Кавярня
Кавя́рня, а таксама кафэ́ (па-француску: café, па-італьянску: caffé па-ангельску: coffehouse, па-ангельску: coffe shop, па-нямецку: Kaffehaus) — гастранамічная ўстанова, дзе падаюць напоі — у першую чаргу каву, а таксама гарбату й сьпіртовыя напоі ды дэсэрты да іх: торты, цесткі, марозіва, фрукты. Часам мэню не абмяжоўваецца аднымі дэсэртамі.
Кавярні зьяўляюцца ўлюбёнымі месцамі сустрэчаў, зносінаў ды адпачынку шматлікіх людзей.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кавярні, як месца сустрэчаў грамадзкасьці, зьявіліся ў краінах Сярэдняга Ўсходу ў XVI ст., дзе мужчыны зьбіраліся паразмаўляць, выпіць кавы (як правіла па-турэцку), або гарбаты, пакурыць кальян, таксама гралі ў шахі, нарды, ці слухалі музыку і аповеды суразмоўцаў. Першая такая кавярня (арабскай al-maqhah, пэрсыдзкай qahveh-khaneh, турэцкай kahvehane або kıraathane) адкрылася ў Дамаску ў 1530 року, праз рок у Каіры, а першая кавярня на тэрыторыі Эўропы зьявілася ў Стамбуле ў 1554 року.
У XVII стагодзьдзі зьяўляюцца першыя кавярні за межамі Асманскай імпэрыі:
- Італія: 1647, у Вэнэцыі на пляцы Марка была адкрытая кавярня.
- Англія: 1650, габрэй Якаў адкрывае першую кавярню Ангельшчыны ў Оксфардзе; 1652, у Лёндане была адкрытая «Virginia Coffee-House»; 1670, першая кавярня ў Бастоне,
- Францыя: 1671, адкрылася першая кавярня Парыжа.
- Нямеччына: 1686 «Cafe Prinzess» у Рэґенсбурзе, дзейнічае дагэтуль.
- Рэч Паспалітая Абодвух Народаў: 1724, за часамі панаваньня вялікага князя Літоўскага і караля Польскага Аўгуста ІІ Моцнага ў Варшаве, у раёне Саксонскага саду, адкрылася першая кавярня, якая ў хуткім часе збанкрутавала праз тое, што месьцічы не жадалі піць каву ў публічных месцах. Аднак ейная наступніца, адкрытая на рынку Старога Места, здабыла папулярнасьць.
Спачатку кавярні хутка здабылі папулярнасьць сярод гандляроў, а пазьней і сярод іншых пластоў насельніцтва. Ужо ў 1739 року ў Лёндане налічвалася 551 кавярняў. Наведвальнікаў пэўнай кавярні як правіла, аб’ядноўвалі пэўныя супольныя інтарэсы, у асноўным прафэсійныя. Так, вядома, што францускія асьветнікі Вальтэр, Дыдро ды Русо часта зьбіраліся ў парыскім «Café Procope», заснаваным у 1686 року і менавіта тут у іх нарадзілася ідэя першай энцыкляпэдыі — па-француску: Encyclopédie, ou dictionnaire raisonné des sciences, des arts et des métiers.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вольфґанґ Шивельбуш. Смаки раю: Соціяльна історія прянощів, збудників і дурманів / Пер. з нім. Ю.Прохаська. — К.: «Критика», 2007. — 256 с.