Міжнародны дзень роднай мовы
| Міжнародная традыцыя | |
| Значэньне | Заахвочваньне моўнае разнастайнасьці |
|---|---|
| Дата | 21 лютага |
Міжнародны дзень роднай мовы[1] — сьвята, якое з 2000 году адзначаецца штогод 21 лютага з мэтай заахвочваньня моўнае разнастайнасьці і шматмоўнае адукацыі і спрыяньня ўсьведамленьню моўных і культурных традыцыяў, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменьні, цярпімасьці і дыялёгу[2].
Дата 21 лютага была абраная таму, што ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за прызнаньне бэнгальскай мовы ў якасьці дзяржаўнай ва ўсходнім Пакістане, які з 1971 году стаў асобнай дзяржавай Банглядэш. Гэты дзень адзначаецца ў Банглядэш як дзень памяці пра падзеі 1952 году.[3]
Сьвята было заснаванае на 30‑й сэсіі Генэральнай канфэрэнцыі ЮНЭСКО 17 лістапада 1999 году. Ідэю абвяшчэньня Міжнароднага дня роднае мовы прапанавалі дэлегацыі Банглядэш і Саудаўскай Арабіі. Сярод 25 першых суаўтараў і найбольш актыўных прыхільнікаў рэзалюцыі Генэральнае канфэрэнцыі ЮНЭСКО былі Беларусь, Летува і Расея.[4]
Генэральная Асамблея ААН у 2002 годзе вітала рашэньне ЮНЭСКО аб абвяшчэньні Міжнароднага дня роднае мовы і заклікала дзяржавы-сябры ААН і сакратарыят ААН садзейнічаць захаваньню і абароне ўсіх моваў, на якіх размаўляюць народы сьвету[5]. У 2002 годзе ў сталіцы Банглядэш, горадзе Дака, заснавалі Міжнародны інстытут роднае мовы[6].
ЮНЭСКО абвесьціла пра намер стварыць сыстэму папераджальнага маніторынгу для адсочваньня стану моваў, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня, і садзейнічаньня выпраўленьню сытуацыі ў гэтае галіне. Паводле ацэнкі ЮНЭСКА больш як палова з 6 тысячаў моваў сьвету знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня[7].
Тэмы сьвята
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 2002 — «Моўная разнастайнасьць» (лёзунг Міжнароднага дня: «У галактыцы моваў кожная зь іх — зорка»)
- 2004 — «Навучаньне дзяцей»
- 2005 — «Брэйль і мовы знакаў»
- 2006 — «Мовы і кібэрпрастора»
- 2007 — «Шматмоўная адукацыя»
- 2008 — «Міжнародны год моваў»
- 2010 — «Міжнародны год збліжэньня культураў»[8]
- 2011 — «Інфармацыйныя тэхналёгіі і камунікацыі дзеля захаваньня і папулярызацыі моваў і моўнае разнастайнасьці»[9]
- 2012 — «Навучаньне і інклюзыўная адукацыя на роднай мове» (анг.)[3]
- 2013 — «Кнігі для адукацыі на роднай мове»[10]
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дні роднае мовы пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі Беларусі толькі ад часу залічэньня ў 2009 годзе Арганізацыяй Аб’яднаных Народаў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры беларускай мовы да ліку загрожаных[11]. Ад таго часу бібліятэкі прысьвячаюць сьвяту кніжныя выставы беларускамоўных выданьняў[12][13]. Музэі ладзяць публічныя чытаньні беларускамоўных твораў мастацкае літаратуры пісьменьнікамі, акторамі, мастакамі і дзяржаўнымі дзеячамі[14][15].
Ад 2008 году Таварыства беларускае мовы ладзіць у гэты Дзень агульнабеларускія дыктоўкі паводле беларускамоўных твораў пісьменства[16]. Таксама ладзяцца прэзэнтацыі новых беларускамоўных кніг, беларускамоўныя дыскатэкі і канцэрты[17].
20 лютага 2023 году Нацыянальны цэнтар абароны пэрсанальных дадзеных Беларусі (НЦАПД) абнародаваў на сваім сайце беларускі пераклад Закону Беларусі 2021 году «Аб абароне пэрсанальных дадзеных». Яго зьмясьцілі для спампоўваньня ў фарматах PDF[18] і DOCX. Пераклад стаў вынікам грамадзкай ініцыятывы супрацоўнікаў НЦАД да Міжнароднага дня роднай мовы[19]. Пагатоў, мовай зносін у НЦАПД была беларуская[20].
