Міжнародная асацыяцыя беларусістаў
Міжнародная асацыяцыя беларусістаў | |
Абрэвіятура | МАБ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 26 траўня 1991 (33 гады таму) |
Тып | навукова-асьветніцкае |
Юрыдычны статус | грамадзкае аб’яднаньне |
Мэта | Супраца беларусістаў сьвету |
Штаб-кватэра | Менск, вул. Карла Маркса, д. 31 |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Ангельшчына, Аўстрыя, Беларусь, Вугоршчына, ЗША, Канада, Летува, Нарвэгія, Польшча, Расея, Чэхія, Украіна, Швайцарыя |
Афіцыйныя мовы | Беларуская |
Старшыня | Алесь Суша |
Кіроўны орган | Камітэт |
Колькасьць супрацоўнікаў | 35 (2015) |
Міжнаро́дная асацыя́цыя беларусі́стаў — грамадзкае аб’яднаньне навуковага й культурна-асьветніцкага кірунку дзейнасьці, якое яднае дасьледчыкаў у галіне гуманітарных й сацыялягічных навук, выкладчыкаў, дзеячаў культуры й асьветы з розных краінаў сьвету, што дасьледуюць культурна-гістарычную спадчыну й сучаснае разьвіцьцё беларускага народу, ягоныя культуры й мовы, а таксама культуры іншых народаў Беларусі, спрыяюць пашырэньню й папулярызацыі ведаў пра Беларусь, садзейнічаюць узаемадзеяньню беларускага народу зь іншымі народамі.
Прадметам дзейнасьці МАБ зьяўляецца супрацоўніцтва беларусістаў сьвету ў навуковай і культурна-асьветніцкай галіне. Мэта МАБ — ажыцьцяўленьне супрацоўніцтва беларусістаў сьвету. Для гэтага вырашаюцца наступныя задачы: збор, сыстэматызацыя й распаўсюджваньне інфармацыі ў галіне беларусістыкі; правядзеньне Міжнародных кангрэсаў беларусістаў і іншых навукова-культурных мерапрыемстваў; выдавецкая дзейнасьць; заахвочваньне ўдзелу замежных навукоўцаў у беларускіх навуковых канфэрэнцыях і беларускіх навукоўцаў у замежных канфэрэнцыях; спрыяньне выкладаньню беларусазнаўчых дысцыплін за межамі Беларусі.
Кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сход. Праводзіцца аднойчы на 4 гады. Правамоцны пры ўдзеле прынамсі паловы абраных прадстаўнікоў. Выбірае старшыню, Камітэт і Рэвізійную камісію. Ухваляе пастановы простай большасьцю галасоў.
- Камітэт. Праводзіць пасяджэньні штогод. Зацьвярджае замежныя аддзяленьні. Вядзе ўлік удзельнікаў аб’яднаньня. Ладзіць абмен навуковай літаратурай і бібліяграфічнымі зьвесткамі. Ажыцьцяўляе выпуск беларусазнаўчых выданьняў. Выбірае намесьнікаў старшыні і навуковага сакратара.
- Бюро. Складаецца з старшыні, яго намесьнікаў і навуковага сакратара. Праводзіць пасяджэньні кожныя 2 месяцы. Выконвае пастановы камітэту. Ажыцьцяўляе прыём новых удзельнікаў у аб’яднаньне.
- Рэвізійная камісія. Штогод правярае грашовую справаздачнасьць аб’яднаньня. Знаёміць з вынікамі праверкі Камітэт і падае іх Сходу.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Утворанае 26 траўня 1991 р. на ўстаноўчым сходзе ў Менску. Сузаснавальнікамі асацыяцыі выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.
Міжнародныя кангрэсы беларусістаў праводзіліся:
- І — 25—27 траўня 1991 р., Менск
- ІІ — «Беларусь паміж Усходам і Захадам», 15—18 траўня 1995 р., Менск
- ІІІ — Першая сэсія — «Беларусь і сусьветная супольнасьць: узаемадзеяньне і ўзаемаўзбагачэньне культур (Да 2000-годзьдзя хрысьціянства)», 21—25 траўня 2000 г., Менск; другая сэсія — «Беларуская культура ў дыялёгу цывілізацыяў», 4—7 сьнежня 2000 р., Менск
- IV — «Беларуская культура ў кантэксьце культур эўрапейскіх краін», 6—9 чэрвеня 2005 р., Менск
- V — 20—21 траўня 2010 р., Менск
- VI — 27—29 траўня 2015 р., Менск
З 1993 р. у заснаванай ГА «МАБ» сэрыі «Беларусіка=Albaruthenica» выдадзены шэраг зборнікаў па гісторыі культуры Беларусі.
У 1996—2002 рр. МАБ выдаваў штомесячны інфармацыйна-аналітычны й культуралягічны бюлетэнь «Кантакты і дыялёгі» (выйшлі 82 нумары). У 2000 року два нумары бюлетэня (першы зь іх здвоены) выйшлі на ангельскай мове. З сакавіка 2003 р. «Кантакты і дыялёгі» ў выглядзе асобных старонак друкуюцца ў газэце «Голас Радзімы». З траўня 1991 р. па чэрвень 2005 р. старшынём МАБ быў прафэсар Адам Мальдзіс.
У 2005—2010 рр. старшынём МАБ зьяўляўся дацэнт катэдры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту, кандыдат філялягічных навук Сяргей Запрудзкі. З 2010 р. — Міхаіл Касьцюк (Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі). Намесьнікі старшыні: Герман Бідэр (Аўстрыя, Зальцбурскі ўнівэрсытэт), Зінаіда Гімпелевіч (Канада, Унівэрсытэт Ватэрлоа), Юры Лабынцаў (Расея, Масква, Расейская акадэмія навук), Рыгор Піўтарак (Украіна, Кіеў, Нацыянальная акадэмія навук Украіны), Міхал Саевіч (Польшча, Люблінскі ўнівэрсытэт), Алесь Суша (Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Навуковы сакратар — Ірына Савіцкая.
29 чэрвеня 2015 року на VI кангрэсе старшынём МАБ быў абраны Алесь Суша[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міжнародная асацыяцыя беларусістаў у Facebook
- Міжнародная асацыяцыя беларусістаў. VK. Праверана 26 красавіка 2024 г.
- Афіцыйная бачына Архіўная копія ад 17 сьнежня 2013 г.
- VI Міжнародны кангрэс беларусістаў у Менску
- VI Міжнародны кангрэс беларусістаў. Фотагалерэя