. Васіль Ліцьвінка. Веснавыя святы і абрады. — Мн.: 1995.
  12. Васіль Ліцьвінка. Зімовыя святкі. — Мн.: 1995.
  13. Васіль Ліцьвінка. Беларускі фальклор. Праграма для спецыяльнасцяў Беларускай акадэміі мастацтваў. — Мн.: 1997.
  14. Васіль Ліцьвінка. Беларускі фальклор. Праграма для навучальных устаноў культуры і адукацыі. — Роднае слова, №№7-8. — Мн.: 1998.
  15. Спадчына маёй маці / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: 1993.
  16. Ліцьвінка Васіль. Веснавыя святы і абрады. — Мн.: 1995.
  17. Ліцьвінка Васіль. Зімовыя святкі. — Мн.: 1995.
  18. Ліцьвінка Васіль. Святы і абрады беларусаў. — Выданьне І. — Мн.: 1997.
  19. Ліцьвінка, Васіль. Святы і абрады беларусаў / рэд. Л.М. Раменьчык. — 2-ое выд. — Менск: Беларусь, 1998. — 190 с. — 7000 ас. — ISBN 985-01-0055-9
  20. Ліцьвінка Васіль. Святы і абрады беларусаў. — Выданьне ІІІ. — Мн.: 2001. — 190 с. — ISBN 985-01-0327-2
  21. Праблемы ўсходнеславянскай этналінгвістыкі. Зборнік матэрыялаў Першай міжнароднай этналінгвістычнай канферэнцыі, Мінск, 25-26.ІV.2003 / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: 2003.
  22. Ліцьвінка Васіль. «Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года» Яна Чачота 1842—1844 гадоў — гістарычны эпас беларусаў. — Менск: 2004. — ISBN 985—464-594-0
  23. Ліцьвінка Васіль. Каляндар свят і абрадаў беларусаў (1994—2006).

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Мікола Антропаў Васіль Ліцьвінка. Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства «Загородье». Праверана 21 сакавіка 2012 г.
  2. ^ Балесы Полісься Вытокі Праверана 21 сакавіка 2012 г.
  3. ^ Васіль Ліцьвінка. Шырма расказвае пра сябе… // Раённыя будні. — 14 сакавіка 2012. — № 21 (9467). — С. 5.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]