Канстытуцыя Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Канстытуцыя Беларусі 1994 году. Тытульная старонка першага выданьня.
Асобнік Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь ў выглядзе брашуры

Канстыту́цыя Рэспу́блікі Белару́сь — найвышэйшы закон, якім замацаваны прынцып вяршынства права. Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у рамках Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасьці зь ёю актаў заканадаўства. Забесьпячэньне правоў і свабодаў грамадзян Рэспублікі Беларусь ёсьць найвышэйшай мэтай дзяржавы.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь усталёўвае адказнасьць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэньне ўмоваў для свабоднага і годнага разьвіцьця асобы, а таксама адказнасьць грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананьне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй.

Канстытуцыя гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на ахову здароўя, у тым ліку бясплатнае лячэньне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Асноўным Законам гарантуецца таксама бясплатная агульная сярэдняя, прафэсійна-тэхнічная адукацыя. Сярэдняя спэцыяльная і вышэйшая адукацыя даступная для ўсіх у адпаведнасьці са здольнасьцямі кожнага. Грамадзяне маюць права на сацыяльнае забесьпячэньне ў старэчым узросьце, у выпадку хваробы, інваліднасьці і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам. Канстытуцыя замацоўвае права кожнага грамадзяніна на юрыдычную дапамогу для ажыцьцяўленьня і абароны правоў і свабодаў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Статуты Вялікага Княства Літоўскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тытульны аркуш II Статуту

Асноўны артыкул: Статуты Вялікага Княства Літоўскага

Правобразам сучаснай канстытуцыі зьяўляецца Статут Вялікага Княства Літоўскага — звод законаў Вялікага Княства Літоўскага, які складаў аснову прававой сыстэмы дзяржавы. Статут быў выдадзены на старабеларускай мове. Існаваў у трох рэдакцыях: Першай (1529), Другой (1566) і Трэцяй (1588). Апошняя зь іх мела тры выданьні (1588, 1592—1593 і 1594—1595) і дзейнічала на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага да скасаваньня расейскімі ўладамі ў 1840 годзе. Упершыню ў гісторыі чалавецтва ў Статутах Вялікага Княства Літоўскага дэкляравалася аб раўнапраўі ўсіх грамадзянаў і аднолькавай адказнасьці перад законам незалежна ад саслоўя, а таксама падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую[1][2]. Вялікаму Княству Літоўскаму быў уласьцівы найвышэйшы ў Эўропе ўзровень разьвіцьця тэорыі права і дасканаласьць судовай практыкі, вынікам чаго была істотна абмежаваная манархія, адсутнасьць дэспатыі, урадавая абарона грамадзянскіх правоў і свабодаў, высокі ўзровень адукацыі. Ліцьвінская нацыянальная ідэнтычнасьць дынамічна разьвівалася на тэрыторыі сучаснай Беларусі[3][4].

Грамадзкі лад усходняга суседа ВКЛ Маскоўскай дзяржавы зьяўляўся абсалютна іншым: бязьмежная ўлада кіраўніка дзяржавы (цара) і таталітарны парадак, заснаваны на ўжываньні сілы. Маскоўскае княства адрозьнівалася беззаконьнем, поўнай грамадзянскай неабароненасьцю асобы, адсутнасьцю элементарных палітычных свабодаў. Маскоўская дэспатыя дасягнула свайго апагею ў часы кіраваньня Івана Жахлівага, калі быў распачаты тэрор адносна ўласнага насельніцтва (апрычніна)[3][4].

Канстытуцыя 1 траўня 1791 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

К. Вайнякоўскі. Прыняцьце Канстытуцыі 3 траўня

Асноўны артыкул: Канстытуцыя 3 траўня 1791 году

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 году была другім у сьвеце канстытуцыйным законам такога выгляду пасьля Канстытуцыі ЗША 1787 году і першым у Эўропе.