Дыяспара
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Вялікай Брытаніі беларусы сьвяткуюць Дзень роднай мовы ад 2009 г. чытаньнем паэзіі на розных мовах сьвету. У такім фармаце штогадовае сьвяткаваньне запачаткавала Англа-беларускае таварыства на прапанову перакладніцы Веры Рыч.[21][22]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ З днём роднай мовы
- ↑ 21 лютага — Міжнародны дзень матчынай мовы // Прадстаўніцтва ААН у Беларусі, 17 лютага 2003 г. Праверана 21 лютага 2013 г.
- 1 2 Міжнародны дзень роднай мовы (анг.) Promote Bangla Праверана 20 лютага 2013 г.
- ↑ Дакумэнты 30-е сэсіі Генэральнае канфэрэнцыі ЮНЭСКО ЮНЭСКО Праверана 20 лютага 2013 г. (анг.)
- ↑ Генэральная Асамблея ААН. Рашэньне 56-ай сэсіі № 262 аб шматмоўі (анг.) // Сусьветная ўстанова праўных зьвестак, 15 лютага 2002 г. Праверана 21 лютага 2013 г.
- ↑ Алена Ляўковіч Сьвята матчынай мовы // Зьвязда : Газэта. — 18 лютага 2004. — № 42 (25055). — ISSN 1990-763x.
- ↑ Больш як палова існых у сьвеце моваў знаходзіцца на мяжы зьнікненьня // Прадстаўніцтва ААН у Беларусі, 21 лютага 2007 г. Праверана 21 лютага 2013 г.
- ↑ Міжнародны дзень роднай мовы // Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Праверана 21 лютага 2013 г.
- ↑ Міжнародны дзень роднай мовы — увага новым ІТ ЮНЭСКО Праверана 20 лютага 2013 г. (рас.)
- ↑ Кнігі для адукацыі на роднай мове (анг.) ЮНЭСКО Праверана 20 лютага 2013 г.
- ↑ Экспэрты ЮНЭСКА лічаць, што беларуская мова знаходзіцца ў небясьпецы // Белазар, 23 лютага 2009 г. Праверана 21 лютага 2013 г.
- ↑ Ларыса Гулякевіч. У Беларусі працягваюцца мерапрыемствы, прысьвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы // Белтэлерадыёкампанія, 20 лютага 2009 г. Праверана 21 лютага 2013 г.
- ↑ Марат Гаравы. У Менску адкрылася выстава «Захаваем моўную і культурную разнастайнасьць і шматмоўе», прысьвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы // БелаПАН, 1 лютага 2010 г. Праверана 21 лютага 2013 г.
- ↑ Натальля Бардзілоўская. Сёньня Міжнародны дзень роднай мовы // Белтэлерадыёкампанія, 21 лютага 2012 г. Праверана 21 лютага 2013 г.
- ↑ Тацяна Пастушэнка. Мінкультуры заклікае актыўней выкарыстоўваць у штодзённым жыцьці беларускую мову // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22 лютага 2012 г. Праверана 21 лютага 2013 г.
- ↑ Ала Мачалава Водгукі беларусізацыі // Жырандоля. — 21 лютага 2009. — № 2 (48). — С. 6.
- ↑ У межах Дня роднай мовы ў Менску можна // Наша Ніва, 19 лютага 2010 г. Праверана 21 лютага 2013 г.
- ↑ А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 7 траўня 2021 г. № 99-З «Аб абароне пэрсанальных дадзеных» // Нацыянальны цэнтар абароны пэрсанальных дазеных Рэспублікі Беларусь, 20 лютага 2023 г. Праверана 22 лютага 2023 г.
- ↑ Закон аб абароне пэрсанальных дадзеных перакладзены на беларускую мову // Нацыянальны цэнтар абароны пэрсанальных дазеных Рэспублікі Беларусь, 20 лютага 2023 г. Праверана 22 лютага 2023 г.
- ↑ Ірына Сідарок. Закон аб абароне пэрсанальных дадзеных пераклалі на беларускую мову // Газэта «Зьвязда», 21 лютага 2023 г. Праверана 22 лютага 2023 г.
- ↑ nieszczarda (2009-02-23) Вечарына беларускай і ангельскай моваў у Лёндане by-mova
- ↑ Чайчыц, Алесь (2011-02-28) Паэтычныя чытаньні на Дзень Роднай Мовы ў Лёндане. Наша Ніва.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Урачыстае мерапрыемства ў Рызе на сойміку «Латвійскае таварыства беларускае культуры Сьвітанак»
- Дзень роднай мовы на старонцы ЮНЭСКО (анг.)
- Міжнародны дзень роднай мовы // Прадстаўніцтва ААН у Беларусі, 21 лютага 2011 г. Праверана 21 лютага 2013 г.