Перайсьці да зьместу

Міхась Мельнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхась Мельнік
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 7 лістапада 1949(1949-11-07) (75 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт
Узнагароды
Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусі

Міха́сь Іва́навіч Мельнік (7 лістапада 1949, Майсеевічы, Асіпавіцкі раён, Бабруйская вобласьць) — беларускі паэт.

Нарадзіўся 7 лістапада 1949 году ў в. Майсеевічы Асіпавіцкага раёну Бабруйскай вобласьці ў сям’і калгаснікаў. Вучыўся ў Гарадзенскім ПТВ № 49 хімікаў, некаторы час працаваў слесарам-інструментальшчыкам на заводзе гандлёвага машынабудаваньня ў Гародні.

У 1972 годзе скончыў філялягічны факультэт Гарадзенскага пэдагагічнага інстытуту імя Янкі Купалы.

Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Астравецкай сярэдняй школы, а пасьля службы ў Савецкай Арміі — намесьнікам дырэктара Красноўскай і Голдаўскай сярэдніх школ Лідзкага раёну. У 1980 годзе абраны старшынём прафсаюзнага камітэту Лідскага СПТВ № 55 мэханізацыі меліярацыйных работ.

З 1984 году працуе выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Лідзкім каледжы Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы.

Абіраўся дэпутатам Гарадзенскага абласнога Савету дэпутатаў па Маладзёжнай выбарчай акрузе № 51 (1990—1995). Ініцыятар стварэньня ў 1989 годзе ў Лідзе гарадской рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якую ён узначаліў. У 1992—1994 гадох уваходзіў у склад тапанімічнай камісіі пры Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь[1].

Першы верш (на расейскай мове) надрукаваны ў 1966 годзе ў газэце «Зорька». Першы верш на беларускай мове «Задуменная ноч» надрукаваны 25 лістапада 1967 году ў газеце «Гродзенская праўда». У 1996 годзе ён разам з Пятром Чаборам склаў зборнік вершаў «Скрыжаваньне», у 2009 годзе выйшла ў сьвет яго кніга паэзіі «Лодка жыцьця». У 2004 годзе выйшаў інфармацыйны фотаальбом «Час і лёсы» (сумесна з Леанідам Віннікам), дзе зьмешчаная інфармацыя пра вядомых людзей Лідчыны канца XX — пачатку XXI стагодьдзя. У 2008 годзе надрукаваная анталёгія твораў лідзкіх літаратараў пра беларускую мову «Шануйце роднае слова».

М. Мельнік зьяўляецца аўтарам літаратурна-крытычных, навукова-мэтадычных і публіцыстычных артыкулаў. Ён таксама адзін са стваральнікаў у Лідзкім каледжы музэю асьветы і культуры Лідчыны і адным з заснавальнікаў і выдаўцоў газэтаў «Народная трыбуна» і «Голас з Ліды» (1992—1995). 3 2004 году кіруе літаратурным аб’яднаньнем «Суквецьце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты». На словы Міхася Мельніка напісаны песні кампазытарамі Я. Петрашэвічам, В. Пыпецем, Д. Мазітавай, С. Мазітавай, Д. Ціханам, С. Лявонавай, С. Чарняком, І. Воранам, В. Пазнуховай, Уладзімірам Норанам і іншымі.

Галоўная тэматыка твораў: гуманнасьць, дабрыня, узаемадапамога, прызначэньне члавека ў жыцьці, любоў да Радзімы, імкненьне захаваць усё спрадвечна беларускае, захаваць родную мову.

  • Чабор П., Мельнік М. Скрыжаваньне: Вершы. Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1996. ISBN 985-6138-01-7
  • Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (1995).