Часовая канстытуцыя Беларускай Народнай Рэспублікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Часовая канстытуцыя Беларускай Народнай Рэспублікі

Першым правобразам канстытуцыі Беларусі пры яе рэспубліканскім ладзе кіраваньня лічыцца часовая канстытуцыя БНР, прынятая 11 кастрычніка 1918 году[5]. 3 лютага наступнага году, ужо пры фактычным згортваньні незалежнасьці на тэрыторыі Беларусі, канстытуцыя была прынятая органамі новаўтворанае ССРБ.

Канстытуцыя БССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Канстытуцыя БССР

За ўвесь час існаваньня БССР былі прынятыя чатыры Канстытуцыі: 1919, 1927, 1937 і 1978 гадоў.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1990—1994[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі паўстала пытаньне пра дзяржаўны лад краіны. Дыскусіі пра зьмяненьне формы кіраваньня пачаліся ў Вярхоўным Савеце. На той момант у краіне дзейнічала Канстытуцыя БССР.

Дзеля распрацоўкі Канстытуцыі 22 чэрвеня 1990 году была створаная Канстытуцыйная камісія з 74 сяброў (61 дэпутат і 13 экспэртаў). Унутры камісіі зьявіліся дзьве падкамісіі (рабочыя групы) для стврэньня альтэрнатыўных праектаў. Адну групу ўзначаліў намесьнік Старшыні ВС Васіль Шаладонаў, другую — дэпутат Віктар Ганчар. У групу Ганчара ўвайшлі наступныя прадстаўнікі апазыцыі БНФ: Генадзь Грушавы, Лявонцій Зданевіч, Віктар Какоўка і Мікалай Крыжаноўскі. Зянон Пазьняк узначаліў часовы творчы калектыў у групе Ганчара па агульнатэарэтычных і гістарычных пытаньнях [6].

Мікалай Крыжаноўскі прапанаваў замацаваць у будучым праекце прынцып прыватнай уласнасьці і свабоды прадпрымальніцкай дзейнасьці. Віктар Какоўка прапанаваў прынцыпы судовай сыстэмы: прэзумпцыя невінаватасьці, незалежнасьць судзьдзяў, інстытут прысяжных і шэраг іншых [7].

16 врасьня Віктар Ганчар падаў на імя Мікалая Дземянцея дакладную запіску пра камандзіраваньне некаторых сяброў рабочай групы ў рэспублікі СССР «для вывучэньня практыкі канстытуцыйнага будаўніцтва і хадз́е працаў па падрыхтоўцы новых канстытуцый рэспублік»: Л. Зданевіча — у Кіеў, З. Пазьняка, В. Голубева, В. Какоўкі, М. Крыжаноўскага — у Вільню [8].

Улетку 1991 году дзьве падкамісіі аб'ядналіся ў адну рабочую групу.

11 лістапада на 7-й сэсіі ВС праект Канстытуцыі быў падтрыманы парлямэнтам у першым чытаньні. На абмеркаваньні праекта Канстытуцыі прадстаўнікі апазыцыі БНФ выказалі нязгоду з увядзеньнем інстытуту прэзыдэнцтва ў згаданым праекце:


« Напамінаю вам, што ў Расеі пытаньне пра ўстанаўленьне інстытуту прэзыдэнцтва было вынесенае на рэфэрэндум, і толькі пасьля таго, як гэтае пытаньне было станоўча вырашанае на рэфэрэндуме побач з пытаньнямі пра мэраў Масквы і Пецярбурга, пасьля гэтага аб'яўлены былі прэзыдэнцкія выбары, праведзеныя адпаведныя зьмены ў Канстытуцыі і гэтак далей. Я лічу, што гэта пытаньне вельмі сур'ёзнае і прынцыповае, адназначнага вырашэньня яго даць цяжка. Аднак, я б хацеў сказаць, што Беларусь, дзякуючы такому своеасаблівамунацыянальнаму характару беларусаўі склаўшымся традыцыям, на мой погляд, зусім неабавязкова мець гэты інстытут. [9] »

Лявон Баршчэўскі, дэпутат ад Апазыцыі БНФ


« …Аб’ектыўныя ўмовы, на мой погляд, якія характэрныя для нашай рэспублікі (аднароднасьць нацыянальнага складу, кампактнасьць тэрыторыі, транспартная даступнасьць і іншае) гаварылі пра тое, што у агульным ёсьць магчымасьць і найбольш эфектыўна нам прыняць за аснову аднапалатную форму… Рэформа дзяржаўнай улады ў нас не падрыхтаваная комплексна, так як не сфармаваныя і нават не знаходзяцца ў стадыі фарміраваньня іншыя дапаўненьні, уключаючы супрацьвагу інстытуту ўлады, …іншыя інстытуты дэмакратыі… Я лічу, што ўвядзеньне інстытуту прэзыдэнцтва на першы погляд спакушальнае, але ў аб’ектыўных умовах — сацыяльна-эканамічных, геапалітычных — нашай рэспублікі гэта заўчасна. А Канстытуцыя ў любым выпадку ў той ці іншай ступені абавязаная адлюстроўваць рэальны стан грамадзтва на сёньняшні дзень.[9] »

Лявонцій Зданевіч, дэпутат ад Апазыцыі БНФ


« Разьвіцьцё падзеяў, эканамічная і палітычная сытуацыя ў рэспубліцы, і вопыт суседзяў паказвае, што хто б зараз ня стаў прэзыдэнтам, ён проста вымушаны будзе прыбегнуць да дыктатарскіх мэтадаў. А гэта ў любым разе да дабра не давядзе. [9] »

—Лявонцій Зданевіч, дэпутат ад Апазыцыі БНФ

У сьнежні 1991 году праект Канстытуцыі быў апублікаваны ў друку [10].

Другі раз праект Канстытуцыі разглядаўся на дзясятай сэсіі ВС 23 і 27 кастрычніка 1992 году. На абмеркаваньні праекта Апазыцыя БНФ чарговы раз выступіла супраць прэзыдэнцкай формы кіраваньня і прыняцьця Кансытуцыі ўсенародным рэфэрэндума:


« …Я не хачу сёньня казаць пра пра рэспубліку як пра прэзыдэнцкую, нават з прэзыдэнтам, які абмежаваны ў сваіх паўнамоцтвах, таму што любая ўладная структура рана ці позна пачынае патрабаваць дадатковых паўнамоцтваў… Лічу, што Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, пра прыняцьце якой вялася гаворка з гэтай трыбуны, нельга прымаць рэфэрэндумам. Таму што наступны заканадаўчы ворган ня зможа ўнесьці ў яе ніводнай папраўкі і ніводнага дадатку, так як гэта будзе прэрагатыва ўсяго народа Беларусі.[11] »

—Лявонцій Зданевіч, дэпутат ад Апазыцыі БНФ

Напрыканцы 1993 году ў парлямэнце стала дамінуючым меркаваньне, што прэзыдэнцкая рэспубліка дазволіць вывесьці Беларусь з эканамічнае крызы і стварыць спрыяльныя ўмовы для хуткага прыняцьця адпаведных палітычных пастановаў.

Праціўнікамі праекту прэзыдэнцкай рэспублікі зьяўляліся дэпутаты-дэмакраты ад БНФ і БСДГ. Аднак галасы гэтых 50 дэпутатаў (з 345 агульнай колькасьці дэпутатаў) былі праігнараваныя парлямэнтам [12].

Дэмакратычныя дэпутаты настойвалі на новых парлямэнцкіх выбарах. Вясной 1992 году БНФ прадставіў у ЦВК 442 тысячы подпісаў грамадзянаў за правядзеньне датэрміновых выбараў (закон патрабаваў 350 тысяч), аднак старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч адмовіўся склікаць сэсію для прызначэньня даты рэфэрэндуму. У манапалізаваных Саветам міністраў СМІ распачалася кампанія супраць рэфэрэндуму; яе лёзунгам было – «Коней на переправе не меняют». Сэсія сабралася толькі ўвосень; 29 кастрычніка большасьць дэпутатаў прагаласавалі супраць рэфэрэндуму.

Узамен рэфэрэндуму Вярхоўны Савет абавязаўся скараціць на адзін год тэрмін кадэнцыі Вярхоўнага Савету і прысьпешыць прыняцьце Канстытуцыі. За хутчэйшае прыняцьце Канстытуцыі выступаў і Старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч. Ён быў перакананы, што Вярхоўны Савет 12-га скліканьня дастаткова прафэсійны; што дэпутаты, якія ў асноўным зьяўляліся сакратарамі райкамаў, старшынямі калгасаў і вайскоўцамі з савецкімі поглядамі, здольныя ўспрыняць дэмакратычныя ідэі і ўвасобіць іх у Асноўным законе. Аргумэнты Апазыцыі БНФ палягалі ў тым, што першыя месяцы існаваньня незалежнай дзяржавы выявілі поўную няздольнасьць савецкай намэнклятуры пераўтварыцца з выканаўцаў распараджэньняў Масквы ў самастойных палітыкаў.

Аднак парлямэнцкія выбары не былі праведзеныя, і да распрацоўкі Канстытуцыі прыступіў Вярхоўны Савет, абраны яшчэ пры Савецкім Саюзе. Камуністы, якія складалі дэпутацкую большасьць, выступалі за прыняцьце пасады прэзыдэнта і ўвядзеньне прэзыдэнцкай рэспублікі. Дэпутаты-дэмакраты адзначалі, што ў канцэнтрацыя ўлады ў руках аднаго чалавека не належыць да палітычнай традыцыі Беларусі. Апазыцыя БНФ бачыла ў прэзыдэнцтве пагрозу скасаваньня існых дэмакратычных нормаў і папярэджвала пра магчымасьць ўсталяваньня дыктатуры. Старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, які займаў на той момант найвышэйшую пасаду ў краіны і быў старшынёй камісіі па прыняцьці Канстытуцыі, таксама выступаў супраць пасады прэзыдэнта. Шушкевіч заяўляў пра гэта на паседжаньнях камісіі і ў шэрагу публічных выступаў. Аднак у пачатку 93-га ён зьмяніў пазыцыю на супрацьлеглую і пачаў казаць пра мэтазгод­насьць прэзыдэнцтва. Урэшце, прэзыдэнцтва было ўнесенае ў праект Канстытуцыі.

За ўвядзеньне прэзыдэнства агітавалі камуністычныя газэты. Меркавалася, што першым прэздэнтам стане лідэр камуністаў, прадстаўнік савецкай намэнклятуры Вячаслаў Кебіч.

27 студзеня старшыня ВС 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч быў адхілены ад пасады па справе “скрыні цьвікоў”. Ініцыятарам адхіленьня быў дэпутат Аляксандар Лукашэнка. На пасаду старшыні быў абраны генэрал міліцыі Мечыслаў Грыб. Ён прысьпешыў прыняцьце “прэзыдэнцкай” Канстытуцыі. Аднак разьдзелы, якія вызначалі функцыі прэзыдэнта, Вярхоўнага Савета і мясцовага самакіраваньня, не набіралі патрэбнай, «канстытуцыйнай» большасьці галасоў. Дэпутаты Апазыцыі БНФ пацьвердзілі сваю нязгоду з увядзеньнем пасады прэзыдэнта. Сваю пазыцыю дэмакраты абгрунтавалі тым, што ва ўмовах адсутнасьці дэмакратычных традыцыяў, неразьвітай партыйнай сыстэмы і падкантрольнага выканаўчай уладзе парлямэнту – прэзыдэнцтва, праз канцэнтрацыю ўлады, непазьбежна трансфармуецца ў дыктатуру[13].


« Нам прапануюць прагаласаваць за ўвя­дзеньне пасады прэзыдэнта як кіраўніка выканаўчай улады… Плюс да ўсяго, мы ізноў будзем мець непрафэсійны парлямэнт. Вось, калі хочаце, клясычная мадэль разбалянсаванай улады. Я хачу сказаць, што ЗША – адзіная ў сьвеце краіна, дзе інстытут прэзыдэнцтва быў уведзены бесканфліктна. Звычайна гэта спалучаецца з палітычнымі катаклізмамі[14]. »

Валянцін Голубеў, дэпутат ад Апазыцыі БНФ

Апроч кебічаўскіх камуністаў, за ўвядзеньне прэзыдэнцтва выступілі групы Аляксандра Лукашэнкі і Генадзя Карпенкі, якія пазьней выкажуць жаданьне ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах.

Пры прыняцьці Канстытуцыі Вярхоўны Савет сутыкнуўся зь цяжкасьцю набраньня неабходнай колькасьці галасоў. Вярхоўны Савет ніколі не зьбі­раўся ў поўным складзе — нехта з дэпутатаў хварэў, нехта быў у замежжы, у некага былі неадкладныя справы па месцы працы, а былі і такія хто ўвогуле жыў у іншай краіне. Неабходная для прыняцьця законаў колькасьць галасоў (палова ад абраных дэпутатаў плюс адзін голас) звычайна была; канстытуцыйную ж большасьць (дзьве траціны ад абраных дэпутатаў) было цяжка атрымаць. Сытуацыя значна ўскладнілася пасьля таго, як Апазыцыя БНФ і некаторыя дэмакратычныя дэпутаты адмовіліся браць удзел у галасаваньні па шэрагу разьдзелаў праекту Канстытуцыі, напрыклад па разьдзелу, які прадугледжваў увядзеньне інстытуту прэзыдэнцтва. У вынікі тры разьдзелы будучай Канстытуцыі не атрымалася прыняць.

Тады прыхільнікамі Вячаслава Кебіча быў распрацаваны варыянт прыняцьця спрэчных разьдзелаў Канстытуцыі «пайменнымі бюлетэнямі» на працягу некалькіх дзён. Гэты варыянт быў прапанаваны старшынёй ВС Мечыславам Грыбам. Савет Міністраў і мясцовыя выканкамы арганізавалі прывоз дэпутатаў у Дом ураду. Некаторых вэтэранаў прывозілі ў аўтамабілях «хуткай дапамогі». Прыехалі народныя дэпутаты, якія не зьяўляліся на паседжаньнях ВС на працягу некалькіх гадоў. Прыехалі і тры дэпутаты – грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, хоць дэмакратычныя дэпутаты заклікалі пазбавіць іх мандатаў. Апазыцыя БНФ заявіла, што такі варыянт галасаваньня антызаконны, бо парушае Рэглямэнт Вярхоўнага Савету[13].

Актыўна абараняў прыём галасаваньня пайменнымі бюлетэнямі дэпутат Аляксандар Лукашэнка. Падліковую камісію ўзначаліў Віктар Ганчар [15].

Такім чынам, за тры непрахадныя разьдзелы Канстытуцыі прагаласавалі 266 дэпутатаў; 16 прагаласавалі супраць. 50 дэпутатаў (у тым ліку Апазыцыя БНФ у поўным складзе, а таксама Станіслаў Шушкевіч, які назваў галасаваньне пайменнымі бюлетэнямі «ціхім пераваротам»), ня ўдзельнічалі ў галасаваньні. Фракцыя Партыі камуністаў Беларусі прагаласавала за прэзыдэнцтва – хоць раней выступала супраць (з сяброў гэтай фракцыі супраць прагаласаваў толькі яе старшыня Міхаіл Качан).

Перад галасаваньнем за прыняцьце Канстытуцыі ў Авальнай залі выступіў дэпутат ад БНФ Сяргей Навумчык. Ён назваў Канстытуцыю з прэзыдэнцкай формай кіраваньня «бомбай пад дзяржаву». Яго словам абурыўся дэпутат Віктар Ганчар: «Не разумею, як можа дэпутат, заяўляючы пра каштоўнасьць сувэрэнітэту, адначасна называць першую Канстытуцыю дзяржавы “бомбай” пад гэтую дзяржаву!».

5 сакавіка 1994 году 236 дэпутатаў (на 4 больш, чым патрабавалася) прагаласавалі за праект з прэзыдэнцкай формай кіраваньня ў цэлым[13][16].

Канстытуцыя Беларусі 1994 году

15 сакавіка 1994 году Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынятая Вярхоўным Саветам. Гэта была шостая па ліку Канстытуцыя ў гісторыі Беларусі (раней Часовая канстытуцыя Беларускай Народнай Рэспублікі была прынятая ў 1918 годзе, а Канстытуцыі БССР прымаліся ў 1919, 1927, 1937, 1978).

Канстытуцыя 1994 году абвясьціла Рэспубліку Беларусь унітарнай дэмакратычнай сацыяльна-прававой дзяржавай. Тэрмін «сацыяльна-прававая дзяржава» азначае, што асноўнай мэтай РБ зьяўляецца стварэньне ўмоваў для свабоднага разьвіцьця асобы, рэалізацыя яе інтарэсаў у рамках існых законаў. Канстытуцыя ўстанавіла новую — прэзыдэнцкую форму дзяржаўнага кіраваньня. Пры прэзыдэнцкай форме кіраваньня Прэзыдэнт зьяўляецца кіраўніком дзяржавы. Ён фармуе вышэйшы выканаўчы орган улады — урад (Савет Міністраў) і нясе адказнасьць за яго дзейнасьць.

1995[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Рэфэрэндум у Беларусі 1995 году

14 траўня 1995 году з ініцыятывы прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адбыўся першы рэфэрэндум у гісторыі незалежнай Беларусі. Быў адным з найважнейшых і вырашальных у гісторыі краіны, паколькі вызначыў, акрамя сымболікі, дзяржаўны статус расейскай мовы і стратэгічны кірунак на інтэграцыю з Расеяй. Рэфэрэндум выклікаў негатыўную рэакцыю беларускіх дэмакратычных колаў і сумнёвы ў адпаведнасьці Канстытуцыі й заканадаўству[17]. Адмысловую крытычную заяву апублікаваў Дзярждэпартамэнт ЗША[18]. Расейская Дзярждума прыняла заяву ў падтрымку рэфэрэндуму[19]. Пасьля рэфэрэндуму пачалася інтэнсыўная русіфікацыя Беларусі.

1996[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Рэфэрэндум у Беларусі 1996 году

У 1996 годзе ў рэспубліцы абвастрылася супрацьстаяньне паміж заканадаўчай (Парлямэнт) і выканаўчай (Прэзыдэнт, Савет Міністраў) галінамі ўлады. Быў прызначаны рэфэрэндум, на якім пытаньне пра ўнясеньне зьменаў у тэкст Канстытуцыі насіла кансультацыйны статус. 24 лістапада 1996 году рэфэрэндум адбыўся. Паводле меркаваньня апанэнтаў улады і міжнароднай супольнасьці, рэфэрэндум быў праведзены з істотнымі парушэньнямі заканадаўства.[20][21]

2004[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Рэфэрэндум у Беларусі 2004 году

17 кастрычніка 2004 году ў Беларусі прайшоў ініцыяваны прэзыдэнтам Лукашэнкам рэфэрэндум. Рэфэрэндум быў прызначаны ўказам прэзыдэнта ад 7 верасьня 2004 году № 431[22] і быў сумешчаны з парлямэнцкімі выбарамі. У выніку была прынятая канстытуцыя з новай рэдакцыяй артыкула 81, які скасаваў абмежаваньне абірацца прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны запар. У той жа час, паводле артыкула 112 выбарчага кодэксу «на рэспубліканскі рэфэрэндум ня могуць выносіцца пытаньні: …зьвязаныя з абраньнем і вызваленьнем прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь…»[23]

У выніку рэфэрэндуму Аляксандар Лукашэнка атрымаў магчымасьць удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах неабмежаваную колькасьць разоў (раней канстытуцыя прадугледжвала толькі два прэзыдэнцкія тэрміны запар) і ўзяў удзел у выбарах 2006 году.

Структура і зьмест Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 разьдзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сацыяльна-эканамічны і палітычны этап разьвіцьця грамадзтва і дзяржавы: адсутнасць федэратыўных пачаткаў у сувязі з распадам СССР, замацаванне поўнага дзяржаўнага сувэрэнітэту, адраджэньне беларускай нацыі і культуры, прызнаньне роўнай абароны і роўных магчымасьцяў для разьвіцьця ўсіх формаў уласнасьці.

Артыкул 1 падкрэсьлівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыцьцяўляе ўнутраную і зьнешнюю палітыку. Чалавек зьяўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзянаў, прызнаны натуральныя правы чалавека, правы на працу, на адпачынак, пашырана кола правоў і свабод, замацаваныя іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы Канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца народ, які ажыцьцяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыцьцяўляецца на падставе разнастайнасьці палітычных інстытутаў, ідэалёгіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалёгія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, сацыяльных групаў ня можа ўстаналёўвацца ў якасьці абавязковай для грамадзянаў. Канстытуцыя забараняе стварэньне і дзейнасьць палітычных партыяў й іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, якія ставяць мэтай гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасьці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўладаў: заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Дзяржаўныя ворганы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабою, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт асноўных прынцыпаў міжнароднага права, не дапускаецца заключэньне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сацыяльнымі, нацыянальнымі й іншымі супольнасьцямі на падставе прынцыпу іх роўнасьці перад законам, адказвае за захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны, свабоднае разьвіцьцё культур усіх нацыянальных супольнасьцяў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь. Забяспечваецца роўнасьць перад законам усіх рэлігій і веравызнаньняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы зьнешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца мэта зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нэўтральнай. Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляюцца беларуская і расейская мовы (пасьля рэфэрэндуму 1995 году). Да згаданага рэфэрэндуму адзінай дзяржаўнай мовай была беларуская. Вызначаныя сымбалі дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца Рэспублікі Беларусь — г. Мінск.

Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы зьяўляецца прэзыдэнт. Вызначаная працэдура абраньня прэзыдэнта, пасьля рэфэрэндуму 1996 году значна пашыранае кола яго паўнамоцваў. Прэзыдэнт прызначае ўсіх вышэйшых службовых асобаў, фармуе ўрад дзяржавы, асобных кіраўнікоў вышэйшых органаў улады прэзыдэнт прыззначае са згоды Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт зьяўляецца старшынём Савету бясьпекі і Галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь. Ён падпісвае законы, выдае дэкрэты, якія маюць сілу закону, а таксама ўказы і распараджэньні, валодае правам распускаць абедзьве палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Пасьля рэфэрэндуму 1996 году зьмененая назва і прававы статус ураду Рэспублікі, які атрымаў назву Савет міністраў. На чале яго стаіць прэм’ер-міністар. Члены Савету міністраў, прэм’ер-міністар і яго намесьнікі прызначаюцца і вызваляюцца ад пасады прэзыдэнтам са згоды Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Створаны новыя дзяржаўныя органы — Канстытуцыйны суд, Камітэт дзяржаўнага кантролю. Вышэйшым прадстаўнічым заканадаўчым органам дзяржаўнай улады зьяўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца зь дзьвюх палатаў — Савету Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Палата прадстаўнікоў рыхтуе праекты законаў і прымае іх, Савет Рэспублікі (верхняя палата) зацьвярджае ці адмяняе законы, якія прыняла ніжняя палата. Захавана пераемнасьць у назьве мясцовых прадстаўнічых органаў народу — саветаў; у Канстытуцыі яны названы Саветамі дэпутатаў. Мясцовае кіраваньне і самакіраваньне ў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках ажыцьцяўляецца празь мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня, сходы і іншыя формы прамога ўдзелу ў дзяржаўных і грамадзкіх справах. Асобная глава прысьвечаная выбарчай сыстэме. Для вырашэньня найважнейшых пытаньняў дзяржаўнага і грамадзкага жыцьця могуць праводзіцца рэспубліканскія і мясцовыя рэфэрэндумы. Акрэсьленыя абавязкі і паўнамоцтвы суду і пракуратуры. Асобны разьдзел Канстытуцыі прысьвечаны фінансава-крэдытнай сыстэме Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь заснаваная на шэрагу прынцыпаў: дэмакратызме і раўнапраўі грамадзянаў, гуманізме, пераемнасьці і стабільнасьці, легітымнасьці, рэальнасьці і гарантаванасьці, законнасьці, вяршэнстве права. Па сваёй структуры і зьместу — гэта кадыфікацыйны дакумэнт, адзіны закон, структура якога выкладзеная ў навукова-абгрунтаванай пасьлядоўнасьці.

У адпаведнасьці з арт. 2 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, які мае вышэйшую юрыдычную сілу і які замацоўвае прынцыпы і нормы прававога рэгуляваньня найважных грамадзкіх адносінаў.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Апазіцыя Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі ХІІ склікання: дакументы, факты, каментарыі / укладанне А. В. Кур’яновіча. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 800 с.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года. АРТЫКУЛЪ 1. Вси обыватели Великого князства Литовского тым одным правом писаным и от нас даным сужоны быти мають.
  2. ^ Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года. РОЗДЕЛ ЧЕТВЕРТЫЙ: О СУДЬЯХ И О СУДЕХ.
  3. ^ а б 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, Зм. Санько. — Мн.: рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
  4. ^ а б Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862—1918): Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. — Вільня: Наша Будучыня, 1999. — 223 с.
  5. ^ А. М. Сідарэвіч. Беларуская Народная Рэспубліка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-074-2.
  6. ^ Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 968. —Воп. 1. —Спр. 3736. — Арк. 8.
  7. ^ НАРБ. — Ф. 968. —Воп. 1. —Спр. 3736. — Арк. 53.
  8. ^ НАРБ. — Ф. 968. —Воп. 1. —Спр. 3736. — Арк. 11.
  9. ^ а б в НАРБ. — Ф. 968. —Воп. 1. —Спр. 3000. — Арк. 50-52, 61-65, 73-77.
  10. ^ Народная газета. — 1991. — 3 сьнежня. — С. 1—3.
  11. ^ Дзясятая сесія Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь дванаццатага скліканьня. Бюлютэнь № 9. — Мінск: Выданне Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992.— С. 23—27.
  12. ^ Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі. с. 123
  13. ^ а б в Сяргей Навумчык. Дзевяноста чацьверты. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) – Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015. с. 48—66
  14. ^ Газэта «Знамя юности» ад 2 сакавіка 1994 году
  15. ^ Газэта «Советская Белоруссия» ад 3 сакавіка 1994 году
  16. ^ Апазіцыя Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі ХІІ склікання: дакументы, факты, каментарыі / укладанне А. В. Кур’яновіча. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 800 с.
  17. ^ Міхаіл Пастухоў. Ці законны рэфэрэндум 1995 году адносна наданьня дзяржаўнага статусу расейскай мове? // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы. — Вільня: Gudas, 2000. ISBN 998-6951-82-7
  18. ^ Парламентские выборы в Беларуси; Заявление госдепартамента США по поводу выборов и референдума в Республике Беларусь // Белорусская деловая газета, 22 мая 1995 г.
  19. ^ Заявление Государственной Думы Федерального Собрания Российской Федерации "В связи с результатами всенародного референдума 14 мая 1995 года в Республике Беларусь"
  20. ^ Кісель, Зьміцер. «Апазіцыя ў фарсе ўдзельнічаць не будзе», Ніва № 29 (2305), 16 ліпеня 2000 году.
  21. ^ Прэзідэнт назваў рэферэндум бездакорным, яго ўнутраныя апаненты — сфальсіфікаваным, Захад — антыдэмакратычным, Выбары ў Беларусі
  22. ^ Указ Президента Республики Беларусь 7 сентября 2004 г. N 431 О назначении республиканского референдума(рас.)
  23. ^ БХК заявляет о незаконности референдума (рас.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Канстытуцыя Беларусісховішча мультымэдыйных матэрыялаў